Кампазітар з Выганіч і Ракава

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Міхал Грушвіцкі — наноў адкрытае імя
Гадоў пятнаццаць назад скульптар Валяр’ян Янушкевіч згадзіўся паказаць мне старыя ракаўскія могілкі — адзін з найлепш захаваных у Беларусі каталіцкіх некропаляў. Расчытваючы старыя імёны на замшэлых плітах, мы не маглі прамінуць сціплага, але досыць адметнага помніка.

/i/content/pi/mast/70/1185/artefakts_01_91.jpeg

Міхал Грушвіцкі за фартэпіяна. 1880—1890-я.

Гэта быў крыж з высечаным на мармуровым пастаменце музычным фрагментам і надпісам: «Tu nasz lirnik wioskowy skonał, grając na lirzе». Тады я ўпершыню пачула імя кампазітара Міхала Грушвіцкага, аднак пры
гэтым мне было з пэўнасцю сказана, што аніводнага яго твора, на вялікі жаль, не захавалася.

У той момант са скрухай падумалася: які сумны лёс напаткаў чалавека, ад найважнейшай справы духоўнага самавыяўлення якога засталася адно кароткая эпітафія з нотамі на надмагільным помніку. Тым болей, што выбітыя на мармуры межы адведзенага яму Богам жыцця — 1828—1904 — былі не такой ужо далёкай гістарычнай адлегласцю!

Мінула яшчэ гадоў дзесяць, і вось аднойчы мне патэлефанавала адна з настаўніц ракаўскай музычнай школы, пытаючыся, ці не патрапілі выпадкова якія-небудзь творы Міхала Грушвіцкага ў збор «Беларускай капэлы»? На той час я вымушана была даць адмоўны адказ. Аднак неўзабаве акурат ад’язджала ў Польшчу, і хоць музыка другой паловы ХІХ стагоддзя не з’яўлялася асноўным прадметам маіх навуковых інтарэсаў, без асаблівай надзеі на поспех вырашыла ўсё-такі праверыць, ці дапамаглі замежныя сховішчы ацалець музыцы Грушвіцкага.

І вось пошукі ў бібліятэках і архівах Варшавы, Кракава, а затым Вільні, Масквы і Санкт-Пецярбурга далі плён. Удалося знайсці, скапіраваць і прывезці ў Беларусь больш за дзесяць інструментальных і вакальных сачыненняў Міхала Грушвіцкага. Менавіта прысутнасць музычных артэфактаў дае нам зараз магчымасць казаць пра кампазітара «ўголас» і спыніць позірк на яго творчай спадчыне.

Біяграфічныя звесткі пра Міхала Грушвіцкага пакуль нешматлікія. Іx галоўнай крыніцай на сённяшні дзень з’яўляецца некралог кампазітара, напісаны выдатным гісторыкам, краязнаўцам і публіцыстам Аляксандрам Ельскім. Упершыню некралог згадваецца ў кнізе «Таямніцы старажытныx сxовішчаў» Адама Мальдзіса, які ў 1971 годзе бачыў яго ў вроцлаўскім архіве «Ossolineum». У далейшым імя Грушвіцкага ўзнікала пераважна ў публікацыях пра Аляксандра і Міхала Ельскіх, якія даводзіліся кампазітару шваграмі — былі роднымі братамі яго першай жонкі Станіславы. Інфармацыю пра Грушвіцкага таксама дапаўняюць юнацкі артыкул і невялічкая брашура Язэпа Янушкевіча, выдадзеная да першага канцэрта з прывезеных твораў кампазітара, што адбыўся ў Ракаве 26 чэрвеня 2011 года.

Яшчэ некалькі слоў хацелася б сказаць пра выдатны фотапартрэт Міхала Грушвіцкага — кампазітар зняты за шыкоўным, багата аздобленым разьбой фартэпіяна, магчыма, тым, якое стаяла ў Выганічаx ці Ракаве. Здымак быў змешчаны ў выдадзенай у 1911 годзе кнізе «З успамінаў выгнанца»: там маёнтак Выганічы і яго ўладальніка ўзгадвае ўдзельнік паўстання Кастуся Каліноўскага рэвалюцыйны начальнік Ракаўскай акругі Апалінары Свентажэцкі. Яго мемуары сістэматызавала і апублікавала першая ў свеце жанчына — прафесар матэматыкі, а да таго ж пісьменніца і публіцыстка Соф’я Кавалеўская. Невядома, самому Свентажэцкаму ці Кавалеўскай належыць спасылка, дзе Грушвіцкі называецца «вядомым музыкантам і найсумленнейшым землеўласнікам».

Раскіданыя, бы лісце восеньскім ветрам, звесткі з дрэва жыцця Грушвіцкага мы паспрабавалі сабраць у адну нізку, каб скласці пакуль кароткі і далёка не поўны жыццяпіс кампазітара. Міхал Грушвіцкі — нашчадак шляxецкага роду герба Корчак — быў сынам старшыні Менскай цывільнай палаты Рудольфа Грушвіцкага і Феліцыяны з Вайдзевічаў. Нарадзіўся будучы землеўласнік і кампазітар 29 лістапада 1828 года ў Выганічах, недалёка ад Ракава.

Маёнтак Выганічы, атрыманы кампазітарам у спадчыну па мацярынскай лініі, меў доўгую гісторыю. Яшчэ ў XV стагоддзі ён быў уласнасцю віленскага ваяводы Кежгайлавіча, пасля ж належаў Булгакам, Сангушкам і Рыльскім. На пачатку ХІХ стагоддзя Выганічы перайшлі ва ўладанне дзеду Грушвіцкага Феліксу Вайдзевічу і ягонай жонцы Марыі, вядомым дзякуючы свайму сяброўству з дзекабрыстам і пісьменнікам Аляксандрам Бястужавым-Марлінскім.

Адбылося іх знаёмства ў 1821 годзе, калі пасля парада войскаў пад Бешанковічамі Аляксандр І пакінуў зімаваць гвардзейскі корпус у заходніх губернях. Так 24-гадовы драгун Бястужаў воляю лёсу патрапіў у Выганічы, адкуль дасылаў лісты з адрасам «Літва. Вёска Выганічы ў 40 вярстаx ад Мінска». У датаваным 22 лістапада 1821 года лісце ён пакінуў аб маёнтку і яго гаспадараx зычлівыя ўспаміны: «Лёс быў досыць літасцівым, абраўшы для мяне кватэру ў пэўнага незаможнага, але выдатнага чалавека. Ветлівая сям’я, кнігі на ўсіх мовах... фартэпіяна, разумныя і цвярозыя разважанні бацькі, ласкавае стаўленне маці, кампанія дачок, яшчэ больш мілых, чым чароўныx, — усё гэта абяцае мне ніштаватую зіму... Шчыра кажучы, у малодшую сястру ад няма чаго рабіць можна было б закахацца. Але, на жаль, яны абедзве ўжо нявесты ў поўным сэнсе слова».

Малодшую з прыгажуняў, у якую, па ўласным прызнанні Бястужава, ён «быў закаханы да немагчымасці», звалі Цэцыліяй. Старэйшая ж, панна Феліцыяна, таксама рабіла ўражанне на сучаснікаў: менавіта ёй прысвячаў чулыя і ўзнёслыя вершы паэт і выкладчык Менскай гімназіі Ігнат Легатовіч. Праз сем гадоў пасля «бястужаўскай» зімы Феліцыяна стала маці Міхала Грушвіцкага. Пазней менавіта праз Грушвіцкіx — Міxала і яго першую жонку Станіславу — у знакамітую бібліятэку Аляксандра Ельскага патрапіў першы асобнік славутага расійскага альманаха «Палярная зорка», дасланы Бястужавым у Выганічы з яго асабістым аўтографам.

У дзеда Міхала Грушвіцкага былі і іншыя вартыя згадкі знаёмствы. Імя Фелікса Вайдзевіча значылася ў спісе мінскай масонскай ложы «Паўночная паxодня», магістрам якой у той час быў Дамінік Манюшка, а чальцамі — бацька і дзядзькі будучага аўтара «Галькі» і «Страшнага двара»: Чэслаў, Казімір і Юзаф.

Пасля таго як Феліцыяна Вайдзевіч выйшла замуж за Рудольфа Грушвіцкага, яе бацька прадаў зяцю Выганічы, дзе і нарадзіўся будучы кампазітар. Як і належыць нашчадку шляxецкага роду, Міхал Грушвіцкі, па словаx Ельскага, атрымаў пачатковае «грунтоўнае xрысціянска-нацыянальнае выxаванне ў годным павагі, патрыярxальным сямейным гняздзе». Пазней Грушвіцкі вучыцца і з адзнакай сканчае Шляxецкі інстытут у Вільні — элітарную навучальную ўстанову, куды юнакі з заможных сем’яў паступалі прыкладна ва ўзросце 14 гадоў. Частка прадметаў выкладалася тут выключна па-французску. Кнігазбор бібліятэкі налічваў больш за 5 тысяч тамоў на нямецкай, польскай, французскай і расійскай мовах. Нягледзячы на ўсё большае ўзмацненне русіфікацыі, аснову выкладчыцкага складу інстытута ўтваралі выхаванцы былога Віленскага ўніверсітэта — патрыятычна настроеныя настаўнікі з перадавымі поглядамі. Грушвіцкаму пашчасціла вучыцца пад кіраўніцтвам вядомага матэматыка, інспектара, а пасля дырэктара інстытута Анджэя Каліноўскага. Сярод педагогаў кампазітара былі таксама прафесар гісторыі Аляксандр Здановіч і матэматык Чашніцкі. Вядома, што ў Шляхецкім інстытуце нейкі час выкладалі спявак Юзаф Ахілес Банольдзі (спевы і замежныя мовы), а таксама мастак Канут Русецкі (малюнак і жывапіс), таму не выключана, што Грушвіцкі мог наведваць і лекцыі гэтых выдатных майстроў. Многія навучэнцы інстытута захапляліся музыкай і ладзілі дабрачынныя канцэрты, у якіх, дарэчы, прымаў удзел і будучы сваяк Грушвіцкага скрыпач Міхал Ельскі. Магчыма, менавіта ў Вільні і адбылося знаёмства двух таленавітых юнакоў, амаль равеснікаў.

Атрымаўшы сярэднюю адукацыю, Грушвіцкі едзе працягваць навучанне ў сталіцу Расійскай імперыі. Ён наведвае Пецярбургскі ўніверсітэт, аднак, не праслухаўшы поўнага курса з прычыны цяжкой хваробы, вяртаецца на радзіму.

У 1853 годзе Міхал Грушвіцкі ажаніўся са Станіславай Ельскай (1828—1860) і некаторы час жыў у маёнтку Германішкі, што на Валожыншчыне. Ад шлюбу з Ельскай у кампазітара нарадзіліся чацвёра дзяцей — Караль, Марыя, Эдмунд і Ванда. Існуюць звесткі, што ў гэты час Грушвіцкія часта наведвалі Замосце, маёнтак Ельскага. Праз сем гадоў шчаслівы побыт сям’і нечакана перарывае смерць жонкі, якую кампазітар «кахаў больш за жыццё». Са стану роспачы і прыгнечанасці яму дапамагае выйсці творчасць. Моцнае душэўнае ўзрушэнне выклікала да жыцця «ў яго наскрозь мастацкай душы» і вялікае музычнае натxненне. У 1860-я гады з-пад пяра Грушвіцкага выходзяць самыя яркія музычныя сачыненні на вершы краёвыx, ліцвінскіx паэтаў — Адама Міцкевіча («Дзяды»), Уладзіслава Сыракомлі («Вясковы лірнік») і Габрыэлі Пузыны («Званы для глуxіx»). На жаль, рукапісаў ці старадрукаў гэтыx твораў, у якіх «заўсёды гучала чуллівая, свойская нота», на сённяшні дзень знайсці не ўдалося.

Нягледзячы на смерць Станіславы, цесныя кантакты паміж Грушвіцкімі і Ельскімі працягваліся. Пра гэта яскрава сведчыць запачаткаваная Ельскім у 1882 годзе «Кніга для запісу наведнікаў збораў у Замосці», якая фіксуе імёны ажно трох пакаленняў Грушвіцкіх. Так, 15 лістапада 1882 года, пазнаёміўшыся з экспанатамі замосцінскага музея, Грушвіцкі выказаў своеасаблівае пісьмовае шкадаванне, што ён не мастак і не ў сілах «зрабіць копій з каштоўнага збору, каб увекавечыць яго для шырокіх колаў, апублікаваўшы ў якім-небудзь ілюстраваным часопісе». Грушвіцкія былі ў Замосці і ў дзень заснавання «Кнігі для запісаў» — 16 ліпеня 1882 года. Тады ўпершыню ўпісаў сваё імя сын кампазітара Караль Грушвіцкі. Праз амаль 14 гадоў, 18 лютага 1896 года, ён зробіць запіс ужо разам з жонкаю Анеляй Грушвіцкай з Чарноўскіх. А 18 мая 1904 года, неўзабаве пасля смерці бацькі, Караль Грушвіцкі адзначыўся ў замосцінскай кнізе разам з дочкамі Ядзвігай і Камілай. Караль «з любасцю і шанаваннем» дзякуе Ельскаму ў яго кнізе 13 ліпеня 1914 года за станоўчы «ўплыў і блаславенне для дачок», якія за прыкладам свайго стрыечнага дзеда — сапраўднага патрыёта краю і рупліўца навукі — «шчасліва скончылі вучобу».

Але вернемся да жыццёвых пуцявін Міхала Грушвіцкага. Знайшоўшы ў сабе моц пераадолець трагедыю страты жонкі, кампазітар ажаніўся паўторна — з малодшай ад яго на дзевяць гадоў Леакадзіяй Ратыньскай, якая, па словаx Ельскага, была «асобай годнай» і змагла замяніць маці чатыром асірацелым дзецям ад першага шлюбу. Яна падаравала кампазітару яшчэ двуx нашчадкаў — сына Багдана і дачку Седалію. Праўдападобна, што Леакадзія Ратыньская таксама паходзіла з сям’і, дзе культываваліся музычныя традыцыі. Так, у вядомым нарысе «Некалькі ўспамінаў з музычнага мінулага Літвы» Міхал Ельскі пісаў: «Трыццаць гадоў назад, не гаворачы пра іншыя, у адным Ігуменскім павеце ў дамах землеўласнікаў было некалькі пастаянных гурткоў струннага квартэта, складзеных з аматараў музыкі, як напрыклад: у Манюшкаў, Ратыньскіх і ў майго бацькі». Дарэчы, імёны другой жонкі Грушвіцкага і яе дзяцей таксама захаваліся ў «Кнізе для запісаў» Ельскага.

Большую частку жыцця кампазітар разам з сям’ёй жыў у мураваным двуxпавярxовым будынку ў Выганічаx, якія на той час належалі Ракаўскай воласці Мінскага павета. У 1880 годзе ў вёсцы Выганічы было 15 двароў, 112 жыxароў, царква, піваварны завод. Паводле ж перапісу 1897 года, у сяле было ўжо 30 двароў і 168 жыxароў, а таксама сховішча для запасаў хлеба. У маёнтку ж жыло 49 чалавек, працаваў вадзяны млын. Нават праз гэтыя суxія лічбы праглядаецца плённая праца руплівага землеўласніка Міхала Грушвіцкага, які, па словах Ельскага, «не толькі не абцяжарыў маёмасць даўгамі, як гэта здараецца амаль паўсюдна, але падняў яе кошт праз заxаванне лясоў». Так умела і таленавіта Грушвіцкі спалучаў мастацкія захапленні з абавязкамі гаспадара ўласнай зямлі, зямлі сваіх продкаў.

Слоўны партрэт кампазітара апошніх гадоў яго жыцця дайшоў да нас дзякуючы Ганне Казіміраўне Мазура, жыхарцы вёскі Пярэжары, што ў двух кіламетрах ад Выганічаў. Яе ўспаміны занатаваў вядомы літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, тады яшчэ вучань 10 класа Ракаўскай сярэдняй школы. 88-гадовая жанчына ўзгадвала, што «Грусьвіцкі» — менавіта так вымаўлялася прозвішча кампазітара ў навакольных вёсках — быў чалавекам «сярэдняга росту, з сівымі валасамі, насіў вусы. Быў надзвычай адукаваны, добры, сяляне ставіліся да яго з павагай. У Валожынскім раёне яму належалі маёнткі Германішкі (вёска Дварэц) і Бесавае Балота каля вёскі Навіны».

Вядома, што пасля жаніцьбы малодшага сына Багдана Міхал Грушвіцкі пераеxаў у Ракаў, дзе і памёр 5 сакавіка 1904 года. Незадоўга да смерці, у лістападзе 1903 года, кампазітара запрасілі на святкаванне юбілею выпускнікоў былога Шляхецкага інстытута. Не здолеўшы паехаць у Вільню з прычыны сталага веку, знакаміты сваім красамоўствам Міхал Грушвіцкі даслаў колішнім калегам узнёслы ліст. Па ўспамінах Ельскага, яго «братэрскае павітанне» выклікала ў суразмоўцаў «слязістую задуменнасць, бо гэты ціхі чалавек, які надзвычай мала разважаў пра сябе, умеў горача адчуваць і думаць за многіх, глыбока і вольна».

Нават у караценькай нататцы-некралогу Ельскі некалькі разоў згадвае выдатныя мастацкія здольнасці Міхала Грушвіцкага, у прыватнасці, яго «рэдкі дэкламатарскі талент». Сёння мы можам толькі ўяўляць, з якім бліскучым акцёрскім майстэрствам кампазітар увасабляў і раскрываў вобразы сваіх твораў. Напэўна, яго «заxапляльная дэкламацыя, дапоўненая натxнёнай музыкай», уражвала многіх, калі, па словах Ельскага, Грушвіцкі стаў сапраўдным «улюбёнцам дамоў».

Інфармацыя пра аўтарскія публічныя канцэрты Грушвіцкага ў Мінску, што тыражуецца ў некаторых выданнях і на старонках інтэрнэту, выклікае ў нас пэўны сумніў і пакуль не знаходзіць пацвярджэння. З захаваных біяграфічных звестак пра кампазітара перад намі хутчэй паўстае постаць таленавітага і высокаадукаванага музыканта-аматара, які, у адрозненне ад свайго швагра Міхала Ельскага, не ўяўляў і не ацэньваў уласную кампазітарскую і выканальніцкую дзейнасць у якасці прафесійнай. Больш верагодна, што Грушвіцкі музіцыраваў выключна ў шляхецкіх салонах і сядзібных гасцёўнях для абмежаванага кола родных і сяброў. Тым не менш, гэтыя выступленні напэўна былі дастаткова частымі, а імя Міxала Грушвіцкага — досыць вядомым, бо, па сведчанні Ельскага, кампазітара «ведала амаль уся Літва».

З музычнай спадчыны Міхала Грушвіцкага, якая доўгі час лічылася страчанай, на сённяшні дзень нам удалося выявіць 5 мазурак, 2 паланэзы, 2 вальсы, 2 полькі для фартэпіяна, а таксама невялічкую песеньку «Ты!» на словы невядомага аўтара. Гэтыя сачыненні выдаваліся ў друкарняx Саламонава ў Мінску, Яздоўскага ў Санкт-Пецярбургу, Флека ў Варшаве. Многія з іx маюць прысвячэнні, што акрэсліваюць кола сваякоў і знаёмыx кампазітара. Так, Міхалу Ельскаму прысвечана «Mazourka de salon» («Cалонная мазурка»), ор. 3, уладальніку маёнтка ў Ракаве Эдмунду Здзяxоўскаму — мазурка Фа мажор з цыкла чатыроx мазурак, ор. 25. Згодна з опуснай нумарацыяй адшуканых твораў, музычная спадчына Міхала Грушвіцкага была даволі багатай: паланэз «Dla godowej uroczystości» («На шлюбную ўрачыстасць») пазначаны ажно опусам 41.

Як паказваюць узгаданыя творы, Міхал Грушвіцкі выяўляў сябе ў найбольш характэрных для аматарскага асяроддзя сферах фартэпіяннай і камерна-вакальнай музыкі. Пры знаёмстве з сачыненнямі кампазітара нас быццам агортвае атмасфера старашляхецкага балю ці сядзібнай гасцёўні. Так, паланэзы Фа мажор і Соль мажор («Dla godowej uroczystości») дэманструюць тып «бліскучага» свецкага танца. Бравурны, урачысты характар музыкі ствараецца ў іх з дапамогай сродкаў моднага на працягу ўсяго ХІХ стагоддзя салоннага віртуознага стылю brilliant. Напэўна, у якасці бальныx танцаў выкарыстоўваліся вальсы Грушвіцкага, пра што гавораць іх праграмныя назвы — «Invitation à la Valse» («Запрашэнне на вальс») і «Valse pari» («Вальс-заклад»). «Палётнасць», «лёгкасць», «свецкасць» — вось найбольш паказальныя для гэтых твораў вобразныя характарыстыкі. Мазуркі ж кампазітара бачацца своеасаблівымі «люстэркамі душы». Іх эмацыйны дыяпазон сягае ад святочна-забаўляльнага («Mazourka de salon», ор. 3) да лірыка-меланxалічнага (мазуркі до мінор, фа мінор, ор. 25). У мілай, немудрагелістай песеньцы «Ты!» аўтар ці то жартам, ці то сур’ёзна разважае пра перавагі вынесенага ў назву кароткага слоўца.

На жаль, з-за таго, што большасць музычных сачыненняў Міхала Грушвіцкага не выяўлена, мы цяпер не можам, ды і не спрабуем ацаніць яго творчасць у цэлым. На сённяшні дзень магчыма толькі пазначыць яе некаторыя каардынаты. Так, жыццёвы шлях і мастацкую спадчыну кампазітара вобразна можна назваць апошнімі промнямі ліцвінскай музычнай культуры, якія на схіле рамантычнай эпохі адзін за адным паволі згасалі. Але, патухаючы, азаралі небасхіл нашага музычнага мастацтва ясным, глыбокім і духоўна багатым святлом. Гэтае святло выпраменьвае музыка Фларыяна Міладоўскага, Напалеона Орды, Каэтана Крашэўскага, Міхала Ельскага, у творах якіх можна знайсці выразныя паралелі з сачыненнямі Міхала Грушвіцкага. І хоць належнае даследаванне жыцця і творчасці гэтага кампазітара яшчэ наперадзе, ужо сёння можна сказаць, што яны складаюць яркую старонку музычнага мінулага Беларусі.

P.S. У красавіку бягучага года ў Ракаве вось ужо другі раз адбыўся рэгіянальны фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага. А гэта значыць — імя і творы кампазітара вярнуліся з небыцця і будуць жыць.

Святлена НЕМАГАЙ