С.Гардун. Кадр з фільма «Айцец Сергій». |
Напрыканцы кастрычніка студыя «Летапіс» прадставіла кінастужкі, аб’яднаныя унікальнасцю герояў і асаблівым аўтарскім стаўленнем да іх. Аўтары карціны «Айцец Сергій» С.Гайдук і У.Мароз прысвяцілі работу айцу Сяргею Гардуну -- вядомаму святару, тэолагу. Фільм вылучаюць выяўленчая культура, гарманічная суаднесенасць візуальнага і вербальнага шэрагаў. Айцец Сергій прадстаўлены як перакладчык евангельскіх тэкстаў на беларускую мову, прадаўжальнік справы Францішка Скарыны, Васіля Цяпінскага і Сымона Буднага. У стужцы кінематаграфісты працягваюць распрацоўку духоўнай тэматыкі, пазбягаючы пры гэтым пафасу і інтанацыі замілавання. Нягучная і вытанчаная па кінамове карціна, зробленая ў жанры кінапартрэта, уздымае тэму паклікання, духоўнай трываласці, падзвіжніцтва.
Да духоўнай гармоніі імкнецца і герой фільма А.Вольскай «Знайсці сябе». 78-гадовы вясковец Уладзімір Філіповіч невыпадкова прадстаўлены ў цітрах без імя па бацьку. Ён захаваў маладосць цела і душы, непасрэднасць успрыняцця жыцця, прагу да новага. Незвычайнасць героя заяўлена ў самым пачатку фільма, перададзена ў паводзінах і маналогах старога чалавека. У гэтым сэнсе стужка -- дэбют А.Вольскай -- працягвае мастацкую лінію назірання за сельскімі людзьмі, якую плённа распрацоўваюць у сучасным дакументальным кіно Віктар Аслюк і Галіна Адамовіч.
У творы ёсць імкненне ўхапіць імгненне жыцця, перадаць яго фактуру, настрой, вывесці з рэчаіснасці мастацкі вобраз. Фільм зняты маладым рэжысёрам па ўласным сцэнарыі.
Уладзімір Філіповіч. «Знайсці сябе». |
Для рэжысёра Д.Зайцава фільм «Палітра бацькі» з’явіўся таксама своеасаблівым дэбютам. Выдатны кінааператар, які працаваў з Віктарам Туравым, і рэжысёр мастацкага кіно, стваральнік цудоўнай тэлевізійнай версіі твора Элізы Ажэшка «Хам», свой першы дакументальны фільм прысвяціў творчасці бацькі -- народнага мастака БССР Яўгена Аляксеевіча Зайцава. Адсюль -- асабістая інтанацыя работы. Рэжысёр сам выконвае ролю своеасаблівага экскурсавода па яго жыцці і творчасці.
Біяграфічнае ў стужцы спалучаецца з мастацтвазнаўчым. Аўтары правялі вялікую даследчую работу, і ў фільме прагучалі каментарыі шматлікіх спецыялістаў і калег мастака. Лірычная лінія арганічна суаднеслася з пазнавальнай, з імкненнем да мастацкага аналізу. На экране адлюстраваны партрэт беларускага мастака, лёс якога -- і унікальны, і тыповы адначасова. У рабоце выкарыстаны цікавы і досыць каштоўны іканаграфічны матэрыял, унікальная фота- і кінахроніка. Нават калі дакументальная стужка акажацца адзінай у творчасці рэжысёра ігравога кіно Д.Зайцава, яна не застанецца выпадковай для сённяшняга культурнага кантэксту краіны.
Галіна ШУР