Святло вады «Сінявокая Беларусь»

№ 8 (365) 01.08.2013 - 31.08.2013 г

Выстава Дзяніса Раманюка
Урачыстае адкрыццё экспазіцыі Дзяніса Раманюка супала з прэзентацыяй яго альбома «Сінявокая Беларусь». У гэтым выданні сабраны вобразы нашай, беларускай вады, якія склалі фатаграфічнае ўрэчаўленне слыннае метафары.

/i/content/pi/mast/71/1186/artefakts_01_07.jpeg

У НММ экспанаваліся 25 фотаздымкаў — з трох сотняў, што ўвайшлі ў альбом, — зробленыя з нябеснай вышыні і воднае паверхні, з розных ракурсаў, у розныя поры году і ў розныя гадзіны. Разам яны ўтвараюць велічны гімн Вадзе, што пакуль не мае сабе роўных у нашым фотамастацтве і кніжніцтве. Дзяніс Раманюк атрымаў за сваю «Сінявокую Беларусь» адразу два «Залатыя фаліянты» падчас Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі — 2013» як пераможца ў намінацыях «Майстэрства — найлепшы фотамастак» і «Фотапогляд». Таму было лагічна пазнаёміць гледачоў Нацыянальнага музея з творчасцю аўтара, які стаў лаўрэатам прэстыжных прэмій.

Гэта не першы праграмны зварот Раманюка да пейзажа. Раней былі цудоўныя нізкі з відамі старой Вільні, якія прынеслі яму еўрапейскую вядомасць. Затым — краявіды розных куткоў Беларусі, што ўваходзілі серыямі ў яго альбомы.

Жанр фотапейзажа — адзін з самых складаных у беларускай фатаграфіі. Хоць натуральны ландшафт практычна ад самага нараджэння гэтага віду мастацтва быў неад’емным элементам многіх здымкаў. Звяртаючыся да пейзажа як да самастойнага жанру, недастаткова адлюстроўваць фрагменты натуральнага жыцця. Патрэбны натхненне і здольнасць раскрыць сваю задуму праз прыроднае асяроддзе. І здымак будзе пэўным тэкстам, што распавядзе пра пачуцці аўтара вобразамі прыроды. Таму ландшафты ў мастацкай фатаграфіі зазвычай надзелены псіхалагізмам. Выявы перадаюць ужо не толькі знешнія прадметы і эстэтычныя перажыванні, але і канкрэтныя эмоцыі.

Чаму менавіта беларускі фотапейзаж складана стварыць? Тут справа ва ўласна нашым, Богам дадзеным, паветры — яно шчыльнае і імжыстае, вільготнае і няяркае. Сонца не свеціць усім аднолькава, а Бог няроўна дзеліць. Розныя куткі зямлі асветлены па-рознаму, па-свойму. У нас няма бясконцага калейдаскопа планаў, як у гарыстых краях, ці зіхоткага бязмежжа акіяна. Таму знайсці ў беларускім краявідзе адметнае святло і нечаканы ракурс — складана. Пагатоў, без відавочных дамінантаў. Пагатоў, у адліжным святле шарае гадзіны або ў смузе тумановай... Ясна, што ў эпоху чорна-белае фатаграфіі стварэнне фотапейзажа ў Беларусі было задачай выключна цяжкай. І айчынных фотапейзажыстаў, чые манахромныя творы да сёння вярэдзяць нашы пачуцці, небагата: Юрый Васільеў, Міхаіл Жылінскі, Яўген Казюля, Анатоль Кляшчук ды яшчэ некалькі...

У эпоху колеру і лічбы можна зрабіць нашмат болей і, напэўна, лепей. Засталося толькі знайсці, працярэбіць сваю ўласную сцяжыну ў найноўшым бязмежжы магчымасцей. Дзяніс Раманюк абраў для сябе ясны і дакладны шлях. Хоць і няпросты... Ён, як колісь ягоны бацька, славуты мастацтвазнаўца і апошні класічны наш этнограф Міхась Раманюк, натхняючы іншых хараством краіны, фіксуе тое, што можа неўзабаве сысці, знікнуць назаўжды... У новы альбом увайшло калі не ўсё, то амаль усё: неабсяжныя першабытныя разлогі Палесся ды Паазер’я, зіхоткія люстры Асвеі і Нарачы, паўнаводныя Нёман і Дзвіна, Дняпро і Вілія, Буг і Сож, малюткія рэчкі і порсткія ручаі, святыя крыніцы і вясковыя калодзежы — увесь край, адкуль разлягаюцца струмені блакіту ва ўсе канцы ад Балтыкі да Чорнага мора.

Падчас адкрыцця экспазіцыі дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў нездарма згадаў усю сям’ю Раманюкоў — і бацьку, Міхаіла Фёдаравіча, і ягоных дзяцей — Дзяніса і Алесю, чый супольны ўнёсак у гісторыю нашага мастацтва і мастацтвазнаўства стаўся культурным феноменам. Адам Глобус параўнаў творчасць Дзяніса Раманюка ў фатаграфіі з даробкам класікаў нацыянальнага пейзажа ў жывапісе — Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Віталя Цвіркі, Віктара Грамыкі. Эпічныя фотапейзажы Раманюка з праекта «Сінявокая Беларусь» — разлогі Палесся, люстэркі азёраў, зіхоткія стужкі рэк — створаны чыста, у адзін прыём, без рэтушы... Аўтар свядома ўнікае штучнасці, не спрабуе прыхарошыць свае аб’екты. Бо яны самі па сабе нясуць каласальны эмацыйны зарад. Калі ж у кадр можа патрапіць дрот ці нягегла абкладзеная сілікатнай цэглаю царква — то ён проста не будзе рабіць гэтага кадра!

На стварэнне фундаментальнай энцыклапедыі беларускае вады пайшлі гады. Паселішчы, малыя і вялікія, што прыселі ля водаў, водныя прасцягі, сінія і блакітныя храмы, водныя абрады і завядзёнкі. Паглядзеўшы выставу ці пагартаўшы фаліянт, ужо не ўжывеш метафару пра «сціплае хараство» беларускай прыроды. Прыгажосць нашых вады і зямлі — велічная, непаўторная і немайверна разнастайная.

Адзінае, пра што са скрухаю казаў падчас адкрыцця выставы сам Дзяніс Раманюк, — яму даводзіцца несупынна рэтушаваць... смецце, якім засыпаны берагі. Тое, што мы яшчэ можам пабачыць на здымках, ужо могуць не ўбачыць нашы дзеці. Як сёння мы ўжо не ўбачым кабет у даматканых строях свойскай работы на ганках сваіх крэпкіх стагадовых хат, якіх паспеў зафіксаваць Міхась Раманюк.

Таму праект «Сінявокая Беларусь» Дзяніса Раманюка мае і высокае грамадзянскае гучанне. Гэта заклік да ўсіх нас, што спыніліся перад здымкамі ў музейнай зале ці ўзялі ў рукі важкі фаліянт альбома, — любіце, цешцеся і беражыце!

Сяргей ХАРЭЎСКІ