Электрастанцыя ўяўлення

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

«Ілюзіяністы» Выстава літоўскай сцэнаграфіі
Экспазіцыя прэзентуе мастацкія праекты, фатаграфіі, вытрымкі і фрагменты са спектакляў, пастаўленых у Літве на працягу двух апошніх дзесяцігоддзяў. Усе яны ўплецены ў куратарскі расповед, у цэнтры якога пытанні — хто ці што стварае сцэнаграфію і якім чынам?

 

 

Сучасная сцэнаграфія — адзін з элементаў мовы тэатра, які нараджае ілюзію. Ілюзію, што намагаецца любымі сродкамі схаваць сваю нерэальнасць. «Тэатр памірае, калі мы хлусім», — сказаў у 1993 годзе Оскарас Каршуновас. Яму пярэчыць Эймунтас Някрошус: «Калі ты не падманваеш, калі гаворыш толькі праўду, малаверагодна, што з гэтага атрымаецца спектакль».

Для адных творцаў рэалізм і праўдападабенства азначаюць пастаноўку п’есы па правілах, падобных да «правіл вуліцы», — яны будуюць свет, быццам бы знаёмы гледачам. Для другіх толькі высокаабстрактная сцэнаграфія знішчае адцягненасць ад рэальнасці, і гэта дае самае галоўнае — магчымасць сустрэцца з аўдыторыяй у рэальным часе. І ў рэшце рэшт, ёсць тыя, што адкрыта дэманструюць умоўнасць тэатра і прызнаюць: тое, што адбываецца на падмостках, — усяго толькі паказ, перформанс.

Апошнія некалькі дзесяцігоддзяў тэатр бясконца вар’іруе і апрабуе магчымыя сцэнічныя пляцоўкі, але большасць пастановак усё ж такі адбываецца ў класічнай «скрыні», а гледачам па-ранейшаму камфортна на іх крэслах у зале. Тэатразнаўца Юргіта Станішкітэ піша: «Амаль усе прасторы былі “разыграны”, і цяпер тэатральныя творцы больш не шукаюць новыя месцы для спектакляў, бо сцэна існуе ва ўласным розуме гледача». «У цябе няма неабходнасці абавязкова ствараць штосьці, выкарыстоўваючы аб’екты ці матэрыяльныя катэгорыі. Няма неабходнасці абавязкова класці прадмет на падмосткі, каб назваць гэта тваім стварэннем», — зазначыла аднойчы ў сваім інтэрв’ю сцэнограф Юратэ Паўлекайтэ.

Як арганізатары выставы здолелі прадэманстраваць, што адбываецца на сцэне, створанай сцэнографамі, рэжысёрамі і аўдыторыяй, калі яны не могуць паказаць нават адзін спектакль? Вось толькі «сцэна» не знікае, калі гледачы пакідаюць тэатр: п’еса і акцёры могуць быць рознымі, але ёсць плынь вобразаў, бачанняў і фантазій, заснаваных на нашай уласнай паўсядзённасці. На выставе «Ілюзіяністы» тэатр разглядаецца як «адна з буйнейшых электрастанцый уяўлення», што працуе ў нашым звычайным жыцці.

Юлія ФАМІНА,
Віргінія ЯНУШКЕВІЧУТЭ