Творчы код

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Мастацтва Літвы
Лістападаўскі нумар часопіса прэзентуе найноўшае літоўскае мастацтва, якое імкнецца знайсці ўласную адметную нішу ў глабальных культурных працэсах. Гэта аналіз таго новага пласта духоўнага жыцця краіны, што сфарміраваўся за апошнія дзесяцігоддзі, спроба прафесійнага разгляду галоўных арт-тэндэнцый, партрэты культавых асоб, чыя творчасць стала набыткам не толькі літоўскай, але і сусветнай культуры.

 

УЛАДЗІМІР ДРАЖЫН, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
У ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІЦЫ

За апошнія сем гадоў, шмат у чым дзякуючы вашым намаганням, культурныя сувязі паміж Літвой і Беларуссю значна пашырыліся. Якое значэнне вы ім надаяце?

— Культура, і я гэта мушу падкрэсліць, галоўны складнік нашых двухбаковых узаемаадносін. Асабліва, калі гаворка ідзе пра агульныя гістарычныя карані, пра багаты вопыт суіснавання ў адзінай дзяржаве. Як бы ні складваліся палітычныя і эканамічныя стасункі, якімі б працяглымі ні былі «адлігі» і перыяды «халоднай вайны», мы імкнемся да супрацоўніцтва, да ўзаемаразумення, да ўмацавання добрасуседскіх сувязей у гуманітарнай сферы. Урэшце, ад гэтага толькі выйграюць музыканты і ўрачы, педагогі і навукоўцы, спартсмены і літаратары і, у шырокім сэнсе, народ, які складае аснову любой дзяржавы.

Як толькі прыехаў працаваць у Літву, здавалася, што мы прымяншаем значэнне нашай духоўнай спадчыны. Трэба было шукаць кропкі судакранання. У маёй працы існуюць тры складнікі: палітыка, эканоміка і гуманітарная галіна. Важны кожны з іх. Ды ўсё разам, маштабна, можна акрэсліць праз культуру, бо такім чынам мы прэзентуем краіну. Працавалі па ўсіх накірунках, але паперадзе ішло мастацтва. Часам мне было крыўдна чуць ад паважаных людзей, нібыта ў нас у наяўнасці толькі гармонік, бубны і барабаны.

Зрэшты, мы здолелі маштабна выйсці на культурнае поле.

Спектакль Нацыянальнага тэатра оперы і балета «Рамэа і Джульета» паказалі ў зале на 1100 месцаў, тыя гледачы, якія не здолелі набыць квіткі, стаялі і сядзелі на прыступках. Гэта быў поспех, і мы зразумелі, што патрэбны сістэмныя выступленні. Потым з аншлагамі прайшлі «Спартак», «Бахчысарайскі фантан», «Лебядзінае возера». І пачынаючы з 2006 года, фактычна пасля пятнаццацігадовага перапынку, беларускае мастацтва прэзентуецца на Днях культуры Рэспублікі Беларусь у Літве.

Ці набываюць культурныя сувязі паміж Літвой і Беларуссю значэнне культурнага дыялога?

— Безумоўна, гэта дыялог. З цягам часу мы адкрылі свой творчы патэнцыял і знялі напружанне. Яшчэ раз пераканаліся: нашы народы блізкія адзін аднаму тэрытарыяльна, ментальна, душэўна. Цяпер штогод у рамках Дзён культуры праходзяць гастролі творчых калектываў, канферэнцыі, навуковыя семінары, канцэрты. Ды толькі гэтым супрацоўніцтва не абмяжоўваецца. Практычна ўсе самыя лепшыя беларускія музеі, галерэі, тэатры, музычныя калектывы заключылі з літоўскім бокам двухбаковыя пагадненні аб супрацоўніцтве. Шмат увагі ў нашай краіне надаецца рэстаўрацыі культурных аб’ектаў, звязаных з захаваннем агульнай гістарычнай спадчыны Вялікага Княства Літоўскага.

Думаю, без трывалых культурных стасункаў, якія існуюць сёння паміж Беларуссю і Літвой, магчыма, і не выраслі б у пяць разоў нашы паказчыкі па гандлю таварамі, у дзесяць — па інвестыцыях, у пяць — па паслугах. Дый сумарны эканамічны вынік (Беларусь — Літва, Літва — Беларусь) не быў бы такім важкім і пераканальным.

Такім чынам, культурны дыялог працягваецца штодня. А культура — тое галоўнае звяно, за якое мы «выцягнулі» ўсё астатняе. Мне заўсёды вельмі прыемна адкрываць Дні культуры Беларусі ў Літве, таму што ў нас агульная духоўная спадчына, таму што ў Літве вельмі любяць беларускую мову, а я, як Пасол, прэзентую сваю краіну праз мастацтва.

Не магу не адзначыць: мой калега Эвалдас Ігнатавічус сёлета ўпершыню адкрыў Дні культуры Літвы ў Беларусі. І гэта, безумоўна, стваральны працэс.

Ці змянілася ў літоўцаў уяўленне пра беларускае мастацтва?

— Пэўна так. Уражвае нават просты пералік таго, што было прэзентавана нашым суседзям падчас Дзён культуры Беларусі ў Літве. Сярод іншага — выступленні Нацыянальнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава, Мінскага камернага аркестра, фальклорнай групы «Купалінка», паказы спектакляў Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы і Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага, Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Тэатра-студыі кінаакцёра, Нацыянальнага тэатра оперы і балета. З поспехам праходзяць выставы беларускіх мастакоў, сярод якіх такія прызнаныя майстры, як Леанід Шчамялёў, Віктар Альшэўскі, Уладзімір Зінкевіч, фотамастак Юрый Іваноў. Яркай падзеяй сталіся выставы, прысвечаныя 200-гадоваму юбілею Івана Хруцкага і 120-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. Сёлета быў зроблены моцны акцэнт на нацыянальнай беларускай культуры. Наша зямля багатая на таленты, думаю, мы гэта пераканаўча даказваем.

Якім чынам, на вашу думку, мастацтва ўздзейнічае на чалавека? Якая ягоная роля ў сучасным свеце?

— Ва ўсе часы, ва ўсе эпохі мастацтва ўплывае на чалавека. Але па-рознаму: яно або ўзвышае асобу, або прыводзіць да дэградацыі. Усё залежыць ад таго, якія рукі вырабляюць творы — добрыя або злыя.

Роля мастацтва ў сучасным свеце, бясспрэчна, велізарная. Сапраўднае мастацтва адлюстроўвае эпоху, у якую яно народжана, вызначае шляхі развіцця культуры, узбагачае новымі каштоўнасцямі і ідэаламі, засцерагае грамадства ад магчымых памылак. У той жа час любы мастацкі твор мае або стваральны, або разбуральны характар, у залежнасці ад таго, на чым ён заснаваны: на духоўных каштоўнасцях або на негатыўных стэрэатыпах. На жаль, сёння мастацтва часта выконвае разбуральную ролю. Ды толькі самыя шумныя архінаватары бясследна знікаюць за бліжэйшым паваротам гісторыі, а творы Фідыя, Мікеланджэла і Рафаэля, Баха, Бетховена і Моцарта непадуладныя часу, у іх прысутнічае стваральная сіла.

Якому віду мастацтва вы аддаяце перавагу? Ваш улюбёны від, жанр, накірунак?

— Любоў да мастацтва — сямейная традыцыя. Мае бацькі выхоўвалі ў дзецях не толькі павагу да працы, але і любоў да літаратуры, музыкі. У школе заўсёды быў актыўным удзельнікам самадзейнасці: танцаваў, спяваў, чытаў вершы. Настаўнікамі заахвочвалася творчасць. Я марыў стаць інжынерам і пасля службы ў арміі ажыццявіў сваю мару. А мастацтва — заўсёды было побач. Дакладней, не проста побач, а ў душы, у сэрцы. І гэта вельмі дапамагала жыць годна.

У юнацтве любіў песню. Але з цягам часу прыярытэты змяняліся. Калі прыехаў працаваць у Нясвіж, быў уражаны і захоплены яго гісторыяй, архітэктурай, традыцыямі. Тым, што своеасаблівай, унікальнай творчасцю дыхае цэлы край! Вывучаў і падтрымліваў фальклор. У сярэдзіне 1990-х быў адным з ініцыятараў і арганізатараў фестывалю нацыянальнай камернай музыкі «Музы Нясвіжа», які карыстаецца нязменным поспехам дагэтуль.

Вельмі люблю сімфанічную музыку, балет, тэатр, кіно, жывапіс. Ганаруся, што праца на дыпламатычнай ніве дазволіла мне годна прэзентаваць усе віды нашага акадэмічнага мастацтва за мяжой. Сёння нашу краіну ведаюць не толькі па эканамічных дасягненнях, а айчыннае мастацтва пазітыўна ўплывае на развіццё двухбаковых адносін. І я шчыра ўдзячны лёсу, што спрычыніўся да гэтага.

Як вы звязваеце два паняцці: мастацтва і дыпламатыя?

— Я іх аб’ядноўваю. У шырокім сэнсе дыпламатычнае мастацтва мае на ўвазе паспяховае правядзенне знешнепалітычных спраў. Ужываецца гэты выраз і ў паўсядзённым жыцці, калі гаворка ідзе пра высокую культуру міжасабовых зносін. Чым больш дакладна разлічаны знешнепалітычны курс дзяржавы, тым шырэйшая прастора адкрываецца для паспяховых дыпламатычных акцый. У той жа час якасная дыпламатыя прымнажае знешнепалітычныя магчымасці дзяржавы.

Дыпламатычнае мастацтва — гэта ўменне дасканала карыстацца ўсім арсеналам магчымасцей, ужо назапашаных дыпламатыяй. У той жа час (што асабліва важна) — гэта здольнасць ісці пратаптанымі шляхамі, але знаходзіць наватарскія вырашэнні, адкрываць новыя далягляды і ў дыпламатыі, і ў знешняй палітыцы. Калі задача знешняй палітыкі палягае ў тым, каб вызначыць, чаго варта дасягнуць у міжнародных справах, то дыпламатычнае мастацтва заклікана адказаць на пытанне «Як гэта зрабіць?», а дакладней — «Як зрабіць найлепшым чынам?»

Дыпламатычнае мастацтва — гэта прафесійнасць, узведзеная ў творчасць, то-бок дзейнасць, якая нараджае штосьці якасна новае, тое, чаго ніколі раней не было.

Гутарыла Людміла Грамыка.