Майстэрня Сігіты месціцца пры касцёле: у будынку колішняга кляштара — з доўгімі калідорамі, высокімі столямі і вузкімі вокнамі, а персанажы яе карцін вельмі арганічна існуюць на фоне старых цагляных сцен. Праходзіш па калідоры, уздоўж якога вывешана інсталяцыя мастачкі — каса-лесвіца для каханага, зробленая з яркіх чырвоных тросаў (калісьці перакінутая праз акно), і трапляеш у яе маленькую, але вельмі функцыянальную кватэру-студыю. Месца працы — у касцёле Святога Архангела Міхаіла, у Музеі царкоўнай спадчыны, дзе сабраны артэфакты гісторыі каталіцкай царквы і старажытнай Літвы.
Інспірацыямі сённяшняга этапу яе творчасці з’яўляюцца алейныя працы старых майстроў і асабліва — іспанскае барока. Формы гэтага манументальнага стылю яна пераводзіць у жывапіс, выкананы размашыстымі мазкамі, экспрэсіўны па колеры і вольны па кампазіцыі — у жывапіс ХХI стагоддзя. Нягледзячы на багацце рэлігійных сюжэтаў і сцэн з жыцця касцёла, Сігіта — мастак свецкі, але неверагодна ўспрымальны: яна ўбірае ў сябе навакольныя імпульсы і перакладае іх у выявы. Пры гэтым імкнецца захаваць першапачатковы стан спантаннага, арганічнага нараджэння вобразаў карцін...
Пасля заканчэння Вільнюскай акадэміі мастацтваў Сігіта Маслаўскайтэ вучылася ў Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Абараніла доктарскую дысертацыю на тэму вобраза Святога Казіміра. Аўтар даследавання «Выява Святога Казіміра ў гісторыі XVI—XVIII стагоддзяў».
Вы сталі дырэктарам Музея царкоўнай спадчыны, маючы за плячыма адукацыю мастака-жывапісца Вільнюскай акадэміі мастацтваў. Як гэта адбылося?
— Гэты шлях быў паслядоўным і вельмі натуральным. Пасля Акадэміі я нейкі час працавала як вольны жывапісец. Але мастакі маёй генерацыі вельмі хутка ўсвядомілі, што творчасцю зарабляць ужо нельга. Шмат маіх калег сталі рэстаўратарамі, падпрацоўвалі ў рэкламе — усё залежала ад тэмпераменту і, вядома, ад выпадку. Я таксама апынулася перад такім выбарам і вырашыла скіравацца ў бок рэстаўрацыі, тым больш што гэты від дзейнасці блізкі жывапісу. Але ў Літве не было добрай школы рэстаўрацыі, і я звярнулася ў адзін італьянскі ўніверсітэт. Высветлілася, што паступіць туды мне практычна немагчыма: і конкурс велізарны, і, галоўнае, абавязковая ўмова — наяўнасць папярэдняй адукацыі, тэхналагічнай. Паколькі ў мяне яе не было, а на Італію я ўжо настроілася, то знайшла стыпендыю для вывучэння гісторыі царкоўнага мастацтва. Так правяла тры шчаслівыя гады ў Рыме, а потым атрымала стыпендыю каталіцкага фонду, які знаходзіўся ў Амерыцы. Па вяртанні працавала ў курыі горада Вільнюса: ездзіла па дыяцэзіі, праводзіла фотаздымку і інвентарызацыю стану храмаў. Потым пачалася рэстытуцыя, і рэчы, якія былі нацыяналізаваны ў савецкі час, а таксама артэфакты з закінутых храмаў трэба было недзе размясціць. Напрыклад, не было дзе захоўваць скарб, знойдзены ў Кафедральным саборы Вільнюса ў 1985 годзе падчас рэстаўрацыі будынка (ён быў схаваны да лепшых часоў — абвяшчэння незалежнасці), ці скарб касцёла ў Троках. Паўстала ідэя арганізаваць Музей царкоўнай спадчыны, і мая кандыдатура была прапанавана на ролю такога арганізатара, а потым — і на пасаду дырэктара. Трэба было пісаць канцэпцыю, прадумваць экспазіцыю... У 2009 годзе Музей царкоўнай спадчыны быў адкрыты.
Музей сапраўды ўражвае багаццем калекцыі. Ён размешчаны насупраць касцёла Святой Ганны ў касцёле Святога Архангела Міхаіла, фактычна — у маўзалеі роду Сапег...
— Так, у 1633 годзе там быў пахаваны фундатар Леў Сапега, пазней хавалі іншых членаў роду. Касцёл быў шмат разоў разрабаваны, пачынаючы з ХVІІ стагоддзя. У 1993 годзе вернуты курыі Вільнюскай архідыяцэзіі практычна пустым...
Рэлігійны жывапіс — асноўная ваша тэма?
— Не, яна проста больш прыкметная, бо на ёй усе акцэнтуюць увагу. Мне падабаецца ствараць алюзіі. Напрыклад, для гэтай карціны, што зараз у мяне на мальберце, пазіравала сяброўка з сынам. Раптам падышоў бацька і пацалаваў дзіця. У выніку атрымаўся амаль рэлігійны сюжэт, хоць дэталі кампазіцыі сведчаць пра тое, што дзеянне адбываецца ў нашы дні. Вось на падлозе — эскізы. На іх — персанажы, якіх я замалявала са сцен розных кляштараў і касцёлаў, маё пераасэнсаванне гэтых выяў...
Канонаў, адпаведна, не прытрымліваецеся?..
— Так, некаторыя героі ўжо належаць нашаму часу, але мяне зачароўваюць экзатычныя гарнітуры, разнастайныя атрыбуты... Вось серыя карцін «Хлапчукі» — гэта дзеці або дарослыя, якія дапамагаюць пры набажэнстве, часам пішу іх з гумарам... Серыя ўбогіх — таксама замалёўкі з натуры... Пачаўся гэты цыкл на адным з пленэраў, тэма захапіла цалкам. Ды і не магла не захапіць: жыву ў кляштары, майстэрня — там жа... Праўда, ужо вычарпала яе рэсурс, думаю заняцца чымсьці іншым.
Многія цікавяцца, ці ўкладваю я высокі сакральны сэнс у выявы сваіх святых. Я вернік, але ў гэтым выпадку пішу тое, што мяне атачае, што ўплывае на мяне. Усё проста.
І гэтыя рэчы даволі складана спалучаюцца. Свецкі жывапіс дае больш свабоды самавыяўлення. Рэлігійны менш за ўсё цікавіўся фармальнымі праблемамі мастацтва. Няпроста паяднаць мастакоўскую натуру і насамрэч глыбокую веру ў адным творы...
— Рэлігійнае мастацтва закранае іншыя глыбіні. А для мяне важна ў тым ліку і фармальнае выяўленне. Сапраўды, злучыць мастацкі пошук і рэлігійнасць нялёгка. Ідэальнага сінтэзу пакуль так і не атрымалася.
На пачатку творчасці былі пейзажы?
— Пачыналася ўсё з перыяду гэткага цёмнага жывапісу, я называла тыя творы антрапаморфнымі пейзажамі. Мяне захапляла, што любы, хто разглядаў мае карціны, бачыў штосьці сваё. Галаву ў кроне дрэва. Ці сабаку... Такія неспадзяваныя рэчы ведаюць і шануюць многія мастакі... Падобнае і наша ўспрыманне: мы таксама можам убачыць у рэальным пейзажы знаёмыя нам рэчы...
Майму сённяшняму жывапісу папярэднічаў нядоўгі перыяд цытат з ілюстрацый ХVIII—ХIХ стагоддзяў. Напрыклад, карціна «Літоўская школа» прысвечана твору ілюстратара, які распавёў пра навучанне дзяцей у сем’ях у часы, калі літоўская мова не заахвочвалася. Я падкрэсліваю ўмоўнасць сваёй цытаты: пазначаю аўтара, кнігу, выдавецтва. Мэты такога цытавання — паказаць старадаўнія традыцыі, не абышлося тут і без постмадэрнісцкіх уплываў. Самаіронія таксама для мяне важная.
Пасля выставы будзеце шукаць новыя крыніцы нараджэння выяў?
— Зараз думаю пра выставу пад назвай «Патанчы са мной». Спадзяюся, што добра знаёмыя майму гледачу персанажы і новыя героі знойдуць сваё месца на гэтай танцавальнай пляцоўцы...