Пластычныя фарбы сезонаў

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Дыпломныя работы студэнтаў-харэографаў
Імпрэзы, якія ладзіць кафедра харэаграфіі БДУ культуры і мастацтваў, карыстаюцца неверагоднай, проста шалёнай папулярнасцю. Прычын тут некалькі.

/i/content/pi/mast/71/1187/artefakts_01_12.jpeg

«Зімачка». Пастаноўка Наталлі Астрамовіч і Ганны Зянюк.

Па-першае, наведвальнік канцэртаў, асабліва малады, заўсёды візуал. А што лепш наталяе прагу новых уражанняў, чым танец, які паўстае як відовішча? Па-другое, прафесійных калектываў, што працуюць у розных жанрах танца (народны, эстрадны, бальны, сучасны), як і пляцовак, у нас вельмі мала. Больш за тое, іх катастрафічна не хапае. Мінск — гэта вам не Нью-Ёрк, дзе кожны вечар можа паказвацца да 40 (!) харэаграфічных спектакляў і праектаў. Па-трэцяе, існуюць звычка і традыцыя. Усе ведаюць, што вясной і на пачатку лета адбываюцца справаздачныя канцэрты будучых харэографаў і на іх трэба абавязкова трапіць. Тут паказваецца самае лепшае і яркае. Тое, над чым ішла праца на працягу года. Тут выступаюць маладыя выканаўцы, якія зрабіліся лаўрэатамі прэстыжных фестываляў, конкурсаў, спаборніцтваў. Таму моладзь (яна звычайна складае пераважную большасць глядацкай аўдыторыі) захоплена рэагуе на кожны нумар, заўзята апладзіруе, крычыць «брава!» і «біс!». А ў выніку ўласным энтузіязмам уздымае ацэнку ўбачанага на сцэне.

Гэткая доўгая прэамбула спатрэбілася мне, каб распавесці пра надзвычай цікавы праект, які ансамбль кафедры харэаграфіі пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай ладзіў на сцэне Беларускага музычнага тэатра. «Сезоны: знаёмае і таямнічае» — так называлася імпрэза, якая сабрала дыпломныя работы харэографаў-народнікаў. Успрыманню праекта як цэласнага відовішча спрыяла і тое, што для відэапрэзентацыі былі выкарыстаны карціны айчынных мастакоў (Уладзіміра Тоўсціка, Наталлі Паплаўскай, Валянціны Шобы і іншых). Была і музыка з рэпертуару гуртоў «Госціца», «Стары Ольса», «Траецкія музыкі», «Тройца». Усё гэта, як і касцюмы, створаныя Дзмітрыем Піскуном, і беларускі тэкст, агучаны Міхаілам Камінскім, стварала адпаведную аўру. Менавіта нацыянальнага мастацтва. У нечым тое і заканамерна, бо кафедра працуе на факультэце традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. Напэўна, галоўная задача і палягае ў тым, каб уласнае разуменне традыцыйнай культуры ўвасобіць сродкамі менавіта сучаснага мастацтва.

Цяпер — пра самі пастаноўкі. Некаторыя з іх — «Па яблыкі», «Гарэза-каза», «Бо я — мужык!» — перайшлі ў праграму «Сезонаў...» са справаздачнага канцэрта. Але гэта натуральна. Бо ў папярэдняй імпрэзе ядналіся розныя віды танца — народны, эстрадны, бальны, а тут прадстаўлены толькі народны. Харэаграфічныя кампазіцыі былі згрупаваны па сезонах — восень, зіма, вясна, лета... І ў кожнай вабіла разнастайнасць эмацыйных і пластычных інтанацый. Лірыка і гумар, экспрэсія і патэтыка...

Цікава, што ў кампазіцыях, прыдуманых і ўвасобленых дзяўчатамі, часцей дамінавалі лірызм, задуменнасць, карагоднасць. У гэтым сэнсе вельмі арыгінальнай паўставала кранальная і псіхалагічна вывераная работа «Заручоная» Алены Кучаравай. Танец будаваўся як дыялог дзяўчыны з яе вясельным уборам. А праз яго ўзнікаў роздум пра будучае замужняе жыццё. А вось працы юнакоў-пастаноўшчыкаў прываблівалі магутнай энергетыкай, шматнаселенасцю, акцэнтамі на сацыяльных пытаннях. Тут можна назваць кампазіцыю «Бо я — мужык!» Яўгена Глінскага і Дзмітрыя Пуйшы або «Карабель плыве» Івана Тафейкі і Сяргея Булаўкі. Засталася ў памяці і надзвычай выразная пастаноўка «Лазавік» Веранікі Пасечнік і Ільі Чыжыка. Сціслая, прадуманая, экспрэсіўная.

Да ліку станоўчых якасцей «Сезонаў...» я б аднесла дынамічнасць відовішча, незацягнутасць самой мастацкай акцыі (адваротным часта грашаць музычныя і тэатральныя імпрэзы).

Дыпломныя работы абаронены, убачаныя нумары аказаліся разнастайнымі, бясспрэчна яркімі і пераканаўчымі. Але напрыканцы міжволі нараджаецца пытанне. Калі ў хуткім часе маладыя харэографы прыедуць на працу ў вызначаныя калектывы (а гэта галоўным чынам дзіцячыя, юнацкія, аматарскія ансамблі, што існуюць пры Палацах і Дамах культуры), ці здолеюць яны захаваць свой творчы імпэт і тыя бясспрэчныя пластычныя знаходкі, якія былі ўвасоблены ў дыпломных работах? Тут выканаўцамі сталіся аднакурснікі, якія таксама шукалі, гарэлі, імкнуліся як мага ярчэй прадставіць вынікі намаганняў сяброў. А калі трэба будзе рыхтаваць нумары да чарговага святочнага канцэрта, ці не скончыцца ўсё ўзнаўленнем даўно засвоенага, зваротам да няхай сабе і патрэбных, але такіх традыцыйных «Лявоніх», «Мяцеліц», «Юрачак», якіх за мінулыя гады мы пабачылі ўжо ў неверагоднай колькасці?

Будзем спадзявацца на лепшае, на тое, што таленты не згубяцца, а спатрэбяцца і будуць развівацца. Будзем чакаць новых дыпломных работ, чарговых справаздачных канцэртаў. Каб паглыбіцца ў атмасферу радасці, экспрэсіўнага руху, разняволенай пластыкі і маладой бурлівай энергіі.

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі