Вакол «Макбета»

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

«Макбет» Уільяма Шэкспіра
Сцэнічная рэдакцыя — вольны пераклад Аляксея Дударава Рэжысёр Валерый Анісенка Сцэнаграфія Аляксандра Касцючэнкі Касцюмы Ніны Гурло Харэаграфія Дыяны Юрчанка Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа

/i/content/pi/mast/70/1177/artefakts_01_23.jpeg

Анжаліка Баркоўская (лэдзі Макбет), Юрась Цвірка (Макбет).

Істотныя зрухі адбыліся ў Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа прыкладна год таму. Новы мастацкі кіраўнік і дырэктар Валерый Анісенка ўзначаліў трупу і адразу распачаў бурную дзейнасць на развалінах дзейнасці свайго папярэдніка. Не сакрэт, што другі, як яго раней называлі, нацыянальны тэатр краіны ў той час знаходзіўся не ў лепшым стане. Калі перайначыць вядомае прыслоўе, дык пацыент быў хутчэй мёртвы, чым жывы. Што яшчэ можна сказаць пра трупу, якую гадамі раздзіралі міжусобіцы? Якая была не толькі разбалансаваная — адбывалася катастрафічнае зніжэнне прафесійнасці. Лепшыя і простыя незаўважна памяняліся месцамі. На падмостках квітнела камедыя з элементамі відавочнай папсы. Але ж і майстры з трупы нікуды не падзеліся. Чаго варты адзін толькі Тадэвуш Кокштыс, які дагэтуль знаходзіцца ў выдатнай форме.

Такім чынам, перад Валерыем Анісенкам стаялі вечныя пытанні: хто вінаваты і што рабіць? Адказы мусілі быць практычнымі.

Тое, што тэатр змяніўся, становіцца зразумелым нават пры беглым позірку на афішу. Тут, праўда, з пэўнымі агаворкамі. З’явіўся «дубль два» спектакляў, якія паспяхова ішлі ў РТБД. Нікуды не падзеўся вясёлы камедыйны набор. Камедый па-ранейшаму больш чым трэба. І самыя махровыя засталіся. Чаргуюцца «Музычныя вечары ў тэатральнай гасцёўні». Уласна кажучы, пад статус «нацыянальнага» не ўсё падагнана. Але ж спадчына Валерыю Анісенку насамрэч дасталася надзвычай цяжкая. За такі кароткі перыяд яе проста немагчыма было пераадолець. Тым больш што дамоклаў меч выкананага або не плана па гледачах па-ранейшаму навісае над кожным беларускім тэатрам.

Апошняй прэм’ерай сезона стаў «Макбет» Уільяма Шэкспіра. Упершыню спектакль паказалі пад адкрытым небам на буйным Міжнародным фестывалі «Мельпамена Таўрыі» ў Херсоне. Ён быў прыязна прыняты публікай. Такія паказы для Валерыя Анісенкі маюць асаблівае значэнне. Прынамсі, ад сваёй ідэі надалей ладзіць «тэатр на пленэры» ён не адмаўляецца.

«Макбет» стаўся працягам шэкспірыяны на коласаўскіх падмостках. Нельга сказаць, што да твораў геніяльнага драматурга тут звярталіся вельмі часта. Хутчэй — увагай не абмінулі. Радыкальную сучасную версію «Караля Ліра» прапанаваў Валерый Маслюк у 1994 годзе. Спектакль быў спрэчны і вялікага захаплення не выклікаў. Але, шчыра кажучы, не ведаю, як бы да яго паставіліся цяпер. У кожным разе, яму не бракавала ні арыгінальнай думкі, ні маштабу, ні напалу пачуццяў, былі праведзены сэнсавыя паралелі з існуючай рэчаіснасцю. Пагадзіцеся, амаль забытая па сённяшнім часе практыка.

«Макбет» Валерыя Анісенкі (упершыню ўвасоблены рэжысёрам таксама ў сярэдзіне 1990-х) нібы распасцёрся паміж дзвюма эпохамі, хоць сцэнічны малюнак, сцэнаграфія, пастановачнае вырашэнне іншыя. Укладзеным думкам дадаюцца сучасныя акцэнты, сам спектакль набывае тыповыя сёння рысы ўніверсальнасці. Рухомая і зменлівая заслона адсякае частку сцэны па гарызанталі і жыве сваім жыццём, уступае ў пэўныя стасункі з персанажамі; у жалезную бочку з вадой героі зрэдчас апускаюць акрываўленыя рукі — вось, бадай, асноўнае сцэнаграфічнае аздабленне, функцыянальнае і не абцяжаранае залішнімі дэталямі. Усё вытрымана ў агульнай шэрай гаме. Вонкава густоўна. Паводле задумы, галоўныя падзеі, у тым ліку масавыя эпізоды, адбываюцца па-за заслонай, у іншай прасторы. Адпаведна, выканаўцам даводзіцца абжываць астатнюю частку сцэны. Ствараецца ўражанне, што акцёраў замала, а падмосткаў зашмат. Эмоцыі, якія тут гуляюць, не змяняюць становішча.

Сцэнічная рэдакцыя Аляксея Дударава таксама зроблена ў сярэдзіне 1990-х. Гэта першыя спробы сучаснай адаптацыі класікі, якія цяпер распаўсюджаны вельмі шырока, у розных варыяцыях. Любога роду адаптацыя з’яўляецца адыходам ад першакрыніцы і таму мае на ўвазе пэўныя страты. Адаптацыя не можа быць лепш за арыгінал. І гэта, уласна кажучы, тыя ўмовы гульні, якія даводзіцца прымаць, — падабаецца нам тое, што атрымалася ў выніку, або не.

Паводле прапанаванай сцэнічнай версіі Аляксея Дударава спектакль Валерыя Анісенкі ўяўляе сабой, так бы мовіць, гісторыю паслядоўнага ўзнаўлення зла. Макбет пачынае здзяйсняць злачынствы і не можа спыніцца. Ён знішчае самых блізкіх да сябе людзей, здаецца, ген забойства актывуецца ў ягоным арганізме і не дае спакою. Гэтая лінія акрэслена ў спектаклі найбольш выразна. І, па сутнасці, менавіта яна вызначае ягоны галоўны змест. Зніклі некаторыя сцэны з лэдзі Макбет і, адпаведна, шматлікія шэкспіраўскія калізіі паміж галоўнымі героямі, якія надаюць твору касмічны, пазачасавы сэнс. Менавіта змаганне злога і добрага пачаткаў у чалавеку, эвалюцыя цёмнага і супраціў светлага, шматстайныя адценні чалавечай душы, якая не з’яўляецца адназначна чорнай, — самае цікавае ў інтэрпрэтацыі трагедыі Шэкспіра. У вольным перакладзе Аляксея Дударава, адпаведна і ў спектаклі коласаўцаў, усё засяроджана на лінейным руху сюжэта, атрымліваецца сціслы і беглы яго пераказ. Але... Добра гэта або блага — забіваць людзей? Безумоўна, блага. Не ведаю, колькі знойдзецца ў зале гледачоў, якія ў гэтым сумняваюцца.

Спектакль пазбаўлены моцных візуальных акцэнтаў, у ім вельмі многае перадаверана акцёрам. Анжаліцы Баркоўскай (лэдзі Макбет), Юрасю Цвірку (Макбет), Яўгену Бераснёву (Банка) многія сцэны прапанавана трымаць «буйным планам». Яны існуюць, як гэта любіць Валерый Анісенка, у межах традыцыйнай псіхалагічнай школы і безумоўна маюць для гэтага падставы, нават працуючы над такімі складанымі вобразамі.

Зрэшты, будзем лічыць, што гэта толькі першыя і неабходныя крокі на шляху да аднаўлення тэатра. Свайго роду ўрокі скорачытання дзеля плённага засваення вельмі складаных задач.