Cкіраваны на рэтра

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

«Славянскі базар» у новым абліччы
На пачатку года на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў неабходнасць з’яўлення чагосьці новага на Міжнародным фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». І сапраўды, 22-і форум праходзіў у новым фармаце. З новым дырэктарам — Аляксандрам Сідарэнкам, які змяніў заснавальніка і пастаяннага «рулявога» Радзівона Баса.

/i/content/pi/mast/72/1203/artefakts_05_2_opt.jpeg

Скараціліся тэрміны правядзення фестывалю: замест сямі дзён — пяць. Праўда, шмат цікавага і значнага (у тым ліку палова дзіцячага конкурсу) адбывалася, паводле традыцыі, па-за афіцыйнымі межамі. З афішы зніклі Дні Беларусі, Расіі, Украіны. Затое традыцыйны Дзень Саюзнай дзяржавы завяршаўся «Канцэртам сяброўства»: у ім удзельнічалі таксама прадстаўнікі Украіны, Казахстана, Літвы і Харватыі. Увогуле, гала-канцэртаў стала меней, сольнікаў — болей. Пад гэта была падведзена наступная канцэпцыя: маўляў, зоркі падкрэсліваюць зорнасць фестывалю.

«Славянскі базар...» стаў яшчэ больш мэтанакіравана падавацца як фестываль фестываляў. Такое азначэнне ён атрымаў гадоў дзесяць таму. Але сёлета гэта вылучалася асабліва — і даўно задуманым, але спраўджаным толькі цяпер канцэртам «Прывітанне з Сан-Рэма» (раней праводзіліся падобныя выступленні ўдзельнікаў «Еўрабачання»), і тым, што ледзь не кожны нумар канцэрта адкрыцця быў нібы музычным прывітаннем ад якога-небудзь іншага фестывалю. Бяспройгрышны варыянт! Бо сярод выступоўцаў на віцебскім фэсце наўрад ці знойдзецца той, хто раней нідзе ні ў чым не ўдзельнічаў.

Так што галоўная рыса новага фармату — «Славянскі базар...» стаў калі не больш танным, дык больш акупляльным. І самыя важныя лічбы фестывалю — не 60 з лішнім мерапрыемстваў (быў год, калі іх колькасць перасягнула 125) і 5 тысяч удзельнікаў, а 21 мільярд беларускіх рублёў, атрыманы за прададзеныя квіткі (пры тым, што планавалася 19,4). Фэст відавочна скіроўваецца ў бок спажыўца, які павінен выказаць уласную прыхільнасць рублём. Не застаецца па-за ўвагай і палітычна-ідэалагічны складнік. Толькі выяўляецца ён больш тонка — праз узрастанне колькасці краін-удзельніц (сёлета іх — 31) і праз новую негалосную канцэпцыю, што таксама з’явілася некалькі гадоў таму: замест яднання славян усяго свету — згуртаванне свету вакол славян. Бясплатныя выступленні, акцыі, конкурсы ды іншыя праекты ў Дзень моладзі прывабліваюць юнацкую аўдыторыю, якая падрасце і стане асноўнай публікай «Славянскага базару...».

На замежных турыстаў, што прыедуць на фэст (а на гэта арыентуецца большасць фестываляў у свеце), у Віцебску ўвогуле не разлічваюць. Па-першае, няма дзе размяшчаць, хоць з гатэлямі апошнім часам стала непараўнальна лепей (тых жа акрэдытаваных журналістаў ужо каторы год селяць у «Віцебск» і «Дзвіну», а не па інтэрнатах з жудаснымі ўмовамі, як гэта было калісьці). Па-другое, іншаземцам наўрад ці падасца цікавай сама праграма фэсту: максімальна размаітая, яна ўсё роўна ў сваёй большасці скіравана на рэтра. Таму разлічваць можна хіба на тых расіян, што адпачываюць у нашых санаторыях непадалёк і адгукнуцца на прапанову паехаць на які-небудзь з канцэртаў. Але гэта — дадатковы галаўны боль для адміністрацыі аздараўленчых устаноў.

Сёлета, пры ўсёй вышэйзгаданай паспяховасці продажу квіткоў, вольныя месцы часам заставаліся на самых, здавалася б, выбітных вечарах — тых, дзе можна было не толькі адпачыць, але і атрымаць эстэтычна-інтэлектуальнае задавальненне. Можа, ёсць сэнс і надалей паляпшаць рэкламу? На тым жа фестывальным сайце дэталёва асвятляецца ход «Славянскага базару...», літаральна праз пару гадзін пасля таго ці іншага мерапрыемства з’яўляецца рэпартаж пра яго. Але гэты «дзённік» карысны хіба журналістам, якія не паспелі ці паленаваліся кудысьці схадзіць. Гледачам важней папярэдняя інфармацыя — больш насычаная і ёмкая, чым прывітанні фэсту ад яго ўдзельнікаў. Дый кошт квіткоў, пэўна, патрабуе далейшай карэкцыі.

Яшчэ дзве рысы цяперашняга фэсту пазіцыянаваліся як новафарматныя: ператварэнне конкурсаў у аснову фестывалю і арыентацыя канцэртаў у Амфітэатры на тэлеаўдыторыю, у разліку на якую і афармлялася сцэна. Трансляцыі некаторых канцэртаў (асабліва ў запісе) былі папраўдзе лепшымі за арыгінал, бо рэдактары і рэжысёры ўдасканальвалі драматургію. Што ж да ўзрастання ролі конкурсаў, дык для гэтага мала ўручаць Гран-пры на заключным канцэрце. Куды больш важны тут сам узровень выканаўцаў. Дзіцячы конкурс, дзе ў запісе трансляваўся толькі заключны канцэрт, аказаўся папраўдзе «касмічным», юныя спевакі пераўзыходзілі многіх знакамітых зорак (Гран-пры атрымала Прэсіяна Дзімітрава з Балгарыі, наша Саша Лакціёнава падзяліла другую прэмію з украінцам Арсенам Шаўлюком). А ў дарослых сапраўднае спаборніцтва разгортвалася хіба сярод пецярых-семярых з двух дзясяткаў выканаўцаў (уладальнікам Гран-пры стаў Міхал Качмарэк з Польшчы, беларус Аляксандр Салаўёў падзяліў трэцюю прэмію з румынскай спявачкай Крысці).

Якім жа будзе «чарговы новы» фармат? Дачакаемся ХХІІІ фэсту.