Дама Мальтыйскага ордэна

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Лёс аднаго парыжскага партрэта
Некалькі гадоў назад на выставе польскага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі экспанаваўся прыгожы «салонны» партрэт дамы, створаны ў 1928 годзе. Ён паступіў у 1960-м з Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На партрэце ясна чытаўся подпіс па-польску: «Czedekowski 1928».

/i/content/pi/mast/70/1184/artefakts_01_90.jpeg

Баляслаў Чадахоўскі. Партрэт Гэлены Хлапоўскай. Алей. 1920-я.

У 2011 годзе імя мадэлі ўдалося ўстанавіць дзякуючы выпадковай знаходцы ў інтэрнэце выявы з алічбаванага архіва ілюстрацый варшаўскага часопіса «Kurjer Codzenny» (1928 год). Партрэт, верагодна, быў апублікаваны ў свецкай хроніцы, дзе ён называўся партрэтам жонкі амбасадара Польшчы ў Парыжы Гэлены Хлапоўскай.

Гэлена, з дому графоў Мелжыньскіх, нарадзілася ў 1887 годзе ў Познані. Замуж за Альфрэда Хлапоўскага (1874—1940), сына Стэфана Хлапоўскага і Марыі з Панінскіх, выйшла ва ўзросце дваццаці гадоў, праз два месяцы пасля смерці бацькі. Маці яе, з роду Мыцельскіх, памерла трыма гадамі раней. З родных застаўся толькі брат — граф Кшыштаф Мелжыньскі з Паўловіц, які пастараўся хутчэй выдаць замуж асірацелую сястру за чалавека заможнага і спраўнага. Альфрэд Хлапоўскі быў на 13 гадоў старэйшы за Гэлену, што ў той час не з’яўлялася чымсьці нязвыклым. Выдатны эканаміст і гаспадарчы дзеяч, ён быў буйным землеўладальнікам. З ім Гэлена мела чацвярых дзяцей — дзвюх дачок і двух сыноў. Заўзяты паляўнічы і вандроўнік, Альфрэд Хлапоўскі, відавочна, з юнацтва быў знаёмы з Радзівіламі, бо гімназію скончыў у Познані, а эканоміку і права вывучаў ва ўніверсітэтах Парыжа, Берліна, Мюнхена і Гале, там жа, дзе ў маладосці жылі так званыя «берлінскія Радзівілы». У гэтыя ж гады ён стаў кавалерам Мальтыйскага ордэна, як і Кшыштаф Мелжыньскі. Мальтыйскі ордэн гаспітальераў — старэйшы ў Еўропе рыцарскі ордэн рымска-каталіцкай царквы, які займаецца дабрачыннасцю, арганізацыяй і падтрымкай шпіталяў і бальніц. Падчас Першай сусветнай вайны Хлапоўскі кіраваў шпіталямі Мальтыйскага ордэна, членамі якога былі асобы з сям’і нясвіжскіх Радзівілаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Польшчы на пачатку 1920-х гадоў «мальтыйскай дамай», «дамай гонару і адданасці» (так зваліся дамы-арыстакраткі, члены ордэна, якія на свае сродкі ўтрымлівалі шпіталі і асабіста працавалі ў іх у якасці сясцёр міласэрнасці) стала і жонка Хлапоўскага — Гэлена. У міжваенны перыяд у Польшчы было ўсяго шэсць «мальтыйскіх дам» з вышэйшай арыстакратыі, сярод іх Гэлена Хлапоўская і тры дамы з роду Радзівілаў.

У 1923 годзе Альфрэд Хлапоўскі зрабіў галавакружную кар’еру: быў прызначаны міністрам сельскай гаспадаркі, а ў наступным, 1924 годзе — амбасадарам Польшчы ў Францыі. Хлапоўскія пераехалі ў Парыж, дзе правялі 12 гадоў. Захавалася мноства іх тагачасных фатаграфій. Пакуль муж займаўся наладжваннем польска-французскіх адносін — падрыхтоўкай афіцыйных візітаў міністраў замежных спраў і выдачы крэдытаў Польшчы, а таксама дапамогай польскай эмігранцкай дыяспары ў Парыжы, 37-гадовая Гэлена — маці траіх дзяцей — вяла велікасвецкі лад жыцця, прадыктаваны яе новым становішчам. На адной з фатаграфій 1925 года яна ўвасоблена ў парыжскай майстэрні вядомага польскага скульптара Вацлава Шыманоўскага (1859—1930) каля бронзавай адліўкі яго знакамітага помніка Фрыдэрыку Шапэну, перавезенага з Парыжа ў Варшаву і адкрытага прэзідэнтам Польшчы Ігнатам Масціцкім у лістападзе 1926 года.

Яе партрэты пісалі модныя ў той час салонныя мастакі Парыжа, сярод іх быў і Баляслаў Чадахоўскі. Мастак пражыў вялікую частку жыцця за межамі Польшчы, лічыўся майстрам параднага партрэта і пры жыцці меў еўрапейскую вядомасць. Яго нават называлі «ўнукам Матэйкі», бо вучыўся ў Кракаўскай акадэміі ў непасрэднага вучня вялікага польскага жывапісца Казіміра Пахвальскага. У канцы Першай сусветнай вайны Чадахоўскі пераехаў у ЗША, потым вярнуўся ў Парыж, дзе пражыў да 1938 года. Мяркуючы па ўсім, яго карціны зрабілі ўражанне на вышэйшы парыжскі свет польскай калоніі: Чадахоўскі не меў праблем з заказамі. Сярод мадэляў былі вяршкі польскай арыстакратыі — кардынал Сапега, графы Патоцкія — браты Альфрэд і Ежы, іх маці Эльжбета Патоцкая, народжаная Радзівіл, Стэфан Асавецкі (гэтыя працы загінулі ў гады вайны). За партрэт графа Тышкевіча ў паляўнічым гарнітуры мастак атрымаў Ганаровы дыплом — найвышэйшую ўзнагароду ў тагачаснай Польшчы. У 1930 годзе яму быў замоўлены партрэт прэзідэнта Польшчы Ігната Масціцкага.

Партрэт Гэлены Хлапоўскай можна лічыць адным з самых удалых у творчасці мастака перыяду «арт-дэко». У ім мала адчуваецца прысмак салона і перабольшанай прыгажосці, характэрных для Чадахоўскага ў іншых выявах польскай арыстакратыі. Гэта лепшы прыклад так званага «элегантнага» свецкага параднага партрэта. Майстар відавочна імкнуўся намаляваць даму вышэйшага парыжскага свету з бляскам і шыкам, выкарыстоўваючы ўвесь арсенал даступных яму сродкаў — палатно вялікага памеру, бліскучы жывапіс, прыгожая рама. Ён пасадзіў мадэль у пазалочанае разьбянае барліннае крэсла, задрапіраваўшы ў лёгкі празрысты шаль, які Гэлена прытрымлівае рукой. Складаная і нязручная, але элегантная пастава. Удава мастака пазней распавяла пра прынцыпы мужавай працы над партрэтамі. Эскіз выконваўся непасрэдна пэндзлем. «Чадахоўскі размаўляў з мадэлямі падчас сеанса, каб іх выраз твару быў жывым і натуральным. Велізарную ўвагу надаваў вачам, якія заўсёды маляваў першымі пасля падмалёўкі. Да кожнага партрэта ён падбіраў індывідуальную раму», — успамінала Луіза Чадахоўская. Выпешчаная аголеная рука дамы бездакорнай формы таксама «пазіруе» — маляўніча ляжыць на падлакотніку крэсла. Мастак падкрэслівае ззянне далікатнай скуры, выразныя вочы і вытанчаны сілуэт мадэлі амаль незаўважнымі, але дарагімі ўпрыгажэннямі — завушніцамі, бранзалетам, кольцамі і жамчужнымі каралямі. Не застаўся без увагі і модны ў той час абутак на стройных нагах. Прадуманыя пастава і ўбор, красамоўныя дэталі: кніга і таршэр на заднім плане, дарагія тканіны абіўкі сцен — усё павінна апавяшчаць пра багацце замоўцы, якое так хутка вычарпалася. У Парыжы з меркаванняў прэстыжу Хлапоўскія жылі на шырокую нагу. Але за паказной раскошай і дабрабытам хаваліся жыццёвыя нягоды — страта дзевяцігадовага сына Яна ў 1923 годзе, смерць старэйшага — і адзінага — брата ў 1927-м, выхаванне траіх дзяцей, даўгі, пошук грошай... На адной з позніх фатаграфій 1930-х гадоў Хлапоўская яшчэ элегантная, але выглядае ўжо змучанай і стомленай.

Маёмаснае становішча сям’і ўскладніў сусветны фінансавы крызіс 1929 года. Магчыма, тады (а можа, і пазней, напярэдадні Другой сусветнай вайны) рухомая маёмасць сям’і амбасадара з гэтых маёнткаў часткова была прададзена, падорана ці перавезена на захаванне «на крэсы» — у Клецк, Ланцут ці Нясвіж, да добрых знаёмых — Патоцкіх і Радзівілаў, з якімі Хлапоўскія былі звязаны агульнай працай у Мальтыйскім ордэне гаспітальераў. Ці быў партрэт у Нясвіжскім замку, як меркавалася раней? У вопісе 1939 года старой Марыяй Ружай Радзівіл, народжанай Браніцкай, якая давала тлумачэнні савецкай камісіі пра назвы замкавых партрэтаў, партрэт Хлапоўскай не названы (ва ўсякім разе па імені). Магчыма, партрэт патрапіў да сваякоў Мелжыньскіх — Яленскіх, маёнтак якіх Туча быў пад Клецкам. У сядзібе Ядвігі з роду Яленскіх і яе мужа і стрыечнага брата Андрэя Мелжыньскага быў вялікі збор прадметаў мастацтва, у тым ліку дзясяткі слуцкіх паясоў.

Радзівілы, Патоцкія, Хлапоўскія і Мелжыньскія былі добрымі знаёмымі. У Парыжы ў Марыі Радзівіл былі раскошная кватэра і дамы, яны, верагодна, сустракаліся даволі часта. Адзін з Радзівілаў, князь Міхал, быў жанаты з Альдонай, народжанай Хлапоўскай. Захавалася фатаграфія, дзе пара Хлапоўскіх знятая разам з Марыяй Радзівіл (Браніцкай) у Рыме, дзе ў 1934 годзе праходзіў з’езд Мальтыйскага ордэна.

У 1936 годзе парыжскаму жыццю Хлапоўскіх прыйшоў канец: 62-гадовага Альфрэда адправілі на пенсію.

Сям’я вярнулася ў родныя Касцяны пад Познанню. У пачатку Другой сусветнай вайны ўжо хворага Альфрэда Хлапоўскага арыштавалі фашысты і трымалі ў шпіталі, не дазваляючы пакінуць родавы маёнтак. Пасля смерці мужа ў 1940 годзе Гэлена выехала ў Варшаву, а адтуль — праз Італію — у Францыю, дзе ў парыжскім штотыднёвіку «Le Petit Parisien» (ад 26 мая 1940 года) надрукавала артыкул пра лёс свайго мужа. У яе не заставалася ілюзій наконт гітлераўскага рэжыму. Гады Другой сусветнай вайны яна правяла ў эміграцыі — у ЗША. Туды ж у паваенны час пераехаў і мастак Чадахоўскі. Пасля заканчэння вайны Гэлена вярнулася да дачкі ў Эвен у Францыі, дзе і памерла ў 1959 годзе. Ёй было 72.

Чадахоўскі перажыў сваю мадэль на 10 гадоў. Перад смерцю ўсе творы ён завяшчаў радзіме — Польшчы. У 2001 годзе яны былі перададзены яго другой жонкай Гердай у Замак-музей у Ланцуце.

Самы бліскучы і насычаны падзеямі парыжскі перыяд жыцця Гэлены мінуў бы сон, пакінуўшы толькі ўспаміны (прыемныя і горкія) і адно рэальнае пацвярджэнне — гэты партрэт. Чамусьці ён знік са збораў сям’і, гадамі вандраваў невядома дзе — і неспазнанымі шляхамі патрапіў у Мінск, стаўшы ўпрыгажэннем калекцыі польскага жывапісу ХХ стагоддзя.

Верагодна, жывыя ўнукі гэтай жанчыны, нашчадкі яе траіх дзяцей. Малодшы сын Хлапоўскай, журналіст, названы ў гонар бацькі Альфрэдам, памёр у Польшчы ў 1988 годзе. Дачка Марыя Тэрэза (1910—1980) выйшла замуж за польскага дыпламата Ежы Ласоцкага. Крысціна, якая жыла ў Францыі, — за афіцэра французскага войска Маўрыцыя дэ Бартылата. Калі адшукаць унукаў пары Хлапоўскіх, яны, верагодна, могуць шмат цікавага распавесці пра сваю бабулю — гераіню гэтага партрэта... І магчыма, тады яе вобраз адкрыецца зусім з іншага боку.

А партрэт здабудзе сваю рэальную, а не меркаваную «гісторыю існавання».

Надзея УСАВА