Юрый Кавалёў: "Хачу шмат паспець!"

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Пяты год пайшоў, як я скончыў Беларусі харэаграфічны каледж. Здаецца, не надта вялікі тэрмін. Але гэтыя гады ў тэатры аказаліся такія насычаныя, што часам здаецца: каледж застаўся ў далёкім мінулым. На выпускным канцэрце з вялікай радасцю і задавальненнем выконваў надзвычай тэмпераментны танец сіртакі з балета «Грэк Зорба». Гэты нумар у харэаграфіі Л.Мясіна ярка пастаўлены, ён робіць уражанне. Магчыма, таму ў тэатры мне з першых дзён пачалі давяраць сольныя партыі.

/i/content/pi/mast/5/121/Kavalov.jpg 
Увогуле, у
нашай сям’і ніхто не займаўся балетам. І я таксама зусім не думаў пра танцы. Але аднойчы ў гімназію, дзе я вучыўся, прыйшла Людміла Генрыхаўна Бржазоўская і арганізавала харэаграфічны гурток, у які я і запісаўся. А потым Людміла Генрыхаўна прапанавала мне паступіць у харэаграфічны каледж. Маім першым педагогам па класічным танцы быў саліст нашага тэатра Ігар Артамонаў. Вытанчаны, элегантны, ён так прыгожа паказваў нам рухі, што вельмі хацелася быць падобнымі да яго. А «выпускаўся» я ў Аляксандра Сяргеевіча Мартынава. У першую чаргу ён сачыў за дакладнасцю выканання, за «школай». А нам, зусім юным артыстам, хацелася рабіць пабольш піруэтаў, эфектных трукаў! З цягам часу зразумелі, што піруэты прыйдуць, нікуды не дзенуцца, а вось «школа» павінна быць трывалай. Аляксандр Сяргеевіч быў для нас, як бацька родны.
Са сваім педагогам не расстаюся і сёння. Цяпер у тэатры рэпецірую з ім многія свае партыі. Адчуваю, што ён зараз іначай да мяне ставіцца, ужо не як да маленькага хлопчыка, падчас рэпетыцый дазваляе імправізаваць, напаўняць той ці іншы вобраз індывідуальнымі фарбамі. Лічу, што вельмі пашанцавала і ў магчымасці працаваць разам з Юрыем Антонавічам Траянам. Ён зусім іншы педагог -- заўжды акрэслівае канкрэтныя задачы і цалкам вядзе цябе за сабой. Ты выконваеш яго патрабаванні і разумееш, што ўсё пачынае атрымлівацца! Так праходзяць рэпетыцыя за рэпетыцыяй. І ты выходзіш на сцэну падрыхтаваным.
 /i/content/pi/mast/5/121/Kavalov1.jpg
 "Адажыо" П.Чайкоўскага (харэаграфія Р.Паклітару). К.Кузняцоў і Ю.Дзятко.
А першая сур’ёзная работа ў тэатры была ў мяне з рэпетытарам Таццянай Шаметавец -- у «Дон-Кіхоце». Рыхтаваў з ёю партыю Эспада. Маёй партнёркай была Марына Вежнавец. Добра помню тыя вячэрнія рэпетыцыі ў тэатры, іх унікальную атмасферу. (Да таго ж,
у нас з Марынай у той час нарадзілася ўзаемная закаханасць.) Здавалася, Таццяна Шаметавец аддавала нам усю сваю энергію і вопыт. А вынікам працы ў рэпетыцыйнай зале зрабілася тое, што пасля Эспада мне пачалі прапаноўваць і іншыя ролі.
Люблю многія свае партыі: Грэнгуара ў «Эсмеральдзе», Краса ў «Спартаку», Драсельмеера ў «Шчаўкунку» (хоць і адчуваю, што, магчыма, яшчэ занадта малады для яе), Бірбанта ў «Карсары»…
Ніколі не забуду «Эсмеральду» з Кацярынай Фадзеевай у галоўнай партыі. Яна -- проста геніяльная артыстка! З ёю я перажыў на сцэне рэдкія моманты. У некалькіх спектаклях танцаваў разам з ёю -- партыю Грэнгуара. І кожны раз яна іграла па-іншаму, магла самастойна надаць спектаклю нейкія адметныя мізансцэнічныя штрыхі і рухі. У адпаведнасці са сваім настроем і станам... Памятаю, за адну «Эсмеральду» мы з ёю такое жыццё на сцэне пражылі, што ў фінале на самай справе з’яўлялася адчуванне, што я -- Грэнгуар, а яна -- Эсмеральда...
Сцэнічны вопыт прыходзіць хутчэй, калі шмат танцуеш. Ён вельмі дапамагае. Колькасць пераходзіць у якасць, і становіцца лягчэй працаваць. Цяпер у мяне такі стан, што хочацца як мага болей рэпеціраваць.Веру, што існуе лёс, што кожнаму штосьці прадвызначана.
 /i/content/pi/mast/5/121/Kavalov2.jpg

                   «Спартак» А.Хачатурана. Ю.Кавалёў (Крас).

Калі я толькі прыйшоў у тэатр, мне адразу пачалі даручаць партыі пераважна характарныя. А я лічыў, што магу танцаваць самыя розныя. Засмуціўся, але імкнуўся не страціць веру, што змагу танцаваць і класіку. Усвядоміў, што калі я штосьці фарсірую, дык у мяне нічога не атрымліваецца, а калі спакойна працую, жыццё само мяне сутыкае з тымі людзьмі і тымі партыямі, якія мне ў гэты момант патрэбны. Дарэчы, цяпер пераконваюся, што адразу пасля прыходу ў тэатр мне не патрэбны былі партыі прынцаў.
Не так даўно пачаў заўважаць, як шпарка бяжыць час. Ад гэтага ўсведамлення нават страх з’явіўся. Разумею, што ў артыста балета часу вельмі мала, і таму хачу паспець ажыццявіць тое, пра што мару. Сёлета мне споўнілася 24 гады. А калісьці думаў, што ад гэтага ўзросту мяне аддзяляе вечнасць...

Юрый КАВАЛЁЎ
 вядучы майстар сцэны Нацыянальнага тэатра балета