Крокі наперад

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Сафія Піскун пра пачатак шляху
Апошнія гады знаўцы наракаюць на нізкую актыўнасць маладога пакалення, на адсутнасць імпэту і амбіцый у выпускнікоў нашай Акадэміі мастацтваў. Прычыны такога становішча зразумелыя — інфраструктура неразвітая і косная, творчы запал не стымулюецца, маладыя не адчуваюць падтрымкі сваім памкненням, мусяць зарабляць грошы ў іншых сферах, патанаюць у пабытовых праблемах.

/i/content/pi/mast/72/1209/p_03_3_opt1.jpeg

Евангеліст Марк. Гравюра на метале. 2011.

Мастацтва — справа моцных і ўпартых, менавіта гэтыя рысы, а не талент, часта становяцца вызначальнымі чыннікамі станаўлення творцы. На выставах моладзь актыўна сябе не праяўляе — не дае нагоды для абурэння прыхільнікам старых традыцый. Узнікае пэўная трывога — новае пакаленне павінна сцвярджаць і адстойваць уласныя каштоўнасці! Толькі такім чынам адбываецца рух і развіццё.

У першых творах Сафіі Піскун, што былі выстаўлены ў экспазіцыях пасля заканчэння Акадэміі (2006), адчуваўся значны патэнцыял — у дасканалым разуменні прасторы графічнага аркуша, у дакладнай і тонкай архітэктоніцы пабудовы кампазіцыі. Добрая пляцоўка для палёту, і куды ляцець — таксама зразумела: пашыраць фармат — метафарычна і літаральна, смела эксперыментаваць, карацей — рухацца ў талентам і смеласцю вызначаным кірунку. Аднак ці ёсць такое памкненне, ці дазваляюць абставіны? Або малады мастак будзе проста эксплуатаваць свае першыя адкрыцці і ўдачы?.. Такое, на жаль, здараецца часта. Пасля размовы адказу на гэтае пытанне я так і не атрымала, але зразумела іншае: што перашкаджае маладому мастаку зрабіць пэўны і рашучы крок у творчасць.

Сафія Піскун працуе ў сямейнай майстэрні разам з бацькамі, Аленай Юр’евай і Юрыем Піскуном, і дзвюма сёстрамі —
Вольгай і Валянцінай.

Толькі невялікая колькасць выпускнікоў мастацкіх устаноў працягвае працаваць творча... Як склаўся лёс вашых калег
па Акадэміі?

— Графіка становіцца жаночай прафесіяй, і ў нас быў у асноўным дзявочы калектыў. Па заканчэнні большасць выйшла замуж, з’явіліся дзеці, і творчая рэалізацыя прыпынілася. Хлопец-аднакурснік выкладае, але на выставах яго прац пакуль не сустракала. Выстаўляецца былая аднакурсніца...

Ці можаце згадаць, з якімі чаканнямі заканчвалі Акадэмію?

— У мяне было ўсё ў парадку: выйграла стыпендыю ў Акадэміі мастацтваў у Мюнстэры і на год паехала туды. Там асаблівых абмежаванняў не мела: магла рабіць усё, што хачу.

Майстар-класы наведвалі?

— Так атрымалася, што майстар-класы я сама і праводзіла. У іх працуе майстэрня графікі, але ўласнага вопыту недастаткова. Я са сваёй адукацыяй пачала іх здзіўляць веданнем розных графічных тэхнік. Хоць таксама атрымала нейкія навыкі. Гэта былі вольныя майстэрні, і спачатку я разгубілася, таму што там у асноўным пішуць вялікія жывапісныя палотны і больш гавораць пра іх, чым непасрэдна імі займаюцца. Былі рэгулярныя стасункі з прафесарам, але, падавалася, ён не вельмі ўнікаў у работы тых, каго крытыкаваў. Прынцыповы момант: усе студэнты шукаюць сабе дадатковы заробак і вельмі выразна падзяляюць грошы і мастацтва. Стараюцца атрымаць паралельную адукацыю — настаўнікаў, мастацтвазнаўцаў. Не так, як у нас: выпускаюць мастака, а той не можа знайсці сабе прымянення. Але асабіста мне пашанцавала: я тры гады працавала ў творчых майстэрнях пад кіраўніцтвам Георгія Паплаўскага, якому вельмі ўдзячная. У сваёй майстэрні, хоць часовай, можна было агледзецца, пашукаць сябе, прыстасавацца, так бы мовіць, да вольнага творчага жыцця. Зараз займаюся ілюстрацыямі да кніг, у асноўным дзіцячых.

Добра, што няма разрыву паміж творчымі памкненнямі і працай. На кафедры ў вас была спецыялізацыя кніжнага мастака?

— Не, спецыялізацый там ужо няма, мы тры разы выконвалі семестравыя заданні: зрабіць кніжку — дзіцячую, паэзіі і прозы. Асаблівага досведу я не набыла. Ставіліся выключна мастацкія задачы: знайсці вобраз. Калі прыйшла ў выдавецтва, зразумела, што нічога не ведаю, бо ў кніжнай справе трэба ўлічваць шмат тэхналагічных момантаў.

У выдавецтвах працуеце па дамовах?

— Так. Пачала са студэнцкіх часоў — у часопісе «Рюкзачок». Адзін год давялося папрацаваць у манастыры ў Навінках; было цяжка прыходзіць у пэўны час і праводзіць там цэлы дзень. Не тое, што я лянуюся, але такая зададзенасць...

Заробак знайшлі, а патрэба рабіць штосьці для душы і ўдзельнічаць з гэтымі працамі ў выставах засталася...

— Лічу, што мала часу аддаю творчасці, бо маю шмат замоў, яшчэ і экслібрысы раблю за мяжу. Мне хацелася б развівацца менавіта як мастак і ўсё ж нешта данесці да гледача. Пакуль гэта кепска атрымліваецца, трэба ўладкавацца ў жыццёвым плане. Да таго ж майстэрня маленькая, уся сям’я ў ёй працуе, вялікія аркушы тут не надта зробіш...

Свайго кшталту ключавая фраза: уладкавацца ў жыццёвым плане. У большасці мастакоў гэтае ўладкаванне так ніколі і не адбываецца... Як вы ўяўляеце ідэальны баланс — колькі часу павінна адводзіцца на творчасць? А калі, напрыклад, з’явіцца сям’я?

— Можа, муж будзе браць на сябе пэўную фінансавую адказнасць і мне ўдасца кінуць супрацоўніцтва з выдавецтвамі. Перастану займацца экслібрысамі: гэты фармат вымагае карпатлівай працы, аднак не ўспрымаецца гледачом так, як вялікі аркуш.

У вас вельмі канструктыўнае мысленне, адчуваецца вольны размах рукі, і, думаю, вам цесна ў невялікіх памерах... Мяркуючы па працах, вам хочацца выбудаваць асобны лагічны сусвет, канструкцыю, якая б утрымлівала ў сабе нейкія праявы жыцця.

— Так, я вандрую па свеце — удзельнічаю ў кангрэсах, пабачыла шмат, і з’явілася задума зрабіць серыю работ, прысвечаную розным краінам і гарадам. Вялікіх па фармаце.

У адрозненне ад бацькі вы — урбаністка?

— Так.

Што за кангрэсы?

— Экслібрыса: з’язджаюцца мастакі і калекцыянеры, ты удзельнічаеш у выставе, шмат камунікуеш. Чакаеш, пакуль які калекцыянер цябе знойдзе. Набываеш вопыт.

Чаму заняліся экслібрысамі?

— Люблю працаваць у афорце, нават абзавялася станком. Удзельнічаць у кангрэсах вельмі цікава, іх праводзіцца безліч, наступны плануецца ў Італіі, трэба паспець выслаць твор. Адпраўляеш — як ахвяруеш, бо не ведаеш, пойдзе твор ці не. Мне самой важна, каб я прыйшла на выставу і мне не было сорамна за работу. Часцей так не бывае, застаюся незадаволенай, але прынамсі бачыш, куды трэба рухацца...

А вас задавальняюць выставы, у якіх удзельнічаеце?

— Хацелася б, каб экспазіцыі былі больш цэльныя. Але калі аб’яўляюць выставу і ўсе нясуць на яе свае працы, то і атрымліваецца такая «зборная салянка». У Германіі іначай: робяць праекты, скіраваныя на нейкую праблему, тэму, таму і выставы выглядаюць лагічнымі і цэласнымі. Але ж не ўсе мастакі будуць згодныя на нейкі новы выставачны фармат...

Не ўсіх і возьмуць. Так, праблема яшчэ ў тым, наколькі радыкальныя ці проста нязвыклыя формы экспанавання будуць прыняты ў асяроддзі нашых творцаў. Што наконт рэгулярных маладзёжных выстаў? Ці цікава ўдзельнічаць у іх?

— Цікава. Таксама важна ўбачыць, што робяць іншыя мастакі майго пакалення, якіх я ведаю, ці працуюць яны ўвогуле, як развіваюцца. Але маладзёжныя экспазіцыі звычайна арганізуюцца такім жа традыцыйным чынам.

Ці сочыце за выставачным жыццём Мінска?

— Не надта, клопаты-турботы. Нічога не паспяваеш. На творчасць ледзь хапае часу, а для яе патрэбна канцэнтрацыя.

Калі наш часопіс друкуе рэцэнзіі на маладзёжныя выставы, нараканні бываюць адны і тыя ж: моладзь падымае несучасныя тэмы, яна не актыўная. Якія тэмы цікавяць вас?

— Калі параўноўваць такія рэчы: адбыцца як мастак ці адбыцца як асоба, то другое для мяне больш важна. Мой талент можа быць дапамогай у гэтым станаўленні чалавека — як магчымасць выказацца. Што тычыцца вострых тэм — я досыць апалітычная. Пакуль не гатова ўдзельнічаць у радыкальных праектах, магчыма, яшчэ не склаліся мае дакладныя пазіцыі. Я не прымаю канфлікт. Разбурэнне не можа быць жыццесцвярджальным. Гэты шлях трэба знайсці — як уздзейнічаць на гледача моцна, але без правакацый і канфліктных форм.

Калі вы пачынаеце новую графічную серыю, ад чаго будуеце аповед — ад канструкцыі?..

— Так, ад канструкцыі. У гарадской тэме мне важна перадаць настрой і маё асабістае перажыванне ў горадзе, першае ад яго ўражанне. Таму што калі доўга жывеш у нейкім месцы, то ўспрыманне замыльваецца. А калі два дні — то яно вострае, вельмі своеасаблівае, залежыць і ад паветра, і ад надвор’я.

Якія яшчэ тэмы вас цікавяць? Рэлігійная — не па замове ўзнікла?

— Не, гэта тэма вельмі асабістая. Важная для мяне, таму што няма сэнсу ў жыцці і адпаведна ў мастацтве, калі ты не з Богам, калі не даеш сваёй душы разгарнуцца ў поўнай меры.

Зразумела, што творчая атмасфера ў вашай сям’і паспрыяла выбару прафесіі... Бацька моцна на вас паўплываў і ўплывае?

— Менавіта ён параіў ісці на графіку, за што я яму ўдзячна. Але з гэтага моманту нашы шляхі і пачалі разыходзіцца, бо тэхніка дыктуе сваё, у графіцы больш выразна праяўляе сябе структура. У жывапісе больш мяккае ўспрыманне. У графіцы складана выразіць мяккасць, хіба што ў літаграфіі, але я прыхільнік афорта — з дакладнымі і выразнымі лініямі. У мяне ў школе праяўляліся здольнасці да матэматыкі, а ў творчасці з’явілася магчымасць гэты талент прымяніць. І дакладнасць у хвілінах траўлення, і вываратка, і чарговасць у апрацоўцы пласціны — усё трэба трымаць у галаве падчас працы. А калі мне надакучвае такі разлік, займаюся жывапісам, не думаю пра нюансы тэхнікі, атрымліваю асалоду ад змяшэння колераў — тут як пакладзеш мазок, такі ён і застанецца.

Спрабавала працаваць на «Беларусьфільме», рабіла мультфільм. Але там трэба было вывяраць кожны крок — секундамі, метражом. Ты як мастак хочаш раскрыцца, а табе кажуць: занадта складаны вобраз, прыбраць усе дэталі, ці — на гэтую сцэну толькі 2 секунды.

Здаецца, па прыродзе вашага таленту вам патрэбны размах, маштаб, рэалізацыя нейкіх архітэктанічных рэчаў. Няма адчування, што існуюць нейкія рамкі, што немагчыма праявіцца напоўніцу. Але экспазіцыйнай стратэгіі няма, планку для мастака не падымаюць. Незразумела, чаго хоча глядач, ці цікава яму пераходзіць з салонаў у выставачныя залы і бачыць адны і тыя ж работы...

— Ёсць такое пачуццё... Я б хацела больш прасторы ў экспазіцыі, жадала б працаваць з цікавымі фактурамі, эксперыментаваць з размяшчэннем твораў у памяшканні. Але тут падключаюцца мае рысы характару: я люблю, каб усё было на сваіх месцах. Ну, зраблю я такі праект — і куды пасля яго дзену? Майстэрні сваёй не маю... Такая нестабільнасць не дае рухацца. Таксама няма таго, хто б падахвоціў, падказаў.

Ці можна паехаць за мяжу, дзе экспазіцыйныя ўмовы іншыя, паспрабаваць працу ў новых фарматах?..

— Не хапае рашучасці адарвацца ад паўсядзённасці...

Ствараецца ўражанне, што тут такое асяроддзе, у якое нельга ступіць, зрабіць наступны крок, бо яно не прымае гэтага кроку... Калі я наведваю майстэрні, то бачу даволі багаты і пакуль не выяўлены матэрыял. Патрабуецца шмат сканцэнтраванасці і нават пэўнай мужнасці, каб сябе паказаць. Структура неразвітая, няма арт-інстытуцый. Куратараў.

— Тут яшчэ пытанне каманды, у нас мастакі замкнёныя на сабе. Так, я маю сяброў, з якімі маглі б разам зрабіць праект, але мне не хапае смеласці ці ўпэўненасці ў сабе, каб стаць часткай каманды або яе лідарам. Сумесныя выставы — гэта каманда аднадумцаў і адказнасць адзін за аднаго. Вопыту няма, ды і памяшканняў з чыстай ідэальнай прасторай. Няма матэрыяльнай базы, каб стымуляваць мастакоў ці проста падтрымаць іх гатовыя праекты. У нас мастак — гэта ахвяра, ён ахвяруе сваім прыватным жыццём, часам, сродкамі і ўсё роўна застаецца пад прыцэлам рознага кшталту крытыкі.

Якія крыніцы натхнення ў творчасці?

— Галоўным чынам — новыя ўражанні, тое, што ўскалыхнула эмацыянальна. Я магу думаць над нейкай тэмай, і гэта будзе доўгі і не заўсёды прадуктыўны працэс. А ўражанні дапамагаюць прачнуцца таму, што спіць і патрабуе выйсця, выбуху ў творы. Тады за дзень можа нешта нарадзіцца.

Калі займаюся жывапісам, то яго тэмы розняцца ад графічных. У жывапісе — гэта прырода і партрэт, але таксама прысутнічае эмацыянальнае ўзрушэнне. Не магу пісаць са здымкаў, мае эцюды — як фотаальбом, праглядаючы іх, згадваю свае адчуванні. Гляджу на замалёўку, і мяне нібы адносіць у той дзень, у яго настрой, у тое надвор’е. Цікава, ці гэтак жа ўплывае маё мастацтва на гледача?

Была сямейная выстава Піскуноў, прысвечаная родавай вёсцы — Ратуцічам. Падобна, гэта месца шмат значыць для вас?

— Так, будуем там другі дом, каб зімой можна было спыніцца. Дзіўна, што я не памятаю з дзяцінства ніякіх адмоўных момантаў, звязаных з вёскай, толькі светлыя ўражанні. І хоць няма там ні азёраў, ні рэк, але цягне ў тыя мясціны.