Распавесці незвычайна

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

«Малыш і Карлсан, які жыве на даху» у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек
Знакамітая кніжка Астрыд Ліндгрэн пачынаецца з расповеду пра звычайную шведскую сям’ю, дзе ўзнікла незвычайная (ці то праўда, ці то выдумка) сітуацыя. У адсутнасць бацькоў Малышу становіцца сумна без сяброў і суразмоўцаў. У доме з’яўляецца маленькі тоўсты чалавечак нявызначанага ўзросту, які ўмее лятаць дзякуючы маторчыку на спіне.

Гэтую ўсім вядомую гісторыю ніяк не хочацца пераводзіць у разрад казкі. Любімы выраз Карлсана: «Дробязі, справа жыццёвая» — гэткая зручная формула аптымістычнай ацэнкі непрадбачанага бязмежжа ў побыце. Значыць, не зусім выдумка, а пераўтвораная рэальнасць.

Пра прыгоды Карлсана зняты дзясяткі фільмаў, сыграны шматлікія спектаклі. Здзівіць чымсьці новым даволі складана. Але хочацца. Наш Беларускі дзяржаўны тэатр лялек паспрабаваў гэта зрабіць. Стваральнікі вызначылі жанр сваёй версіі як гульню ўяўлення.

Мабыць, лепш не скажаш, таму што гэта насамрэч не чароўная казка, не пустыя фантазіі хлопчыка, не містыка. Менавіта гульня ўяўлення маленькай таленавітай асобы. З мары нараджаецца вобраз рэчаіснасці. Такое ўяўленне можа ператварыцца ў крыніцу вынаходак і адкрыццяў. Малыш умее ствараць цуды і гэтым вылучаецца сярод звычайных дзяцей.

Актуальнасць папулярнай кніжкі палягае ў тым, што нашы дзеці значную частку часу праводзяць дома ў адзіноце. Гэта сур’ёзная і сумная дадзенасць, якая можа мець небяспечныя наступствы.

Ды толькі нічога сумна-павучальнага ў спектаклі няма, ніякага філасофскага сэнсу таксама не назіраецца. Ён тут зусім не патрэбны, хоць у іншых спектаклях рэжысёра Аляксандра Янушкевіча прываблівае найбольш. Ён любіць і ўмее весці пошук глыбіннага асэнсавання сучаснага жыцця праз новае прачытанне ўсім знаёмага тэксту. Але тады атрымліваюцца спектаклі для дарослай аўдыторыі.

«Малыш і Карлсан» у нашым тэатры лялек цікавы тым, што гэта не толькі забаўляльная вясёлая гульня, але і нечаканае візуальнае вырашэнне, прыдуманае сцэнографам Таццянай Нерсісян. Малыш выскоквае на авансцэну з футбольным мячом, робіць упэўненыя пасы і імгненна заваёўвае сімпатыі маленькіх гледачоў. Аднак адразу ж узнікае і пытанне. Чаму сямігадовы кніжны Малыш такі вялізны — нібы падлетак? Маладому акцёру Дзмітрыю Чуйкову, канешне, няма неабходнасці апранацца ў кароткія штонікі і фамільярнічаць з першакласнікамі. Ды адкрываецца заслона, і ўсё робіцца зразумелым. Мы бачым кватэру на два паверхі. Усе рэчы, мэбля, цацкі ненатуральна буйныя. Павялічанымі ў памеры аказаліся і персанажы. Усе прапорцыі ссунутыя. Велізарнае цела і маленькія ножкі. Нерэальна доўгія ногі пры рэальным чалавечым торсе.

Трансфармацыю прасторы вельмі любіць настаўнік Аляксандра Янушкевіча Аляксей Ляляўскі. Ва ўсіх спектаклях ягонага таленавітага вучня адчуваецца гэтая накіроўваючая рука майстра. Дробнай рукатворнай працы з лялькамі няма, як няма і саміх лялек. Перавага аддаецца сцэнам у «жывым плане». Ёсць тэатр ценяў. Ёсць гульня з прадметамі. І ёсць поўная свабода мастацкага выказвання, хоць пакуль яна ў нейкай ступені скутая нязвыклымі дэкарацыямі.

Падумалася, што такі спектакль больш характэрны для ТЮГа, чым для тэатра лялек. З-за адсутнасці гульневых лялек цэнтр цяжару перамясціўся на жывых акцёраў. Іх у калектыве зусім няшмат. Яны звыкла працуюць без шырмы. Але ж дзеці атрымліваюць мастацкую інфармацыю не толькі ад акцёраў, але і з іншых крыніц (сцэнаграфія, касцюмы, святло, музыка).

У тэатры лялек гэтыя крыніцы павінны быць яркімі, дасканалымі, і выканаўцы могуць схавацца за іх, што часцяком і адбываецца ў новым спектаклі. Нейкі тюгаўскі налёт у маўленні ўзнікае ў Цімура Муратава, здаецца, проста народжанага для ролі Карлсана. Акцёрскія штампы заўважныя і ў іншых выканаўцаў. Дзіцячае ўспрыманне — тонкая рэч. Гэта здатны ўхапіць не кожны дарослы. Матэрыяльны свет не шкадуе вытанчанае і высокае. Па-сапраўднаму яно захоўваецца толькі ў тонкай матэрыі.

Мне спадабалася фрэкен Бок у выкананні Наталлі Кот-Кузьма. Гэтая ахмістрыня асцярожная, але не злая. Чамусьці яе, як галоўнага апанента Карлсана, заўсёды іграюць хатнім монстрам. Але тут яе дыялогі з вядучым на тэлеэкране напоўненыя гумарам.

Як вядома, не існуе цудаў без дабра. Драматургія спектакля (аўтары п’есы Маргарыта Мікаэлян і Соф’я Пракоф’ева) скампанаваная з невялікай часткі кнігі. Паказ ідзе 90 хвілін з антрактам. Але ж, здаецца, яго можна было скараціць за кошт не вельмі выразнай лініі з «першакласным» і «пачынаючым» злодзеямі. Зрэшты, кожнае з’яўленне новых персанажаў перш за ўсё ўражвае сваім знешнім выглядам і выклікае захапленне публікі.

Спектакль заканчваецца здзейсненай марай Малыша. Ён увесь час хацеў мець сабаку. Магчыма, гэтая жывая істота з рэальнага свету дапамагла б забыцца аб непрадказальным Карлсане. А можа быць, і не. Уяўны сабака ўсё ж з’яўляецца. Яго збіраюць з асобных частак усе члены сям’і Свантэсан. Ён лагодна віляе хвастом і кладзе галаву на лапы. Дзеці ў захапленні.

Таццяна АРЛОВА