Залатая лаза «Кінашоку»

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

ХХІІ Адкрыты фестываль у Анапе

Бласлаўленне нашчадкаў

Анапскі кінафорум пачынаецца з агледзін і фотасесіі. На пляцоўцы ля сцягоў былых савецкіх рэспублік збіраецца ўвесь фестывальны кантынгент, каб адправіцца на цырымонію адкрыцця. Гледачы-курортнікі займаюць пазіцыі на балконах катэджаў пансіяната «Фея-2», а найбольш рашучыя назіраюць за кумірамі зблізку. Нехта пытаецца: «Элегантная актрыса ў футровай накідцы — хто яна?» А гэта Людміла Максакава, якая яшчэ гадоў сорак таму іграла ў фільме «Непадсудны» разам з Алегам Стрыжэнавым і Леанідам Кураўлёвым. Пазнаюць Ларысу Лужыну, Людмілу Зайцаву, Юрыя Бяляева, казашку Наталлю Арынбасараву — маці Ягора Канчалоўскага, узбека Рустама Сагдулаева — дагэтуль вельмі папулярнага «Рамэа» са стужкі «У бой ідуць адны “старыя”». Шмат тых, каго лічаць медыйнымі тварамі — так называюць постсавецкую маладую генерацыю артыстаў, што з’явілася ў «фарматным» кіно (у тэлесерыялах) на пачатку «нулявых» гадоў. Вылучаю былую мінчанку Ганну Казючыц, якая дзяўчынкай іграла на сцэне Тэатра-студыі кінаакцёра ў спектаклі «Шчаўкунок», а таксама Афелію на сцэне Рускага тэатра, потым паехала ў Маскву і зрабіла там нядрэнную артыстычную кар’еру ў прасторы таго самага «фарматнага» тэлекіно.

Абдымкі, размовы, аўтографы... Усе расслаблены, акрамя тых, каго цяпер называюць папарацы. Сярод іх і наш Віктар Зайкоўскі, можна сказаць, абарыген «Кінашоку», чые шматгадовыя здымкі ўвайшлі ў фоталетапіс фестываля. Калі б у гэты момант у руках была фотакамера, дык я здымала б саміх фотарэпарцёраў, іх групавыя набегі на з’явіўшуюся зорку, іх выразныя позы — ад выцягнутых уверх рук да аднолькава сагнутых кален.

Вока спыняецца на абліччы чалавека, які вылучаецца сівой грывай і барадой а-ля Карл Маркс. Іканапісец мог бы маляваць з яго святога, а мастак-бязбожнік — якога-небудзь рускага бунтаўшчыка або жабрака. Погляд у яго праніклівы, ён маўкліва назірае за чалавечай мітуснёй. Гэта — старшыня журы, знакаміты Анатоль Васільеў, рэжысёр культавых спектакляў «Дарослая дачка маладога чалавека», «Васа Жалязнова», «Серсо». У Расіі яго ўшанавалі амаль усімі тэатральнымі прэміямі, думаю, ён — адзіны з расіян, хто мае дзве вышэйшыя французскія і дзве італьянскія ўзнагароды ў сферы культуры. Аднак унушальныя рэгаліі не ўратавалі яго ў патрэбны момант. У 2006 годзе Анатоль Васільеў пасля канфлікту з маскоўскімі ўладамі сышоў з пасады мастацкага дырэктара тэатра «Школа драматычнага мастацтва», якому ён аддаў без малога два дзесяцігоддзі. Пэўны час жыў у Францыі, ставіў спектаклі ў еўрапейскіх краінах. Цяпер мяркуецца, што майстар зможа стварыць новую тэатральную школу ў будынку тэатра па вуліцы Поварскай.

Ён другі раз узначальвае журы на «Кінашоку». У 1994 годзе, як помніцца, Анатоль Аляксандравіч прызнаваўся ў любові да дзясятай музы, асабліва вылучыўшы тыя савецкія драмы, якія глядзеў падлеткам і юнаком. На сёлетняй цырымоніі адкрыцця, якая адбывалася ў Летнім тэатры эстрады, ён заклікаў блаславіць нашчадкаў у мастацтве: «Мы павінны ўсё аддаць саракапяцігадовым. Усё — без жалю, сквапнасці, хамства. Аддаць з любоўю…»

А на цырымоніі закрыцця некалькі маіх калег і я шчыра апладзіравалі галоўнаму кінасуддзі і яго паплечнікам за Гран-пры «Залатая лаза», аддадзены казахскаму фільму «Стары» прадзюсара Аляксандра Ваўнянкі і рэжысёра Ярмека Турсунава. Прысутнічаў фільм і ў спісе, прадстаўленым кінакрытыкамі і журналістамі, якія заахвочваюць прызам імя Ірыны Шылавай (гэта вядомы расійскі кіназнавец; да свайго скону яна праводзіла на «Кінашоку» знамянальныя прэс-канференцыі). Аднак большасцю галасоў перамог эстонскі фільм «Жывыя малюнкі».

Дарэчы, у 1994 годзе «васільеўцы» нікому не прысудзілі Гран-пры, а ён меў унушальны грашовы эквівалент — 500 мільёнаў тагачасных расійскіх рублёў на пастаноўку новага фільма. Цяпер галоўны прыз мае выгляд глобуса, абавітага залатой вінаграднай лазой.

Віктар Мярэжка, чалавек-аркестр

На «Кінашок» двойчы рабілі замах. У сярэдзіне разбуральных 1990-х, калі ён стаў сапернікам сочынскага «Кінатаўра», спроба знішчыць яго поспехам не ўвянчалася. У 2012 годзе новае кіраўніцтва кінематографа Міністэрства культуры Расіі таксама пачало скоса пазіраць у бок анапскага фестывалю, пра што стала вядома ад яго арганізатараў на дыскусіі «Нацыянальное кіно ў глабальным свеце. “Кінашок” як мультыкультурны праект». Не ведаю, у якой ступені паўплываў зварот удзельнікаў і гасцей леташняга форуму, але відавочна: «Кінашок-2013» зусім не змарнеў, ён захаваў ранейшы аб’ём (пяць конкурсных праграм плюс дзве спецыяльныя), збіраў амаль 2-тысячную аўдыторыю на глядацкіх паказах «Кіно на плошчы», даваў прыхільнікам магчымасць сустрэцца з кумірамі савецкіх часоў і новымі талентамі ў Анапе і ў станіцах вакол яе. І кожны раз на дзелавой дыскусіі — гэтым разам яна мела назву «Не ў грошах шчасце» — патрыярхі з былых нацыянальных рэспублік падкрэслівалі ў розных варыяцыях: «Кінашок» дае плённы прыклад культурнай інтэграцыі. Яна не толькі ў тым, што кінематаграфіст, скажам, з Цэнтральнай Азіі або краін Балтыі можа паказаць новы фільм на тэрыторыі Расіі і прыцягнуць увагу калег і прадзюсараў — ён таксама можа ўдзельнічаць і ў конкурсе сумесных кінапраектаў (на Захадзе такую працэдуру называюць пітчынгам). Летась сярод пераможцаў апынуўся наш Андрэй Кудзіненка з латвійскім прадзюсарам Гацісам Упмалісам. У апошняга (сёлета ён быў членам журы) я пацікавілася, як ідзе праца над кінасцэнарыем. Адказ: «Інтэнсіўна працуем, шукаем варыянты капрадукцыі і фінансавання». (Гаворка пра гісторыю Лі Харві Освальда, які непрацяглы час жыў у Мінску і якога афіцыйна лічаць забойцам амерыканскага прэзідэнта Джона Кэнэдзі).

Вось яшчэ адзін аргумент на карысць высокай рэпутацыі «Кінашоку» (экспертызу рабіла незалежная кампанія па замове Міністэрства культуры Расіі): у рэйтынгу 70-ці кінафестываляў, якія ладзяцца на айчыннай тэрыторыі, ён заняў 14-е месца і меў 8 балаў з 10. У той жа час «Залаты Віцязь», напрыклад, апынуўся на 21-м месцы.

Такі вынік не ўзнік сам па сабе, ён складаецца з грамадскага прэстыжу фестывалю, з аўтарытэту арганізатараў, з інтэнсіўнай працы ўсёй каманды на працягу года, з іншых больш і менш значных фактараў. Спадарыня ўдача — асабліва ў нашы часы — спрыяе людзям, для якіх шчасце сапраўды не ў грошах.

Спецыяльны прыз «Спадарыня ўдача» імя Паўла Луспекаева, які Міжнародная фестывальная рада штогод прысуджае вядомаму кінадзеячу за мужнасць і годнасць у прафесіі, атрымаў прэзідэнт «Кінашоку» Віктар Мярэжка. Ён — працаголік і чалавек-аркестр, бо вядомы не толькі як сцэнарыст па стужках «Вас чакае грамадзянка Ніканорава», «Сваякі», «Палёты ў сне і наяве» і іншых (іх больш за 60), але і як тэатральны драматург (18 п’ес), як рэжысёр (9 фільмаў, з іх самы папулярны — тэлесерыял «Сонька Залатая Ручка»), як вядучы на расійскіх тэлеканалах, як заснавальнік Акадэміі кінематаграфічных мастацтваў «Ніка» (разам з Юліем Гусманам), як віцэ-прэзідэнт тэлеканала «Масква-6» да 1999 года. Цяпер ён рыхтуецца здымаць серыял «Чырвоны Дон» па ўласным сцэнарыі — пра драматычны лёс данскога казацтва ў час Вялікай Айчыннай вайны. У Віктара Іванавіча дзед быў казаком, сам ён родам з хутара Ольгінфельд Растоўскай вобласці. На адным з першых «Кінашокаў» яго прынялі ў ганаровыя казакі Кубані. Адбывалася цырымонія такім чынам: ён, апрануты ў бурку, паўтараў услед за атаманам радкі з Бібліі, а потым быў біты (сімвалічна) казацкай нагайкай.

Бум у краіне Чынгіза Айтматава

На апошнім «Кінашоку» ў пазаконкурсных праграмах тон задавалі кыргызскія кінематаграфісты. Мае калегі-крытыкі згадвалі пра «кіргізскі цуд» у савецкім кіно 1960-х гадоў, некалькі разоў прагучала думка пра новы кінематаграфічны бум. Сапраўды, трое цяперашніх кінамэтраў з краіны Чынгіза Айтматава — Актан Арым Кубат (раней — Актан Абдыкалыкаў), Марат Сарулу і Эрнест Абдыжапараў з 1990-х пракладалі шлях айчыннаму кінематографу на Захад і Усход, імкнучыся адлюстраваць сучаснасць з яе няўстойлівасцю, перакручанасцю, пошукам нацыянальнай ідэнтычнасці і асэнсаваннем супляменнікамі ўласнага «я». Згаданыя рэжысёры шмат зрабілі для прэстыжу свайго кіно на міжнародным узроўні, але таксама і падрыхтавалі «кінематаграфічны гумус» для маладых тым, што стварылі мастацкае асяроддзе. А калі ў краіне з’явіліся ўмовы для эскалацыі кінавытворчасці, справа пайшла ўгару. Увогуле нічога звышунікальнага ў «кіргізскім буме» няма. Актыўна працуюць абодва кінасектары — дзяржаўны і прыватны (у мінулым годзе, як сцвярджае Таалайбек Кулмендзееў, генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Кыргызфільм» імя Таламуша Акеева, у краіне створана прыкладна 50 ігравых поўнаметражных і столькі ж кароткаметражных стужак). Гэта азначае, што шлях для кінабізнесу адкрыты, а творцы і кіраўнікі сферы кіно знаходзяць паразуменне. Фільм «Салам, Нью-Ёрк!» маладога рэжысёра Руслана Акуна, паказаны ў Анапе, зрабіўся народным хітом (ён ужо акупіўся на радзіме ў прапорцыі: 100 тысяч долараў для вытворцаў і столькі ж — пракатчыкам). Са здзіўленнем адзначыла, што паддалася стужцы, зробленай «для вока», а не «для погляду» — на патрэбу маладзёваму масаваму гледачу. Але ж пастаўлена яна прафесійна — фільм апавядае пра адысею юнага кыргыза, які прыехаў ў Амерыку вучыцца, аднак, перш чым атрымаць дыплом юрыста, мусіў шмат пабадзяцца, зарабляючы на гэта грошы. Сам Руслан Акун вучыўся ў Школе візуальнага мастацтва ў Нью-Ёрку і ў Амерыканскім універсітэце ў Кыргызстане. Ён — не выключэнне, ягоныя равеснікі таксама імкнуцца ў кінематаграфічныя ўстановы заходніх краін.

А вось і агульныя вынікі «буму»: з 5-мільённага насельніцтва краіны 1 мільён аддае перавагу сваім стужкам. Залы для прагляду будуюцца ў «мядзведжых» кутах краіны, а стужкі здымаюцца не толькі ў Бішкеку.

Журы конкурсу кароткаметражных фільмаў «Межы Шоку» вылучыла з іншых кыргызскую стужку «Чайка» Лізаветы Сцішовай, аддаўшы ёй галоўны прыз. Вельмі прывабная 30-хвілінная гісторыя пра рашучасць і хітрыкі былога настаўніка рускай мовы, які імкнецца зацікавіць школьнікаў Чэхавым, таму тэксты з «Чайкі» таемна аддае дзецям разам з грошамі. Маналог юнай Ніны Зарэчнай на фоне Ісык-Куля — гэта трагікамічнае відовішча, зробленае рэжысёрам густоўна і чулліва. А яшчэ больш дасціпна выглядае эпізод, дзе аксакалы сабраліся на чаяванне: сядзяць у юрце Дастаеўскі, Талстой, Пушкін, Чэхаў, Гогаль, а твары ў іх смуглявыя і вочы вузкія.

Курс — на мэйнстрым

Галоўны напрамак масавага кіно, што вылучыўся ў Расіі з прыходам маладых кінематаграфістаў (Мікалая Лебедзева, Ягора Канчалоўскага і іншых), заўважаецца цяпер па ўсёй постсавецкай прасторы. Ён набліжаны да нацыянальных міфаў, адлюстроўвае гістарычную гордасць і сучасныя сацыяльныя спадзяванні. Узор заходні — конкурсны латышскі фільм «Каманда мары 1935» Айгарса Граўбы — спартыўная драма, пабудаваная на рэальных падзеях: у 1935 годзе нікому не вядомая каманда баскетбалістаў Латвіі стала пераможцай чэмпіянату Еўропы. Спачатку здаецца, што ад стужкі павявае гламурам, што яна ўся такая ж эфектная, як падобны на галівудскі тыпаж выканаўца ролі трэнера Яніс Аманіс. Але паступова фільм зацягвае дынамічнасцю, па-майстэрску знятымі эпізодамі трэніровак і спартыўных паядынкаў, нейкай элегантнасцю кінастылю. Пры абмеркаванні «Каманды...» часта ўзнікала параўнанне з расійскай карцінай «Легенда №17» Мікалая Лебедзева, хоць у апошняй больш увагі аддадзена сацыяльнаму фону і распрацоўцы характараў галоўных дзейных асоб.

Узор усходні — той жа «Салам, Нью-Ёрк!» Руслана Акуна або «Як выйсці замуж за Гу Джун Пё» кыргыза Даніяра Абдыкерымава (абодва фільмы пазаконкурсныя). Калі першы набліжаецца да стужак «пра Папялушку» з маральным пасылам — «кожнаму па заслугах», то другі выкарыстоўвае меладраматычныя калізіі, уласцівыя маладзёваму асяроддзю, — улюбёнасць і жаданне імітаваць куміра з тэлесерыяла.

Украінскія рэжысёры і прадзюсары Алена Дзям’яненка і Дзмітрый Тамашпольскі ў фільме «F 63.9 Хвароба кахання» замахнуліся на містычную камедыю — пра адзюльтэр касманаўта і доктара венерычнай паліклінікі — з рызыкоўнай фабулай пра «коітус-грандыёзус». Фільм пастаўлены ў капрадукцыі з французамі, і ў ім адчуваюцца фрывольнасці даўніх стужак з удзелам Луі дэ Фюнэса і Брыжыт Бардо, але мяжа не перасечана. «Хвароба...» плаўна эвалюцыянуе ад камедыі з эратычнымі пасажамі ў бок меладрамы, таму прымаецца (хоць і не ўсімі). Вельмі прыцягальная для вока выканаўца ролі венеролага — Ніна Сол, самая прыгожая актрыса Францыі.

Іншым камедыйным шляхам пайшоў пецярбургскі рэжысёр Віктар Ціхаміраў, які паставіў кінапародыю «Чапаеў Чапаеў». Гэта фантасмагорыя пра атаку героя грамадзянскай вайны на абывацельскае жыццё суграмадзян 1950—1960-х гадоў. Чапаева іграе Іван Ахлабысцін, і той з гледачоў, хто ведае артыста, можа ўявіць сабе ўсе самазабыўныя дзеянні гэтага конніка з шашкай, які адстойвае заваёвы рэвалюцыі праз трыццаць-сорак гадоў.

Але лідарамі на «Кінашоку-2013» можна лічыць тыя фільмы, якія рухаюцца ў бок аналітыкі на матэрыяле гістарычных падзей або сучаснай рэчаіснасці. Хардзі Вольмер, рэжысёр эстонскага фільма «Жывыя малюнкі», на прэс-канферэнцыі выслухаў шмат пахвал, а напрыканцы фестывалю атрымаў прыз кінапрэсы з фармулёўкай «За кінасеанс даўжынёю ў стагоддзе». Журы таксама заахвоціла стужку прызам за лепшы сцэнарый (кінадраматург Пеэп Педмансан) і за дзве лепшыя жаночыя ролі (актрысы Сандры Уусберг і Ану Ламп). Карціна драматычная, мае трагікамічную афарбоўку. Апавядае пра лёс жанчыны з культурніцкага асяроддзя, праз якое прайшлі ўсе падзеі ХХ стагоддзя. Эпічны погляд дасягаецца не толькі зменай гістарычных перыпетый у жыцці Хельмі і яе вернага рыцара Юліуса, але і «жывымі малюнкамі» — кадрамі кінахронікі і цытатамі са стужак розных дзесяцігоддзяў.

Да арт-хаўснага кіно можна аднесці фільм «Гэта не я» армянкі Марыі Саакян (прыз за лепшую рэжысуру; прыз імя Аляксандра Княжынскага за лепшую аператарскую работу — Мкртычу Малхасяну). У карціне адбілася тэндэнцыя, характэрная для сучаснага юнацтва — жаданне збегчы ў віртуальную прастору ад жахаў пубертатнага ўзросту, імкненне да душэўнага цяпла і разумення. Гэтая стужка ўключана ў конкурсную праграму «Лістапада-2013».

Нарэшце, ужо згаданы трыумфатар анапскага кінафестывалю — фільм «Стары» Ярмека Турсунава (Казахстан). Крытыкі заўважалі і недасканаласці, абмяркоўваючы карціну. Тым не менш яна — станоўчы прыклад высокага прафесійнага ўзроўню, што формай прыпавесці нагадвае апавяданне «Любоў да жыцця» Джэка Лондана, а таксама аповесць «Стары і мора» Эрнеста Хэмінгуэя. Кульмінацыя фільма — паядынак старога чабана з маці-ваўчыцай, вынік якога — азвярэнне чалавека і «ачалавечанасць» лютага звера. Акрамя галоўнай узнагароды, журы прысудзіла акцёру Ярбалату Тагузанаву прыз за лепшую мужчынскую ролю.

Што да беларускіх фільмаў на ХХII «Кінашоку», дык удзельніцай фестывалю была толькі дзіцячая кінамістэрыя Алены Туравай «КіндэрВілейскі прывід» (конкурс «КінамалыШок»). У гэтай стужкі і іншых быў моцны сапернік — карціна «Прыватнае піянерскае» Аляксандра Карпілоўскага, якая перамагла і на мінулым «Лістападзіку» ў Мінску. У праграме «Кіно на плошчы» паказалі «Скрасці Бельмандо» Мікалая Князева. Абодва фільмы прыхільна сустрэты гледачамі. Але ж імкненне быць у мэйнстрыме — гэта і наш напрамак.