Любоўная саната

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

«Лісты да Сафіі»
Некалькі год таму брытанскі рэжысёр Роберт Мулэн — аўтар дакументальных стужак для тэлеканала ВВС — чытаў лекцыі ў Каўнаскім універсітэце і выпадкова патрапіў у Музей Мікалоюса Чурлёніса, дзе пазнаёміўся з творчасцю культавага кампазітара і мастака: «Яго музыка была вельмі эмацыянальнай і магутнай, а карціны — тамнічымі і загадкавымі», — кажа Мулэн.

Першапачаткова рэжысёр выношваў ідэю стварыць дакументальны фільм, але потым вырашыў, што распавесці пра знакавую для літоўскай культуры асобу лепш праз асаблівасці яго асабістага жыцця: «Мне хацелася імправізаваць, ствараючы ўласнае бачанне ўзаемаадносін Чурлёніса і яго жонкі». У выніку атрымалася біяграфічная рамантычная драма, асновай для якой паслужыла кніга «Лісты да Сафіі» — зборнік пісьмаў, напісаных Чурлёнісам Сафіі Кумантайтэ, — тонкіх, цудоўных і поўных любові. Рабочая назва «Саната зор» у фінале была зменена на «Лісты да Сафіі», калі ў працэсе здымак большую вагу стала атрымоўваць любоўная лінія і нота непазбыўнай тугі, якая лучыла галоўных герояў падчас знаходжання ў розных гарадах.

Ролю Мікалоюса Чурлёніса выконвае яго праўнук — прафесійны музыкант, піяніст Рокас Зубовас, першапачаткова запрошаны стаць музычным і мастацкім кансультантам фільма. Падрыхтоўка да ролі для непрафесійнага акцёра была складанай не толькі псіхалагічна, але і фізічна — па ўласнай ініцыятыве Рокас значна скінуў вагу, каб быць больш падобным да «пакутнага мастака». Сам Зубовас апісвае перыяд, у які адбываліся здымкі, так: «На працягу 6 тыдняў я спаў па 2-3 гадзіны ў суткі. Усе сцэны, дзе трэба было нешта рабіць фізічна — калоць дровы ці іграць на фартэпіяна, — даваліся лёгка. А вось гаварыць перад камерай... Гэта было хрышчэнне агнём. Самы важны ўрок, атрыманы ад майго настаўніка, акцёра Валянціна Масальскага, — як выбудаваць эмацыйную крывую на ўсе 150 сцэн фільма. Я на самай справе не разумеў, што здымкі ў чымсьці нагадваюць шызафрэнічныя скокі: раніцай мы здымаем сцэну пахавання, у абедзенны час — вяселле, а вечарам — што-небудзь нейтральнае. І ты павінен увесь час быць напагатове».

У стужцы мы бачым розныя іпастасі Чурлёніса — патрыёта, героя рамантычнай гісторыі кахання, мастака і кампазітара, чыя творчасць — неацэнны скарб у культурнай спадчыне Літвы. Сафія спачатку робіцца яго настаўніцай літоўскай мовы, потым — каханай, а галоўнае — музай.

Журналістка, крытык, актыўны грамадскі дзеяч, Сафія Кумантайтэ была жанчынай дастаткова закрытай, гордай і стрыманай («Які холад у вачах!» — скажа пра яе маці Чурлёніса). Вобраз і характар гераіні ў бачанні рэжысёра Роберта Мулэна спалучае імкненне да свабоды і безумоўную адданасць каханаму чалавеку, знешнюю халоднасць — і пры гэтым бясконцую цеплыню. Марыя Карэнкайтэ стварыла вобраз моцнай жанчыны, якая ведае, чаго яна хоча. «Сафія нібы знаходзіцца на полі бою і змагаецца за незалежнасць сваёй краіны, за пачуццё ўласнай годнасці, за права быць шчаслівай, нават за права выбару каханага, — распавядае актрыса. — Яе барацьба ў нечым утапічная і безнадзейная, але ўсё, што яна робіць, — яна робіць без кампрамісаў, без жалю да сабе. Гэта выглядае наіўным і ў той жа час пакутлівым. Але пасля кожнага расчаравання Сафія ўсё роўна працягвае рух наперад, нават праз вялікія перашкоды. Як нястомны самотны салдат».

Аўтары стужкі ўнікаюць пампезнасці, «Лісты да Сафіі» — гэта вельмі чалавечы партрэт генія, у якім тонка паказаны яго няўпэўненасць, заганы і слабасці, а таксама пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці, балансіроўка ў барацьбе з псіхічным захворваннем і — каханне. Магчыма, не ўсе рэжысёрскія інтэрпрэтацыі аказаліся аднолькава верагоднымі і прымальнымі. Таксама крытыкі адзначаюць заўважнае «дакументальнае мінулае» Роберта Мулэна, раз-пораз стужка падаецца зацягнутай і аднастайнай, а ў эпізодах, уведзеных, каб узняць напружанне, крыху страчваецца пачуццё меры. Але ў любым выпадку дыскусіі вакол стужкі генерыруюць новую цікавасць да асобы Чурлёніса, прычым не толькі ў Літве — фільм, у якім гучаць літоўская, руская і польская мовы, суправаджаецца англійскімі субцітрамі, таму пазнаёміцца з ім маюць магчымасць бельгійскія, брытанскія і амерыканскія гледачы.

Аўтар: Алена КАВАЛЕНКА
галоўны рэдактар