Школа, прыгода, псіхатэрапія

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

Фестываль вандроўнага кінабалагана
Гісторыя кіно — гэта гісторыя поспехаў і няўдач у адносінах паміж вытворчасцю і распаўсюджваннем ілюзорнай кінематаграфічнай рэальнасці. У лабірынце, які фільму неабходна прайсці ад задумы да сустрэчы з гледачом, са з’яўленнем новых тэхналагічных умоў мяняюцца напрамкі паваротаў, колькасць тупікоў і ўвогуле адлегласць паміж пачатковай і канчатковай кропкамі.

 /i/content/pi/mast/72/1204/artefakts_06_opt.jpeg

«Выстава». Рэжысёр Ондрэй Каленчык. Славакія. 2013.

Ці можна назваць эвалюцыяй тыя змены ў культуры кінапраекцыі, якія адбыліся паміж паказамі нямых урыўкаў жывой рэчаіснасці Люм’ерамі ў кавярні і камфартабельнымі пунктамі доступу да 3D-узораў галівудскай кінаіндустрыі? Вядома, не! Формы, што ўтрымліваюць кінаматэрыял для транспарціроўкі да свядомасці гледачоў, больш звязаны з развіццём тэхналогіі, чым адна з адной.

Кропкі, у якіх ажыццяўляецца кінапраекцыя, для прыгажосці класіфікацыі можна падзяліць на статычныя і дынамічныя. Кавярні і кінатэатры з’яўляюцца цэнтрамі прыцягнення і канцэнтрацыі гледачоў. Іх аўдыторыя ўяўляе сабой групы, якія перацякаюць адна ў адну. Меншасць, якая з розных відаў мастацтва абірае менавіта кіно, і меншасць, якая, абіраючы ўжо з мноства фільмаў, робіць выбар на карысць нейкага пэўнага жанру.

Кінаперасоўкі — гэта выхад з эпіцэнтра ў неінфіцыраваныя хранічнай кінапраекцыяй раёны дзеля акумуляцыі нецэнтралізаванай, неасэнсаванай волі да кінематаграфічнага. Рэдка хто задумваецца пра значнасць дынамічных кропак сёння, калі наша штодзённасць, здавалася б, татальна насычана статычнымі кропкамі тэлевізійнай трансляцыі і інтэрнэт-трафіку. Але трэба канстатаваць, што толькі ў дынамічных кропках кіно мае магчымасць прарвацца да большасці, якая не робіць выбару на яго карысць.

Вандроўны кінабалаган, які вядзе за сабою «барон» Аляксандр Мартынюк (ідэйны натхняльнік і арганізатар фэсту «Cinema Perpetuum Mobile»), — новая форма ў справе кінапраекцыі. Гэта не кінаперасоўка, накіраваная выключна на пазбаўленыя стацыянарных кінатэатраў месцы, і не кінацягнік, маршрут якога строга зададзены напрамкам чыгуначнага палатна, і нават не кінааўтобус, абмежаваны праграмай нацыянальнага кіно. Вандроўны кінабалаган — гэта фестываль, кінашкола, прыгода, псіхатэрапія.

Узброеныя веласіпедамі, праектарам, ноўтбукам, калонкамі і разнастайнымі фестывальнымі праграмамі кароткаметражных фільмаў, удзельнікі балагана рушылі ў бок Буркіна-Фасо. Але мэта вандроўкі — не дасягненне нейкай пэўнай геаграфічнай кропкі, а сёрфінг на хвалях намадычнага натхнёнага паказу кіно. Фестываль, які праходзіў у кропках прыпынкаў кінабалагана, атрымаў свой старт падчас летняга сонцастаяння на беразе Сожа. Прэм’ерны паказ фэсту адрозніваўся ад астатніх тым, што гледачы загадзя ведалі пра яго і прыехалі на месца правядзення, каб ацаніць фільмы і абраць лепшыя. Аляксандр Мартынюк прымаў палявыя кветкі ад публікі ў якасці рэчыўнага пацвярджэння, што фільм спадабаўся. Можна было прагаласаваць хоць за ўсе чатырнаццаць паказаных стужак, але большасць аддала перавагу дзвюм — амаль дакументальнаму кіно «Выстава» (2013) славацкага рэжысёра Ондрэя Каленчыка і рэалісцкай фантазіі «Пурытане» (2012) Шона Робінсана са ЗША.

Праблема, пра якую апавядае фільм «Выстава», небанальная: з-за недахопу дзяржаўнага фінансавання музей зачыняецца, а дырэктарка імкнецца выратаваць яго, шукаючы людзей, якім можна было б аддаць частку плошчы для камерцыйнага выкарыстання. Свет невялікага музея занадта далікатны, каб дапусціць умяшальніцтва стыхіі рынкавых адносін, але супрацоўнікі і не думаюць пра тое, каб прызвычаіцца да новых умоў. Кожны робіць што можа, каб захаваць дух і мікрафлору музея. Прыгажосць фільма ў перадачы духу музейнай экспазіцыі праз адносіны супрацоўнікаў — гэта мілыя замалёўкі штодзённага жыцця людзей, якія любяць сваю нераспаўсюджаную і малааплатную прафесію.

«Пурытане» паказаны Шонам Робінсанам адначасова літаральна і метафарычна. Вярнуўшыся пасля турэмнага зняволення дахаты, герой бачыць, што інтэр’ер дома перароблены ў віктарыянскім стылі, родныя апрануты ў сугучныя той эпосе строі. Іх паводзіны таксама адпавядаюць пурытанскім нормам — за паказной строгасцю нораваў і даўгімі спадніцамі хаваецца распуста і поўнае грэбаванне мараллю і чалавекалюбствам. Перад героем (і гледачом) паўстае пытанне: гэтыя змены сапраўды адбыліся ў той час, пакуль ён адсутнічаў, ці так было ў яго сям’і заўсёды? Герою здаецца, што вырвацца з заганнага кола пурытанства немагчыма.

…Зладзіўшы двухдзённы фэст пад Гомелем, кінабалаган рушыў у накірунку Буркіна-Фасо. Здзівіць сваіх сустрэчных гледачоў вандроўныя кінаманы маглі не толькі фільмамі фестывалю летняга сонцастаяння, але і іншымі праграмамі — напрыклад, беларускага андэграўнду і сучаснага нямога кіно, рэтраспектывай шведскай рэжысёркі Карын Брэк ці праграмай міжнароднага кінафестывалю кароткаметражнага кіно «Cinema Perpetuum Mobile». Гэтыя паказы — вынік дзейнасці суполкі кінаманаў kinaklub.org і кінакааператыва, які дзейнічае ў яе рамках.

Маршрут кінабалагана на сённяшні дзень склаўся такім чынам: Варшава — Кракаў — Брно — Браціслава — Будапешт — Полгар — Львоў — Мінск. Непрадказальны шлях вандроўнікаў, якія вязуць кіно да людзей, і часовае вяртанне ў Беларусь — толькі адзін з этапаў у накірунку Буркіна-Фасо. Непрадказальнасць — гэта залог руху да гледача, які не абірае кіно і не абірае яго жанр. Гэта рух да стварэння новага — таго, чаго яшчэ ніколі не было, што нельга знайсці ў паўсядзённым, што прыходзіць знянацку.

Ліна МЯДЗВЕДЗЕВА