Тры фільмы -- тры партрэты

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Неігравы, або малафарматны кінематограф -- унікальная з’ява нашага мастацтва. Менавіта айчынныя дакументалісты адзначаны за апошнія дзесяцігоддзі самымі прэстыжнымі міжнароднымі ўзнагародамі. На жаль, неігравое кіно пазбаўлена сёння такога важнага элементу сатворчасці, як непасрэдны выхад на гледача.

 /i/content/pi/mast/5/122/Try-filmy1.jpg

С.Гардун. Кадр з фільма «Айцец Сергій».

Узнаўленнем гэтай традыцыі колькі гадоў таму заняўся кінатэатр «Цэнтральны», які рэгулярна ладзіў паказы новых работ беларускіх майстроў. Прэм’еры 2007-га з вялікай залы «Цэнтральнага» перанесліся ў відэазал, што месціцца на ніжнім паверсе падземнага гандлёвага цэнтра «Сталіца». Але і ва ўмовах «андэграунда» глядацкая рэакцыя была нязменна бурлівай.
Напрыканцы кастрычніка студыя «Летапіс» прадставіла кінастужкі, аб’яднаныя унікальнасцю герояў і асаблівым аўтарскім стаўленнем да іх. Аўтары карціны «Айцец Сергій» С.Гайдук і У.Мароз прысвяцілі работу айцу Сяргею Гардуну -- вядомаму святару, тэолагу. Фільм вылучаюць выяўленчая культура, гарманічная суаднесенасць візуальнага і вербальнага шэрагаў. Айцец Сергій прадстаўлены як перакладчык евангельскіх тэкстаў на беларускую мову, прадаўжальнік справы Францішка Скарыны, Васіля Цяпінскага і Сымона Буднага. У стужцы кінематаграфісты працягваюць распрацоўку духоўнай тэматыкі, пазбягаючы пры гэтым пафасу і інтанацыі замілавання. Нягучная і вытанчаная па кінамове карціна, зробленая ў жанры кінапартрэта, уздымае тэму паклікання, духоўнай трываласці, падзвіжніцтва.
Да духоўнай гармоніі імкнецца і герой фільма А.Вольскай «Знайсці сябе». 78-гадовы вясковец Уладзімір Філіповіч невыпадкова прадстаўлены ў цітрах без імя па бацьку. Ён захаваў маладосць цела і душы, непасрэднасць успрыняцця жыцця, прагу да новага. Незвычайнасць героя заяўлена ў самым пачатку фільма, перададзена ў паводзінах і маналогах старога чалавека. У гэтым сэнсе стужка -- дэбют А.Вольскай -- працягвае мастацкую лінію назірання за сельскімі людзьмі, якую плённа распрацоўваюць у сучасным дакументальным кіно Віктар Аслюк і Галіна Адамовіч.
У творы ёсць імкненне ўхапіць імгненне жыцця, перадаць яго фактуру, настрой, вывесці з рэчаіснасці мастацкі вобраз. Фільм зняты маладым рэжысёрам па ўласным сцэнарыі.
 /i/content/pi/mast/5/122/Try-filmy2.jpg

 Уладзімір Філіповіч. «Знайсці сябе».

Адсюль -- драматургічныя недахопы. Здаецца, што аўтарка так і не змагла суаднесці асобасную псіхафізічную унікальнасць героя з яго маральнай стойкасцю. Тэма каранёў, сувязі з Радзімай, якая дапамагла Філіповічу пераадолець цяжкія абставіны лёсу, не прагучала ў фільме досыць пераканаўча. Тым не менш, ён кранае спалучэннем рытму, гумару і паэтыкі. Памятаючы Алу ў час навучання ў Беларускай акадэміі мастацтваў як сур’ёзную і таленавітую студэнтку, пераканана, што наступная яе работа стане творчым крокам наперад.
Для рэжысёра Д.Зайцава фільм «Палітра бацькі» з’явіўся таксама своеасаблівым дэбютам. Выдатны кінааператар, які працаваў з Віктарам Туравым, і рэжысёр мастацкага кіно, стваральнік цудоўнай тэлевізійнай версіі твора Элізы Ажэшка «Хам», свой першы дакументальны фільм прысвяціў творчасці бацькі -- народнага мастака БССР Яўгена Аляксеевіча Зайцава. Адсюль -- асабістая інтанацыя работы. Рэжысёр сам выконвае ролю своеасаблівага экскурсавода па яго жыцці і творчасці.
Біяграфічнае ў стужцы спалучаецца з мастацтвазнаўчым. Аўтары правялі вялікую даследчую работу, і ў фільме прагучалі каментарыі шматлікіх спецыялістаў і калег мастака. Лірычная лінія арганічна суаднеслася з пазнавальнай, з імкненнем да мастацкага аналізу. На экране адлюстраваны партрэт беларускага мастака, лёс якога -- і унікальны, і тыповы адначасова. У рабоце выкарыстаны цікавы і досыць каштоўны іканаграфічны матэрыял, унікальная фота- і кінахроніка. Нават калі дакументальная стужка акажацца адзінай у творчасці рэжысёра ігравога кіно Д.Зайцава, яна не застанецца выпадковай для сённяшняга культурнага кантэксту краіны.

                                                                                                                       Галіна ШУР