Дзея ў коле агню

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

«Арт-Жыжаль»
Керамічны пленэр адзінаццаты раз праходзіць пад Бабруйскам. А пачыналася ўсё ў сярэдзіне 1990-х гадах з сімпозіумаў у Ахтырцы (Украіна), дзе я склаў сваю першую печ і зрабіў удалыя абпалы з дымленнем.

/i/content/pi/mast/71/1188/artefakts_01_13.jpeg

У 1997—1999 прайшлі першыя тры пленэры керамікі раку ўжо ў Беларусі. З’явілася суполка паплечнікаў-аднадумцаў — маладых, энергічных, вольных у жаданнях і авантурных. А мой аўтарытэт старэйшага па ўзросце, валявы пасыл у арганізацыйных дзеяннях спрыялі стварэнню плённай творчай атмасферы.

Пра тыя гады, пра акалічнасці складанага калектыўнага развіцця і ўдасканальвання пленэрнага руху ў кераміцы Беларусі можна было б напісаць займальную кнігу: вясёлую, лёгкую, у нечым анекдатычную, характэрную спалучэннем бесклапотнасці і падзвіжніцтва, аднолькава ўласцівых маладосці.

Але ў 2001-м я ўсур’ёз задумаўся аб мэтазгоднасці штогадовых намаганняў. Было адчуванне таптання на месцы, абмежаванасці магчымасцей, замкнёнасці складанага пленэрнага працэсу на самім сабе. Усё рабілася нібы толькі дзеля самазадавальнення ўдзельнікаў, грамадска значных мэтаў не ставілася, роля пленэраў у развіцці сучаснага беларускага мастацтва заставалася неакрэсленай, а выніковы ўзровень створаных прац аказваўся ніжэйшым за чаканы.

Каб ператварыць саматужныя акцыі ў афіцыйнае мерапрыемства, я звяртаўся ва ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама, Міністэрства культуры і Саюз мастакоў... Ніадкуль адказу не прыходзіла — магчыма, я быў непераканаўчым? На пачатку вясны 2002-га сустрэўся з загадчыкам аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама Анатолем Сінкаўцом, і той вырашыў падтрымаць задуму. У наступным годзе, ужо ў якасці загадчыка аддзела культуры Бабруйскага гарвыканкама, ён становіцца «хросным бацькам» не проста мясцовых і саматужных, а міжнародных пленэраў. Пасля некалькіх з іх стала бачна, як укладзеныя ў арганізацыю сродкі адбіліся на якасці мастацкіх вырабаў.

На другім міжнародным пленэры (2004) з’явілася цяперашняя яго назва — «Арт-Жыжаль», а выніковыя выставы ў Бабруйску, Магілёве і Мінску атрымалі назоў «Кола агню».

З 2005-га пленэр праводзіцца ва ўмоўнай форме майстар-класа для маладых мастакоў-пачаткоўцаў, найперш — са сталічных Акадэміі мастацтваў, Універсітэта культуры, а таксама з Магілёўскага каледжа мастацтваў, Львоўскай акадэміі мастацтваў і Санкт-Пецярбургскай мастацка-прамысловай акадэміі імя барона Шцігліца (былая «Мухінка»). Аднак і большая частка сталых майстроў керамікі, трапляючы на пленэр, таксама вымушана асвойваць некаторыя рамесныя навыкі наноў, вучыцца элементарнаму: абпалу дроваў, абвару, дымленню і нават уменню працаваць у неспрыяльных умовах.

Традыцыйная беларуская народная тэхналогія «абвары» (абварной керамікі) стала сур’ёзным творчым метадам, спосабам раскрыцця розных вобразных рашэнняў у прафесійным мастацтве. У гэтым цікавым тэхналагічным працэсе, як і ў еўрапейскім варыянце японскай раку-керамікі, прысутнічае момант перапыненага абпалу пры канкрэтнай тэмпературы і хуткае акунанне гарачага вырабу ў спецыяльную мучную боўтанку-абвару. Для мастакоў гэта своеасаблівая творчая лабараторыя, дзе ў палявых умовах пры дапамозе шамоту, гліны, глазуры, солі, дроваў, печаў ствараюцца арыгінальныя творы. Я называю тэхналогію абварной керамікі раку-керамікай па-беларуску. Шкада, што нашы мастакі-керамісты ў нейкі момант спыняюцца і не спрабуюць давесці ўсе магчымасці эфекту абвары да большай вобразнасці і дасканаласці. Тое ж і з дымленай керамікай. Аднак з кожным годам у працах аўтараў-удзельнікаў усё больш колеравай, дэкаратыўнай і пластычнай разнастайнасці. Дзякуючы пленэрам быў створаны адметны напрамак у творчасці керамістаў.

Пленэр пашырае стасункі паміж творцамі розных краін: яны абменьваюцца інфармацыяй, бяруць удзел у іншых міжнародных творчых акцыях. Узбагачаецца калекцыя аўтарскай керамікі Бабруйскага мастацкага музея імя Георгія Паплаўскага. Калекцыя налічвае ўжо больш за 200 кампазіцый — вырабаў мастакоў з 17 краін.

Здавалася б, пленэр канчаткова ўсталяваўся на бабруйскай зямлі, створана больш-менш прыдатнае месца для жыцця і творчасці керамістаў. А вось у мяне расце хваляванне наконт творчых і прафесійных перспектыў: важна, каб з’яўлялася тэхналагічная навізна, павялічвалася ступень эксперыментальнасці ў творах. Складваецца ўражанне, што адміністрацыя горада, якая выдаткоўвае на пленэр сродкі, усё больш схільная ўспрымаць яго як нейкае прыгожае мастацкае шоу, што, безумоўна, з’яўляецца тупіковым напрамкам. Але такія рэаліі сённяшняга часу. Для таго каб пераадолець гэту тэндэнцыю, трэба шукаць інфармацыю пра тое, што робіцца на іншых творчых пляцоўках падобнага кшталту.

Але вядомыя таксама і галоўныя складнікі поспеху ўсялякай ідэі: па-першае, гэта воля таго чалавека, які займаецца прасоўваннем ідэі, па-другое — падтрымка ўплывовых дзяржаўных, грамадскіх структур: матэрыяльная, арганізацыйная, інфармацыйная. Гэта падтрымка грунтуецца перадусім на зацікаўленасці, на разуменні значнасці праекта.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, я непахісна перакананы ў далейшым развіцці «Арт-Жыжалю» — на карысць усяго нашага мастацтва...

Валерый КАЛТЫГІН