Няспынны драйв

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

«Пыл і бляск» Танцавальны спектакль Кампазітар Лінас Адамайціс
Хоць па традыцыі мы і ўспрымаем Мінск як адзін з цэнтраў харэаграфічнага жыцця Беларусі, але вялікай колькасцю прэм’ер айчынных калектываў і пастаноўкамі гастралёраў не распешчаны.

 

Менавіта таму гастролі Каўнаскага музычнага тэатра, які прывёз танцавальны спектакль «Пыл і бляск», выклікалі вялікую цікавасць. Менавіта ў Каўнасе пачалася гісторыя прафесійнага літоўскага балета. У 1921 годзе тут была арганізавана першая балетная студыя, ладзіліся канцэрты і спектаклі. І толькі ў 1948-м Тэатр оперы і балета Літоўскай ССР быў пераведзены ў Вільнюс.

Гісторыя самога Каўнаскага музычнага тэатра пачалася спектаклем аперэтачнага жанру летам 1940-га. У 1948-м з’явіўся першы харэаграфічны спектакль. У 1951-м — першая опера, у 1965-м — першы мюзікл. У цяперашні час Каўнаскі тэатр, другі па велічыні сярод літоўскіх музычных, звычайна паказвае кожны год каля 200 спектакляў, у тым ліку тры прэм’еры. У яго рэпертуары оперы, аперэты, мюзіклы, шэраг балетаў.

Невялікі гістарычны экскурс спатрэбіўся, каб патлумачыць (сабе і чытачу) упэўненасць пастановачнай брыгады, засведчыць наяўнасць трывалых каранёў і традыцый — яны відавочныя пры знаёмстве з калектывам. Для літоўскага тэатра характэрны ўвага і павага найперш да сваіх творцаў, імкненне даць ім рэалізавацца, разгарнуцца.

«Пыл і бляск» — работа адносна новая і свежая, прэм’ера адбылася ў 2010 годзе. Усе часткі і складнікі каўнаскай пастаноўкі ўдала дапасаваныя адно да другога, іх узаемадзеянне прадуманае і выверанае. Такі вынік здаецца простым, але ён не заўсёды дасяжны. Стваральнікі «Пылу і бляску» распавялі пасля паказу, што праца над музыкай, лібрэта, пластычнай партытурай фактычна ішла адначасова. Фрагменты музыкі ствараліся ў адпаведнасці з лібрэта і агульнай задумай пастаноўшчыкаў.

Музыка кампазітара Лінаса Адамайціса, хоць і ішла ў запісе (часам небездакорным), успрымалася як сучасная, вострая, дынамічная. Музычная аснова разнастайная па рытмах, і той драйв, якім прасякнуты ўвесь спектакль, быў зададзены ёю.

Сюжэт і яго ўвасабленне ўтрымлівалі шмат алюзій. У прыватнасці, на «Даму з камеліямі» і «Травіяту», у цэнтры якіх — сапраўдныя пачуцці поруч з тэмай кахання на продаж, а таксама на «Вестсайдскую гісторыю» з яе барацьбой кланаў і «разборкамі» паміж групоўкамі.

...Малады чалавек, студэнт, прыязджае ў вялікі горад. Магчыма, з правінцыі ў сталіцу. На вакзале становіцца ахвярай злодзеяў, якія цішком забіраюць рэчы. Без капейкі ў кішэні хлопец нікому не патрэбен, акрамя гангстараў і «начных матылькоў». Але з дапамогай самай прыгожай «жрыцы свабоднага кахання» нечакана адкрывае ў сабе тыя сардэчныя пачуцці, пра якія нават не падазраваў.

Самі пастаноўшчыкі сцвярджаюць, што «Пыл і бляск» — спектакль пра страшэнную адлегласць паміж сацыяльнымі класамі, пры якой каханне не мае сілы. Гэта расповед пра людзей, якія жывуць «за рысай», пра іх сустрэчы і страты, каханне і нянавісць.

Два галоўныя героі — Хлопец, рамантычны і крыху наіўны студэнт (Гінтарас Вісоцкіс), і Дзяўчына, яркі і пачуццёвы «начны матылёк» (Юсціна Віткутэ). Напрыканцы з’явіцца, так бы мовіць, галоўны Гангстар (Дайнюс Бервінгіс). Яго нечаканы стрэл пазначыць фінал і развяжа заблытаныя адносіны. Усе тры салісты, выканаўцы галоўных партый, паказалі сябе найлепшым чынам.

Харэографы — адначасова і выканаўцы вядучых партый. Пластычная мова выразная і разнастайная. У партыі студэнта больш класічнай лексікі. У прадстаўнікоў сацыяльнага «дна» пераважаюць танец сучасны, імклівыя рытмы, напор, жыццёвая сіла. Варта адзначыць, што бацькі галоўнага героя атрымаліся менш яркімі, яны паўстаюць схематычнымі, занудліва-«правільнымі». А вось прадстаўнікі начнога горада — злодзеі і гангстары, бандыты, жрыцы кахання — абмаляваны ў музыцы і пластыцы больш экспрэсіўна і выразна. Розныя слаі грамадства характарызуе розная пластыка.

Менавіта стройнасць, прадуманасць музычнай і харэаграфічнай драматургіі, кантраст і сутыкненне «дзённага» свету спакойных і ўраўнаважаных буржуа і трывожнага напаўкрымінальнага «начнога» свету надае відовішчу напружанасць. Спружына няўхільна разгортваецца ажно да фіналу.

Значную ролю ў спектаклі адыгрываюць масавыя сцэны. Паколькі сама балетная трупа ў тэатры невялікая, пастаноўшчыкі прапанавалі цікавае выйсце. Масавыя танцы вырашаны... з дапамогай артыстаў хору. Яны маюць яркія пластычныя даныя, цудоўна рухаюцца.

Спробы пабудаваць грамадства, у якім пануе сацыяльная роўнасць, на жаль, асуджаны на няўдачу. Заўжды будуць існаваць «вярхі» і «нізы». Заўсёды будуць існаваць тыя, хто выкінуты за борт звычайнага жыцця. Капіталізм, яго канфлікты і вобразы, адлюстраваныя ў творах ХІХ стагоддзя, вяртаюцца да нас у тых ці іншых праявах. Таму спектаклі, падобныя на «Пыл і бляск», тым больш увасобленыя захоплена і з імпэтам, будуць запатрабаваныя гледачом.

Хацелася б, каб наша знаёмства з літоўскім балетам не скончылася толькі «Пылам і бляскам», але і прадоўжылася ў наступныя сезоны. Артыстам з Каўнаса ёсць чым здзіўляць публіку.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі