Культура як частка дыпламатыі

№ 11 (368) 01.11.2013 - 01.01.2005 г

Мастацтва Літвы
Лістападаўскі нумар часопіса прэзентуе найноўшае літоўскае мастацтва, якое імкнецца знайсці ўласную адметную нішу ў глабальных культурных працэсах. Гэта аналіз таго новага пласта духоўнага жыцця краіны, што сфарміраваўся за апошнія дзесяцігоддзі, спроба прафесійнага разгляду галоўных арт-тэндэнцый, партрэты культавых асоб, чыя творчасць стала набыткам не толькі літоўскай, але і сусветнай культуры.

 

Эвалдас Ігнатавічус, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Літоўскай Рэспублікі
ў Рэспубліцы Беларусь

Не сакрэт, паміж нашымі краінамі існуюць трывалыя культурныя сувязі. Але якое значэнне надаяце ім вы, чалавек, непасрэдна зацікаўлены ва ўмацаванні сяброўства і супрацоўніцтва з Беларуссю?

— Вялікае. Літва і Беларусь шмат стагоддзяў былі звязаныя культурнымі вузамі. Яны і сёння фарміруюць кантэкст нашых узаемаадносін. Гэта шлях аднаго народа да другога. Праз культурныя кантакты мы адкрываем свой погляд на свет, на суседзяў, на тое, чым жывем сёння. Добра, што культурны дыялог ніколі не спыняецца, нават робіцца больш інтэнсіўным, нягледзячы на межы, якія нас усё яшчэ раздзяляюць. Можна прывесці шмат прыкладаў паспяховага культурнага ўзаемадзеяння. Адзін з апошніх — Гран-пры, які атрымаў спектакль Гродзенскага абласнога тэатра лялек «Пікавая дама» на тэатральным фестывалі «Vasara» ў Друскінінкаі. Мы здзяйсняем сумесныя праекты: у спектаклі «Дзяды» паводле паэмы Адама Міцкевіча з’ядналіся яркія тэатральныя сілы Літвы і Беларусі; выставы і пленэры з удзелам лепшых беларускіх і літоўскіх мастакоў штораз адбываюцца ў Вільнюсе і Мінску. Пульс б’ецца, узнікаюць новыя кантакты, якія ўсё пашыраюцца. І гэта вельмі важна. Таму што менавіта такім чынам старыя даўнія традыцыі нашых народаў пераносяцца ў дзень сённяшні. Апрача таго, у новых пакаленняў з’яўляюцца новыя традыцыі.

Як вядома, у 2013 годзе Літва старшынствуе ў Еўрасаюзе. Ці садзейнічае гэта пашырэнню культурных кантактаў паміж нашымі краінамі?

— Так, мы, канешне, хацелі, каб наша старшынства не толькі было важнай палітычнай падзеяй, а зрабілася моцным культурным імпульсам. Увогуле гэты статус успрымаецца Літвой як свайго роду ўзнагарода за складанае ХХ стагоддзе (гэткім жа яно было і для Беларусі), за цярплівасць, выказаную нашым народам на шляху да свабоды, да вяртання ў еўрапейскую сям’ю. Гэта старшынства я называю другой каранацыяй Літвы — пасля той, першай каранацыі караля Міндоўга, якая хутчэй за ўсё адбывалася тут, у Навагрудку, і з’яўляецца сімвалічным знакам для Літвы і важнай падзеяй для Беларусі. Мінулае, сённяшні дзень, будучыню нашай краіны мы прадстаўляем на Днях культуры Літвы ў Беларусі, якія стартавалі ў маі і працягваюцца дагэтуль. Мы пачалі іх з дыскусіі гісторыкаў: што такое наша мінулае? Вялікае Княства Літоўскае і паўстанне 1863 года — тэмы, якія нас аб’ядноўваюць. Паказалі тыя віды мастацтва, якімі асабліва моцная сёння Літва, — наш тэатр і фота. У Нацыянальнай бібліятэцы прайшла выстава маладых літоўскіх дызайнераў. У галерэі «Ў» — інсталяцыя пад назвай «Аблокі», дзе новыя смелыя формы сучаснага мастацтва спалучыліся з музыкай і танцам. Дарэчы, сумесныя праекты з літоўскімі творцамі праходзяць не толькі ў Беларусі, а ва ўсіх важных для нас краінах.

Што пры гэтым з’яўляецца для вас прыярытэтным: пашырэнне творчых даляглядаў, прэзентацыя літоўскага мастацтва за мяжой, эканамічны фактар?

— І для Літвы, і для Беларусі прэзентацыя творчасці за мяжой ёсць прэзентацыя краіны праз розныя формы мастацтва. І гэта вельмі важна для такіх краін, як наша, што па волі лёсу на нейкі час была выкраслена з гісторыі Еўропы. Цяпер мы вяртаемся да сваёй культуры, згадваем пра свае карані і традыцыі. З іншага боку, літоўскія мастакі прыязджаюць у Беларусь, сустракаюцца са сваімі калегамі, знаёмяцца з вашым мастацтвам, многае спазнаюць. Падчас сумесных праектаў, на пленэрах з’яўляюцца новыя кантакты, у выніку ўзнікае вялікі рынак. Думаю, мастацтва адкрывае шлях для самых розных форм супрацоўніцтва, пачынаючы з палітыкі і заканчваючы бізнесам, які мы абавязкова імкнемся далучаць да культурных праектаў. Наогул лічу: чым больш культурных кантактаў, тым больш узаемаразумення. А гэта значыць — узнікае давер і добры бізнес-клімат. Можна толькі парадавацца, што разам з актыўнымі культурнымі зносінамі між Літвой і Беларуссю так інтэнсіўна растуць сувязі ў эканамічнай галіне і гандлі. Значыць, супрацоўніцтва з’яўляецца поўнамаштабным.

Як вы ставіцеся да працэсу глабалізацыі ў культурнай сферы?

— У мяне ўспрыманне гэтай праблемы вельмі асабістае, як, мабыць, у многіх людзей, што жылі ў геаграфічна замкнёны час. Я быў студэнтам філалогіі, калі нам адкрыўся вялікі свет. З’явілася магчымасць карыстацца недасягальнымі раней культурай, літаратурай — сусветнай, заходняй, еўрапейскай. Гэта была вельмі пазітыўная з’ява: мы спазнавалі закрытыя для нас творы мастакоў, у тым ліку тых, што апынуліся ў ссылцы і ў эміграцыі. Канешне, мы адчулі вялікія выклікі. Адбывалася глабалізацыя, і мы адразу апынуліся на вялікай сцэне, дзе дзейнічалі зусім іншыя законы, існавала камерцыя. І не ўсім было лёгка да гэтага прыстасавацца… Але працэс працягваецца, і цяпер мы шукаем, якім чынам захаваць самыя лепшыя формы нацыянальнай культуры, каб даць магчымасць развівацца перспектыўным мастакам, як зрабіць мастацтва даступным для шырокай аўдыторыі. Зрэшты, глабалізацыя таксама прыносіць пазітыўныя вынікі. Наш тэатр, творчасць сусветна вядомых літоўскіх мастакоў сведчаць пра тое, што мастацтва не ведае межаў. Словам, глабалізацыя — гэта, канешне, вялікі выклік. Але адначасова і вялікія магчымасці для такіх краін, як Літва, і, думаю, Беларусь. Толькі патрэбны добрыя інструменты, важна, каб дзяржава дапамагала мастакам, каб існавалі фестывалі, праграмы для падтрымкі творчых праектаў, для перакладу літаратуры. Важна, каб мастацтва пераадольвала межы і станавілася як бы часткай гэтых агульных працэсаў.

Якое значэнне вы надаяце нацыянальным асаблівасцям
у мастацтве?

— У нацыянальнай самабытнасці — сіла кожнай культуры, кожнай дзяржавы. Нацыянальная самабытнасць стварае разнастайнасць, якой адметная еўрапейская культура наогул. Калі знікае самабытнасць, краіне лёгка страціць сваю ідэнтычнасць, тое, чым яна можа вылучацца ў глабальнай прасторы. Самыя паспяховыя на сусветным рынку ўзоры літоўскага мастацтва якраз тыя, што захавалі нацыянальную самабытнасць. Гэта наш тэатр, жывапіс, новыя формы мастацтва, у якіх многае ідзе ад нашай міфалогіі, ад старых, яшчэ дахрысціянскіх рэлігій.

Гэты год у Літве быў абвешчаны годам дыялектаў. Мы імкнемся зберагчы дыялекты літоўскай мовы, бо ў іх таксама багацце і непаўторнасць народа. Клапоцімся пра дыяспары, што насяляюць тэрыторыі вакол Літвы і Беларусі. І літоўскія выспачкі тут захавалі своеасаблівасць.

Якому віду мастацтва аддаяце перавагу?

— Люблю ўсё сапраўднае мастацтва. Але найбольш вабяць тэатр, музыка і паэзія. Тэатр — бо гэта сімбіёз тых відаў мастацтва, што мяне хвалююць: музыкі, жывапісу, літаратуры. Асабліва ўзрушае паэзія — моцная плеяда паэтаў ХХ стагоддзя і тыя, што з’явіліся цяпер. Магутнай паэтычнай традыцыяй Літва можа ганарыцца. Мой улюбёны паэт — Генрыкас Радаўскас. Улюбёны рэжысёр — Оскарас Каршуновас. Школы Эймунтаса Някрошуса і Рымаса Тумінаса спалучаюцца ў ягоных спектаклях з сучасным мадэрнам.

Калі ў Беларусі мы наведваем Мірскі і Нясвіжскі замкі, разумеем, якую ролю заўсёды адыгрываў тэатр — і ў вас, і ў нас. У гісторыі Літвы шмат драматычных сюжэтаў і шмат асабістых драм. Можа быць, таму артыстызм у нас у прыродзе. І ўся наша гісторыя — не толькі асобныя сюжэты, але і драматургія дзяржавы, калі мы страчвалі, а пасля аднаўлялі сваю незалежнасць.

Якое месца займае мастацтва ў вашым жыцці?

— Успрымаю культуру як частку дыпламатыі. Ёсць нават такое паняцце — культурная дыпламатыя. І я з радасцю гэтым займаюся. Кантакты з творцамі — прыемны складнік маёй працы. Мастацтва дапамагае выйсці з рабочага стану, здзіўляе, дае магчымасць адарвацца ад будняў, адкрыць новую перспектыву. Іншымі словамі, дыпламатыя і любоў да мастацтва, дыпламатыя і занятак мастацтвам — узаемадапаўняльныя рэчы. Да таго ж, думаю, у наш час вельмі лёгка праз сацыяльныя сеткі адчуць сябе далучаным да глабальных творчых працэсаў.

Не сакрэт, што вы аўтар зборніка вершаў. Мяне ўразілі наступныя радкі:

«Кожны
змог бы ўзяць гэтыя ноты —
яны нічые —
ваша музыка вам
не належыць...»

Пракаменціруйце іх, калі ласка.

— Цяжка растлумачыць вершы словамі. Але мова мастацтва ўніверсальная, не належыць нікому і належыць усім. З гэтых нот можна ствараць любую музыку. Размаўляць з людзьмі на розных кантынентах. Чуць галасы з мінулага. Музыка — гэта ўніверсальная прастора, уваходзячы ў якую, адчуваеш бязмежную свабоду.

Вялікія творцы імкнуліся выявіць сябе з дапамогай гэтых нот, якія нікому не належаць і не падуладны.

Гутарыла Людміла Грамыка.