Кубістычны маніфест

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Здавалася б, усе адметныя дзеячы мастацтва першай паловы ХХ ст. -- вядомыя і прызнаныя. Але застаецца яшчэ шмат недаследаванага ў сферы ўзаемасувязей паміж мастакамі, іх агульных інтарэсаў, творчых пошукаў.

 /i/content/pi/mast/5/123/Rarytet.jpg
 І.Рыбак. Шкляр і каза. Папера, тэмпера. 1917.
Імя Ісаахара-Бер Рыбака стаіць побач з імёнамі М.Эпштэйна, М.Шагала, С.Юдовіна, Э.Лісіцкага, якія ў ціхай роднай правінцыі займаліся этнаграфічнымі даследаваннямі, вывучалі побыт, помнікі архітэктуры, некропалі-могілкі ў цудоўным стылі народнага ўкраінска-беларускага барока. Да гэтага стылю можна беспамылкова далучыць і культурныя помнікі яўрэйскага насельніцтва, якое ўнесла свой важкі ўклад у дэкаратыўнае мастацтва, архітэктурнае будаўніцтва ў Беларусі. Славянскі і яўрэйскі этнасы, якія стагоддзямі існавалі побач, стварылі выдатныя ўзоры традыцыйнай культуры, што стала апірышчам для мастакоў-адраджэнцаў канца ХІХ -- пачатку ХХ ст.
У калекцыі графікі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі захоўваюцца тры графічныя аркушы І.Рыбака. Гэта «Вадавоз», «Цясляр» і «Шкляр і каза» (усе 1917). Яны былі набыты для Беларускага дзяржаўнага сацыяльна-гістарычнага музея г. Мінска пасля рэфармавання Яўрэйскага этнаграфічнага музея ў Ленінградзе, а ў 1960 г. перададзены ў НММРБ ужо з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 
І.Рыбак нарадзіўся ў Расіі ў Елізаветградзе (сёння Кіраваград), вучыўся ў Кіеўскім мастацкім вучылішчы. Жыў у Кіеве, Маскве, Ленінградзе, Берліне, Кракаве, Парыжы. Стаў адным з першапраходцаў у стварэнні нацыянальнага яўрэйскага стылю. Ён уваходзіў у яўрэйскае таварыства мастацтваў, кіеўскую «Культур-лігу», удзельнічаў у пастаноўцы нацыянальных спектакляў, пісаў артыкулы, афармляў кнігі.
У Беларусі з мастаком пазнаёміліся ў 1926 г., калі яго прозвішча з’явілася на тэатральных афішах Дзяржаўнага яўрэйскага тэатра БССР. І.Рыбак стаў сцэнографам першага спектакля, які быў пастаўлены па п’есе І.Перэца «На пакаянным ланцугу» галоўным рэжысёрам тэатра М.Рафальскім. Гэта адзначана ў энцыклапедычных даведніках, а таксама ў каталогу IV Усебеларускай мастацкай выставы 1931 г., дзе макет да п’есы пад нумарам 175 экспанаваўся ў раздзеле «Дзяржаўны яўрэйскі тэатр БССР».
Наватарскі графічны твор «Шкляр і каза», у аснову якога закладзена фармальная кампазіцыя, уражвае сцэнкай, нібыта падгледжанай мастаком на адной з вуліц мястэчка: вандроўны рамеснік тупае са сваёй скрыняй дахаты, а насустрач з-за брамы выходзіць каза і здзіўлена на яго глядзіць. Шкляр працягвае да яе руку і прыязна ўсміхаецца. Але кампазіцыю можна зразумець не толькі як побытавы сюжэт, але і як своеасаблівы мастацкі маніфест: творцы павінны шукаць свае тэмы і вобразы ў будзённым асяродку, радыкальна адыходзіць ад натуралізму, апавядальнасці, смела абагульняць, трансфармаваць трохмерны свет на кубістычнай карціннай плоскасці. І сапраўды, у такім выглядзе мастацкі твор набывае значнасць, жывапісную напружанасць, сімвалічнасць. Вось і ў рабоце І.Рыбака ідэйная падаплёка сустрэчы шкляра і казы заключаецца ў містычным узвышэнні персанажаў. Можна ўгледзець, што сталы майстар і хатняя жывёліна знаходзяцца не толькі ў зямным, але разам з тым і ў пазачасавым вымярэнні.
Тут многае вызначаецца праз традыцыйныя народныя прыярытэты. «Шкляр» -- сімвал працы, штодзённых турбот, а вось вобраз «казы» неадназначны: яго можна трактаваць і як сімвал шляху да цяжкадаступных вершынь, і як сімвал мяшчанства. Невыпадкова паміж казой і чалавекам узнікае нейкая таямніца: жывёліна стаіць каля фрагмента загадкавага арачнага пралёту. Куды ж прывядзе ён?..
Не менш цікавыя, эмацыянальна насычаныя графічныя лісты І.Рыбака, прысвечаныя вобразам цесляра і вадавоза. Яны таксама выкананы ў кубізаванай манеры і ўяўляюць сабой арыгінальныя і экспрэсіўныя ўвасабленні разваг аўтара пра навакольны свет.
У 1930-я гады І.Рыбак з’ехаў у Францыю. Яго працы доўгі час не выстаўляліся, і творчыя здабыткі заставаліся па-за ўвагаю даследчыкаў. У 1962 годзе у горадзе Бет-Яма (Ізраіль) быў адкрыты музей Ісаахара-Бер Рыбака. А сёння, святкуючы 110-годдзе з дня нараджэння мастака, мы таксама можам захапляцца яго графічнымі работамі.


                                                                                                              Людміла НАЛІВАЙКА