Дэман і Шапенгаўэр

№ 9 (366) 01.09.2013 - 01.01.2005 г

«Месцазнаходжанне» Уладзіміра Акулава
Яркая і цэласная экспазіцыя прэзентуе «новага старога» Акулава, які лічыць, што яго паплечнікі здрадзілі жывапісу і займаюцца інсталяцыямі, у той час як сам ён спрабуе захаваць першапачатковы дух авангарду 1980-х.

 

/i/content/pi/mast/72/1200/artefakts_02_opt.jpeg

Еўропа. ХХ стагоддзе. Акрыл. 2012.

Нарадзіўся мастак у Баранавічах, вучыўся на Віцебскім «мастграфе», працаваў выкладчыкам, дырэктарам сельскага Дома культуры, афармляльнікам, выбіраўся па грошы ў Сургут, браў чынны ўдзел у авангардысцкім руху, пэўны час працаваў за мяжою. Сёння жыве ў Слуцку — горадзе, дзе калісьці вучыўся выяўленчаму мастацтву ў мясцовым Доме піянераў і школьнікаў. Пустэльнік і абсалютна нясвецкі чалавек, Акулаў абірае маўчанне і не хоча распавядаць пра свае творы, кажучы: «Збоку яно лепш бачна». Галоўным у сваім жыцці ён вызначае мастацтва — яго не цікавіць нічога, акрамя прарыву ў іншасвет колеру. Яго экспрэсіяністычны жывапіс спалучаецца з поўнай аскезай: «Калі існае яднаецца з існаваннем, чалавек адмаўляецца ад свету, ад плоці і ад д’ябла і набывае гармонію ўнутры сябе і шчасце». Сваім настаўнікам творца лічыць Артура Шапенгаўэра і не проста цытуе яго — відавочна і прыхавана — ва ўсіх сваіх лічаных інтэрв’ю, але і жыве адпаведна пастулатам бацькі навуковага песімізму: «Чалавек павінен жыць у адзіноце, у поўнай адзіноце. Думаць пра смерць — натуральна. Не думаць пра смерць — не натуральна. Нармальны чалавек думае пра смерць кожны дзень. І намагаецца зрабіць як мага больш — вось у чым сіла».

Сябры-мастакі і калекцыянеры ласкава называюць яго дэманам і стапрацэнтным кайфоўшчыкам. Апантаны самім працэсам, ён можа перапісваць твор зноў і зноў — не дзеля ўдасканалення, а каб пакласці зверху фарбы абсалютна новага сюжэта. Пад кожнай свежанароджанай карцінай пахавана яшчэ пяць—сем. Працуе Акулаў вельмі хутка: «Ён неяк лёгка, ледзь-ледзь дакранаецца да палатна, 2-3 мазкі — і характар, 2-3 мазкі — і вобраз, 2-3 разы па 2-3 мазкі — і карціна», — кажа мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн.

Разам з невялікімі па памерах партрэтамі, пейзажамі і нацюрмортамі на выставе прадстаўлены сімволіка-алегарычныя кампазіцыі, якія ўражваюць велічынёй і маштабам і не страчваюць пры гэтым аб’ёму і глыбіні прапрацоўкі кожнага вобраза. Асноўныя стылістычныя акулаўскія рысы — максімальны суб’ектывізм ва ўспрыманні свету, скажэнне і дэфармацыя форм, прадуманая незавершанасць — застаюцца нязменнымі. Вольныя ад дэталёвай прапрацоўкі брутальныя карціны насычаны колерам. Ваенныя сюжэты — мастака цікавяць патрыятызм, армія і палітыка — чаргуюцца з рэлігійнымі. Ягоныя карціны выклікаюць асацыяцыі з Ван Гогам, Шагалам, Дыксам, але тое не кампіляцыі, а ментальная плынь, вобразны шэраг, адпаведны драматызму эпохі, у якой давялося жыць Акулаву.

Назва выстаўкі «Месцазнаходжанне» падаецца невыпадковай. Мастацтва мае сваю, адмысловую, геаграфію, і на карце яго ёсць мясціны, дзе кожны творца адчувае сябе як дома. Сваім сярод сваіх. Чым інакш патлумачыць уласцівае ўсім мастакам свету памкненне сцвердзіцца ў Парыжы? Там — зямля мары, духоўная радзіма. Тут — месцазнаходжанне. Але дазволім сабе меркаванне, што гэтаму прыхільніку Шапенгаўэра ўсё адно — Парыж ці Слуцк. Яму паўсюды будзе аднолькава добра ці аднолькава кепска. Аднолькава няўцямна. Разам з тым, змрочны экспрэсіянізм Уладзіміра Акулава не лішні ў экалогіі сучаснага беларускага мастацтва.

Пётра ВАСІЛЕЎСКІ, Алена КАВАЛЕНКА