Усё бліжэй да гледача...

№ 10 (367) 01.10.2013 - 31.10.2013 г

Арт-праект «Zabor»
Запачаткаваны ў Мінску, арт-праект «Zabor» працягваецца ў іншых беларускіх гарадах, дзе працы мастакоў дэманструюцца на галоўных агароджах горада.

 

Каманда праекта абвяшчае конкурс з мэтай выбраць мастака, які будзе адкрываць выставу і прадстаўляць свой родны горад. Ніхто не мог прадбачыць, што гродзенскім пераможцам стане не манументаліст, а графік — Юрый Якавенка. Вядомы ў Еўропе майстар прадставіў шэсць аркушаў у тэхніцы акварэлі, фотапалімеру, сярод якіх — «Строй», «Літва», «Руна». Можна меркаваць, што кампетэнтнае журы прыцягнула магічная глыбіня шматзначных пластычных асацыяцый, заснаваных на кодавай сімволіцы вобраза. Элегантныя аркушы выглядалі кантрасна ў параўнанні з магутнымі па памерах і ўнутранай энергетыцы палотнамі Сяргея Грыневіча з серый «Укрыжаванне», «Аўтапартрэт». Асаблівай вытанчанасцю пачуццёвых нюансаў, экспрэсіўным каларытам вылучаліся творы Пятра Янушкевіча. У працах Вікторыі Ільіной жыў сваім будзённым стракатым жыццём родны горад. А дэкаратыўна-абагульненыя палотны Аляксандра Сільвановіча, такія як «Вялікая Мядзведзіца», «Чырвоныя кветкі», нагадвалі гледачу пра адвечную прыгажосць кахання пад глыбокімі зорнымі нябёсамі.

Выстава гродзенскіх мастакоў стала пачаткам Art Open Air, які арганізатар мерапрыемства інвестыцыйная кампанія «Зубр Капітал» назвала «Адным Zaborыстым днём» у нашым горадзе, у цэлым праект склаўся з васьмі мерапрыемстваў. Асноўная частка рэалізавалася ў самым цэнтры горада — у галерэі «Крыга», дзе ў дзвюх залах адкрылася выстаўка прац Руслана Вашкевіча з Мінска. Аўтар вядомы сваімі мастацкімі «інтэрвенцыямі» ў еўрапейскую і не толькі прастору, з якіх, магчыма, найбольш важкія для Беларусі — праект «Музей» у Нацыянальным мастацкім музеі і ўдзел у 51-м Венецыянскім біенале. На выставе «Белы кітаец» у Гродне былі прадстаўлены пераважна графічныя чорна-белыя праекцыі асобных знакавых выяў яго вядомых сюжэтных твораў ці ўласных канцэптаў. Як бачым, назва ўтрымлівае ў сабе пэўную супярэчнасць, але асабісты аўтарскі спосаб падачы — голая чорная лінія на белым фоне — унутрана апелюе да традыцыйнага кітайскага мастацтва з яго стрыманай лінеарнасцю форм, магчымасцю абвастрыць візуалізацыю мастацкага кантэксту, пазбегнуўшы ўздзеяння колеру. Неадназначная інтэрпрэтацыя гледачамі зместу некаторых работ была трактавана аўтарам як вынік праведзенай псіхатэрапеўтычнай акцыі, што можа даць магчымасць чалавечаму індывідууму пазбыцца падсвядомых страхаў, хваравітых фантазій, мінулых грахоў, каб зрабіцца разняволеным. Творы ўяўляюць спробы справакаванай гуманістычнай сублімацыі, калі інстынктыўна-пачуццёвыя імпульсы ўвасабляюцца аўтарам у энергічна акцэнтаваных эстэтычных сімвалах («Бярозка», «Юдыф»). Мастак як бы прапануе падсвядомую гульню з відавочнымі містыфікацыямі, сэнсавымі пераўтварэннямі, наданнем прадметам незвычайных уласцівасцей («Колазварот рэчаў у прыродзе», «Чырвоная сукенка», «Чорны квадрат, шэрая мыш, белы стул, чалавек-невідзімка»).

Лагічным працягам выстаўкі ўспрымалася «трэцяя зала» — утульны закрыты дворык галерэі, дзе мастацкі праект сапраўды выйшаў да масавага гледача. Тут праз вобразы-знакі размешчанай на сценах дома плакатнай серыі работ «Вызваленне» Вашкевіч заклікаў маладых людзей, што шчыльна запоўнілі пляцоўку, да ўцёкаў з прывычнага замкнёнага асяроддзя, але і напомніў пра магчымую марнасць іх жыццёвых памкненняў і высілкаў. Унутры прасторы двара былі развешаны белыя аркушы з амаль тымі самымі тыражаванымі працамі Вашкевіча, а ў рамках лозунга «Размалюй!» ён атрымаў вельмі шмат удзячных суаўтараў, якія з задавальненнем расквечвалі чорна-белыя выявы самымі неверагоднымі спалучэннямі колераў, а пасля бралі ў Руслана аўтографы.

Выразным акцэнтам гэтага art-дня стаў майстар-клас па арыгамі, дзе сапраўдны віртуоз сваёй справы Іван Барбук з Мінска захапіў глыбокім веданнем тэорыі і вытанчанасцю тэхнікі. Прадстаўленыя на імправізаванай выставе яго творы традыцыйных японскіх, кітайскіх форм і канструкцый (напрыклад, «Дракон. Ру-Зін») уражвалі ўменнем стварыць складаную працу з неразрэзанага аркуша паперы. І актыўныя гледачы імкнуліся адразу ператварыцца ва ўдзельнікаў гэтага дзейства, шчаслівыя сваімі зробленымі жураўлікамі, конікамі, матылькамі.

Адкрыты пленэрны праект уключыў у сябе і «цудадзейную алычу» з фотаздымкамі, і «шалёнае піццё гарбаты», і прагляд у двары якаснага фільма Такешы Кітана «Ахілес і чарапаха», і безліч знічак пад канец дня. Фінальным акордам стаў сумесны мастацкі парыў мінчан і гродзенцаў па стварэнні агульнай жывапіснай работы па матывах прац Руслана Вашкевіча ў падарунак гродзенскай галерэі «Крыга» і яе гаспадыні Марысі Мацко, што падтрымала «Zabor». Мастацкую акцыю ў галерэі на працягу ўсяго дня суправаджаў рок-н-рол у выкананні мясцовых музыкаў.

Адзін вельмі насычаны святочны дзень прайшоў, але ў двары доўга віселі бачныя з вуліцы працы Вашкевіча, што прыцягвала сюды гледачоў. Застаецца чакаць рэалізацыі новага этапу праекта, калі работы Юрыя Якавенкі будуць у буйным фармаце прадстаўлены жыхарам горада на рашотцы гарадскога парку імя Жылібера.

Марына ЗАГІДУЛІНА