Работа з натуры

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Лёс і творчасць Апалінарыя Гараўскага
Радзімай талентаў называюць Беларусь гісторыкі і краязнаўцы. Адметнае месца сярод славутых землякоў займае пейзажыст і партрэтыст Апалінарый Гараўскі. Яго «родны кут» — маёнтак Уборкі былога Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці), тут будучы мастак з’явіўся на свет 30 студзеня 1833 года.

Калі Апалінарыю споўнілася дванаццаць гадоў, бацька аддаў яго вучыцца ў Брэст-Літоўскі кадэцкі корпус. Менавіта тут жывапісныя здольнасці хлопчыка заўважыў вядомы архітэктар Мікалай Бенуа (яго брат быў начальнікам корпуса). Значна пазней Гараўскі з удзячнасцю згадваў гэтага чалавека, які падрыхтаваў яго да паступлення ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў.

У Акадэміі мастацтваў Гараўскі вучыўся ў 1850—1854 гадах пад кіраўніцтвам вопытных прафесараў Максіма Вараб’ёва і Фёдара Бруні. Юнак праявіў здольнасці да пейзажнага і партрэтнага жывапісу. У 20-гадовым узросце Гараўскі экспанаваў на акадэмічнай выставе партрэт епіскапа Вайткевіча. Работа адразу прыцягнула ўвагу. У тым самым 1853 годзе Апалінарый атрымаў патрэбную колькасць узнагарод, каб прэтэндаваць на вялікі залаты медаль. Мастаку зацвердзілі пейзаж «Від у Пскоўскай губерні». Месца для напісання дыпломнага пейзажа Гараўскі выбраў небеспадстаўна: у Пскоўскую губерню перасяліўся палкоўнік Бенуа, у якога часта бываў Апалінарый. За пейзаж Гараўскаму быў прысуджаны залаты медаль першай ступені і прысвоена званне класнага мастака, што давала права на замежную паездку.

Аднак Апалінарый Гіляравіч паехаў за мяжу не адразу. Да мая 1858 года ён знаходзіўся ў сябе на радзіме ў вёсцы Уборкі. З вялікай энергіяй аддаўся любімай справе: пісаў шматлікія эцюды, кампанаваў з іх станковыя пейзажы. Мастак уважліва вывучае прыроду, скрупулёзна перадае ўсё бачанае і не даруе сабе нават самага малога промаху.

Упартая праца прыносіла добрыя вынікі. Многія пейзажы Гараўскага атрымалі высокую ацэнку мастацтвазнаўцаў і аматараў жывапісу. Некаторыя набыў для сваёй галерэі Павел Траццякоў.

Апроч пейзажаў, у гэтыя гады Апалінарый Гіляравіч напісаў і шэраг партрэтаў. Але праца над заказнымі творамі не прыносіла яму маральнага задавальнення, таму што залежнасць ад густаў заказчыка не давала магчымасці ўдасканальваць майстэрства. Гараўскі ўсяляк імкнуўся пазбавіцца ад такіх заказаў, аднак цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і і хвароба бацькі вымушалі яго ісці на творчы кампраміс.

Мала каму вядома, што ў Апалінарыя Гараўскага былі вялікія заслугі ў галіне збору і захавання культурных каштоўнасцей. Знаходзячыся ў сяброўстве з расійскім мастацкім дзеячам Паўлам Траццяковым, ён разам з братам Іпалітам дапамагаў яму фарміраваць мастацкую калекцыю.

Сярод адметных твораў гэтага перыяду — «Яўрэй пры малітве» і «Старая моліцца». Апошні партрэт Апалінарый задумаў яшчэ ў 1856 годзе. Першапачаткова работа над карцінай ішла вельмі марудна, таму што натуршчыца — пажылая беларуская сялянка — часта хварэла і не магла падоўгу пазіраваць. Нарэшце 27 кастрычніка 1857 года мастак паведаміў Траццякову: «Старанна, са слязамі скончыў старую, якая моліцца і, дзякуючы Усявышняму, выйшла лепшым творам з усіх, якія толькі пісаў. Спадзяюся, што кожны са знаўцаў пагодзіцца з маім меркаваннем: рэльефнасць галавы, рук, малюнак, каларыт і выкананне і сціпласць жывапісу ў перайманні натуры; наколькі мне не страшна, калі стануць параўноўваць з партрэтамі працы Штэйбека і Заранкі». Расійскі мастак Ілья Рэпін даволі высока ацаніў тэхнічнае выкананне твора Гараўскага. Ён знайшоў карціну моцнай па тэхніцы і адзначыў, што твар старой напісаны «з порамі на скуры».

Карціна наводзіць гледача на глыбокі роздум. Схіляе да разваг пра лёс радзімы. Ацэнка Рэпіна, безумоўна, не вычэрпвае мастацкага зместу карціны. Беларускі мастацтвазнаўца Леанід Дробаў падкрэсліваў: «Каб сканцэнтраваць увагу на твары і руках, мастак паказвае пажылую беларускую жанчыну буйным планам. Позірк яе звернуты да неба. Вусны шэпчуць словы малітвы. Рукі, якія бачылі на сваім вяку ўсякую працу, складзеныя разам. На твары — адбітак рахманасці і пакоры. Бяспраўе і галеча наклалі адбітак на ўсё аблічча жанчыны. Ціхая, нясмелая, са словамі надзеі яна звяртаецца да Бога, у якога шчыра верыць. Па сіле тыпізацыі, па глыбіні сацыяльнай характарыстыкі гэта адзін з лепшых твораў жывапісца. Ён шмат у чым сугучны лепшым творам рускага рэалістычнага жывапісу другой паловы ХIХ стагоддзя».

Першы варыянт карціны быў напісаны ў 1857 годзе, аднак Гараўскі доўга не рашаўся паказаць яго, бо лічыў незавершаным. Толькі ў 1861-м, пасля вяртання з-за мяжы, ён разам з яшчэ некаторымі працамі прадставіў яе акадэмічнай радзе. За карціну «Старая моліцца» і іншыя творы ён быў уганараваны званнем акадэміка.

На пенсію, прызначаную Пецярбургскай акадэміяй мастацтваў, Гараўскі ўдасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы, наведваў майстэрні жывапісцаў А.Каляма і А.Ахенбаха. Але сустрэчы са славутымі замежнымі творцамі не прынеслі яму маральнага задавальнення. Так, знаходзячыся ў Жэневе, Апалінарый Гіляравіч пісаў: «У майстэрні Каляма і цяпер не займаюся і толькі зрэдку заходжу паслухаць яго парады і заўвагі. Астыў я крыху да яго за тое, што ён больш хваліць, чым папракае. Мне здаецца, ён вялікі палітык. Урэшце, да гэтага мне няма справы. Калям Калямам, але прырода, па-мойму, самы лепшы настаўнік».

Відавочна, што Гараўскі не меў схільнасці пераймаць рэцэпты поспеху замежных мастакоў. Ён моцна стаяў на пазіцыях расійскай рэалістычнай школы, у асновы якой была закладзена работа з натуры.

У 1859 годзе Апалінарый Гіляравіч пабываў у Рыме, які лічыўся тады «сталіцай усіх мастакоў свету», але і тут яго чакала расчараванне. Ён зноў адчуў сябе самотным і цалкам аддаўся маляванню з натуры. Туга па радзіме і адзінота прыгняталі мастака. Не адбыўшы вызначанага тэрміну пенсіянерства, Гараўскі ў 1860 годзе вярнуўся на радзіму. З гэтага часу на працягу амаль трыццаці гадоў ён жыў у Мінскай губерні і толькі зрэдку выязджаў з сям’ёй у Пскоўскую губерню да родзічаў жонкі. Зіму праводзіў у Пецярбургу, дзе выкладаў жывапіс у Вышэйшай мастацкай школе пры Пецярбургскай акадэміі мастацтваў.

У 1860 годзе ў вёсцы Брадзец сучаснага Бярэзінскага раёна (у гэтай вёсцы жыла сястра мастака) Апалінарый стварае цудоўны пейзаж «На радзіме». Карціну высока ацаніў Траццякоў, набыўшы яе для сваёй галерэі. Верагодна, гэта лепшая праца жывапісца, у якой знайшлі адбітак яго думкі і пачуцці, роздум над лёсам радзімы. Леанід Дробаў пісаў пра яе: «На пярэднім плане намаляваны напаўразбураны драўляны масток, праз які віецца ўдалеч пясчаная дарога. Відаць саламяныя стрэхі сялянскіх хат. Паабапал дарогі плот з жэрдак, з пахіленымі ад старасці драўлянымі слупамі. У гэтым пейзажы ўсё блізкае і дарагое сэрцу мастака. Кожная дэталь напісана з вялікай цеплынёй і любоўю. Гэта любоў міжволі перадаецца і гледачу.

З вялікім выкрывальніцкім пафасам паказвае творца заняпад беларускай вёскі. І хоць выяў людзей на палатне няма, глядач добра адчувае іх прысутнасць. Сілай свайго таленту мастак здолеў стварыць праўдзівую карціну жыцця сялян дарэвалюцыйнай Беларусі. У гэтай працы, бясспрэчна, адчуваюцца ўплывы асабістага сяброўства мастака з Пяровым, Багалюбавым і іншымі прадстаўнікамі крытычнага рэалізму 60-х гадоў (ХIХ стагоддзя. — Э.І.), сімпатыя да іх (гэта відаць з пісьмаў Апалінарыя Гараўскага да Паўла Траццякова. — Э.І.)».

Нягледзячы на поспехі, якіх дасягнуў Гараўскі ў пейзажным і партрэтным жывапісе, ён меў пэўныя матэрыяльныя праблемы. Яшчэ ў 1860 годзе мастак падае рапарт у раду Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, у якім просіць падоўжыць пенсіянерства на тры гады. Просьба адхілена. Тады Апалінарый спрабуе дамагчыся ад акадэміі дазволу працягваць адукацыю ў межах Расійскай імперыі. На гэты конт вялася доўгая перапіска. Нарэшце ў 1869 годзе савет акадэміі пастанавіў: «Дазволіць акадэміку Гараўскаму падарожжа па Расіі для заканчэння сваёй адукацыі і напісання карцін з народнага быту тэрмінам на тры гады, выдзеліўшы яму на ўтрыманне па 300 рублёў у год».

Апалінарый з натхненнем бярэцца за працу. Ён едзе на Украіну і ў найбольш глухія мясціны Беларусі. Вынікам гэтай паездкі сталася серыя партрэтаў і пейзажаў, лепшыя з якіх былі напісаны ў ваколіцах ракі Бярэзіны.

У 1870 годзе мастак пачаў работу над сваёй вядомай карцінай «Балота». Для збору матэрыялу выязджаў у забалочаныя месцы Мінскай губерні, каб «зняць» эцюды з натуры.

З пейзажаў, створаных у пачатку 1870-х, найбольш цікавы «Вечар у Мінскай губерні». Матыў вельмі просты. На пярэднім плане — невялікі ручаёк, яго перасякае дарога, далей — абрысы населенага пункта. Два магутныя дубы. На дарозе — постаці людзей з сабакам, яны ідуць у горад. Жывапіс сухаваты і цемнаваты. Толькі напрыканцы жыцця мастака, прыкладна ў 1890-х гадах, чарната знікла з яго твораў. У рабоце, напісанай у Зачарэнні, светлы каларыт, шырокае пісьмо.

У 1870-х — пераважна ў час яго зімовага знаходжання ў Пецярбургу — адначасова з пейзажамі мастак стварае шмат партрэтаў — рэктара Пецярбургскай акадэміі мастацтваў жывапісца Фёдара Бруні, кампазітараў Міхаіла Глінкі і Аляксандра Даргамыжскага (партрэты напісаны па фатаграфіях, якія раней знаходзіліся ў Траццякоўскай галерэі), мітрапаліта Ігнація Галавінскага і іншых.

У 1885—1886 гадах адбыліся паездкі Гараўскага па Сібіры. А ў 1888 годзе на акадэмічнай выставе з’явіўся яго «Селянін», пра якога пецярбургская газета «Новости» пісала: «Акадэмік Гараўскі выставіў усяго толькі аднаго «Селяніна», але затое такога цікавага, што ён мог бы паказваць сябе за грошы, менавіта “стагадовага”». Пра гэты твор мастак распавядаў Траццякову: «...У вёсцы напісаў партрэт стагадовага селяніна, які паказаў на выставе...Тыпаж і каларыт карціны атрымаліся нядрэнна».

У гэты час у творчасці Гараўскага назіраюцца істотныя змены. Ад скрупулёзнага капіравання натуры мастак пераходзіць да больш шырокага пісьма. У адным з апошніх пісем Траццякову ён паведамляў: «Напісаў дваццаць эцюдаў, біў пераважна не на дэталёвасць, а на дакладнасць моманту...» Такім чынам, пачаўшы сваю творчасць як заўзяты прыхільнік акадэмічнага жывапісу, Апалінарый Гараўскі ў канцы жыцця прыйшоў да больш вольнай трактоўкі. Адной з прычын такой эвалюцыі з’яўлялася яго блізкасць да перадавых колаў рускіх мастакоў. Калі ў цэлым характарызаваць творчасць Апалінарыя Гіляравіча, то трэба падкрэсліць, што пераважная большасць яго карцін адметныя жыццёвай праўдай, глыбокай народнасцю. Мастацтвазнаўца Барыс Лазука падкрэсліваў: «Творчасць Апалінарыя Гараўскага шматстайная. Але асноўную яе частку складаюць пейзажы, над якімі мастак працаваў усё жыццё. Жывапісная манера майстра была заснавана на акадэмічных прынцыпах, рэалістычнасці паказу матываў прыроды. Для яго важным з’яўлялася разлічанае, шмат у чым відавое прадстаўленне пейзажнай тэмы. Таму асаблівую ўвагу ён надаваў кампазіцыйнай пабудове выяў. Імкнуўся да ўраўнаважанасці, падзелу прасторы на планы. Традыцыйна дзеля гэтага крыху зацямнялася пярэдняя частка палатна. Там не змяшчаліся важныя аб’екты і рабіліся высвятленні ў цэнтры, дзе паказваліся фігуры людзей ці нейкія прадметы, збудаванні. Такім чынам, стваралася пэўная эстэтычная дыстанцыя паміж гледачом і той часткай карціннай прасторы, дзе канцэнтраваўся асноўны эфект пейзажа».

Апошнія гады жыцця Апалінарый Гараўскі правёў у сваім невялікім маёнтку Кірылавічы, які размяшчаўся каля станцыі Белае былой Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Да канца сваіх дзён мастак не губляў сувязі з роднай Беларуссю, цаніў яе багатую культуру, звычаі і мову. У пісьмах да Траццякова і іншых асоб Гараўскі вельмі часта ўжываў беларускія словы і выразы. Гэта можа быць сведчаннем таго, што ў побыце, у коле сваёй сям’і і сяброў ён карыстаўся беларускай мовай.

У сям’і Гараўскіх Апалінарый быў сярэднім з трох братоў, а таленавітымі былі ўсе. Старэйшы, Іпаліт, нарадзіўся 1 ліпеня 1828 года. Першапачатковыя веды па выяўленчым мастацтве атрымаў ад Машчынскага — выкладчыка Мінскай гімназіі, дзе ён вучыўся з 1840 па 1847 год. Потым Іпаліт удасканальваў свае навыкі самастойна. Сціплыя сродкі, якія мелі бацькі, не дазвалялі ім адначасова вучыць у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў абодвух сыноў. Таму сваю вучобу ў гэтай установе Іпаліт пачаў значна пазней, у 1855 годзе, пасля таго як яе закончыў Апалінарый. Аб поспехах Іпаліта Гараўскага сведчаць сярэбраныя медалі першай і другой ступені за пейзажы, напісаныя ім у Мінскай губерні. Вядомы яго пейзажы «На берагах ракі Бярэзіны» (1857, знаходзіцца ў Дзяржаўным Рускім музеі ў Санкт-Пецярбургу), «Від у ваколіцах Бабруйска» (1858). У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь захоўваецца карціна Іпаліта Гараўскага «Ля крыжа. Смерць паўстанца».

Далейшы лёс жывапісца пакуль застаецца нявысветленым. Вядома толькі, што з 1855 года ён удзельнічаў у выставах Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. У сярэдзіне 1860-х гадоў Іпаліт Гараўскі быў хатнім настаўнікам дзяцей генерала Дружыніна ў Мінску, затым пражываў у Кіеве (1860—1870-я гады). Пасля некаторы час жыў у Пецярбургу. Доўгі час Іпаліт разам з Апалінарыем дапамагаў Траццякову ў яго збіральніцкай дзейнасці. Многія карціны гэтага мастака, аб якіх маюцца згадкі ў пісьмах да Траццякова, да сённяшняга часу не выяўлены. Але па карціне «На берагах ракі Бярэзіны» і па водгуках сучаснікаў можна меркаваць аб незвычайным таленце Іпаліта Гараўскага.

Малодшы брат Апалінарыя — Гілярый — быў адораным акварэлістам. Да 1868 года ён вучыўся ў рысавальнай школе Таварыства заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу, а потым — да 1873 года — у Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Сярод творчай спадчыны найбольшую цікавасць уяўляюць «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора» (1870), «Кветкі» (1872). На вялікі жаль, да сённяшняга дня дакладна не вызначаны гады жыцця Гілярыя Гараўскага.

Апалінарый Гараўскі памёр у 1900 годзе ў маёнтку Кірылавічы. Невядома, якога чысла і ў якім месяцы гэта адбылося. Яго творы знаходзяцца ў многіх гарадах і вёсках на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, у тым ліку ў Расіі (у прыватнасці, у Маскве і Санкт-Пецярбургу), Беларусі і Літве.

Айчынным аматарам жывапісу пашчасціла, што ў 1944—1977 гадах дырэктарам Дзяржаўнага мастацкага музея Беларусі працавала Алена Аладава — апантаная збіральніца карцін «з беларускай тэматыкай». Дзякуючы яе намаганням быў значна папоўнены фонд музея. Менавіта пры Аладавай музей набыў у прыватных калекцыянераў творы Апалінарыя Гараўскага, і цяпер у ім захоўваецца сямнаццаць карцін гэтага аўтара.

Жыццё і дзейнасць сярэдняга з братоў Гараўскіх — Апалінарыя — вартыя таго, каб імем мастака былі названы вуліцы ў Мінску, Бабруйску, Беразіно, у вёсцы Брадзец Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці.

Эмануіл ІОФЭ