|
Сёння, калі пытанні і прыярытэты ідэалогіі не адыгрываюць значнай ролі ў выяўленчым мастацтве, калі знік пафас іх пераадолення, зноў паўстала забытая тэма — феномен чалавека. Чалавек разглядаўся як аб’ект даследавання і рэфлексіі мастацтва ва ўсе часы. Але калі дзесяцігоддзі таму ішлі пошукі этнічнай, субкультурнай, нацыянальнай ідэнтыфікацыі вобраза чалавека, то сёння гэтая тэматыка набыла інтэрнацыянальнае гучанне. Новая антрапалогія была ўдала і дарэчы «агучана» Зееманам на біенале, яна адкрыла шырокі спектр чалавечых праяў — эмацыянальных, этычных, сацыяльных, якія пры гэтым не дазвалялі вызначаць сутнасць асобы праз вантробны крык ці сляпое насілле. Сёння апеляцыя да вобраза чалавека становіцца новым вымярэннем, новым досведам, карысным назіраннем. Праз гэты вобраз вырашаюцца сацыяльная праблематыка, тэма экалогіі, новае тэхналагічнае канструяванне, вылучаюцца рытмы паўсядзённага жыцця...
Але чаму за аснову вобразнай структуры новай чалавечай антрапалогіі Зееман узяў менавіта плато? Гэта ёмісты знак бясконцай плоскай прасторы, якая дакладна вызначае ідэю аднамернасці. Бо чалавек у антрапалагічных вымярэннях і ў творах выяўленчага мастацтва сёння вольны ад іерархій, каштоўнасных градацый, шмат’ярусных структур.
НАТАЛЛЯ ШАРАНГОВІЧ