Скрынка з сакрэтамі

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Лялечны сезон
Сёлета ўразіла вялікая колькасць запамінальных падзей у айчынных тэатрах лялек. Менавіта лялькі сталі абсалютнымі лідарамі другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі.

Ва ўсіх лялечных тэатрах краіны адбыліся прэм’еры спектакляў, назвы якіх прымушаюць моцна задумацца пра творчае жыццё тэатраў драматычных. Напярэдадні свайго 75-годдзя Беларускі дзяржаўны тэатр лялек узнавіў дзейнасць Творчай лабараторыі, якая пры аднадушнай падтрымцы крытыкаў зноў працавала ў Мінску. Нарэшце, Гродзенскі тэатр заснаваў і правёў першае Міжнароднае свята-фэст «Лялькі над Нёманам», і гэта сталася прыемнай нечаканасцю для многіх.

/i/content/pi/mast/70/1180/artefakts_01_51.jpeg

«Мікракосмас. Кампазіцыя» Роберта Дробнюха. Беластоцкі тэатр лялек (Польшча).

Лялечнікі з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны адзначылі Першае міжнароднае свята-фестываль дванаццаццю пастаноўкамі. Гродзенскі фэст паўставаў як чароўная скрынка з сакрэтамі-спектаклямі — тыя хаваліся ў кожнай шуфлядзе, выемцы і адтуліне. Іх суправаджалі загадкавыя прылады і прыстасаванні, бездані «чорных кабінетаў», рухомыя цені на шырмах, фокусы ператварэнняў і музыка, без якой тэатральнай таямніцы папросту не існуе.

Асаблівасць паловы пастановак палягала ў тым, што іх рэжысёры самі выступілі драматургамі. Нават там, дзе пэўна значылася прозвішча «М.Гогаль», пашчыраваў Віктар Клімчук, мастацкі кіраўнік Беларускага тэатра «Лялька» з Віцебска. «Нататкі вар’ята» — вечаровы спектакль для публікі, якую выхоўвалі не адзін год. Мастакі Ганна і Алесь Сідаравы знайшлі адпаведную прыкмету вар’ятні — металічныя сценкі з адтулінамі. Сценкі сыходзіліся ў кут, дзе мусіў абжывацца Папрышчын. Дачыненні персанажаў усталёўваліся праз аб’екты, прадметы і лялькі розных канструкцый. Зялёны камбінезон Папрышчына кантраставаў з пышным бела-ружовым убраннем начальніцкай дачкі, якая першы раз з’яўлялася на пуантах, а другі — на ролікавых каньках. Мітусіліся хвацкія чыноўнікі, яны ж — дактары-садысты, яны ж — інфернальныя персоны ў іншых сцэнах. Часам лялькі ўвасаблялі душы. Часам — сабак (дарэчы, не абы-якія персанажы «Нататак...», ад каторых толькі і можна пачуць праўдзівыя словы). Часам звар’яцелы Папрышчын качаўся па падлозе, еў паперу і ўпадаў за дачкою начальніка. Але дзеянню, гучнаму і яркаму, бракавала... развіцця? Глыбіні? Сэнсу. Папрышчын — ён жа не вар’ят, праўда? Знаны літаратуразнаўца Юрый Лотман знайшоў сувязь «Нататак вар’ята» з лубком: Папрышчын збіваецца са сцежкі праз газетныя глупствы, якія вельмі ўпадабалі аўтары лубачных выяў (а яны часцяком спасылаліся на газеты). Гісторыя дае падставу для моцнага рэжысёрскага замаху, аніяк не адмаўляючы ролю драматурга, асвоіцца з якой не так проста, што пацвердзіў сваім сцэнічным вопытам Віктар Клімчук.

Спектакль «Чароўны пэндзаль» Магілёўскага абласнога тэатра лялек — лаўрэат ІІ Нацыянальнай прэміі ў намінацыі «Лепшы спектакль для дзяцей». Рэжысёр Ігар Казакоў папрацаваў з маладым драматургам Алесяй Сабела. Атрымалася казка-размалёўка з адметнай музыкай Святланы Залескай-Бень і цікавым сцэнаграфічным вырашэннем мастачкі Таццяны Нерсісян. Адмысловыя белыя планшэты з прарэзамі ўтварылі і шырму, і заднік — аркуш для малявання з дапамогай камп’ютарнай графікі. Быў зняты цэлы фільм, каб падтрымаць персанажаў жывога плана і пляскатых лялек на шпянях. Лялькі ў сваю чаргу стылізаваны пад дзіцячыя малюнкі і ўвасабляюць персанажаў спектакля ў маляванай краіне, дзе атабарыўся кароль-самазванец з нядобрым намерам панішчыць колеры і зрабіць усё шэра-чорным. Але лялька-дзяўчынка згубілася на тле чырвонай сукенкі галоўнай гераіні — дзяўчынкі-мастачкі з чароўнымі фарбамі, якая манерамі і пластыкай выдавала на цётухну-травесці. Сяброўка-Мышка старанна праціўкала ўсе рэплікі. Персанажы-фарбы былі, па сутнасці, аднолькавымі і адрозніваліся толькі колерамі касцюмаў. Ператварэнне караля ў мастака ніяк не абгрунтоўвалася папярэднім развіццём падзей. Надаць размалёўцы аб’ёму мог бы чароўны пэндзаль драматурга, але ягоная роля сталася эпізадычнай.

Літоўскія лялечнікі так паслядоўна пракладваюць свае шляхі ў тэатральнай прасторы, што нават іх фестывальныя спектаклі — гэта аповеды пра пошукі і дарогі. Таму казкі Панявежыскага тэатра лялек на колах і Вільнюскага тэатра «Lėlė» літаральна... распавялі. Але сцэнічнае ўвасабленне простых аповедаў патрабавала няпростых мастакоўскіх вырашэнняў. Панявежыская канструкцыя ўяўляла сабой рарытэтны інструмент з клавіятурай. З ім упраўляўся Прафесар, які на пару з Апавядальніцай граў — то літаральна, то ў пераносным сэнсе — казку «Пернікавы дамок» паводле братоў Грым. Пераказ прыгод брата і сястры ў вядзьмарчыным доме заняў хвілін дзесяць, таму асноўныя падзеі драматург і рэжысёр Алена Барысава засяродзіла вакол каштоўнага інструмента — Прафесар і Апавядальніца-экскурсавод вельмі баяліся папсаваць яго, але пастаянна псавалі, потым рамантавалі і патрошку між сабой сварыліся. Іх пабытовы канфлікт пераважваў казачны, і галоўнай дзейнай асобай спектакля рабіўся... інструмент. З усімі клавішамі, педалямі ды ручкамі, са скрынямі і засланкамі, дзе знаходзіліся выштукаваныя інтэр’еры і лялькі. Лялечны тэатр з Панявежыса, экзатычна перанесены ў вазок з коньмі, існуе ў, так бы мовіць, паходна-палявым становішчы. Гэта тэатр асветны і хатні, спектаклі ягоныя разлічаны на досыць вузкае кола гледачоў. Ён сам — нібы той каштоўны інструмент, які можна сапсаваць недакладным дзеяннем і нятрапным словам.

Рэжысёр Тэатра «Lėlė» Рымас Дрэжыс таксама выступіў драматургам свайго спектакля «Залатая яблынька, вінны калодзеж», узяўшы на ўвагу тое, што гледачы добра знаёмы з казкай і ўласна казачных падзей хопіць на хвіліны сцэнічнага часу. Таму асоба Апавядальніцы ў ягоным вырашэнні займела якасна іншую ролю: прычыны падзей спектакля яна далікатна праецыравала на аўдыторыю, выклікала эмоцыі, заахвочвала пачуцці... Пад расповед пра мачаху з дочкамі, падчарку, кароўку і караля на кані дзеянне рухалася ў тэмпарытме кола, на якое накручваюць калодзежны ланцуг. Чаргаваліся панарамы і чароўны ліхтар, дыярамы і тэатр ценяў, механічныя прыстасаванні з мексіканскай лесвіцай Якаба (яна стварае ўяўленне пад’ёму і спуску). Мастак Марус Януціс выклаў старанна падабраны шматстайны тэатральны арсенал старасветчыны. На галоўнай лялечнай шырме-экране чаргаваліся сцэны лялечныя і анімацыйныя (камп’ютарная графіка Альгімантаса Дрэжыса). Сукенка Апавядальніцы з выявай зялёнага лугу, дома пры гаі ды аблокаў утварала дасціпны рухомы заднік, варта было Эльвіры Пішкінайтэ ўзяць ляльку-забаўку ў рукі. Лялечніцы не бракавала майстэрства абазнанай драматычнай актрысы, а лялькам, стылізаваным пад старасвецкія цацкі, — пяшчотных дотыкаў яе спрытных рук. Перамогі ў намінацыях «Лепшая работа рэжысёра», «Лепшая работа мастака-пастаноўшчыка» і «Лепшая жаночая роля» гродзенскага фэсту дасталіся менавіта «Залатой яблыньцы...».

А «Лепшы фестывальны ансамбль» — у Каўнаскага дзяржаўнага тэатра лялек. П’еса і пастаноўка «Па дарозе да сонца» належаць рэжысёру Барысу Канстанцінаву. Твор, у якім амаль няма тэксту, мае адметную музычную форму.

...Жыве сабе скрыпач пад вакзальным мостам мастака Віктара Антонава. Грае музыку Дзяніса Шадрына, чакае, марыць (так, што нават дождж да яго прыслухоўваецца і ліхтар не застаецца абыякавым), узіраецца ў чыгуначныя рэйкі... А цягнікі бягуць і бягуць — то зусім далёка, то бліжэй. І вось адзін спыняецца ля скрыпача і перакідаецца ў вандроўны цырк, дзе лялечныя насельнікі паказваюць нумары-эпізоды — пра чалавека, яго атачэнне і ўзаемаадносіны. Назіраць за імі смешна, прыкра, сумна. Але праз іх скрыпач гартуе волю пакласці канец зацягнутаму падмоставаму існаванню. Цыркавыя артысты разварушылі ягоныя пачуцці, нагадалі дзяцінства і чаканне шчасця. У фінале «шчасце» кліча скрыпача за сабой і выскоквае з «чорнага кабінета» — усе артысты, занятыя ў спектаклі, з’яўляюцца на сцэне і трымаюць апазнавальныя знакі сваіх персанажаў — гармонік, філіжанку кавы, сцяжок... На фестывальным паказе з імі выходзіў Алег Жугжда, бо па дарозе да гродзенскага сонца адзін з выканаўцаў пашкодзіў нагу і яго давялося замяніць (балазе персанаж быў без тэксту і «без аблічча», у чорным строі). Адметная праява прафесійнай падтрымкі!

На баль і па скарбы выпраўляліся знаны варшаўскі «Гулівер» і Тэатр лялькі і акцёра з Ломжы — адпаведна з «Невядомымі прыгодамі Аладдзіна» Ібрагіма Шавоха і «Папялушкаю» Яна Бжэхвы. Рэжысёры Яўген Ібрагімаў і Яраслаў Антанюк ладзілі відовішчы падрабязныя, фантазійныя, больш (усходняя казка) і менш (заходняя казка) шчыльна населеныя, больш (пад усходні вулічны тэатр) і менш (пад тэатр моды) удала стылізаваныя. «Папялушцы» моцна дапамагла музыка Багдана Шчапаньскага — падтрымала тэмпарытм дзеяння, акцёрскае існаванне ў ролях і надала сэнсу падзеям (за што кампазітар і быў адзначаны як лепшы).

Беластоцкі тэатр лялек адважыўся на харэаграфічныя выпрабаванні і паяднаўся з Падляскай асацыяцыяй харэаграфіі для ўвасаблення кампазіцыі Роберта Дробнюха «Мікракосмас». Досціп рэжысёра Караліны Гарбацік палягаў у тым, што дачыненні кузурак у нас пад нагамі падобныя на чалавечыя. Акцёры ўзброіліся адмысловым рыштункам, свядома ператварыўшыся ў падабенства лялек і... удзельнікаў сучаснай харэаграфічнай пастаноўкі. Некаторыя ператварэнні (напрыклад, у павука на паляванні, сабранага са шматлікіх металічных «ног») выклікалі шчырае захапленне залы.

Сапраўднай скрынкай з сакрэтам сталася «Лясная песня» Лесі Украінкі Закарпацкага акадэмічнага тэатра лялек «Баўка», якую спраўдзіў рэжысёр Алег Жугжда, адкінуўшы шалупінне шматлікіх трактовак у фальклорным рэчышчы.

...Дзесьці на зломе эпох ды эстэтык кампанія выканаўцаў бавіцца ў ратондзе за раялем: абазнаныя эстэты захапляюцца фальклорам і ўцягваюцца ў нейкае дзейства з паганскімі матывамі. Дзейства маляўніча падтрымліваюць вянок з ламачча і палосы празрыстых белых вэлюмаў; вянок і раяль робяцца месцамі для выступу лялек. Моцных, драўляных, разьбяных — сялянскіх, мужчынскіх. Стылізаваных пад керамічныя збаны з накруткамі-галовамі — вясковых жаночых. Далікатных, лёгкіх, на кіёчках — інфернальных.

Здаецца, са сцэны вось-вось заструменіць энергія нейкіх першасных пачуццяў, пакліканая мужчынскай моцай і жаночай вабнасцю. Акцёры і зала ўжо паяднаныя, ужо захопленыя гульнёй і тэкстам; у нейкі момант лялькі мусяць пачаць кіраваць лялькаводамі і паказаць характары. Але — не здараецца. Напал не набірае належнага градуса. Дзеянне правісае, канае, эмоцыі гразнуць, нібыта пад ногі артыстам паслалі стомленасць. І на першым плане апынаюцца невыразныя лялькі і псеўдарамантычныя строі артыстаў, мяшчанскія талеркі, якія гучна прыбівала да раяля адна з гераінь, прымусовае жаўнерства па раяльных струнах, калядныя лямпачкі ў цернях вянка, паадкручаныя лялечныя галовы — яны ўжываюцца як кілішкі для гарэлкі...

Фінал відовішча так адрозніваўся ад настраёвага, пачуццёвага пачатку, што выклікаў пытанне «А ці варта было вырашаць такі матэрыял праз лялькі?» Адказ — варта. Бо — вырашана! Толькі моцны рэжысёрскі замах перахапіла і згасіла ўвасабленне. Альбо няўдалы паказ?

Балазе, прывід пытання «А да чаго ў спектаклі лялькі?» больш не паўставаў. А ўвасабленне маленькай трагедыі «Моцарт і Сальеры» і ўвогуле падалося бездакорным. Прачытанне класічнай гісторыі Пушкіна ў Брэсцкім тэатры лялек мае назву «Месяц Сальеры» і належыць расійскаму рэжысёру Руслану Кудашову. Спектакль сапраўды ззяе халодным святлом месяца і нават месяцаў — у іншасвеце, куды перанесена дзеянне, ён у кожнага персанальны. Месяц Сальеры гарантуе яму асабістае пекла, і той безліч разоў перажывае сваё злачынства.

Для ўвасаблення сваёй нечаканай і бліскучай задумы Руслан Кудашоў скарыстаў сродкі выключна тэатральныя і выключна лялечныя — аніводнага радка з Пушкіна не дастаў. Пра музыку «двух сыноў гармоніі» ў спектаклі рупіўся Уладзімір Бычкоўскі, пра сцэнаграфію і лялькі — Андрэй Запарожскі і Аляўціна Торык. Нават Ізора, памянёная Пушкіным як тая, што дарыць яд, прадстаўлена ў спектаклі як Муза. На запыты творцаў яна адгукаецца адпаведна: аднаму — Рэквіем, другому — атруту. Муза вольная. І летуценны Моцарт — вольны. Адляцець, вярнуцца, даць палёгку сябру Сальеры. Праз Моцарта той марыць (і яшчэ можа!) вызваліцца ды спачыць. Але пачварны Дэман пільнуе злачынства. Трэцім стаіць пры сябрах у «Залатым ільву». Цяжка распроствае крылы і мяняецца з твару... Захапляе не толькі адметны фокус з тварам Дэмана. Лялечныя ручкі перадаюць садавіну і атруту, перасоўваюць рэчы, даюць поўхі. Сем артыстаў віртуозна кіруюць чатырма лялькамі, дажджом, віхурамі з пяску, ліставеем, палётам поўні Сальеры і адлётам (адплывам?) Моцарта з Музай на велічнай рыбіне. Зміцер Нуянзін і Раман Пархач падтрымліваюць пушкінскі дыялог за Сальеры і Моцарта... «Месяц Сальеры» атрымаў Гран-пры свята-фэсту «Лялькі над Нёманам».

Фестывальны праект гродзенскіх лялечнікаў толькі распачаты, а планка конкурсу ўзнята высока. Адмысловай канцэпцыі для прафесійных сяброўскіх сустрэч яны не шукаюць: якое ж сяброўства паводле канцэпцыі? Іх турбуюць дзеці і сямейныя прагляды, і фестываль — не выключэнне. Лёгкія на пад’ём, лялечныя калектывы ездзяць па свеце, вучацца адзін у аднаго і не цураюцца нялялечных мастацтваў. Другая Нацыянальная прэмія, здабытая Алегам Жугждам у чатырох намінацыях, вокамгненна давяла, што лялечнікі — народ вельмі перспектыўны, а для перспектывы хіба можна скнарнічаць?

Жанна ЛАШКЕВІЧ