Уладары і магнаты

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Вобраз Вялікага Княства Літоўскага
Для беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў эпоха Вялікага Княства Літоўскага — гэта пяць стагоддзяў агульнай гісторыі і культурнай спадчыны. Пра той перыяд сведчыць выдатная галерэя партрэтных вобразаў. З прычыны цяжкіх палітычных умоў XX стагоддзя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі захавалася вельмі мала твораў старажытнага мастацтва.

/i/content/pi/mast/72/1215/pl_02_opt.jpg 

Шыман Багушовіч. Партрэт Жыгімонта ІІІ Вазы. 1611—1613.

Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя многія беларускія рэзідэнцыі і двары мелі «галерэі продкаў», што зніклі падчас дзвюх сусветных войнаў і рэвалюцыі 1917 года. Асобныя партрэты захаваліся ў музеях Беларусі і суседніх краін, як гэта адбылося са зборамі Радзівілаў у Нясвіжскім замку. Цяпер іх ацалелыя рэшткі можна пабачыць у музеях Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, Расіі.

Выстава «Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага», што праходзіла ў Нацыянальным мастацкім музеі, — з’ява ўнікальная. Выявы дзеячаў мінулых часоў з Львоўскага гістарычнага музея, Нацыянальнай карціннай галерэі імя Барыса Вазніцкага і Валынскага краязнаўчага музея ўпершыню экспанаваліся ў Беларусі.

Галерэя каралёў пачынаецца з Уладзіслава Ягайлы (каля 1351—1434), увасобленага ў 1863 годзе Міхалам Гадлеўскім паводле партрэта Аляксандра Лесера з Вавельскай катэдры.

Барбара Радзівіл (каля 1520—1551) — дачка Юрыя Радзівіла Геркулеса, родная сястра Мікалая Радзівіла Рудога, стрыечная — Мікалая Радзівіла Чорнага. У 1547 годзе патаемна павянчана з вялікім князем літоўскім Жыгімонтам Аўгустам. Партрэт блізкі да выявы Барбары ў вядомым графічным альбоме «ICONES FAMILIAE DUCALIS RADIVILIANAE...» (1758) і яе партрэта з Нясвіжскага замка.

Партрэт Стэфана Баторыя (1533—1586) гісторыкі мастацтва звязваюць з імем львоўскага мастака Войцеха Стэфановіча. Баторый, ужо абраны каралём, але яшчэ не каранаваны, у 1576 годзе быў у Львове. У твары Баторыя відаць рашучасць, адвага і энергія. Але і разуменне нялёгкіх задач наперадзе. Галоўная з іх — Інфлянцкая вайна з Масквой. Баторый у 1579 годзе штурмам узяў Полацк, вызваліў Падзвінне, у 1583-м паспяхова закончыў Лівонскую вайну. Кароль любіў бываць у Гродне, пабудаваў рэзідэнцыю (Стары замак); прыехаўшы на паляванне, нечакана памёр у снежні 1586-га.

Львоўскі мастак Шыман Багушовіч выканаў эфектны партрэт караля Жыгімонта ІІІ Вазы (1566—1632) у чорным іспанскім касцюме, датаваны 1611—1613 гадамі. З ювелірнай дакладнасцю мастак абрысаваў аздобы: ланцуг з ордэнам Залатога Руна, пояс, перавязь шаблі... Іканаграфічна блізкая выява Жыгімонта ІІІ — на партрэце Ёзэфа Хайнцэ (1603—1604) з Баварскіх дзяржаўных збораў у Мюнхене. Адметнасць партрэту надае сцэна здачы Смаленска каралеўскаму войску (1611). У замку Мнішкаў у Лашках Мураваных на Львоўшчыне знаходзіўся вельмі падобны партрэт караля, без ваеннай сцэны, каля 1632 года. Уладзіслаў ІV Ваза (1595—1648), сын Жыгімонта ІІІ і Анны Габсбург, кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі. Паказаў сябе ўмелым военачальнікам у паходах на Маскву ў 1617—1618 гадах, Хоцімскай бітве з туркамі (1621), вайне са Швецыяй (1626—1629). Уладзіслаў любіў жывапіс, збіраў італьянскія і фламандскія карціны. У 1640 годзе з Амстэрдама прыехаў мастак Пітэр Данткерс дэ Рый і працаваў у Варшаве і Вільні. Пагрудны партрэт караля (ХVІІІ стагоддзе) выглядае як фрагмент яго партрэта ў рост.

Міхал Карыбут Вішнявецкі (1640—1673) — сын Іярэміі Вішнявецкага, быў каралём у цяжкія часы, без поспеху спрабаваў даць адпор турэцкай агрэсіі на Падоліі. Партрэт Міхала Карыбута (каля 1670 года) — не скарочаная рэпліка з партрэта Даніэля Шульца, а, хутчэй за ўсё, твор іншага мастака. Партрэт мог выканаць хоць бы Ян Трыцыус (каля 1620—1692), які з 1655 года працаваў у Кракаве. Вядома, што ён маляваў партрэт Міхала Карыбута, аднак месца яго знаходжання невядома. Можна назваць і Клода Кало (1620—1687), які з’явіўся пры каралеўскіх дварах перад 1668 годам.

Элеанора Марыя Габсбург (1653—1697) — эрцгерцагіня Аўстрыйская, дачка імператара Фердынанда ІІІ, сястра Леапольда I. 27 лютага 1670 года адбыўся яе шлюб з Міхалам Карыбутам Вішнявецкім. Кароль памёр праз тры гады, Элеанора Марыя вярнулася ў Вену. Прыгожы партрэт, напэўна, напісаны ў Вене напярэдадні шлюбу. Элегантную фігуру прынцэсы аблягае белая сукенка па модзе апошняй чвэрці ХVІІ стагоддзя, багата аздобленая перламі і дыяментамі.

Ян ІІІ Сабескі (1629—1696), кароль Польскі, вялікі князь Літоўскі (1674—1696). Праславіўся як палкаводзец у бітвах з казакамі, шведамі і туркамі. Узначальваў войскі ў бітве пад Венай (1683). Паясны партрэт ХVІІІ стагоддзя Яна ІІІ у кірасе ўпісаны ў авал з надпісам па перыметры. Асаблівасць іканаграфіі ў тым, што Сабескі паказаны франтальна і без французскага ордэна Св. Духа. Марыя Казіміра дэ Лагранж д’Арк’ен (1641—1716) прыехала ў 1646 годзе ў Варшаву ў свіце Марыі Людвікі Ганзага. Артыстычная, іграла на гітары, спявала, у 1658 годзе выйшла замуж за Яна Замойскага. Пасля яго смерці (1665) узяла шлюб з Янам Сабескім. Гэты саюз быў доўгім і шчаслівым. Партрэт Марыі Казіміры блізкі да яе партрэта 1696 года Франсуа Дэспорта. Паводле ўспамінаў, каралева хацела выглядаць такой, якой яна была раней, але разам з тым падобнай на сябе зараз — ва ўзросце 55 гадоў. Каралеве работа Дэспорта спадабалася. Падобная выява Сабескай захавалася і ў Нясвіжскіх зборах Радзівілаў.

Аўгуст II Моцны (1670—1733), кароль Польскі. Хаўруснік Пятра І у Паўночнай вайне. Любіў жыццё ва ўсіх праявах, яго адносіны з жанчынамі — невычэрпная крыніца натхнення для раманістаў і кінематографа. Партрэт дасканала скапіраваны львоўскім мастаком Генрыкам Радакоўскім з партрэта Луі дэ Сільвестра. Пасля смерці Аўгуста ІІ каралём стаў яго сын Фрыдрых Аўгуст ІІІ (1696—1763). Не маючы палітычных здольнасцей бацькі, пераняў яго прагу да раскошы, траціў вялікія сродкі на шматлікі двор, творы мастацтва. Львоўскі партрэт Луі дэ Сільвестра — варыянт яго ж партрэта Аўгуста ІІІ 1737 года, апранутага ў мясцовы касцюм, што імпанавала шырокім колам шляхты.

З магнатаў на выставе найбольш поўна прадстаўлены Радзівілы, князі на Алыцы і Нясвіжы. Георгій Радзівіл (1556—1600) — біскуп Віленскі і Кракаўскі, кардынал. Адзін з бліжэйшых дарадцаў Жыгімонта III. Прыехаў у Рым на юбілей 1600 года, там памёр і пахаваны ў касцёле Іль Джэзу. Літоўскімі даследчыкамі выказана думка, што Алыкскі партрэт намаляваны ў Італіі ў 1592 годзе, калі Радзівіл быў у Рыме на канклаве для выбрання папы Клемента VII.

Караль Станіслаў Радзівіл (1669—1719), сын Міхала Казіміра і Кацярыны з Сабескіх. Падканцлер ВКЛ, канцлер, заслужыў прозвішча «Справядлiвы». Партрэт паказвае канцлера на схіле жыцця, выява блізкая да гравюры Ляйбовіча, са знакам ордэна Белага Арла, атрыманага ў 1705 годзе. На адвароце лацінскі надпіс «Carolus Radziwill/ Dux in Olyka/ Niswiez. S. Rom: Imp. Supremus W.X. Lit. Cancellarius».

Ганна Катажына Радзівіл (1676—1746) — жонка Караля Станіслава Радзівіла. Пасля смерці мужа энергічна дапамагала сыну ў гаспадарчых справах. Упарадкавала архіў, партрэтную галерэю і бібліятэку ў Бялай. На партрэце паказана ў сталым узросце, сядзячай у крэсле ў чорным адзенні ўдавы (г.зн. — пасля 1719 года). На адвароце — надпіс па-французску: «Madame le Duchesse de Radziwillgrande Chancelliorede Lihuanie». Партрэты парныя; цікава, чаму яны падпісаны на розных мовах?

Міхал Казімір Радзівіл (1702—1762) Рыбанька — адзін з самых уплывовых магнатаў, ваявода віленскі, вялікі гетман літоўскі. Па характары лагодны, падобны да бацькі, Міхал Казімір паважаў волю маці, аднак у 1725 годзе выбраў сам у жонкі Уршулю Францішку, адзіную дачку Януша Антонія і Тэафілі Вішнявецкіх. Пасля яе смерці ажаніўся з Ганнай Луізай Мыцельскай. Меў ордэны Св. Губерта, Белага Арла, ордэн Св. Андрэя Першазванага ад імператрыцы Елізаветы.

На выставе — пяць партрэтаў Рыбанькі, аднак на адным з іх — відавочна іншая асоба. На валынскім партрэце Радзівіл прадстаўлены па калені, звернуты ў тры чвэрці ўлева, з гетманскай булавой і шабляю. Адзеты ў кунтуш, да пояса прыкрыты даспехам, з усімі яго ордэнамі. Партрэт, верагодна, выкананы ў 1758—1762 гадах. Ці не яго ўказвае Юзаф Ксаверы Гескі ў спісе прац, не аплачаных Радзівіламі, сярод партрэтаў «w cale postać», намаляваных у 1759 годзе?

Сын гетмана Караль Станіслаў (1734—1790), Пане Каханку, —генерал-маёр у 20 гадоў, генерал-лейтэнант у 25, кавалер ордэна Белага Арла — у 23. Пасаду віленскага ваяводы атрымаў па смерці бацькі, але ў 1764 годзе страціў, выступіўшы супраць караля Станіслава Аўгуста, у выніку надоўга апынуўся за мяжою. У 1778-м — амністыя і вяртанне на радзіму. Памірыўся са Станіславам Аўгустам, у 1784 годзе прымаў караля ў Нясвіжы. Памёр у Бялай. Партрэт Каханку — з Алыкі. Ён вельмі блізкі да яго партрэта з замка Ржавускіх у Падгорцах, намаляванага ў час шлюбу Радзівіла з Тэрэзай Ржавускай (1764 год), і створаны не пазней за 1767-ы, калі ён атрымаў расійскія ордэны Андрэя Першазванага і Аляксандра Неўскага (іх знакаў на партрэце няма). Партрэт Караля Станіслава Радзівіла ў мундзіры генерала войск ВКЛ прыпісваюць Канстанціну Александровічу з-за падабенства да партрэта ў Небарове. На адвароце надпіс «Ze zbiorów Rusinowickich nabyty w 1894 r. оd p. Kalinowskiej №XI» і пячатка з гербам Астоя і тэкстам «Janusz Radogost Unichowski. M. Rusinowiczе». Русінавіцкая сядзіба (пад Мінскам) мела мастацкія калекцыі, у тым ліку карціны і партрэты. Лічыцца, што партрэт Каханку паходзіць з сядзібы ў Завушшы (пад Нясвіжам), якая належала Тэафілі Канстанцыі (1738—1818), таленавітай малодшай сястры Караля Станіслава Радзівіла. У ліпені 1764 года ў Львове Тэафіля ўзяла шлюб з Ігнатам Мараўскім, афіцэрам Радзівілаўскай міліцыі. Караль Станіслаў, хоць і быў разгневаны выбарам сястры, хутка ўлагодзіўся і падараваў ёй Завушша. У 1773—1774 гадах Тэафіля Мараўская з сястрой мужа зрабіла падарожжа па краінах Еўропы. Яна запісвала свае ўражанні ў дзённіку, нядаўна выдадзеным у Польшчы.

Партрэт з надпісам «Teophilia de Princibus Radziviliis MORAWSKA» паходзіць з касцёла бернардынцаў у Львове, дзе Тэафіля вянчалася ў 1764 годзе, і не мог узнікнуць раней за гэты тэрмін. У мілавіднай пані гадоў каля 30, апранутай модна, але стрымана, цяжка пазнаць дзяўчынку з вядомага альбома 1758 года.

У 1770-м Мараўскія пабудавалі новую сядзібу, для якой у 1785 годзе Ігнат Мараўскі заказаў мастаку Канстанціну Александровічу серыю гістарычных партрэтаў. Пасля смерці Мараўскага галерэю папаўняла Тэафіля. Пазней партрэты трапілі ў музей Любамірскіх у Львове. На выставе можна ўбачыць выявы Жыгімонта І Старога, Рамана Сангушкі, караля Яна Казіміра Вазы, гетмана Міхала Казіміра Паца.

Марцін Мікалай Радзівіл (1705—1782) — прадстаўнік роду Радзівілаў, любімы сучаснымі сродкамі масавай інфармацыі. Сын навагрудскага ваяводы Яна Мікалая, крайчы літоўскі, клецкі ардынат. Навучаўся ў Нясвіжы і Вільні, каля 1720 года падарожнічаў па Еўропе, наведаў там навуковыя інстытуты. Цікавіўся медыцынай, хіміяй, фізікай, прыродазнаўствам, у сваёй лабараторыі займаўся алхіміяй. Пасля смерці Антаніны Бельхацкай Марцін у 1737 годзе ажаніўся з Мартай Трэмбіцкай і жыў пераважна ў Чарнаўчыцах. Стварыў невыносныя ўмовы жыцця ў двары, жонку і дзяцей трымаў пад замком, вымушаў галадаць. Акружыў сябе вучонымі яўрэямі, вывучаў іўрыт і Талмуд. Яго дваровых падазравалі ў крымінальных учынках. Марцін быў прызнаны псіхічна хворым і з 1748 года заключаны пад апеку нясвіжскіх Радзівілаў у Бялай, затым — у Слуцкім замку.

Гледзячы на малады, лагодны твар на партрэце, цяжка з ім асацыяваць кепскую гістарычную рэпутацыю Марціна. Партрэт блізкі да гравюры Ляйбовіча, толькі там Марцін адзеты ў камзол, а на прадстаўленым партрэце — у даспехах, твар больш сталы, схуднелы. Калі партрэт сапраўды належыць Юзафу Гескаму (працаваў на Радзівілаў у 1758—1790 гадах), то мастак крыху ідэалізаваў воблік Марціна.

Сын Марціна і Марты Трэмбіцкай Міхал Геранім Радзівіл (1744—1831) выхоўваўся ў доме Рыбанькі, навучаўся ў езуітаў у Нясвіжы і Львове. У 1772 годзе ўдзельнічаў у падпісанні дамовы аб першым падзеле Рэчы Паспалітай. Віленскі кашталян, апошні віленскі ваявода. Падчас паўстання Касцюшкі знаходзіўся ў Пецярбургу, адышоў ад палітыкі. Рыцар Мальтыйскага ордэна з 1797 года. Меў ордэны Белага Арла, Св. Станіслава і іншыя. З жонкай Аленай (з Пшаздзецкіх) стварыў рэзідэнцыю ў Небарове — з калекцыямі твораў мастацтва, багатай бібліятэкай. У іх гасцілі асобы самага высокага статуса, мастакі, літаратары, музыканты. Нашчадкі іх перанялі Радзівілаўскія ардынацыі: Людвік Мікалай — Клецкую; Антоні Генрык — Нясвіжскую і Алыцкую. На партрэце Міхал Геранім прадстаўлены да пояса, са стужкай і знакам ордэна Св. Станіслава. Магчыма, партрэт напісан падчас яго атрымання (1773), пра што сведчыць і малады воблік Радзівіла.

Радзівілы не раз жаніліся на князёўнах з роду Вішнявецкіх — вось і Рыбанька выбраў Францішку Уршулю. На выставе — партрэты яе бацькоў: Януша Антонія Вішнявецкага (1678—1741), вялікага маршалка ВКЛ, віленскага ваяводы, кракаўскага кашталяна, і Тэафілі з Ляшчынскіх (1681—1757), якая перадала ўсю сваю маёмасць адзінай дачцэ. Міхал Сервацый Вішнявецкі (1680—1744) — брат Януша Антонія, вялікі гетман, канцлер ВКЛ, бібліяфіл і літаратар. У Вішняўцы перарабіў замак на палац, заснаваў тэатр. На партрэце ён паказаны з гетманскай булавой, пячаткай канцлера, ордэнам Белага Арла.

Род Сапегаў не менш заслужаны, чым Радзівілы, аднак лёс іх спадчыны трагічны: за ўдзел Еўстахія Сапегі ў паўстанні 1831 года Мікалай І канфіскаваў усю маёмасць, у тым ліку Ружанска-Дзярэчынскія мастацкія зборы. Партрэты з Львова паказваюць нам узровень твораў, страчаных для Беларусі.

Леў Базыль Сапега (1652 ці 1656—1686). З Чарэйскай лініі, малодшы сын гетмана ВКЛ Паўла Яна Сапегі (1609—1665). Навучаўся ў Віленскай акадэміі. На мяжы 1660—1670 гадоў падарожнічаў па Еўропе, у 1672-м быў у Парыжы. Выбіраўся ад Брэсцкага ваяводства і Слоніма паслом на многія сеймы. Дэпутат пры каралі ў час ваеннай кампаніі, надворны падскарбі. Калі ў 1683 годзе Сабескі біўся пад Венай, Сапега са сваімі харугвамі ваяваў з туркамі ў Славакіі і Венгрыі. У 1684-м — генерал літоўскай артылерыі. У спадчыну атрымаў Ружаны з Косавам, Сямятычы, Расну і Стары Здзітаў (Брэстчына). Загінуў у Варшаве 9 лістапада 1686 года ад выпадковага стрэлу з пісталета. Быў пахаваны ў сямейнай пахавальні — крыпце касцёла Св. Крыжа ў Картуз-Бярозе.

Выдатны партрэт, напісаны яўна з натуры, датуецца 1684—1686 гадамі. Постаць Сапегі ў рост, ва ўсіх даспехах, рэальны жывы малюнак твару. Аўтар, хутчэй за ўсё, належаў да кола каралеўскіх мастакоў еўрапейскай школы, якія працавалі пры двары Яна ІІІ Сабескага. Унізе справа надпіс «LEO COMES SAPIEHA THESAURARIUS...ET MDL...»

Тэрэза Марыя Людвіка Сапега (+29 сакавіка 1721) — дачка канцлера Яна Веляпольскага і Марыі Анны дэ Лагранж д’Арк’ен. Жонка Міхала Юзафа Сапегі, іх вяселле 10 жніўня 1700 года абышлося ў 700 тысяч злотых. Сапегу належалі Сямятычы, Высокае і Чарэя. Каля 1700 года вядомы архітэктар Тыльман пабудаваў для іх палац у Варшаве з прыдворным тэатрам. У 1737-м Сапега захварэў, лячыўся ў Францыі і памёр там у 1738 годзе. У Высокім (пад Брэстам, галоўная рэзідэнцыя) адрэстаўраваў касцёл і замак, разбіў парк. Тэрэза Марыя, пляменніца каралевы Марыі Казіміры Сабескай, вырасла на французскай культуры. На партрэце прыгажуня паказана ў вобразе багіні Дыяны-паляўнічай, з лукам у левай руцэ. Правай паказвае на сабаку, гатовага кінуцца на здабычу. Але гэта толькі сімвалы — убор на гераіні не для палявання, а для балю, і рух яе хутчэй у танцы, чым у пагоні. Цудоўны партрэт французскага або дрэздэнскага мастака, унікальны для нашых экспазіцый. Згодна з мясцовай традыцыяй злева ўверсе подпіс, але па-французску «THERESE SAPIHA | NÉE WIELOPOLSKA».

Ян Казімір Сапега (1675—1730). Навучаўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу, наведаў Галандыю, Англію, Францыю. У Паўночнай вайне быў на баку Карла ХІІ. 12 красавіка 1709 года пад Ляхавічамі разбіў Рыгора Агінскага і расійскі корпус, але затым вагаўся паміж шведскім і расійскім лагерамі. У 1720-м вярнуў Аўгусту ІІ ордэн Белага Арла, адправіў сына Пятра ў Пецярбург, у 1726-м — заручыў яго з Марыяй Меншыкавай. 22 сакавіка 1726 года стаў расійскім фельдмаршалам, 1 красавіка атрымаў ордэн Св. Андрэя Першазванага, у лістападзе 1727-га прызначаны генерал-губернатарам Пецярбурга. Але восенню 1728 года страціў фавор і вярнуўся на радзіму.

Казімір Нестар Сапега (1757—1798) атрымаў ваенную адукацыю за мяжой (у Турыне, Парыжы, Мецы). Камандор Мальтыйскага ордэна, вялікі магістр масонскай ложы «Вялікі Усход». Надзвычай актыўны палітык. Меў талент аратара, часта выступаў у сейме. Падтрымаў Канстытуцыю 3 мая. У паўстанні Касцюшкі — капітан артылерыі, але адмовіўся ўзначаліць войска ў ВКЛ, атрымаў чын генерал-маёра, вызначыўся храбрасцю пры абароне Вільні 11 жніўня 1794 года. Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай эміграваў у Вену. З маладосці цікавіўся сцэнай, перакладаў, іграў у аматарскім тэатры. Сабраў бібліятэку з 3500 тамоў. Асноўны яго маёнтак — родавае гняздо Кодэнь (каля Брэста). Сучаснікі прызнавалі грамадзянскія вартасці, добрую памяць, інтэлігентнасць, красамоўства і гумар Казіміра Нестара. Партрэт выкананы ў 1773—1774 гадах Ёзафам Пічманам, які нарадзіўся ў Трыесце, навучаўся ў Венскай Акадэміі мастацтваў, жыў і працаваў у Варшаве, Львове (падлічыў, што ў львоўскі перыяд зрабіў 282 партрэты).

Нельга не нагадаць пра род Хадкевічаў, «графоў на Быхаве, Шклове і Мышы». Ён даў выдатных воінаў, фундатараў манастыроў (у тым ліку Супрасльскага — «спонсара» першадрукароў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца). На жаль, у Беларусі не захавалася ніводнага іх партрэта. На выставе нарэшце можна было ўбачыць воблік вялікага гетмана Яна Караля Хадкевіча і віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча, апекуна Сафіі Алелькаўны (Слуцкай). Цяпер для Быхаўскага замка прыйдзецца здабываць копіі.

Асобна варта адзначыць партрэт ХVІІ стагоддзя Аляксандра Корвін-Гасеўскага (памёр у 1639), у часы маскоўскай Смуты каменданта Крамля, ваяводы Смаленскага (1625—1639). На партрэце ён прадстаўлены як заснавальнік калегіума езуітаў у Віцебску (1639), пра што сведчыць надпіс па-лацінску, а ў праёме акна бачны будынак яго касцёла. Фундатарскі партрэт хутчэй за ўсё і паходзіць з віцебскага касцёла.

...Адна з наведвальніц выставы расчулена напісала ў кнізе водгукаў: «Ніколі не думала, што ўбачу на свае вочы ўсіх гэтых каралёў». Сапраўды, такую маштабную выставу гістарычнага партрэта дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага Мінск убачыў упершыню. Будзем і надалей спадзявацца на прыхільнасць музеяў суседніх краін.

Аляксандр Ярашэвіч