Пытанні і адказы

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

«Аракул?..» паводле «Зацюканага апостала» Андрэя Макаёнка
Апошняя прэм’ера мінулага сезона ў Нацыянальным тэатры імя М.Горкага ўскалыхнула публіку. Спектакль уразіў, на яго імгненна адгукнуліся ў інтэрнэце. Неўзабаве з’явіліся рэцэнзіі ў друкаваных СМІ.

 /i/content/pi/mast/72/1201/artefakts_03_opt.jpg

Уладзімір Глотаў (Сын), Аляксандр Вергуноў (Тата).

Яны таксама сведчылі пра цікавасць да спектакля, і гэта само па сабе даволі сімптаматычна. Што-што, а слізгаць па паверхні драматургічнага твора Барыс Іванавіч проста няздатны. Ягонае ўменне бясконца пашыраць і паглыбляць любое зместавае поле заўсёды захапляе.

У ператлумачанай назве пастаноўкі «Аракул?..» — менавіта так, з пытальнікам і шматкроп’ем напрыканцы — адначасова пытанне і адказ. Рэжысёрская рэфлексія і пафасны выгук. Татальная разгубленасць перад рухам гісторыі і самотная канстатацыя чалавечай бездапаможнасці. Здаецца, рэжысёр прымярае на сябе вобраз Сына і, накшталт герояў Бруса Уіліса, гатовы чарговы раз кінуцца выратоўваць свет.

Ёсць у гэтай савецкай п’есе выразны пазачасавы кантэкст. Мабыць, таму яе раз-пораз спрабуюць зняць з паліцы гісторыі беларускія пастаноўшчыкі. Ды толькі амаль безвынікова: змахнуць з драматургічнага твора пыл часу дагэтуль нікому не ўдавалася. Што ж атрымалася ў Рускім тэатры? Барыс Луцэнка ў сваім спектаклі вяртаецца да сутнасці самой п’есы, надзейна зафіксаванай у макаёнкаўскай назве «Зацюканы апостал». Тут і сэнс, і вынік. Паспрабуй выскачыць!

У «Аракуле?..» традыцыйная «ячэйка савецкага грамадства» — сям’я — набывае значэнне мадэлі свету. Ды толькі гледачы бачаць яе гратэскавую, скажоную выяву. У гэтым, безумоўна, прысутнічае рэжысёрская ацэнка, зафіксаваная праз вобразы Таты (Аляксандр Вергуноў) і Маці (Іна Савянкова), іх, так бы мовіць, «прыкладное значэнне», выяўленае без залішняй дэталізацыі.

Сцэнічны асяродак прынцыпова загрувашчаны. З аднаго боку, гэта зразумела, калі гаворка ідзе пра «мадэль свету», дзе кожнае ўвасабленне мусіць мець уласную тэрыторыю. З другога, сцэнаграфія Веніяміна Маршака адрозніваецца мастацкай неўраўнаважанасцю вонкава неспалучальных фактур.

Позірк зверху ў спектаклі таксама прысутнічае. Так і ўяўляецца, што з вертыкальнай, узнятай амаль пад каласнікі канструкцыі на ўласнаручна пабудаваны свет пазірае сам спадар рэжысёр. Урэшце, ён пачынае наводзіць на сцэне парадак. Якраз у гэты момант і з’яўляецца Сын. Здаецца, юнак увогуле зваліўся з іншай планеты (цягам дзеі, дарэчы, нам на гэта пастаянна намякаюць), і крывадушныя сямейныя стасункі яго не ў стане задаволіць. З «ячэйкі грамадства» ён ірвецца вонкі. У яго — амбіцыі, вядома якія. Ён сам — тэлевізар (Барыс Луцэнка ўвасабляе гэта літаральна), сам — палітычны аглядальнік, і адзіны аўтарытэт для яго — Дзед (Алег Коц), з якім адбываецца тэлепатычная сувязь. Апрануты як сучасны тынэйджар, Сын (Уладзімір Глотаў) з дапамогай складаных галасавых мадуляцый і выбітных зонгаў адгароджваецца ад ўсяго фальшыва-хлуслівага свету. Рэжысёрская думка пачынае свабодна рухацца ў спектаклі, лунае над сцэнай. Праз спавядальные зонгі, падлеткавы максімалізм і шчырасць адкрываецца сэнс, які не толькі карэлюецца з думкамі, укладзенымі драматургам у п’есу, але і асвятляе кранальна-рамантычную постаць самога рэжысёра. Менавіта гэтым спектакль абяззбройвае.

У ім, дарэчы, прасочваецца ўся творчая біяграфія Барыса Луцэнкі — з ягонымі мастакоўскімі захадамі, памкненнямі і меркаваннямі, пра што варта распавядаць са сцэны. І, між іншым, з умоўным падзелам усіх сцэнічных герояў на ўяўных Антыгон і ўяўных Крэонаў. Безумоўна, Сын бліжэй вядома да каго. У спектаклі даследуюцца межы асабістай свабоды чалавека і межы ягонай грамадзянскай актыўнасці. Пры гэтым выгукнутыя ў глядзельную залу рэжысёрскія сентэнцыі так і застаюцца са знакам пытання напрыканцы. Зрэшты, ніхто даўно не патрабуе ад насельнікаў Зямлі аніякіх пэўных адказаў. І ў тым, што Луцэнка напоўніў п’есу Макаёнка алюзіямі на гарачыя праблемы сучаснасці, разгорнутыя ў сусветным ракурсе, прысутнічае прысмак кан’юнктуры. Зрэшты, спектакль, як звычайна і бывае ў гэтага рэжысёра, перапоўнены сэнсавымі цытатамі, культурнымі адсылкамі, асацыяцыямі, якія не проста ўзнікаюць у агульным кантэксце, а непасрэдна ўведзены ў тэкст. Зонгі, цытаты, сказы... «А ты пайшоў бы на плошчу?»... «А ты пайшла б у храм?»... І нарэшце, надрыўна выгукнуты верш Андрэя Вазнясенскага «Б’юць жанчыну», праілюстраваны маніпуляцыямі з гумавай лялькай, яшчэ раз засведчыў немажлівасць умясціць у кожны асобна ўзяты спектакль тугу і смутак усяго чалавецтва. Нам бы са сваімі праблемамі разабрацца.

Безумоўнай удачай «Аракула?..» стаўся вобраз Сына ў выкананні Уладзіміра Глотава, які існуе як своеасаблівая контрверсія рэжысёрскай задумы і адначасна яе ўраўнаважвае, акрэслівае. Думаю, можна і неабходна гаварыць пра з’яўленне ў Беларусі новага цікавага акцёра.