Птушка, душа і цела

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Выстава Юратэ Стаўскайтэ
Юратэ Стаўскайтэ — асоба шматгранная. Па-першае, яна мастак, які валодае разнастайнымі тэхнікамі. Па-другое, яна арганізатар, дырэктар і педагог першай у Вільнюсе прыватнай мастацкай школы для дзяцей і юнацтва. А яшчэ — аўтар разнастайных тэкстаў, некаторыя з якіх склаліся ў кнігу.

 

«Калі я вучылася ў Акадэміі мастацтваў, адчувала пэўнае абмежаванне: я ж мастак, хачу займацца многімі рэчамі, а выкладаюць толькі графіку. Заўсёды імкнулася пашырыць гэтыя рамкі. Цяпер я педагог і дырэктар. Гэта змяніла маё жыццё, а магчыма — і мастацтва».

У творах, прадстаўленых на выставе ў Літоўскім пасольстве, шмат чалавечых постацей, якія надзвычай красамоўна ўвасабляюць розныя станы. Абрысы цела, бы знакі страху і адчаю, зліваюцца з абмежавальнай рамкай, якая паглынае іх. Што тут цела — згаслая запалка, іерогліф стану безнадзейнасці? Графіка згушчаная і насычаная, як вядомы экзістэнцыянальны раман, нездарма і назва гэтых чатырох аркушаў — «Сцяна». Ілюстрацыя, суперажыванне? Хутчэй алюзіі, паралельны рух. Вось аркуш пад назвай «Арлекін» — парадаксальнае сведчанне таго, як прыкметы прафесіі літаральна ўваходзяць у плоць і застаюцца там. Графіка ў аўтарстве Юратэ лёгкая і адчайная, інтэлектуальная і архаічна-інтуітыўная. Лінія — цень развагі мастачкі, адначасова яна акрэслівае прастору святла, у якой нараджаецца форма. Гэтыя аркушы часта становяцца рэфлексіямі з нагоды магчымасцей чалавека і абставін яго жыцця. Віды гарадоў у выкананні Юратэ — адметныя, насычаныя фактурамі і красамоўнымі дэталямі. Яны нібы захоўваюць у сабе след успаміну.

У сваёй мастацкай школе яна стварыла ўнікальную методыку: як маляваць рух, увасабляць і вучыцца ў яго. Яна танчыць разам з вучнямі, пасля ўсе малююць гэты танец, яго сутнасць — кропкамі, схемамі, кірункамі. Потым зноў рухаюцца — і танец раптоўна спыняецца, а дзеці стараюцца хутка зафіксаваць гэтыя спыненыя позы. Пасля робяцца кампазіцыі, што пазней пераводзяцца ў дызайн і скульптуру. Мастачка захапляецца танцам, ходзіць на выступы знакамітых танцораў. І ў яе творах танец выконвае значную ролю: ён нібы прамаўляе — праз рух цела і душы. Тое, што маецца на ўвазе менавіта рух душы, Юратэ ў нашай размове асабліва падкрэслівае. Праз цела чалавек можа выказаць многае, тое, што хавае ўнутры сябе, тое, што спрабуе данесці да іншага. І гэтае «нешта» нельга распавесці нейкімі іншымі сродкамі.

Яшчэ адна ўлюбёная тэма — птушкі. Пачатак ёй даў квадрыптых «Белая птушка кідае чорнае пяро», у якім знак, дэталь, імпрэсія плямы — рэчы, здавалася б, цяжкаспалучальныя — яднаюцца ў адным вобразе. Цікава, што гэта менавіта квадрыптых — чатыры аркушы: тонкая, хуткая, дакладная лінія, рухомы цень, згушчэнне формы — у коле рухаў птушкі-жанчыны адчуваецца прыхаваная архаічная сіла. Птушка-жанчына нібы прамаўляе нам праз загадкавыя рухі, нібы надыктоўвае азбуку, з якой пасля збіраюцца словы. Тонкая графіка і глыбокая архаіка ствараюць непаўторны стыль. Містыфікацыі, дзе птушка з’яўляецца атаясамленнем чалавека, даволі старажытныя, але і ў сённяшні час не страцілі сваёй актуальнасці.

«Мае працы — гэта мой дзённік. Увасабленне таго, як я жыла. Але ўсё ж я прафесійны мастак, таму для любых праяў шукаю форму». Форма ў Юратэ Стаўскайтэ адкрытая, наўмысна незавершаная, таму амаль кожны твор патрабуе працягу. Так паўстаюць серыі, трыпціхі і квадрыптыхі. Сэнс вобразаў прырастае праз нюанс ці дробную дэталь, пакуль не з’явіцца скончаны сказ — выказванне...

На выставе былі прадстаўлены серыі друкаванай графікі. Своеасаблівая рэтраспекцыя, таму што сённяшняе захапленне Юратэ — малюнак пэндзлем, тушшу, мелам, таксама — акварэллю, дзе колер — рэзкі акцэнт выявы ці ледзь улоўная вібрацыя формы. Здаецца, твор робіцца за хвіліны, настолькі хуткаплынныя вобразы нараджаюцца пад рукой мастака. Хуткая, як рытм дыхання, графіка здольная знайсці ў сваёй матэрыі патэнцыял для расповеду пра вечныя рэчы... Не капіраваць рэчы, а вучыцца бачыць — гэта ляжыць у аснове яе творчасці, на гэтым грунтуюцца і прынцыпы навучання ў мастацкай школе.

Школе, якую арганізавала і вядзе Юратэ Стаўскайтэ, ужо 23 гады. Побач з адміністрацыйнымі і вучэбнымі памяшканнямі размясцілася галерэя — таксама для дзяцей і юнацтва. Выставы збіраюць творы дзяцей не толькі гэтай мастацкай установы, але і іншых. «Філасофія і місія нашай школы, — распавядае дырэктар Юратэ Стаўскайтэ, — палягае ў дасягненні не нейкага канчатковага выніку, а раскрыцця кожнай індывідуальнасці. Мастацтва з’яўляецца ў жыцці чалавека вельмі рана, і наша мэта — спрыяць гэтым стасункам, паглыбляць іх. Праз камунікацыі і мастацтва мы спрабуем стымуляваць развіццё незалежнай асобы».

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва