За межы зямнога

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Іван Міско пра космас і лёс
Скульптар Іван Міско — постаць легендарная. Працаваў рэстаўратарам і мастаком-афармляльнікам у мінскім Мастацкім музеі, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. Усё жыццё працягвае дасканаліць пластычнае майстэрства.

/i/content/pi/mast/71/1196/artefakts_01_74.jpeg

Захапленне тэмай космасу прывяло Івана Міско да стварэння цэлай галерэі партрэтаў касманаўтаў (варта толькі ўбачыць на люстэрку ў майстэрні аўтографы тых, хто паслужыў мадэлямі, каб зразумець маштаб усёй дзеі), ён жа — аўтар шэрагу помнікаў і памятных знакаў на вуліцах гарадоў у Беларусі, Расіі, Германіі і Ліване.Сярод помнікаў, што стаяць на роднай зямлі, найбольш значныя — Маці-патрыётцы Анастасіі Купрыянавай у Жодзіне, Максіму Горкаму ў Цэнтральным дзіцячым парку Мінска (абодва — у супрацоўніцтве са скульптарамі Мікалаем Рыжанковым і Андрэем Заспіцкім і архітэктарам Алегам Трафімчуком), Ільі Рэпіну ў Здраўнёве. Аўтар бюстаў Пятра Клімука (у Брэсце і ў Тамашоўцы) і Уладзіміра Кавалёнка (у Крупках).

Іван Міско — народны мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, мае Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР і медаль Францыска Скарыны, з’яўляецца намінантам на прэмію Саюзнай дзяржавы...

Віншую з адкрыццём выставы ў Нацыянальным мастацкім музеі. У невялікім памяшканні здолела змясціцца значная колькасць творчых прац — у праектах, фотаздымках і рэалізацыях...

— Дванаццатага красавіка наступнага года мне даюць для ўласнай экспазіцыі вялікую залу ў галерэі Міхаіла Савіцкага — там будзе больш поўны агляд, а тут я сабраў толькі частку твораў па касманаўтыцы. Да Мастацкага музея маю асаблівы сентымент — гэта мая маладосць. У 1957 годзе я быў у шэрагу яго першых супрацоўнікаў. Там ляпіў пад гукі жалобнай музыкі скульптурны партрэт Юрыя Гагарына, эцюд будучага скульптурнага бюста Пятра Клімука. І разам з Аленай Аладавай мы пастаянна ездзілі ў Ленінград і Маскву — збіралі калекцыю для музея.

Тыя легендарныя рэйды... Якія ўспаміны пра Аладаву засталіся?

— Самыя лепшыя. Дзякуючы ёй я паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут: вечарам працаваў, а ўдзень хадзіў на заняткі — з дазволу міністра культуры Юрыя Міхневіча. Праз дваццаць гадоў выканаў праект помніка Маці-патрыётцы для Жодзіна і атрымаў вось гэту майстэрню. Высокая столь, голыя сцены… Яшчэ падумаў: чым жа такую прастору запоўню? Сёння я падараваў студыю гораду, гэта ўжо — музей-майстэрня Івана Міско. І тут жа мне пазіраваў Пётр Клімук, я ляпіў яго бюст для ўсталявання на радзіме.

Чаму космас стаў вашай асноўнай тэмай?

— Палёт Юрыя Гагарына даў моцны штуршок — і ў творчасці таксама. Было адчуванне выхаду за межы. Пазнанне нязведанага. Нават у стасунках з касманаўтамі атрымліваеш нейкую падзарадку.

Мае курсавыя работы ўжо былі на тэму космасу, і хоць людзі яшчэ не лёталі, мяне захаплялі спадарожнікі. Пасля Пётр Клімук запрасіў мяне ў Зорны гарадок. Я ўдзельнічаў у праграме «Інтэркосмас», сустракаўся з усімі касманаўтамі і ляпіў іх — ці да палёту, ці ў першыя месяцы пасля палёту.

Гэта была замова?

— Не, толькі маё асабістае жаданне. Дарогу туды мне праклаў Пётр Клімук, пасля — Уладзімір Кавалёнак, пасля — сям’я Гагарыных. Маці Юрыя, Ганна Цімафееўна, больш за дваццаць разоў была ў маёй майстэрні. Я ведаю ўсіх касманаўтаў, хто лётаў па праграме «Інтэркосмас», мяне нават запрашалі на міжнародныя кангрэсы па касманаўтыцы.

Касманаўт — асаблівы склад характару, адметны тыпаж... Якія рысы ім уласцівы?

— Яны ўсе імкнуцца быць падобнымі да Гагарына. І ўсмешкай, і дабрынёй, і нават прычоскай. Ёсць у іх такая традыцыя: перад палётам трэба прыехаць на радзіму Юрыя Аляксеевіча — у вёску Клушына — і выпіць вады з калодзежа каля яго дома.

Не так лёгка стаць адным з іх. Такія выдатныя традыцыі, павага адзін да аднаго! І з псіхікай усё ў парадку... У іх шмат таго, чаго няма ў нас — простых людзей, бо яны жывуць не звыклым зямным жыццём, а — Вышынёй. Будучым. Я б яшчэ дадаў: гэта паддоследныя істоты. Аднойчы задаў такое пытанне Кавалёнку: «Уладзімір Васільевіч, ці ёсць гарантыя, што ты вернешся?» Ён адказаў: «Якая гарантыя? І гэта вельмі ганаровая смерць». А якая мужнасць — паўгода правесці ў ізаляцыі: не адчыніш дзверы, не выйдзеш у краму... Побач напарнік, а гэта — прывыканне да чужога паху, да поту, праверка на сумяшчальнасць. Клімук казаў, што калі ў цябе на зямлі хоць крыху нервы не ў парадку, то ў космасе — гэта ўзрыўчатка.

Ёсць у мяне задума: у Мінску на вуліцы Касманаўтаў вырашыў зрабіць рэльеф на тарцовую сценку з касмічнымі зоркамі і з выявамі Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. Ідзе размова пра алею, дзе касманаўты будуць садзіць дрэвы. Увогуле, скульптурных ідэй у мяне шмат: паставіць бюст Казіміру Семяновічу — вынаходніку прататыпа шматступеньчатай ракеты, які жыў у сямнаццатым стагоддзі. І Надзі Хадасевіч-Лежэ на яе радзіме — у вёсцы Асецішчы Віцебскай вобласці.

Раскажыце пра сустрэчу з Надзяй Лежэ.

— Я тады працаваў у музеі, і Алена Васільеўна Аладава сказала, што прыязджае мадам Лежэ. І разам з міністрам культуры мы паехалі ў аэрапорт. Самалёт прызямліўся, ідзем да трапа, і раптам некаму прыходзіць думка, што ніхто ж не ведае французскай мовы — баяліся, што яна забылася сваю, беларускую. Яна сыходзіць з трапа і кажа: «Здравствуйте». Усе ўздыхнулі з палёгкай.

На рускай мове размаўляла?

— Не, на такой руска-беларускай трасянцы. Я быў яе ад’ютантам: насіў шубу ці паліто. А аднойчы ўзяў пластылін і зрабіў эцюд з натуры. Яна мяне запрашала ў Францыю, але я быў сакратаром партарганізацыі і таму не пусцілі. Страшэнна шкадую. Мне хочацца аддзячыць ёй і паставіць бронзавую постаць.

Яна ж была ўжо немаладая. Якой запомнілася?

— Так, гадоў шасцідзесяці. Простая, але вельмі прыгожая. Я шмат яе фатаграфаваў. Паводзіла сябе вельмі вольна. Адчувалася, што школа выхавання высокая. І школа жыцця: у 14 гадоў з’ехала з Беларусі — спачатку ў Польшчу, пасля ў Францыю, дзе выйшла замуж за Фернана Лежэ. Яна падаравала Аладавай шмат кніг і гіпсавых адлівак сусветных шэдэўраў, але Алена Васільеўна нічога дадому не занесла, усе ўнікальныя рэчы аддала музею. Гэта цяпер ляжыць у фондах. Цікава было б зрабіць экспазіцыю падарункаў мадам Лежэ.

Я адчуваў сябе маленькім хлопчыкам, якому дазволілі насіць яе шлейф. Яна пастаянна пераапраналася — то горача, то холадна ёй было. Прыехалі яе родзічы, яна іх адчытвала: маўляў, сонныя вы нейкія, на работу ходзіце як хочаце. «А я — багаты чалавек, я кожны дзень працую, таму што вакол мяне мільярдэры, якія ў любы момант могуць усё скупіць».

Страшэнна любіла сушаныя баравікі. І Аладава перад яе прыездам назапашвала іх у вялікай колькасці.

Адчувала нейкую настальгію па радзіме?

— Так. Калі яна памерла, ішла размова пра тое, каб пахаваць яе ў Беларусі. Чаму гэтага не адбылося? Гатэль, дзе яна жыла, быў побач з Палацам спорту, і ў яе з’явілася ідэя: на казырку будынка размясціць мазаіку Фернана Лежэ. Зрабіла праект, прывезла ў ЦК і прапанавала аплаціць усе выдаткі. Ніхто не сказаў «не», але не сказалі і «так». Вось бы вярнуцца да гэтай ідэі! Я стараюся ўсе запаветы выконваць, выканаў просьбу Ганны Гагарынай — зрабіў скульптурны партрэт сына для яго радзімы. Але як жа быць з задумай Надзі Лежэ? Выдатная была б памяць пра яе…

Эскізы знайсці рэальна?

— Так, рэальна.

Космас асноўная, але не адзіная ваша тэма. Вы часта звяртаецеся да вобразаў гістарычных герояў…

— Усё залежыць ад замовы, а замову шукаеш сам. Вось зараз, напрыклад, мы разам з Аляксандрам Фінскім выйгралі конкурс і будзем рабіць помнік Максіму Танку ў Мядзелі.

Калі працуеце над гістарычнымі постацямі, стылізуеце іх вобразы пад эпоху?

— Першае, што заўсёды робіш: шукаеш матэрыялы таго часу. І не толькі тыя, што непасрэдна тычацца твайго героя. Калі рабіў Льва Сапегу, шукаў сабаку, якога абавязкова мелі магнаты, і не знайшоў прататыпа. Сапегу не зрабіў, і сабака «перайшоў» у помнік Сяргею Аксакаву для Башкірыі. Настолькі арганічна помнік упісаўся ў прастору, што мясцовыя людзі сказалі: «Нарэшце вярнуўся гаспадар!» А бронзавага сабаку дзеці сталі выкарыстоўваць як крэсла.

Якая скульптура вам бліжэй: жанравая ці манументальная?

— Манументальная, асабліва партрэт. І я вельмі люблю маляваць людзей, шаную лінію, якой можна дасягнуць прасторы, аб’ёму. Партрэт — самы складаны жанр. Згадваю, як нас вучыў ляпіць галаву Аляксей Канстанцінавіч Глебаў: спачатку ў партрэце павінна быць канструкцыя. Гэтак жа, як будуеш дом: ёсць вертыкаль, і на ёй можна што заўгодна размяшчаць. Ну а далей — псіхалогія, дэталі. Калі я рабіў эцюд касманаўта Алега Навіцкага, вырашыў, што някепска атрымалася, але падчас другога ягонага прыезду зразумеў: не тое. Убачыўшы яго маці, сястру, адзначыў родавае — сямейныя рысы. Пачаў наноў, нават зняў з яго маску — і яна не перадала сутнасць…

З натуры люблю ляпіць — гэта жыццё, стасункі. Памятаю, рабіў партрэт Уладзіміра Ралько, старшыні калгаса, двойчы Героя. Я ўявіў яго ў швэдры грубай вязкі — як ён стаіць у полі. Але высветлілася, што швэдар ён ніколі не апранае. Прынёс фатаграфію, дзе ён у гальштуку, і я перарабіў эскіз. Прыязджае: зноў не тое. Гальштук ён, аказваецца, надзявае толькі на прыём да Машэрава, а як выходзіць з кабінета, дык адразу яго здымае: «Я люблю свабоду». І тады я пры ім запускаю рукі ў гліну і разрываю скульптуру ў раёне гальштука. І ён кажа: «Ну нарэшце я падобны». Вось якой дэталлю ён мяне зачапіў. А жонка ўвогуле мужа не прызнала: «Ты ж каляровы, а тут нейкі чорны».

Вернемся да гістарычнай тэмы. Вы самі выбіраеце герояў скульптур?

— Канешне, абвяшчаюць конкурс, і ты глядзіш, блізкая табе тэма ці не.

Аднойчы прачытаў маленькую кніжку пра Казіміра Семяновіча, захапіўся і зрабіў бюст — для сябе, без заказу.

Замова ў скульптуры многае вызначае. А яе адсутнасць у старыя часы магла перарасці ў непрыемнасць. Аднойчы па ўласным жаданні зляпіў бюст Сяргея Прытыцкага — пазванілі з ЦК і забаранілі. Памірае Прытыцкі — зноў званок. Нам патрэбны бюст. А я яго ўжо знішчыў. Зараз разумею, што не варта было гэтага рабіць.

Ну так, скульптар — не графік. «У стол» не палепіш...
Каго вы лічыце сваімі настаўнікамі?

— Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава.

А з сусветнага мастацтва?

— Усіх. Таму што вучыцца ніколі не позна, незалежна ад узросту. А самая лепшая вучоба для скульптара — удзельнічаць у міжнародных пленэрах. Цудоўная школа. Апошні раз ездзіў у Ліван, цэлы месяц там правёў. Арабы — вялікія майстры ў працы з гранітам. Тры дні не мог нічога рабіць: хадзіў і глядзеў. У нас няма школы, усё, што тут робіцца, наша самадзейнасць. Тэхналогіі страчаны. Ліцця няма — якое гэта ліццё, калі аўтарскі слой, адбіткі пальцаў мы павінны наждачнай паперай прыбіраць.

Якраз перад развалам Саюза мы хацелі наладзіць гальванапластыку, ездзіў па вопыт у Кіеў. Гэта тэхналогія найбольш дасканалага ліцця, яна ўсё захоўвае.

Якая скульптурная тэхніка вам больш блізкая — імпрэсіяналістычная?

— Так, люблю мазок, эскізнасць, жывую лепку. Аднойчы дапамагаў Заіру Азгуру рабіць яго персанальную экспазіцыю. І маэстра захацеў мне нечым аддзячыць. Я папрасіў які-небудзь яго эскіз. Ён згадзіўся і паабяцаў, што прыйдзе і мяне палепіць. Зрабіў загатоўку, Азгур прыйшоў у музей: адчыніліся дзверы, ён карцінным жэстам кідае пінжак у паветра, падыходзіць да глінянай балванкі, вялікімі пальцамі ўразаецца туды, дзе павінны быць вочы, мезенцам падкрэслівае падбароддзе. Уражанне, нібы коршак накінуўся на здабычу — толькі пёры лятуць. Незвычайнае было відовішча. А на другі дзень твор патух. Памятаю, Глебаў некалі сказаў нам, студэнтам: «Азгур — вялікі скульптар. Але трэба даведацца, калі ён робіць першы сеанс. Пасля падпільнаваць, калі ён пойдзе дахаты, праз акно залезці да яго ў майстэрню з мехам гіпсу, зняць копію і ўцячы». А ён жа напрыканцы браў наждачную паперу і пачынаў драіць. І таму наждачную паперу мы называлі азгуркай.

Жывое дыханне я вельмі цаню ў творы.

Ці ёсць людзі, меркаванне якіх важнае для вас?

— Я нікога не слухаю. Заўвагі і пажаданні мне не патрэбны, бо я ўжо не выпраўлюся. У свае восемдзесят гадоў не перараблюся, магу толькі дасканаліцца. Сёння праца падабаецца, назаўтра прыходжу — глядзець не магу. Бываюць рашэнні, якія нават мяне пераконваюць. Вось бюст Казіміра Семяновіча — капялюш на галаве са зламаным брылём. Я так уявіў момант, калі ён зрабіў адкрыццё і ад хвалявання зламаў брыль капелюша...

Чаго не хапае нашай скульптуры?

— Замоўцаў. З нашымі майстрамі могуць адбыцца такія ж рэчы, як з непрактыкуючым хірургам: мы страцім прафесійную форму. У гэтым годзе ў якасці старшыні экзаменацыйнай камісіі назіраў абарону дыпломаў: з кафедры скульптуры выпусцілі шэсць чалавек. І дзе яны будуць працаваць? Кім? Ці ездзіць у Польшчу, Германію...

І пакідаць там шыкоўныя працы... Калі прыходзіш у майстэрню скульптара пасля летніх месяцаў і бачыш, што ён зрабіў падчас міжнародных сімпозіумаў, крыўдна, што ў нашых гарадах нічога падобнага няма і хутчэй за ўсё не прадбачыцца...

— Якія цудоўныя эскізы ёсць! Сумна. Зойдзеш у майстэрню сваіх калег: у кожнага так шмат задумак. І нічога не праб’еш. Шмат архітэктараў да мяне прыходзіць, і я ім задаю пытанне: чаму нельга ўкласці замову на дробную пластыку, на скульптурны твор у архітэктурны праект? Тлумачаць, што ні адзін замоўца гэтага не хоча.

А мастацкая рада ніяк не можа паўплываць?

— Мы можам уплываць толькі на ідэйны бок, на лепку. А замоўца заказвае сваю музыку.

А прыватны?

— А прыватнага няма. Вось у часы Савецкага Саюза ў студзені кожнага года складаўся план, і я ўжо ведаў, што буду рабіць у наступным снежні.

Вам жа дыктавалі тэму, форму, ідэйны змест...

— Ну і што? Зараз поўная свабода, рабі што хочаш, а сэнс? Скульптар не можа заплаціць за майстэрню! Ведаю некалькі такіх прыкладаў. Прыехаў калега з Віцебска — адмаўляецца ад майстэрні. «Чаму, над чым зараз працуеш?» — «Толькі эскізы выконваю. Без рэалізацыі. А не ляпіць не магу. Рукі патрабуюць гліны».

Паглядзіце на нашу плошчу Незалежнасці: скульптура і архітэктура праектаваліся адначасова — постаць Леніна ўпісана ў прастору, створаную Лангбардам.

А зараз: атрымаў замову, і калі праз чатыры месяцы скульптуры не будзе, то і не трэба. Каму патрэбна скульптура, якая робіцца за чатыры месяцы? Шэдэўрам яна не будзе, гэта дакладна. Такія скараспелкі пагоды не робяць. Добра было б, каб меўся план манументальнай прапаганды. Бабру, агурку могуць жа паставіць помнікі. Чамусьці на гэтыя рэчы сродкі знаходзяцца.

Ну дык лепш бабру, чым слуцкім ткачам у такой суровай сацрэалістычнай інтэрпрэтацыі Гумілеўскіх. Ідэя выветрылася, форма нежыццяздольная. Несучасна.

— А што такое сучаснае?

Адэкватнае часу і прасторы.

— Адзін сказаў: сучаснае — гэта зробленае сёння.

Ёсць такі канцэпт. Толькі ў гісторыю мастацтва перацякаюць творы ў той інтэрпрэтацыі сучаснасці, якую я згадала.

— Мне проста крыўдна, што хаджу па майстэрнях і нічым не магу дапамагчы. Быў у многіх еўрапейскіх краінах — каму там толькі не стаяць помнікі! Розных кірункаў. І яны нікому не перашкаджаюць, бо гэта гісторыя краіны і гісторыя мастацтва.

Быў бы багатым чалавекам, стаў бы калекцыянерам. Як яшчэ дапамагчы творцу?!!

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва