Палёты над Віцебскам

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Здавалася б, пастаўлены ў Рускім тэатры сярод юбілейнай мітусні, адразу дзеля дзвух беларускіх зорак -- Бэлы Масумян і Наталлі Гайды -- «Валянцінаў дзень» ніякіх нечаканасцей не абяцаў. Гэткая сучасная нью-кан’юнктура. Так, Масумян і Гайда -- здатныя стварыць адмысловы акцёрскі дуэт. Выдатныя актрысы, хто б сумняваўся! Вось толькі сама ідэя пастаноўкі выглядала крышачку дзіўнай.

 /i/content/pi/mast/5/119/Palety-nad-Viz1.jpg
 Б.Масумян (Валянціна).
Прызнацца, цяжка зразумець, навошта і дзеля каго пісаць працяг рамантычнай гісторыі, створанай некалі савецкім класікам Міхаілам Рошчыным. Недарэчным здаваўся і сам рэкламны пасыл: маўляў, п’еса «Валянцінаў дзень» Івана Вырыпаева -- не што іншае, як працяг п’есы «Валянцін і Валянціна» Міхаіла Рошчына. Хацелася сказаць: «Злітуйцеся, а што ж сам Міхаіл Рошчын?» Сумуе і верыць, што каханне -- гэта «калі чакаюць бясконца: і гадзіну, і год, і болей, бо ведаюць, што чалавек усё роўна прыйдзе...» Цытата на праграмцы паводле старой п’есы толькі падмацавала «нафталінавы настрой»... Для таго, хто не памятае: «Валянцін і Валянціна» -- пра тое, як на мяжы 70-х хлопчык і дзяўчынка пакахалі адно аднаго. Валя і Валя. Натуральна, пра сэкс сярод падлеткаў у Савецкім Саюзе гаворкі ісці не магло. Але супраць сына правадніцы паўстала Валіна маці, дый з камсамольскай арганізацыяй ніхто не параіўся... Шмат прыгожых слоў у п’есе прагучала, а фінал застаўся адкрытым. Так, сам таго не ведаючы, Рошчын стварыў падставу для маладога драматурга. Вось Іван Вырыпаеў і паспрабаваў скончыць сумную гісторыю. А праз 40 гадоў -- у 2012-м -- усё інакш.
...
На пачатку спектакля падалося, што горшае з прадчуванняў неўзабаве здзейсніцца. Бог ты мой, у Рускі тэатр і так прыходзіш азіраючыся, а тут, на сцэне, як цяпер кажуць, поўны фарш! Жывыя і мёртвыя, проста колішнія цягам дзеяння -- побач. Не толькі тактоўна мрояцца на другім плане (звыклы маветон сучаснага беларускага тэатра), а размаўляюць, разам пражываюць цэлыя кавалкі дзеяння. І колісь, і сёння. Прычым у спектакль паводле І.Вырыпаева ўплецены цэлыя эпізоды з п’есы Рошчына. Адрозніць іх не ўяўляецца магчымым. Такім чынам: вытанчаная, з меткай жаночай пароды, Валя (Б.Масумян); расхістаная і выпусташаная, з бутэлькай гарэлкі ў задняй кішэні штаноў, -- Каця (Н.Гайда)... І яшчэ маладыя героі. Каця ў 18-20 гадоў (А.Багданава), Каця ў 35-40 (В.Пляшкевіч), а таксама Валянцін у 18-20 (П.Вішнякоў) і ў 35-40 (С.Чэкерэс). Усё наўкол -- пра каханне. Але неўзабаве на сцэне з’яўляецца стрэльба, якая паводле непахіснай тэатральнай традыцыі абавязкова павінна стрэліць.
...
Ды толькі няварта надта сур’ёзна ставіцца да прапанаваных абставін. Задумацца гледачам давядзецца, але змест спектакля не будзе меладраматычным і простым. Ён абрынецца на залу як снежная лавіна, і ў яе імклівай бязлітаснай плыні прамільгнуць чалавечыя жыцці, боль, шчасце, адчай, нібы нечыя зламаныя лыжы. А спалучэнне лёсаў і эпох зробіцца цалкам натуральным, нават верагодным. Для драматурга І.Вырыпаева і рэжысёра В.Ераньковай у гэтым няма нічога фантастычнага. Нарадзіліся ў адным стагоддзі, праблемы вырашаюць -- у іншым. Таму не трэба ў спектаклі надаваць вялікае значэнне словам, няхай яны гучаць лёгка і нязмушана. Гледачы і па-за словамі ўсё выдатна зразумеюць, адчуюць, успрымуць. У захапляльнай віхуры незвычайнай гульні Каця №2 з надрывам выгукне: «Не трэба падманваць!» Тады мы зразумеем, што гэтае сакраментальнае «не трэба падманваць» тычыцца не толькі яе каханага, а і самога жыцця. Эпохі, як пафасна нас навучылі пазначаць гістарычны час. Ды яшчэ чырвоны сцяг з сярпом і молатам раптам разане па задніку сцэны зверху ўніз і знікне.
 /i/content/pi/mast/5/119/Palety-nad-Viz2.jpg

 Сцэна са спектакля.


Мастак А.Касцючэнка стварыў расхінутую сцэнічную прастору, у якой падзел між вонкавым і унутраным, вуліцай і домам толькі ўмоўны. У гэтай прасторы без сцен і ўвогуле без перашкод вольна перамяшчаюцца героі спектакля, сённяшнія і ўчарашнія, памерлыя і жывыя, маладыя і састарэлыя, існуючыя і не. «Пазалочаны» бюст Міхаіла Гарбачова, лаўка ў скверыку, выцертая да жоўтага бляску, акардэон, мяхі якога адчайна расцягвае Каця... І ўзнікае адчуванне, што эпоха, нібы гіпсавы злепак, застыла ў звыродлівых формах. Раптам Каця скідае верхняе адзенне, застаецца ў модным залацістым трыко, шчыльна ахінаючым цела. Узнімаюцца ўгору шырокія вохрыстыя застаўкі ўздоўж сцэны, агаляюцца канаты, і мы адчуваем, што знаходзімся на вялізным караблі жыцця з парванымі ветразямі.
Гульня з эпохамі, з часам пранізвае драматургію І.Вырыпаева. Гэтую гульню падхоплівае і асэнсоўвае В.Еранькова. Тут мроі аб Віцебску ажыццяўляюцца ў палётах з залатым Гарбачовым над горадам; людзі ў чорным з ліхтарыкамі асвятляюць цемру; на «класічных» савецкіх чамаданчыках спіць Валянціна, а Кацін шлях на цягніку Масква -- Уладзівасток на працягу пятнаццаці гадоў абумоўлівае яе раптоўнае пераўвасабленне ў Русалку з залатым хвастом. Менавіта налёт пазалоты на рэчах і касцюмах у «Валянцінавым дні» шмат распавядзе нам пра мінулую эпоху. Але такі моцны акцэнт урэшце робіцца неістотным, набывае значэнне адзнакі. І толькі таму, што каханне -- яно і ў Афрыцы каханне. Не тое што на зломе эпох. У спектаклі В.Ераньковай усе дзіўныя акалічнасці, прыдуманыя драматургам, з лёгкасцю апраўдваюцца і вельмі проста асэнсоўваюцца. Тэатр -- гульня не толькі з эпохамі, але і са зместам і стылем. Ствараецца ўражанне, што пастаноўшчык выпрацоўвае сцэнічную мову, якую сучасны глядач здатны адэкватна ўспрымаць. Гэта рэжысура своеасаблівага хуткачытання, якая не вымагае доўгіх разгорнутых метафар, працяглага асэнсавання. Усё трэба схопліваць і разумець імгненна. Хто не паспеў, той спазніўся.
 /i/content/pi/mast/5/119/Palety-nad-Viz3.jpg
 Н.Гайда (Каця).
«Нейкі працяг п’есы М.Рошчына “Валянцін і Валянціна”, а дакладней, меладрама з цытатамі ў кірунку прымітывізму», -- так вызначае жанр п’есы драматург, акцёр і рэжысёр І.Вырыпаеў, які тэатр ведае не па чутках. Прадстаўнік сучаснай расійскай «новай драмы» нарадзіўся ў сярэдзіне 70-х, мае акцёрскую і рэжысёрскую адукацыю. Паспеў атрымаць шэраг міжнародных, а таксама расійскіх прэмій, сярод якіх прэстыжныя «Трыумф» і «Залатая маска». Самая знакамітая п’еса І.Вырыпаева -- «Кісларод». Аўтар сцэнарыя і рэжысёр-пастаноўшчык мастацкага фільма «Эйфарыя», паказанага летась на Венецыянскім фестывалі. Пра ўсё гэта нагадваю толькі для таго, каб падкрэсліць, што маладая расійская «новая драма» істотна адрозніваецца ад нашай. Менавіта ў плане літаратурных практык, створаных на падставе чужога жыцця і ўласнага таленту, а не іншай літаратуры (як гэта звычайна робіцца ў нас).
Жыццё ўвогуле стваральнікам «Валянцінавага дня» ўяўляецца сумным, іранічным, вясёлым. Сярод агульнай мітусні, воклічаў, з’яўленняў і знікненняў персанажаў, згадак пра мінулае, сярод мноства слоў пра каханне -- выразна акрэсленыя акцёрскія работы. Па-за ўвагай не застаецца ніводная. Каця №1 (А.Багданава) у чырвоным берэце здзіўляе выштукаваным падабенствам з гераіняй Н.Гайды, тонкай іранічнасцю выканання ролі. В.Пляшкевіч (Каця № 2) уражвае прыхаваным драматызмам, глыбінёй жаночага суму. Валянцін С.Чэкерэса харызматычны і нібы асуджаны на сардэчныя пакуты. Выдатны акцёрскі дуэт Бэлы Масумян і Наталлі Гайды цалкам вытрыманы ў драматычным рэчышчы. Абедзве актрысы здатныя сыграць і апраўдаць самыя неверагодныя сцэнічныя акалічнасці. Іх любоў-нянавісць і зацягвае драматычны вузел спектакля, вузел, які немагчыма рассекчы. Лёс Валянціны і лёс Каці -- нібы два бакі адной гісторыі. Тое, што засталося на донцы страсці... Жонка і каханка, якія вымушаны жыць разам пасля смерці любімага чалавека. І з болем выгукнутае Валянцінай: «Ёсць жанчыны, якія ад шчасця старэюць, а ёсць -- якія ад няшчасця расцвітаюць», -- нібы прысуд для абедзвюх. Так, яны побач, у адной кватэры, з ружжом, якое ў гэтым спектаклі стрэліць двойчы. Раз -- халастым, раз -- баявым патронам. Ды толькі і ў спектаклі В.Ераньковай фінал застаецца адкрытым. Дзіўная сцэнічная фантасмагорыя, калі гледачам не пра ўсё дазваляюць даведацца да канца. Дый навошта? У горкай жыццёвай гісторыі пра каханне няма нічога больш важнага, чым само каханне.

Людміла ГРАМЫКА