Заклінанне рэчаіснасці

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Этнамадэрн Уладзіміра Кожуха
Інтэрв’юеры скардзяцца, што ён не гаваркі. І гэта праўда. Але такі Уладзімір і ў мастацтве — мала «слоў», болей думкі... Жывапіс яго з’яўляецца не столькі маляваннем з натуры, колькі выказваннем пачуцця — роздумам аб сэнсе жыцця, аб тым, што не перадаць словамі — хіба толькі інтанацыямі душы.

/i/content/pi/mast/72/1206/diskurs_01_07_opt.jpeg 

Тры палі. Алей. 2013.

У 1990-х выдатны мастацтвазнаўца Міхась Раманюк прысвяціў маладому Кожуху грунтоўны матэрыял «Натхнёны жыццём вёскі». Загаловак падкрэсліваў галоўны напрамак інтарэсаў Уладзіміра, а сам артыкул утрымліваў вывераныя ацэнкі і празорлівыя прагнозы пра патэнцыял адметнага жывапісца.

Сёння яго палотны спраўджваюць самыя смелыя спадзяванні, гэта — бліскучыя прыклады этнамадэрну. Семантыка іх вобразнай сістэмы каранямі сягае ў беларускую архаіку, аднак жывапіс Уладзіміра Кожуха належыць прасторы найноўшага мастакоўскага мыслення. Калі абаперціся на выказванне Алеся Разанава адносна нацыянальнага ў творчасці і прыстасаваць яго да прац Кожуха, можна сцвярджаць: мастак спалучае ўяўленні пра тое, што ёсць, і тое, што будзе, і нібыта заклінае рэчаіснасць, спрабуючы ўплываць на яе, — так старажытны паляўнічы, працінаючы кап’ём намаляваны на скале абрыс жывёліны, імкнуўся запраграмаваць хаду падзей.

Кожух стараецца не прапускаць значныя выставы. Пачуццё ўнутранай, не рэгламентаванай вонкавымі абавязкамі адказнасці за мастакоўскую гвардыю — падстава далучыцца да стварэння многіх экспазіцый. На адной з прэстыжных выставак жывапісу «Праект», якая праводзілася ў Мінску на пачатку лета, былі прадстаўлены яго новыя краявіды. Нейкае асаблівае адчуванне актуальнасці правакуе Уладзіміра Кожуха выстаўляць у той ці іншай экспазіцыі творы, запатрабаваныя ў гэты час і ў гэтым месцы. Так адбылося і тады. Яго карціны 2013 года «Тры палі», «Восеньскі эцюд» і «Дзень памяці» — нібы масток ураўнаважання ў спаборніцтве прыёмаў і сродкаў манументальнага і станковага жывапісу. Пейзажы засведчылі асаблівы напрамак яго мастакоўскага мыслення, што быў сфарміраваны на мяжы традыцый станковага і манументальнага мастацтваў. Гэта максімальнае набліжэнне да знака пры вонкава рэалістычнай фабуле твора, дзе нават неспрактыкаванае вока гледача лёгка распазнае сюжэты і вобразы.

Яго краявіды або ўражваюць энергетычным запалам, як у творах «Панскі парк», «Сіняе змярканне», «Зімовы эцюд», «Восеньскі эцюд», або нясуць у сабе моцную канцэптуальную ідэю — як у палотнах «Тры палі», «Роднае», «Сіняе на залатым», «Царква ў зялёным», «Дзень памяці», «Стары шлях». Нярэдка ў такіх творах Кожуха кропка сузірання краявіду ўзнімаецца высока ў неба, і тады дарагія сэрцу сюжэты ўспрымаюцца радзімымі плямамі на тле планеты, пралітымі на жыццёвым шляху кропелькамі ўласнай крыві. Узмацняе ўражанне падкрэсленая чысціня і абвостранасць колераў: пранізлівы блакіт, свячэнне бэзу, вохра і зеляніна акцэнтаваны вэлюмам дрэў і лясоў, бегам аблачын. Гэткае выкарыстанне колеравых інтанацый уласціва ўсёй творчасці жывапісца.

У 2006 годзе мастак спрабуе выйсці на новы ўзровень асэнсавання беларускага краявіду і дэманструе гэта на персанальнай выстаўцы «Чыстае, яснае, светлае» ў Мінску. Умоўна гэтыя творы можна абазначыць тэрмінам «арнаментальны краявід»: у падмурку яго выяўленчай схемы — рытм, рапарты выяў, кантрасныя спалучэнні лакальных колераў — усё тое, што характэрна для вышыўкі і ткацтва на палях традыцыйных ручнікоў або ў аздобах слуцкіх паясоў. Кожух не схільны да лабавых запазычванняў гэткіх прыёмаў. Ён намагаецца — часам вельмі цікава і неардынарна — вывесці асабісты арнамент знакаў і вобразаў айчыннай прыроды.

Вось статак кароў рухаецца ланцужком па ніжнім краі палатна. Вобразы жывёл дастаткова рэалістычныя і пры гэтым выразна абагульненыя і зменшаныя да памераў фігурак на шахматнай дошцы. Вібрыруючая энергіяй зеляніна, якая запаўняе ўсю прастору карціны і ажыўлена па верхнім краі кампазіцыі вэлюмам дрэў і пухнатым ажурам перыстых аблокаў, — вызначальны акцэнт у мастакоўскай трактоўцы ідэі пранікнёнай прыгажосці зямлі, на якой мы жывем, ды ўсіх праяў і форм натуральнай гаспадаркі на ёй. Карціна ўспрымаецца як кавалак рытуальнай тканіны, і гэта адчуванне ўзмацняе імітаваная жывапісам палоска дэкаратыўных матузоў на палатне — непасрэднае пасланне гледачу, што мастак вядзе размову аб сакральна значным у жыцці народа.

Ля краявідаў Уладзіміра, створаных на працягу 1990-х—2000-х гадоў, нас ахоплівае пранізлівае пачуццё Радзімы. І фарміруецца яно жывымі ўражаннямі і адчуваннямі жывапісца, здатнага далікатна ўкладваць прадуманае і перажытае ў колеравыя формулы, уздымаць асабістае да ўзроўню агульначалавечых каштоўнасцей. Краявід — не галоўны напрамак творчасці Кожуха, але на фоне ўвасаблення вобразаў прыроды, а часцей — праз іх або праз асацыяцыі з імі аўтар дасягае найвышэйшай выразнасці.

Самыя мілагучныя інтанацыі ўзнікаюць там, дзе ў карцінах мастака зліваюцца ў адно паняцці «прырода» і «жанчына», вобразы якіх звычайна не персаніфікуюцца. Мастак увасабляе тыпы, характары, гераінь міфаў і паданняў, абагульняючы ўсіх асоб жаночага полу ў самім жа створанай міфалагеме пад зборным іменем Флора. Пры гэтым ён віртуозна мадэлюе «ландшафты» жаночага цела — калі не аголенага, дык абгорнутага ветразямі тканін або антычных тунік. І гэтая пластыка напоўнена дасканаласцю форм, меладычнасцю малюнка, якую можна параўнаць з пранізлівай лёгкасцю гукаў арфы або флейты. Карціны «Флора», «Флора. Поўдзень», «Паданне», «Абмыванне. Флора», «Ружовы дзень», «Цудоўны ўлоў», «Падарожжа праз ноч», «Сон», «Настальгія», «Флора з келіхам», «Вячэрняя песня», «У старым садзе», «Выкраданне Еўропы» вартыя апісання ў паэтычных навелах-аповедах, іх гераіні інтэрпрэтаваны паводле старонак антычнай літаратуры або прыдуманы самім жывапісцам.

Фантастычная прага гармоніі паглынае мастака, злівае ў адно цэлае ўвасобленыя ім ідэалы хараства і ўяўленне свайго асабістага наканавання як творцы — гэта красамоўна чытаецца ў шматлікіх аўтапартрэтах з Флорай: «Майстар», «Мастак і Флора», «Аўтапартрэт з Флорай», «Малюнак з натуры». Постаці народжаны празрыстасцю фарбаў і вытанчанасцю ліній, мудрагелістымі кампазіцыйнымі вынаходкамі і патэтыкай музычнага гучання. Вобразы дурманяць гледача, як шампанскае. Побач боязна рабіць рэзкія рухі, каб не зніклі чароўныя міражы трапяткой пранікнёнай паэзіі. Кампазіцыя «Пастараль» (2006) абагульняе вобразнасць аўтапартрэтнай серыі карцін цэнтральнай міфалагемай музы Флоры, што вальяжна пачувае сябе на пагорках творчых інтарэсаў жывапісца. Яна водзіць па зямных прасторах галінкай-жазлом пошуку ісціны, здатным імгненна пераўвасобіцца ў пэндзаль мастака, і вылучае для свайго гаспадара прасветленыя матывы сутнасці зямнога існавання.

Акрамя ўзвышаных жанчын-муз у творчасці Уладзіміра Кожуха прысутнічаюць жанчыны-працаўніцы, ва ўвасабленні якіх пануюць брутальны гратэск і прыземленасць, вонкавая наіўнасць і спрошчанасць кампазіцыйных прыёмаў. Прамежнай паміж гэтымі вялікімі серыямі твораў паўстае асобная група прац, далучаных да этналагічных традыцый народнага мастацтва, блізкіх сюжэтамі і матывамі да беларускага фальклору. Гэта нешматлікія палотны пад агульнымі для некаторых з іх назвамі: «Кветачніца», «Тая, што стаіць ля дарогі», «Тая, што стаіць у вадзе» — апошняя ў многім пераклікаецца з класічным для народнага маляванага дывана сюжэтам «дзева на водах», які праз моцную энергетыку архетыпу даўно пераступіў межы этнаграфічнай міфалагемы і нярэдка інтэрпрэтуецца ў творах сучаснага мастацтва.

Жывапісец не спыняецца на варыяцыях уласнага асэнсавання сюжэта. Ён пачынае шукаць мелодыку вобраза адной з вядомых народных майстрых — славутай Алены Кіш. Яе партрэт, зроблены Кожухам у 2011 годзе, высока ацэнены і набыты Заслаўскім музеем-запаведнікам, які ўтрымлівае самую вялікую ў нашай краіне калекцыю народных і сучасных маляваных дываноў, у тым ліку больш за дзясятак маляванак самой Кіш. Вобраз Алены цікавы інтрыгай кампазіцыйнага вырашэння. Мастак малюе ледзь не ў поўны рост сакавітую вясковую прыгажуню, якая стварае на палатне райскі сюжэт — другі па значнасці архетып з шэрагу класічных сюжэтаў для гэтага віду мастацтва. Дзівосныя выявы льва і фантастычнай птушкі, пальмаў, кветак і розных іншых прадстаўнікоў багатай фаўны і флоры перасягаюць межы дывана, апынаючыся вакол самой гераіні партрэта. Мастак нібы намякае нам, што з’яве культуры цесна ў зашоранай прасторы звыклых уяўленняў. Сама мастачка з кучаравымі валасамі і пышнымі формамі выглядае неад’емнай часткай феерыі казачнага свету, якую шматкроць паўтарала ва ўсё новых і новых дыванах як замову на шчасце знаёмцам, блізкім і родным. Мільгаціць дэкаратыўнае багацце колеравай гамы і барочных формаў, развярнулася і гарэзліва пазірае проста на гледача сама мастачка — усё цудоўна, калі б не чорная пляма пасярэдзіне дывана, што, нібы касмічная чорная дзюрка, пагражае праглынуць і зацягнуць у вечнасць постаць Алены Кіш. Такім чынам мастак увасабляе напамін пра яе трагічны лёс...

Тэму народных скарбаў жывапісец працягвае яшчэ ў адной неаднаразова інтэрпрэтаванай карціне «Пасаг» (2005). Ва ўсіх яе варыяцыях мастак стварае цэнтральны вобраз жанчыны, што прысела ў задуменні ля раскрытай «пашчы» куфра, поўнага ўзорыстых народных ручнікоў. На пачатку распрацоўкі сюжэт разгортваўся на фоне шэрасці апусцелай хаты. Ад самога куфра і зэдліка, на якім сядзела кабета, падалі злавесныя цені, нібы ўвасабленне трывогі і неспакою за лёс народных традыцый. Негатыў узмацняўся праз пранізлівы холад насычанага да сінявы блакіту ў камізэльцы кабеты і афарбоўцы самога куфра. У далейшых трактоўках мастак перакадзіраваў сюжэт, надаючы яму жыццесцвярджальнае гучанне: апафеоз белага і чырвонага колераў тканіны ручнікоў, белая святочная кашуля гаспадыні, узбагачэнне залацістым і вохрыстым тонамі асновы кампазіцыі — выразны пазітыў, падтрыманы ідылічнымі арнаментальнымі сюжэтамі кветкавых вазонаў і вобразаў галубкоў як сімвалаў шчасця і дабрабыту. Абедзве кардынальна супрацьлеглыя трактоўкі аднаго і таго ж сюжэта маюць права на існаванне. Больш за тое, не выключана, што з’явяцца і іншыя яго рашэнні і інтанацыі. Разнастайныя падыходы пашыраюць дыяпазон асэнсавання адметнай з’явы нацыянальнай культуры, надаючы ёй новую прастору гучання.

У «ручніковых» кампазіцыях краявідаў і варыяцыях паводле вобразаў народных майстроў Уладзімір Кожух віртуозна прадэманстраваў прагрэсіўныя, у многім мадэрновыя падыходы да захавання беларускай культурнай спадчыны. Яны не пазначаны кідкасцю вынаходак, і мова іх жывапісу ціхая і далікатная. Але гэта рэальны рух у бок духоўнасці.

Яшчэ адна глабальная ў творчасці мастака тэма закранае ідэю адраджэння тысячагадовых хрысціянскіх традыцый. У карціне «Адвечнае» дамінуючая выява ручніка, на якім замест арнаментаў — хатка на ўскрайку поля, дэманструе метафарычнасць выяўленчага мыслення аўтара, здольную ўплываць на эмоцыі і думкі гледача, скіроўваць іх у паралельныя светы тоесных і, па вялікім рахунку, раўнаважкіх паняццяў — радзіма і традыцыя. Гэтыя каштоўнасці народнага жыцця, сфакусаваныя ў вобразе ручніка, мастак укладае ў рукі Жанчыны-Маці — і падспудна паўстае асацыяцыя з выявай-адбіткам твару Хрыста на Плашчаніцы. Просценькі сюжэт невялікага па памерах твора набывае тут глабальны змест і акрэслівае шырокую дарогу новым ідэям паводле гуманістычных задач мастацтва Уладзіміра Кожуха. На гэтым узроўні ён выступае тым самым «паляўнічым-празорцам», які, стварыўшы вобраз на плоскасці, пракладае яму шлях у рэальнае жыццё, у пэўным сэнсе ўплываючы на хаду гісторыі.

 

Таццяна ГАРАНСКАЯ