Суб’ектыўнае вечнае...

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

«Адлюстраванне» Выстава Валянціны Шобы і Ёнаса Страздаўскаса
Мастачка Валянціна Шоба падчас летніх пленэраў прачынаецца на золку, каб занатаваць хуткай акварэллю стан чалавека і прыроды паміж сном і явай. Літоўскі фатограф Ёнас Страздаўскас а пятай гадзіне раніцы фатаграфаваў някідкія мясцовыя краявіды, каб злавіць у аб’ектыў цеплыню світанкавых туманоў роднай зямлі.

 Сяргей Курыла, адзін з арганізатараў выстаўкі «Адлюстраванне» ў галерэі «Крыга», здолеў злучыць у супольнай экспазіцыі гэтыя вельмі індывідуальныя мастацкія праекты.

Валянціна Шоба — глыбокі творца, што распрацоўвае ўласную аўтарскую тэхніку на мяжы графікі і жывапісу, раскрывае праз складаную шматзначную сімволіку глыбіню памкненняў чалавека. Невялікія акварэлі Валянціны створаны з натуры для адпачынку душы. Зробленыя на адным подыху ў невялікім фармаце — лёгкія, паветраныя, імпрэсійныя — яны ўзнаўляюць той лірычна-інтымны асяродак, які прыдатны для сумоўя душы з камернымі куточкамі прыроды. Мастачка як бы гуляе з гледачом, выхопліваючы са звыклых відарысаў выразныя жывыя абразкі, прымушае нас убачыць іх сціплую чароўнасць і непаўторнасць.

Ёнас Страздаўскас — прафесійны фотакарэспандэнт, які працаваў у розных друкаваных выданнях невялікага літоўскага горада Мажэйкяй. Ён зрабіў цэлы шэраг адметных цыклаў, што былі прадстаўлены на персанальных і групавых выстаўках у розных краінах Еўропы і Амерыкі. Але асаблівае яго захапленне — гэта родныя прасторы заходняй Літвы, дзе на працягу апошніх 15 гадоў ён фатаграфаваў навакольныя краявіды. Лепшыя здымкі ўвайшлі ў альбом «Туманы Жэмайціі». Майстар прапануе нам нетаропкую ранішнюю вандроўку разам з сонцам, якое на світанні спрабуе разагнаць тугія абрусы туману, вызваляючы ўсё жывое ад покрыва іх блакітна-белай вільгаці. А іншым разам прамяністасць гэтага свяціла робіць туманы празрыста-лёгкімі ці густа барвовымі, так што навакольны свет уяўляецца злавесна ірэальным. Выразны эстэтычны эфект дасягаецца майстэрствам аўтара суладна размеркаваць у фармаце кадра колеравыя плямы, віртуозна падкрэсліць крыніцы святла, знайсці нечаканыя ракурсы кампазіцыйна значных аб’ектаў. Далікатна расстаўляючы акцэнты, Ёнас выяўляе для гледача ў звыклых пейзажах тое амаль невідавочнае, што часта намі не заўважаецца, а пры дапамозе тонкага фатаграфічнага зроку набывае важкі сэнс, узрушвае сваёй здольнасцю не столькі спыніць час, колькі яго доўжыць — калі створаны фатографам вобраз узнаўляе шматлікія асацыяцыі, магчыма, забытыя ўспаміны, назапашаны жыццёвы досвед. Асабліва шчымлівым настальгічным пачуццём прасякнуты выявы, пазначаныя прыкметамі і вынікамі дзейнасці чалавека: стромкія вежы храмаў, вузкія стужкі дарог, маленькія хаткі, адзінокія крыжы на закінутых могілках. Прычым Страздаўскас не мадэлюе штучныя эфекты і не апрацоўвае выявы на камп’ютары, ён захоўвае няўлоўную чароўнасць старых фотаздымкаў. Імгненне, якое фіксуецца фотаапаратам, становіцца візуальна ўстойлівым, прыналежным вечнасці.

Мастачка і фатограф выкарыстоўваюць для асабістага ўнутранага самавыражэння розныя спосабы эстэтычнай рэпрэзентацыі, кожны сваімі асаблівымі прыёмамі і тэхнічнымі сродкамі ўвасабляе таемнасць паўценяў, шэрань адыходзячай ночы ці павольныя бліскавічныя зарніцы знікаючага за небасхілам дня. І яшчэ раз упэўніваешся, што майстры не толькі «кадрыруюць» відарысы і замацоўваюць натурную выяву, але і перадаюць сваё духоўнае ўспрыняцце цэлага сусвету.

На выстаўцы з’яўляецца перакананне, што любоў да краявідаў закладзена ў людзях на ўзроўні генетычнай памяці. Нездарма яшчэ на старажытных абразах удумлівы іканапісец побач з выявамі святых мадэляваў своеасаблівыя «кулісы» з элементамі архітэктуры і жывой прыроды. Нездарма і першыя вядомыя фотаздымкі былі зроблены «з акна». І сёння аўтары так пераканаўча запэўніваюць нас у неабходнасці нашай прысутнасці там, сярод сакавітых дрэў, шырокіх прастораў, доўгіх туманоў, сонечнага шчырага цяпла, што мы амаль адчуваем подыхі свежага празрыстага паветра і захоўваем у памяці прыдуманую для нас творцамі прыгожую казку пра непарушны храм прыроды, куды мы можам увайсці ўсе разам і кожны асобна.

Марына ЗАГІДУЛІНА