Два рэжысёры ў адной кватэры

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Віктар Аслюк і Вольга Дашук — пра свае новыя стужкі
Кожны фільм Віктара Аслюка робіцца падзеяй, выклікае павышаную цікавасць — калег, крытыкі, гледачоў. Манеру працы Аслюка спрабуюць імітаваць і пераймаць (напэўна, спадзеючыся дасягнуць такога ж прызнання). Але ягоныя карціны — адлюстраванне філасофіі рэжысёра, стаўлення да рэчаіснасці і прафесіі. Ён паглыблены ў свой унутраны свет і, здаецца, нікога туды не пускае. Мо, толькі жонку — Вольгу Дашук.

/i/content/pi/mast/71/1190/artefakts_01_20.jpeg

«Кінааматар. Восеньскі сон». Рэжысёр Вольга Дашук.

Яна таксама рэжысёр неігравога кіно. На творчым рахунку Вольгі каля дзесяці фільмаў. Апошнія гады яна працуе плённа і паступова набірае моц.

З рэжысёрамі мы гутарым пасля выхаду іх нядаўніх стужак. Фільм Вольгі «Кінааматар. Восеньскі сон» быў прадстаўлены на Кракаўскім фестывалі, на фэсце «SilverDocs» у Вашынгтоне (туды раней не траплялі карціны нашых рэжысёраў), з’ездзіў ён і на берлінскі фестываль «Prix Europa», дзе вызначаецца лепшая еўрапейская тэлепрадукцыя. На «Лістападзе-2012» стужка атрымала прыз Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, на кінафоруме «Залаты Віцязь» — сярэбраны прыз.

Карціна «Цяпло» Віктара Аслюка паказвалася на фестывалях «Панарама» (Патры, Грэцыя), «Пасланне да чалавека» (Пецярбург, Расія), на фэсце «dokumentART» (Нойбрандэнбург, Германія і Шчэцін, Польшча). Нядаўна заваявала Гран-пры фестывалю чорна-белага кіно «Black & White» у Партугаліі. Карціна — лідар па ўдзеле ў міжнародных фэстах і па колькасці ўзнагарод сярод айчынных неігравых фільмаў.

Поспех будучай стужкі шмат у чым залежыць ад выбару тэмы. Яна павінна быць цікавай і рэжысёру, і гледачу. Чаму вы вырашылі здымаць менавіта «Кінааматара…» і «Цяпло»?

Вольга: Аднойчы на здымках убачыла, што шафёр у машыне чытаў газетны артыкул пра кінааматара Анатоля Шнэйдэра, які палову стагоддзя здымае кіно. Тэма зачапіла, я знайшла героя. Для мяне гэты немалады чалавек, якому больш за 80, стаўся адкрыццём. Пісьменнік, журналіст, Анатоль Антонавіч цікавіцца зямлёй і людзьмі, якія жывуць на ёй. З ім было лёгка працаваць, такі герой — асоба, моцная духам.

Падалося, у фільме ўзнікае вобраз сучаснага Язэпа Драздовіча, вечнага вандроўніка, які ходзіць па вёсках і замалёўвае сучаснае жыццё. Толькі не з дапамогай пэндзля, а відэакамерай...

Вольга: Яшчэ ў савецкі час Анатоль Антонавіч захапіўся працэсам кіназдымак. Калі ў Цэнтры культуры набылі камеру, ён пачаў здымаць, весці летапіс свайго краю...

Віктар: У мяне сітуацыя прасцей. Дырэктар «Белвідэацэнтра» Юрый Ігруша прапанаваў зняць фільм пра Смілавіцкую фабрыку, дзе вырабляюць валёнкі, і я пагадзіўся.

Вольга: У дзяцінстве летам я жыла ў Смілавічах, у дзеда з бабуляй. На фабрыку, дзе і цяпер робяць валёнкі, хадзіла ў душ мыцца. Адна з жанчын, якіх Віктар здымаў, працуе на фабрыцы ўжо гадоў 50. Можа, яна ведала маіх дзеда з бабкай…

У стужцы «Цяпло» няма ніводнага слова, толькі гукі вытворчага працэсу. Шмат буйных планаў, праз іх узнікае калектыўны партрэт работнікаў фабрыкі. Вы імкнуліся найперш адлюстраваць аўтэнтычны промысел?

Віктар: У Расіі зняты фільм, які называецца «Валёнкі». На фабрыцы, дзе іх вырабляюць, рэжысёр распытвае, героі распавядаюць, што і як тут было раней. Але што такое кіно? Найперш адлюстраванне, тое, што здымаецца, а не тое, пра што распавядаецца. Людзі працы і наогул праца — вечная, абсалютная тэма для неігравога кіно. І чым больш ручной працы, тым мне як аўтару цікавей. Але тэма патрабуе адпаведнага вырашэння. Не ўпэўнены, што меў на мэце стварыць метафарычную выяву. Хацеў паказаць людзей, якія значную частку жыцця праводзяць у такім незвычайным, фактурным месцы. Шмат пары і пылу, асяроддзе і ўмовы фарміруюць твары — яны маюць пячатку прафесіі. Што бы мы ні здымалі, пра што б ні разважалі, заўсёды гаворка ідзе пра чалавека. У свой час зрабіў фільм «Шахта», пра салігорскіх шахцёраў. Калі працаваў над «Цяплом», у нечым паўтарыў прыём, выкарыстаны ў «Шахце». Там я сканцэнтраваўся на тварах шахцёраў, а ўжо потым на эстэцкіх момантах, калі, напрыклад, яны ехалі па бясконцых падземных тунэлях пад музыку Бетховена. Праца шахцёраў фізічна вельмі цяжкая, але ў ёй прысутнічае паэзія.

Вольга, у карціне «Кінааператар...» таксама шмат твараў, але ваш рэжысёрскі падыход да пабудовы фільма і паказу герояў іншы. Вы даяце ім магчымасць размаўляць...

Віктар: Хіба гэта кепска?

Не. Лічу, што Вольга вырашае тэму іначай. Калі вы, Віктар, больш правакуеце герояў, дык яна, наадварот, ставіцца да іх далікатна, раскрывае асабісты свет праз учынкі, дэталі, імкнецца зразумець матывацыю...

Вольга: Калі прыязджаеш да людзей і яны бачаць цябе першы раз, складана дамагчыся, каб яны табе расказалі тое важнае, што тычыцца іх жыцця. У фільме «Восеньскі сон» мы з героем рухаліся ў адным накірунку. Ён служыў «ключом», каб людзі даверыліся нам, дазволілі зайсці ў дом і пачалі размаўляць.

У фільме шмат момантаў непадробнага жыцця. Напрыклад, жонка з пяшчотай трымае руку сляпога мужа. На такіх дэталях будуецца кіно...

Вольга: Падобныя кадры ідуць без слоў. Лепш, калі можаш расказаць гісторыю, не выкарыстоўваючы вербальную падтрымку. А ў дачыненні да гэтай пары — іх лёс і адносіны красамоўныя без тэксту.

Звычайна вы рыхтуецеся да размовы з героем, якога будзеце здымаць, ці ўсё вырашаеце на месцы?

Вольга: Тут мы не маглі рыхтавацца, таму што большасці ўдзельнікаў карціны раней ніколі не бачылі, проста ішлі за героем. Яго хвалюе, што ў родных мясцінах амаль нікога не засталося. Герой нарадзіўся ў краі, напоўненым жыццём, а цяпер бачыць заняпад патрыярхальнай цывілізацыі.

Вы здымалі, скажам так, «адыходзячую натуру»?

Вольга: Але. Напрыклад, бабулю, якая кажа: «Пайду пагляджу, што там за людзі. Скажыце мне, якія вы людзі?» Жанчыне 92 гады. У яе вёсцы існуе такі лад, які ўжо мала дзе існуе. Сплывае тая эпоха...

Калі вы пачынаеце працу над фільмам, адразу адчуваеце сімпатыю да герояў або яна ўзнікае ў працэсе здымак?

Вольга: Стасункі з героем могуць быць складаныя. На пэўны час ты з ім збліжаешся, трапляеш (а мо нават урываешся) у яго асабістую прастору. Як рэжысёр я часам адчуваю раздражненне, бо герой можа падмануць, быць няшчырым. Але ён мае на гэта права, бо я падыходжу да яго, а не ён да мяне. Таму нельга злаваць. Аднак усё роўна ўзнікае давер, без яго немагчыма нічога зняць. Калі герой бачыць, што ты сапраўды ім цікавішся — водгук абавязкова будзе. Памятаю, рабіла фільм пра доктара Мураўёва, знакамітага анколага, выдатнага спецыяліста, які памёр раптоўна, у росквіце творчых сіл. Гэты чалавек застаўся ў маёй свядомасці, нават бачыла яго ў сне...

Віктар, у вашай стужцы «Цяпло» няма галоўнага героя. Прасцей працаваць, калі герой ёсць? Увогуле з якіх этапаў складаецца работа над фільмам?

Віктар: Прасцей, калі ёсць падзея. У творчым працэсе можа быць некалькі варыянтаў. Першы. Сядаеш за стол, прыдумляеш-малюеш фільм, здымаеш тое, што патрэбна, і манціруеш. Другі. Калі з пачатку да канца не можаш сфармуляваць, пра што будзе стужка, здымаеш запар, ідзеш за тэхналагічным працэсам. Падчас здымак здаецца, што прыдумваеш фільм. Хоць, як правіла, да канца нічога не прыдумляецца, усё прыпадае на мантаж. Сядаеш, глядзіш матэрыял, узнікае пэўны вобраз, і ў адпаведнасці з ім будуеш карціну. Ідэальна, калі сумяшчаюцца першы і другі варыянты. Можна здымаць і па інтуіцыі. Трапляеш на падзею, адчуваеш: сёння гэта самае важнае, і здымаеш. «Цяпло» рабіў менавіта так. Сярод многіх выбіраў двух-трох чалавек, і цэлы дзень здымалі толькі іх. А сярод дзесяці працэсаў выбіраў самы выразны. Потым зманціраваў фільм вельмі хутка.

/i/content/pi/mast/71/1190/artefakts_01_19.jpeg

«Цяпло». Рэжысёр Віктар Аслюк.

Два рэжысёры ў сям’і — не зашмат? Што вы робіце часцей: раіцеся ці канфліктуеце?

Віктар: Вользе цяжка са мной. Хоць мы вучыліся разам, здымаць яна пачала значна пазней. Спярша нарадзіла двух сыноў, займалася імі. Як блізкія людзі, мы з Вольгай, здараецца, больш крытычна ставімся адно да аднаго. Як старэйшы і мужчына, я, вядома, імкнуся дамінаваць. Яна — жанчына, і да многіх рэчаў у яе іншы падыход, у тым ліку і да выбару тэмы. Магчыма, я менш эмацыйны, чым яна. Напрыклад, у дачыненні да герояў захоўваю дыстанцыю. Поспех у дакументальным кіно часам залежыць ад таго, ці трымаеш ты гэтую адлегласць.

Вольга: Я імкнуся, каб герой зрабіўся маім саюзнікам. А для Віктара такая акалічнасць не надта важная.

Мне падаецца, вы гарманічная пара і з павагай ставіцеся адно да аднаго. У сем’ях, дзе збіраюцца таленавітыя асобы, гэта заўсёды цяжка, бо існуе творчая рэўнасць і зайздрасць. Ці ёсць яна ў вас?

Вольга: Калі другога чалавека ты ўспрымаеш як частку сябе, дык як можаш зайздросціць самому сабе?!

Віктар: А я Вользе зайздрошчу, бо ў яе наперадзе больш, чым у мяне. Часам суцяшаю сябе, што паколькі яна маладзейшая за мяне, то і я маладзей за сваіх равеснікаў. Што датычыць адносін з іншымі рэжысёрамі, вядома, часам сочыш раўнівым вокам. Але калі чалавек адораны і дасягнуў поспеху, ты яму не зайздросціш, а адчуваеш захапленне.

Многія вашы фільмы дэманстраваліся на прэстыжных фестывалях. А ў Беларусі неігравое кіно не мае шырокай аўдыторыі, не паказваецца на тэлеканалах. Ці не было жадання з’ехаць на час у іншую краіну і працаваць там?

Віктар: А сэнс?.. Для гэтага трэба быць маладым і авантурным. Калі маеш вопыт, разумееш, што шанец атрымаць там магчымасць зняць годны фільм — мінімальны. Мой знаёмы з Кіева пяць гадоў падмятаў вуліцы ў Венецыі, каб на шосты атрымаць працу на тэлебачанні і рабіць адзін фільм у два гады. Але атрымліваць прафесію трэба дома. Тут чыстае поле, ты можаш ладзіць эксперыменты. А потым можна і ехаць... (Смяецца.) Але гэта словы чалавека, які нікуды не паедзе.

Віктар, вы — прафесіянал такога ўзроўню, што маглі б набраць курс маладых рэжысёраў, але не робіце гэтага. Хапае таго, што кансультуеце і вучыце жонку?

Віктар: Яе было каму вучыць, у яе бацька — выдатны рэжысёр.

Дарэчы, Вольга, а Віктар Дашук у чымсьці дапамагае вам як рэжысёру?

Вольга: Ён не глядзеў ніводнага майго фільма. Чаму? Спытайцеся ў яго. Але бацька часта раіць, якую тэму ўзяць для наступнай карціны. Здараецца, не згаджаюся, але тым не менш некалькі фільмаў зрабіла на тэмы, што ён падказаў. Вядома, ты не можаш развівацца так, каб на цябе хтосьці не ўплываў. І бацька, і Віктар, і сям’я ўвогуле. Але з уплывам атрымліваецца, як з літаратурай высокага ўзроўню: ты прачытаў геніяльны твор, успрыняў яго, а праз пэўны час пачынае здавацца, што гэтыя ідэі ты сам і нарадзіў...

Наталля СЦЯЖКО