Ecce Homo

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Выстава Аляксандра Забаўчыка «Чалавек»
«Чалавек» адкрыўся ў юбілейны дзень нараджэння мастака, але менш за ўсё выстава нагадвала падвядзенне вынікаў. Аляксандр Забаўчык заўсёды ў руху, яго оптыка мяняецца.

/i/content/pi/mast/71/1192/artefakts_01_26.jpeg

Вершнік. Алей. 2012.

Парадаксальна, што энергія і колер — асноўныя сродкі яго невербальнай мовы, і ўсё ж гэта не поўная абстракцыя, колерам ён абсалютна дакладна можа выказаць ідэю, драматургію. Як вобраз знаходзіць менавіта дадзеную, а не іншую форму, незразумела... Ёсць у палотнах нявызначанасць, няўлоўныя вобразы нараджаюць пачуццё блізкасці, але не інтымнасці. Чамусьці згадваецца фраза Барнэта Ньюмэна аб тым, што мастак, падыходзячы да нечага новага, пачынае з драпіны. Увогуле, без гутаркі было не абысціся.

Ёсць розныя канцэпцыі сучаснай прэзентацыі жывапісу. На Захадзе яна асэнсавана ўпісваецца ў экспазіцыйную прастору... Як бы вы хацелі прадстаўляць свае творы ў ідэальнай сітуацыі?

— Я нічым не адрозніваюся ад іншых, знаходжуся ў кантэксце сучаснага мастацтва. Патрэбна белая сцяна, падсветка, прастора... У нас пакуль нерэальна спраектаваць і пабудаваць музей. Хоць сёння ўсё можна прыдумаць і зрабіць. У нас хапае і мысляроў, і выканаўцаў. Праўда, да іх не даходзяць вока і думка. Таму што яны не пхаюцца, а ў нас любяць паштурхацца, пра сябе заявіць. Людзі не разумеюць, што час усё расставіць на свае месцы, яны як быццам напалоханы канцом свету: нядаўна вельмі спяшаліся, каб не спазніцца... Зараз, здаецца, шкадуюць, што адтэрміноўка выйшла.

Ці згодны вы з фармулёўкай «Нельга апісаць, але можна адчуць», калі кажуць пра карціну? Гаворка ідзе таксама пра тэндэнцыі: у адным выпадку лічыцца, што мастаку і гледачу патрэбен куратар, тэкст, каб зрабіць мастацтва зразумелым, а паводле іншага меркавання мастак можа мець стасункі з гледачом наўпрост. Калі абыходзіцца без пасрэдніка, у гэтым полі не будуць разрастацца міфы і фантомныя рэпутацыі.

— Я пісаў у прадмове да выставы пра пераход ад штучнасці да натуральнасці.

У нас Малевіча зразумелі толькі праз 100 гадоў. Яго мастацтва — чысты інтэлект, бо ў прыродзе няма прамых ліній і квадратаў. Малевіча трэба было тлумачыць, яму патрэбен быў інстытут мастацтвазнаўцаў.

Але ёсць іншае мастацтва — мова эмоцый, вібрацый. І маё — яно з даверам да гледачоў. Назвы ў карцін умоўныя, але калі праца пазначана «6, 28», пра яе цяжка ўспомніць, а словы ўсё ж пра нешта кажуць гледачу.

У пэўным сэнсе кампазіцыя адносная. Карціну можна павесіць на іншы бок і бачыць яе па-іншаму. Я калісьці гэта прыдумаў, але трэба было б яшчэ давесці... Яна будзе ўздзейнічаць розным чынам і набудзе нават сэнс сямейнай інфармацыі: чалавек прыходзіць дахаты, паварочвае яе, і ўсе ведаюць, у якім ён настроі. Такое мастацтва — гэта мова: напрыклад, у «Караедах» многія людзі ўбачылі пэўныя выявы, пейзажы.

Антоніа Гаўдзі сёння ўсе апладзіруюць, у яго ўсё працуе наўпрост, без тлумачэнняў — хоць зразумелі яго не адразу.

Узровень гледача цяпер такі, што яму можна давяраць. Гэта высокі ўзровень: калі чалавек прыйшоў слухаць Альфрэда Шнітке, ён, напэўна, ведае, навошта прыйшоў, і не пытае, што адбываецца на сцэне.

Глядацкі погляд цяпер сфарміраваны сучаснай візуальнай культурай, дызайнам: мы ўспрымаем хутка, счытваем тое, што відавочна. У вас — поўны разрыў з рэчамі прыкладнымі і павярхоўнымі. Якога водгуку ад публікі вы чакаеце? У мяне ёсць адчуванне, што, сузіраючы карціну, глядач тут жа звяртаецца да сябе самога: ці гатовы ён бачыць і разумець свет паводле адчування мастака? Вы агаляеце сэнсы, ваша праца ўжо зроблена, а вось глядацкая... Гэта яшчэ пытанне.

— Я — не малады чалавек і сябраваў з рознымі людзьмі... Бяда сучаснай моладзі ў тым, што яны мала ведаюць адзін аднаго. Можна доўга кантактаваць у сетках і не зразумець нічога, але калі б яны пайшлі ў паход, то адразу ўбачылі б сутнасць кожнага. Бо там, у паходзе, шмат чаго трэба: аднаму распаліць вогнішча, другому паставіць намёт... І культура двара сышла: можна было сябраваць, потым сварыцца, а потым зразумець, што мы любілі адну і тую ж музыку і чыталі адны і тыя ж кніжкі. Школай была літаратура — тут гаворка ішла пра галоўнае.

Але ўсё загубіла эканоміка — як новы спосаб жыць у доўг. А «дзеці» — яны яшчэ і жорсткія ў гэтым сэнсе. Цягам жыцця ідзе працэс падаўлення жорсткасці, і ўрэшце ты павінен ад гэтага пазбавіцца...

Што з гэтага вынікае? Што кожны робіць уласны выбар шляху — сцяжынкі, дарожкі ці асфальтаванай шашы.

А мастацтва — гэта мова. І гук, і фарба — мова. Мастак навучаецца, ён мусіць знайсці сваю мову, каб сябе ідэнтыфікаваць і ведаць, што на ягонай мове больш ніхто не лаецца. Таму мастак не можа нікога капіраваць.

Няма падобных пытанняў да музыкі — таму што гэта такі від мастацтва, іншы. Мяне заўсёды дзівіла, што маленькае дзіця можа выконваць, скажам, Дзмітрыя Шастаковіча — значыць, былі ў яго жыцці расчараванне і шчасце, калі, маленькае, яно можа адчуваць не менш за сталага чалавека. Яно валодае музычнай мовай.

Не ўсе растуць аднолькава, але чалавек расце, ён абавязаны гэта рабіць, інакш няма сэнсу.

Мастак, які знайшоў сваю мову, рызыкуе паўтараць сябе і тыражаваць тое, што знойдзена.

— Пакуль пра гэта не думаў, у мяне ёсць яшчэ шмат задуманага і няздзейсненага. Я не баюся самапаўтораў. Але вось выдатны мастак Барыс Забораў: глядзіш на яго выставе адну залу, другую, трэцюю... Я ўбачыў страх чалавека, які баіцца быць іншым. А я не баюся.

Наколькі для вас важны канцэпт, узаемадзеянне жывапісу са словам? Ці ўсё ж першасная візуальная выява? Як, калі ўзнікаюць гэтыя рэчы падчас працы?

Леанарда да Вінчы раіў мастакам глядзець на аблезлую сцяну або тынкоўку, каб убачыць выяву. Вам гэта зразумела, ці аснова выяў усё ж іншая?

— Зразумела, усе мастакі гэта праходзілі, нават у рамачку бяруць кавалак «сцяны». Але ёсць і іншае... І сэнс па-рознаму з’яўляецца — напачатку, і ў працэсе, і ў выніку.

Гэта хірург ведае, што і як рэзаць. Ад таго залежыць, будзе чалавек жыць ці памрэ. У нас няма такіх памылак. Ну, не зразумеюць цябе або зразумеюць не так... Наадварот, часам здаецца — памылка, а потым высвятляецца, што яна і ёсць тое, што трэба.

Што да канцэптаў і праектаў, дык магу толькі сказаць, што мне не падабаецца інстытут куратарства. Для мяне куратар — гэта чалавек, які малюе мастаком. Гэта абразліва. Нават улада не малюе, хоць быць ад яе зусім вольным нельга. Яна можа кіраваць, але яна не малюе.

Калі б яшчэ куратар быў чалавекам з прызнанай рэпутацыяй, якому давяраюць усе — і знаўцы, і абывацелі. Мы пазбаўлены такіх людзей, я не ведаю ў Мінску такога чалавека. Пакуль гэта ўсё — крывадушнасць.

У Маскве быў Валерый Мартынчык, вось ён мог...

Зыходзячы з прац на апошняй выставе, ёсць адчуванне, што вы імітуеце прыёмы лічбавай графікі, выкарыстоўваеце скажэнне малюнка як прыём. Ці так гэта?

— Не, гэтага няма. Наадварот, я ўсё жыццё пазбаўляўся ад залежнасцей, каб быць вольным чалавекам. А што такое лічбавыя тэхналогіі? Хіба там ёсць аўтар? Гэта ж поўная залежнасць!

Мне цікавыя прыродныя рэчы, напрыклад, паверхня мармуру. Калі толькі пабудавалі мінскае метро, я спускаўся і любаваўся мармурам — у ім бачныя постаці, твары, танцы, куча ўсяго...

Калі праца пішацца доўга, а патрэбна аднастайная інтэнсіўнасць.... Ці можна гэтага дасягнуць? Ці ёсць наогул гэта праблема?

— Камусьці падабаецца рукатворнасць, каб можна было сказаць: «гэта напісана крывёй», «адчуваецца боль мастака», але гэта не маё. Мне не падабаецца бачыць чужыя пакуты і паказваць свае таксама — навошта камусьці мае чарнавікі?

Хочацца, каб не было відаць працы — ні мазка, ні лініі, нібы ўсё выпадкова... Гэта як зрэз мармуру...

Часта не на карысць выніку, але мне прасцей перарабіць працу. І хай будзе лёгкасць, ілюзія выпадковасці.

Па вялікім рахунку, для мастака нічога не прыдумана, апрача выставы. Я маю на ўвазе не альбомы і даследаванні, а публічную прэзентацыю. У нас гэта — вялікія выдаткі самога аўтара і не вельмі зразумелы вынік. Усе ў адзін голас кажуць: навошта мы гэта робім?!

— Таму што праца мастака — выстаўляцца. Паказваць новыя работы, зробленыя за вызначаны прамежак часу. Патрэбна зваротная сувязь, хай невялікая. Прыходзяць людзі, якіх ты ніколі не ведаў, і кажуць «дзякуй».

Я быў нядаўна ў клубе на канцэрце моцных італьянскіх музыкаў. Але публікі было вельмі мала. Здавалася б, яны суперпрафесіяналы, можа, наогул не будуць выступаць? Не, адпрацавалі класна! Прыйшло некалькі чалавек? Гэтага досыць.

Мне нават падабаецца, калі няма ажыятажу. А масавая культура хай застанецца масавай.

Я, напрыклад, люблю працаваць з дрэвам. Але за лёгкасцю стаіць праца — гэта заўсёды, мы аднолькавыя ў неабходнасці высілкаў. Праўда, не ўсе атрымліваюць зваротную сувязь, ацэнку сваёй працы. Але з часам тое становіцца не такім ужо важным.

...Гэта выдатна — быць вольным і нікому не замінаць. Для мяне ў кожным чалавеку ёсць сэнс. Ты сам — кантакты і шліфоўка сэнсаў. Ты сам — уласная таямніца, якая ніколі не адкрыецца, інакш ты не будзеш чалавекам.

Любоў ГАЎРЫЛЮК