Антычная сучаснасць

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Якія б формы ні прапаноўваў нам сучасны тэатр, па-ранейшаму самым галоўным застаецца тое, які гэты тэатр па сутнасці: жывы ці мёртвы. Драматычная гісторыя пра трох сясцёр не нясе маралізатарства ці павучання. Спектакль -- прыпавесць дзіўным чынам звязвае старажытнасць з сучаснасцю.

«Сёстры Псіхеі» Сяргея Кавалёва.
Рэжысёр Сяргей Кавальчык.
Мастак Алена Ігруша.
Рэжысёр па пластыцы Генадзь Фамін.
Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. 

Дзіўная рэч адбылася ў прасторы Мельпамены: імёны драматурга і рэжысёра супалі, і нават прозвішчы гучаць падобна: Сяргей Кавалёў і Сяргей Кавальчык. Вынік такога парадаксальнага тандэму -- спектакль «Сёстры Псіхеі» ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Нядаўняя прэм’ера паспела атрымаць Гран-пры фестывалю антычнага мастацтва «Баспорскія агоны», што праходзіў гэтым летам у Керчы. У старажытнагрэчаскай Геліцы памірае ўладар-тыран, і тры ягоныя дачкі пачынаюць кіраваць дзяржавай. Старэйшая, Ата (Людміла Сідаркевіч), больш за ўсё прагне ўлады.
 /i/content/pi/mast/5/124/Smolskaya1.jpg
 В.Буславева (Псіхея).
Яна заяўляе, што ператворыць Геліку ў квітнеючую краіну. Сярэдняя, Іфіда (Наталля Халадовіч), -- увасабленне жывёльнай натуры: яна аддаецца плоцкім уцехам з мужам Нікандрам (Андрэй Дабравольскі) і жадае адно толькі раджаць дзяцей. Малодшая ж, Псіхея (Вераніка Буслаева), як і належыць, валодае толькі лепшымі рысамі: добрая, шчырая і прыгожая. Аднойчы яна бачыць сон, у якім прыгожы каралевіч выбірае яе ў нявесты. Пазней гэты сон зробіцца явай, якая пагубіць Псіхею.
С.Кавальчык давярае тэксту, абыходзіцца з ім паважліва, ні слова не выкідае, прафесійна перакладае п’есу вядомага беларускага драматурга на яркую сцэнічную мову. Няма грувасткіх дэкарацый альбо патэтычных дэкламацый у стылі антычнага тэатра. З п’есы-прыпавесці С.Кавалёва рэжысёр робіць сучасную музычную драму (кампазітар і аўтар тэкстаў песень Shakspeare MC). Музыка ў спектаклі рознастылёвая: Максім Крэчатаў у ролі жраца Марона «чытае» рэп, Псіхея перад раскрыжаваннем спявае лірычную песню пра каханага. Сцэна, дарэчы, уражвае драматызмам, глыбінёй пачуццяў і моцнай энергетыкай, якую выплёсквае актрыса.
На першым плане ў спектаклі -- работы жаночага трыо. Сваіх гераінь актрысы малююць ярка, буйна, дапаўняючы малюнак ролі індывідуальнай пластыкай (рэжысёр па пластыцы Г.Фамін). Рэзкая паходка Аты, кульганне на левую нагу -- гераіня Л.Сідаркевіч даволі жорсткая і прынцыповая. Іфіда Н.Халадовіч -- зайздросная і бяздушная, пластыкай актрыса часам нагадвае вужа. В.Буслаева ў ролі Псіхеі -- лёгкае і летуценнае стварэнне, але менавіта яна мацнейшая за сясцёр. Псіхея адзіная здольна выбачаць і ахвяраваць сабой дзеля іншых. Здольнасць кахаць нават тых, што яе абражаюць, -- сведчанне духоўнай моцы дзяўчыны.
Што ж далей адбываецца з сёстрамі? Аце не ўдалося ператварыць Геліку ў квітнеючы край, замест гэтага голад і нястача ахапілі людзей. Іфіда не нарадзіла дзіця: аказалася бясплоднай... Народ Гелікі ўзбунтаваўся і запатрабаваў прынесці ў ахвяру багам цнатлівую дзяўчыну каралеўскага паходжання. Псіхея на распяцце, канешне ж, пагадзілася, але не памерла... Сон нібы спраўдзіўся: каралевіч забраў яе да сябе ў палац. Ды вось толькі твару яго Псіхея ніколі не бачыць, бо ён з’яўляецца ў палацы толькі ўночы. Ата і Іфіда ўгаворваюць сястру вярнуцца дамоў, бо ніякага палаца яны не бачаць. Ды толькі марна -- Псіхея жадае застацца ў сваім свеце, дзе яна шчаслівая. «Дык ці існаваў каралевіч насамрэч -- альбо толькі ва ўяўленні гераіні?» -- гэтае пытанне некаторыя гледачы задавалі пасля спектакля. Прыпавесць, філасофская казка нашага часу прамога адказу не дае. Тут справа датычыцца ўласнай веры. У вышэйшыя сілы, ірацыянальныя з’явы, а хутчэй за ўсе -- проста вера ў сябе... Слабейшая фізічна, Псіхея аказваецца мацнейшай за ўсіх, бо верыць. Каханаму і ўласнаму пачуццю.
/i/content/pi/mast/5/124/Smolskaya2.jpg 

 Сцэна са спектакля.


Відовішчная частка спектакля ўражвае сваёй канцэптуальнасцю і яркасцю. Стваральнікі пастаноўкі не імкнуліся літаральна адлюстраваць старажытную Грэцыю. Доўгія палотнішчы белай паперы служаць для абраду пахавання караля, героі накідваюць іх сабе на плячо, нібы паказваючы прыналежнасць да каралеўскай сям’і, а ў канцы спектакля, падчас фінальнай песні, сцэна робіцца белай ад папяровых палотнішчаў, паверх якіх зіхацяць свечкі (сцэнаграфія А.Ігрушы). Касцюмы герояў падкрэсліваюць асаблівасці іх унутранага стану. Псіхея носіць лёгкую і прасторную сукенку-накідку, на Аце -- пластмасавы гарсэт, які даходзіць ёй аж да шыі. А вось вярхоўны жрэц Марон апрануты ў сучасны мужчынскі касцюм. Крывадушны і спрытны, ён нясе на сабе адбітак нашага часу.
Аце з Іфідай не дае спакою нібыта шчаслівае жыццё малодшай сястры. Запалі ноччу ліхтар -- і ты пабачыш, які брыдкі твар у твайго каралевіча! -- няспынна гавораць сёстры. Але Псіхея адмаўляецца, бо кахае і верыць. Тады Ата абяцае здзейсніць самагубства -- і Псіхея згаджаецца: «Я выканаю, Ата, тваю просьбу. Не таму, што не давяраю свайму каханаму, але каб ацаліць жыццё табе. Ведаю, што не паспее ўзысці сонца, як маё шчасце ляжа друзам... Мушу да дна выпіць горыч гэтага свету, спазнаць усе беды і няшчасці чалавечага быцця. Але я веру ў бязмежную дабрыню і міласэрнасць свайго каханага, веру, што напрыканцы майго пакутнага шляху ён будзе чакаць мяне -- і там мы зноў зяднаемся ў любові». Псіхея запальвае ліхтар: здраджвае каханаму, якому абяцала ніколі гэтага не рабіць. Чарговая ахвяра прынесена. Па-іншаму гераіня зрабіць не можа: яе сэрца здольна ўмясціць шмат пакут і выпрабаванняў, але вера пры гэтым застанецца. Маналог гераіні В.Буслаевай напоўнены болем і любоўю, мабыць, гэта і ёсць самае вялікае выпрабаванне -- зберагчы любоў, калі ўсё навокал разбураецца.
Пад водбліскі маланак Ата з Іфідай пабачаць смарагдавы палац, які рассыпецца на іхніх вачах, ды зробяць выгляд, нібы нічога не заўважылі. І паспяшаюцца дадому, каб зноў апынуцца ў сваім маленькім, бяздушным, але такім утульным для іх свеце.
Гучыць фінальная песня-заклік «Беражыце любоў», і зала падпявае акцёрам. Лёгкі ўздых і выдах. Моцны эмацыянальны зарад спектакля трапляе ў сэрцы гледачоў.
«Сёстры Псіхеі» насычаны ўнутраным драйвам і выдатным рытмам. Акцёры валодаюць моцнай энергетыкай, працуюць зладжаным ансамблем. Спектакль не мае шчаслівага фіналу, гуманістычны заклік стваральнікі перадаюць праз драматызм. І робяць гэта пераканаўча…
Якія б формы ні прапаноўваў нам сучасны тэатр, па-ранейшаму самым галоўным застаецца тое, які гэты тэатр па сутнасці: жывы ці мёртвы. Драматычная гісторыя пра трох сясцёр не нясе маралізатарства ці павучання. Спектакль -- прыпавесць дзіўным чынам звязвае старажытнасць з сучаснасцю. Гаворыць пра агульначалавечыя каштоўнасці, якія пад уплывам нашага хуткага часу зацерліся, але не страцілі актуальнасці. І -- самае важнае -- стваральнікі робяць гэта сучаснай тэатральнай мовай, якая хвалюе і кранае нешта патаемнае ў нашых душах.

Крысціна СМОЛЬСКАЯ