Паміж андэграўндам і мэйнстрымам

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Міжнародны тэатральны фестываль «Вясёлка»
Сярод мноства міжнародных фестываляў, якія няспыннай плынню струменяць па Расіі і актыўна фарміруюць аблічча сучаснага тэатра, асобнае месца займае «Вясёлка», якая штогод праходзіць у Санкт-Пецярбурзе. Найперш таму, што яе натхняльнікам і арганізатарам стаўся Тэатр юных гледачоў імя Аляксандра Бранцава. А гэта, так бы мовіць, зусім іншая гісторыя. Тэатр «спецыяльнага прызначэння» многія ўвогуле лічаць савецкім атавізмам, але тут такім чынам пытанне не паўстае.

/i/content/pi/mast/72/1210/par_01_4_opt.jpeg

«Анёл» Пола Сельвіна Нортана .Кампанія Дуды Пайвы.

Піцерскі ТЮГ не проста шануе ўласныя традыцыі — ён дакладна вызначыў месца ў сучасным тэатральным працэсе ды яшчэ заручыўся ўвагай на самым высокім узроўні. Прынамсі, «Вясёлка» існуе ў межах праграмы дзяржаўнай і грамадскай падтрымкі тэатраў для дзяцей і падлеткаў. Фестываль не абмінаюць увагай Саюз тэатральных дзеячаў,
камітэт па культуры і адміністрацыя раёна. З такой падтрымкай насамрэч многае можна зрабіць. Было б жаданне.

У канцэпцыі фестывалю прасочваюцца прынцыповыя праграмныя рэчы, якія дазваляюць зірнуць на прызначэнне Тэатра юных гледачоў па-іншаму. Мастацкім кіраўніком творчых праектаў з’яўляецца народны артыст Латвіі Адольф Шапіра. Знакавая асоба на постсавецкай прасторы, рэжысёр, які шмат гадоў апекаваўся знакамітым рыжскім ТЮГам. Гэта яму належаць словы: «Вынікі і творчасць — паняцці ўзаемавыключальныя. У творчасці адзін крытэрый — застыў тэатр або знаходзіцца ў руху». Летась ТЮГу імя Аляксандра Бранцава споўнілася дзевяноста гадоў. Пра сваю гісторыю тут ніколі не забываюць. Тэатральнымі легендамі ахутаныя імёны выдатных расійскіх рэжысёраў і педагогаў Аляксандра Бранцава і Зіновія Карагодскага. Менавіта яны ўнеслі магутны ўклад у развіццё пецярбургскай сцэнічнай культуры. Забяспечыць пераемнасць традыцый у сучасным тэатры мала каму ўдаецца. Заставацца пры гэтым на грэбені праблем, адказваць на выклікі часу і не «апапсець» — для многіх сцэнічных калектываў задача за межамі магчымага. Толькі не для піцерскага ТЮГа. На першы погляд, разгадка простая. Памкненні сцэнічнага калектыву і заснаванага ім фестывалю, які мусіў зрабіцца надзейным мастацкім складнікам агульнага тэатральнага працэсу, шчасліва супалі. «ТЮГу заўсёды патрэбна сучасная драматургія для дзяцей і моладзі, — зазначае дырэктар, заслужаны работнік культуры Святлана Лаўрацова. — Любы тэатр без сучаснай тэмы немагчымы, а тэатру для юнацтва проста неабходны п’есы, дзе на сцэне галоўнымі героямі з’яўляюцца равеснікі маладых людзей, якія знаходзяцца ў глядзельнай зале. Гледачы вераць найперш тым, у каго агульныя з імі інтарэсы, праблемы, ідэалы. Так і нарадзілася ідэя стварэння міжнароднага фестывалю. Задумваючы яго, мы хацелі пазнаёміць гледачоў і прафесіяналаў з новымі п’есамі, а таксама справакаваць інтарэс драматургаў і рэжысёраў да сучаснай тэмы. Напачатку мы ішлі пратаптанымі сцежкамі: эксперыментальныя пастаноўкі, абмеркаванні крытыкаў, “круглыя сталы”, дыскусіі, конкурс. Але вопыт паказаў, што дух спаборніцтва часта ідзе не на карысць творчасці. Мы адмовіліся ад журы і ператварылі фестываль у лабараторыю і паказ спектакляў».

Цягам дзесяцігоддзя працавалі на ідэю. На фестывалі ўзнікла драматургічная лабараторыя. Аўтараў шукалі і знаходзілі па ўсёй Расіі. Натуральна, што пры гэтым «Вясёлка» адкрывала новыя імёны і новыя драматургічныя творы. А неўзабаве рушылі далей — пачалі замаўляць аўтарам п’есы, над якімі многія працавалі разам з рэжысёрамі. Паралельна на канферэнцыях бясконца абмяркоўваліся адны і тыя ж пытанні: шляхі развіцця тэатра для дзяцей і моладзі — «што ставіць, як ставіць і навошта гэта ставіць сёння?»

Існуе яшчэ адзін аспект, які дапамагае ўдала спалучыць ідэю «фестываль у тэатры — фестываль для тэатра». Неабходны пастаянны клопат пра тое, каб у калектыве цягам года працавалі маладыя таленавітыя рэжысёры. Імкненне быць у цэнтры сучаснага драматургічнага жыцця, падмацаванае пошукам новых форм, дорага каштуе. Заслона расхінаецца перад самымі «прасунутымі» маладымі рэжысёрамі. «Лёнька Панцялееў. Мюзікл» у пастаноўцы Максіма Дзідэнкі і Мікалая Дрэйдэна і «Танец Дэлі» па п’есе Івана Вырыпаева, які ўвасобіў Дзмітрый Валкастрэлаў, і сталі для многіх ці не самым яркім прыцягальным цэнтрам сёлетняй «Вясёлкі». Але... Не ўсё так проста.

У праграме фестывалю многае існавала быццам паралельна «новай драме» і навадрамным эксперыментам, якія складалі ягоную істотную частку. Пры існуючай канцэпцыі «Вясёлкі» падобны факт можна лічыць «дасціпнай мудрасцю», тонкім прафесійным досведам. Бо цяжка не згубіцца, не страціць уласную вагу пад прэсам сусветных тэатральных шэдэўраў. І як усё ўраўнаважыць, зрабіць так, каб сучасныя тэатральныя інавацыі існавалі на парытэтных умовах з вытанчанай прафесійнасцю сусветна прызнаных майстроў? Здаецца, умова адзіная — усё мусіць быць таленавітае. Так і ўраўнаважылі.

Праграма «Вясёлкі» была шчодра ўпрыгожана сцэнічнымі творамі ды імёнамі, якія не проста ва ўсіх на слыху — з’яўляюцца своеасаблівымі іконамі стылю. «ТR Варшава» і рэжысёр Гжэгаж Яжына паказалі эфектна разгорнуты ў прасторы вытанчана-дасціпны спектакль «У нас усё добра» Дароты Маслоўскай, які два гады таму выклікаў фурор у мінскіх гледачоў. Малы тэатр з Вільнюса і Рымас Тумінас прывезлі чэхаўскія «Тры сястры», якія ўразілі халодным перфекцыянізмам знакамітага рэжысёра і гэткай жа халоднай сардэчнай тугой. Нарэшце, непараўнальны Дуда Пайва з Амстэрдама (убачыць ягоныя спектаклі мараць усе беларускія лялечнікі) паказаў свой знакаміты спектакль «Бастард!» Звышпластычнасць выканаўцы сплялася, спалучылася з асаблівой «жывой» пластыкай ягоных уласнаручна вырабленых лялек, якія існавалі з акцёрам у самым шчыльным кантакце. Такім чынам, перакананне, што моладзі трэба вучыцца на сусветных мастацкіх узорах, набыло на фестывалі практычнае значэнне.

Дарэчы, канцэпцыя «Вясёлкі» нечым блізкая да канцэпцыі нашага «М.аrt. кантакту», з адным невялікім адрозненнем. У ТЮГу без усялякай аглядкі на кан’юнктуру пастаўлены моцны акцэнт менавіта на новай драме і пошуках маладых расійскіх рэжысёраў. Імёны Дзмітрыя Валкастрэлава, Максіма Дзідэнкі, Мікалая Дрэйдэна, Сямёна Александроўскага апошнім часам у тэатральнай Расіі на слыху. Спектаклі «Танец Дэлі», «Лёнька Панцялееў. Мюзікл» — мінулагоднія прэм’еры ТЮГа, «Ручэйнік, або Куды падзеўся Андрэй?» новасібірскага Тэатра «Стары дом» выклікалі пасля паказу бурную дыскусію.

«Лёнька Панцялееў. Мюзікл» сёлета быў намінаваны на «Залатую маску», што само па сабе лічыцца прэстыжным. У аснове лібрэта мюзікла — гарадскія легенды пра піцерскага бандыта Лёньку Панцялеева. Час падзей — пачатак 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Са сваёй шайкай Лёнька рабуе буржуеў, каб набыць белы параход дзеля стварэння на ім уласнага царства любові і справядлівасці. Нечаканыя павароты сюжэта, пазнавальна-плакатныя вобразы… Усё нібыта злепленае з настальгічных згадак пра Краіну Саветаў, пра рамантычна-абсурдную апантанасць эпохі. Карыкатурныя замалёўкі, любоўныя сентыменты, акрабатычныя піраміды... Лёс героя зведзены да трагічнага фіналу — і роспач ахоплівае гледачоў. Становіцца не да жартаў... Перадусім нельга не адзначыць выдатныя акцёрскія работы, здатнасць дакладна адчуваць жанр і выконваць самыя складаныя рэжысёрскія задачы.

Дарэчы, сёлета быў у праграме «Вясёлкі» і своеасаблівы беларускі след. Спектакль па п’есе «Жыццё ўдалося» Паўла Пражко (без яго ў Расіі, здаецца, ужо не абыходзяцца галоўныя тэатральныя падзеі) прывёз з Эстоніі Студэнцкі тэатр Тарту. Спектакль пакінуў дзіўнае ўражанне. Эстонскія прыгажуні росту нашмат вышэй за сярэдні вялі жорсткую вайну з «экстравагантным» тэкстам п’есы, што відавочна вырас з іншага сацыяльнага асяродка. Тэкст не тое каб перайначыўся, але ж маўленне жанчын з мадэльнай знешнасцю выклікала, мякка кажучы, здзіўленне. Узнікалі думкі пра драматургічную і тэатральную неадпаведнасць. Здавалася, прыгажуням больш пасуе іграць у антычных трагедыях.

Сучасны тэатр неадлучны ад міжнароднага тэатральнага руху. Набыць сярод бясконцых фестывальных увасабленняў сапраўдны аўтарытэт і прафесійную вагу не так і проста. Вылучыцца асаблівым чынам — тым больш. Пецярбургская «Вясёлка» ў агульным фестывальным феерверку ззяе яркімі фарбамі. На сцэне піцерскага Тэатра юных гледачоў імя Аляксандра Бранцава створана выбітная пляцоўка для новых форм. Яны, як вядома, патрэбныя.