А ў вас моцныя ногі?

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Майстар-клас «Дакументальны тэатр: тэхналогіі»
На працягу двух дзён зацікаўленыя драматургі, рэжысёры, акцёры і крытыкі ўнікалі ў тое, як трэба шукаць героя, гутарыць з ім і апрацоўваць гутарку для дакументальнай п’есы. Шукалі адказ на пытанне, у якой ступені варта спалучаць дакументальнае і мастацкае.

/i/content/pi/mast/70/1176/artefakts_01_19.jpeg

«9 месяцаў/ 40 тыдняў» Аляксея Кулічкова і Сяргея Шаўчэнкі.

Прапаноўвалі тэмы. Спрабавалі на сабе. Выпрабоўвалі сяброў, правяраючы на іх тэзіс пра важнасць выключэння з размовы рацыянальных пытанняў і пра дарэчнасць вядзення яе ў манеры ваяўнічага прафана. Стварылі каля дваццаці кароткіх дакументальных гісторый. Намацвалі тэмы і стратэгіі для таго, каб напісаць п’есу пра таемнага беларуса.

Калі не надта пільна ўглядацца ў падзеі і гісторыю тэатральнага жыцця Беларусі, то можа падацца, што з дакументальным тэатрам мы знаёмыя выключна па апошніх фестывальных паказах Тэатра.doc — «Запалі мой агонь» («Тэарт»), «Забойца» і «9 месяцаў/ 40 тыдняў» («М.аrt.кантакт»). Аднак гэты від тэатра кропкава існуе ў беларускай тэатральнай прасторы ўжо каля стагоддзя. Можна лічыць, што адлік пачынаецца з узнікнення віцебскага Тэатра рэвалюцыйнай сатыры і агіттэатра. Потым было спрычыненне да руху «сінеблузнікаў». І — значны перапынак, выкліканы зменамі ў грамадска-палітычным ладзе. Спектаклі Валерыя Раеўскага ў 1970-х у Купалаўскім тэатры — «Праўда! Нічога акрамя праўды!!!» паводле Данііла Аля і «Чалавек з легенды» Яўгена Шабана. Плынь дакументальнай прозы (Алесь Адамовіч, Святлана Алексіевіч), асобныя творы з якой сталі асновай для стварэння спектакляў. Дарэчы, цікавасць да іх сцэнічнага ўвасаблення не знікае: у 2002 годзе на сцэне РТБД Бруна Бусаголь і Валерый Анісенка паставілі «Чарнобыльскую малітву», у 2009 годзе Уладзімір Савіцкі выпусціў «Апошніх сведак» у Коласаўскім тэатры. Да таго ж існуе і цікавасць да праектаў, створаных спецыяльна для сцэны: у тым жа 2009-м тэатральная моладзь — Кацярына Аверкава, Яўген Карняг і Алеся Самахавец — паспрабавала працаваць з інтымнай дакументалістыкай у беларуска-швейцарскім спектаклі «Першае каханне». Тэхнікамі дакументальнага тэатра ў той ці іншай ступені карыстаюцца і маладыя драматургі, чые імёны ва ўсіх на слыху, — Павел Пражко, Дзмітрый Багаслаўскі, Канстанцін Сцешык. Пералік можна доўжыць і пашыраць.

У нас моцныя ногі. Мы можам на іх трывала стаяць. Толькі куды ж нам крочыць? Мы шукаем шляхі. Адзін з іх паказала Любоў Мульменка.

Любоў Мульменка: «Запісаць бы вас усіх!»

Як коратка растлумачыць чалавеку, што такое дакументальны тэатр?

— Гэта спектаклі, якія пастаўлены па п’есах... Не, не так. Спектаклі, зманціраваныя з інтэрв’ю з рэальнымі людзьмі, якія бралі акцёры, рэжысёры і драматургі. У гэтых спектаклях мы можам пачуць спантаннае вуснае маўленне — паслухаць, як гавораць на прыпынку, на заводзе, у Акадэміі навук. Гэта шанец лепш пазнаць людзей, пра якіх, на нашу думку, мы ведаем усё, а насамрэч маем вельмі прыблізнае ўяўленне. Шанец апынуцца ў нейкім маўленчым асяродку. Усё ж такі адзінка дакументальнасці — слова, а не дзеянне.

Як вы «вырулілі» на шлях дакументальнага тэатра?

— Тое, што большасць маіх праектаў дакументальныя, атрымалася, хутчэй, выпадкова. Проста на такія праекты мяне часцей за ўсё запрашалі. Можа, першы ўдаўся як мае быць, і далей мяне вырашылі «праводзіць па гэтым артыкуле». А «выруліла» я... У мяне была першая п’еса, пераробленая з апавядання. І было відавочна, што яна перароблена з апавядання. У той жа год, калі я яе напісала, у Кіраве праходзіла лабараторыя «Жывому тэатру — жывога аўтара», якую зладзілі крытык і тэатральны прадзюсар Алена Кавальская і арганізацыя «Культпраект». Яны збіраліся прывезці ў Кіраў да галоўнага рэжысёра Тэатра на Спаскай Барыса Паўловіча чатырох драматургаў. Каб гэтая нетутэйшая чацвёрка за тыдзень стварыла разам з Борам і акцёрамі які-небудзь спектакль пра Кіраў. Чацвёрка была ўжо набрана, але на фінальнай стадыі адзін з аўтараў захварэў. Пачалі шукаць замену.

Праект досыць адкрыты для новых людзей: могуць узяць некага па рэкамендацыі, могуць узяць чалавека без вопыту працы ў тэатры, могуць узяць журналіста, пра якога думаюць, што ён справіцца. Нехта з арганізатараў чытаў маю п’есу, яна спадабалася, спыталі ў Аляксандры Дзянісавай (таму што ведалі яе), нармальная я ці не. Саша адказала: нармальная. І я атрымала ліст з запрашэннем прыехаць на гэтую лабараторыю. Прыехала. Пазнаёмілася з Міхаілам Угаравым, Марынай Разбежкінай, якія таксама прыехалі праводзіць дыскусію і паказваць дакументальнае кіно, каб крыху падрыхтаваць кіраўскую публіку. Ну, і неяк экстэрнам, за тыдзень, мне прыйшлося зразумець, што гэта такое. Рашэнні, як расшыфроўваць, манціраваць, я прымала інтуітыўна, у працэсе. І, здаецца, атрымалася няблага.

У чым перавагі дакументальнага тэатра перад мастацкім?

— Дакументальны тэатр, у якім няма элементаў мастацкага, — зусім не для мяне, гэта для фанатаў. Мне падаецца, добры мастацкі тэатр павінен быць падобным да дакументальнага — і наадварот. Тым людзям, якія займаюцца выключна артадаксальным дакументальным тэатрам, карысна памятаць, што гэта толькі тэхналогія. Што варта быць смялейшымі і пераводзіць частку дзеяння ў эцюды, што-небудзь прыдумляць. Я не бачу ў гэтым крыміналу, а бачу вялікую карысць і цікавую задачу. Ну, і зайздрошчу тым людзям, якія ў стане напісаць цалкам прыдуманы тэкст, не карыстаючыся тым, што бачылі ці чулі ў сваім жыцці. Не ўпэўнена, што такія тэксты ўвогуле існуюць. І калі ты бачыш у выпадковай фразе каштоўнасць, дык чаму б не падзяліцца ёю з наваколлем? Я не думаю, што гэта плагіят. Ты не крадзеш у жыцця, а раздаеш для вялікай колькасці карыстальнікаў.

Які герой дакументальнага тэатра вам імпануе?

— Я больш за ўсё на свеце люблю рускую мову. Таму захапляюся тымі, хто на гэтым полі дэманструе нейкія цуды. Напрыклад, падчас экспедыцыі ў Пракоп’еўск я больш за ўсё ўпадабала хлопца, гісторыю якога немагчыма нават пераказаць. Яна ні пра што. Пра тое, як гаворыць гэты хлопец, пра яго мову. Пра жанчыну «светлага тыпу валасоў». Можна, канечне, сказаць, што гэта гісторыя пра каханне, якое не склалася: яна медсястра, ён вайсковец-кантрактнік. Але пра тое, што ён кантрактнік, мы дазнаемся напрыканцы. Маглі б і не дазнацца. Фішка гісторыі ў тым, як хлопец усё гэта спявае. Адчуванне, што ты паслухаў песню.

Чыю гісторыю вам хацелася б пераказаць цяпер? Які герой вас цікавіць?

— У мяне ў галаве ёсць нешта накшталт слоўнічкаў малых рускіх моў. Ёсць вялікая руская мова, а ёсць мовы, на якіх размаўляюць асобныя групы. Я, напрыклад, дасканала валодаю мовай пацаноў. Мяне пачалі запрашаць на праекты, дзе трэба было імітаваць, умоўна кажучы, маўленне гапаты. Я гэты слоўнічак ведаю. І мне ўжо нецікава хадзіць на інтэрв’ю з пацанамі. Я сама магу кіламетрамі імітаваць іх маўленне. Гэтая тэма закрыта.

Мяне цікавіць слоўнічак такой інтэлігенцкай пісьменніцкай тусоўкі са снобскім настроем. Хацелася б папрысутнічаць на п’янках пяшчотных, стомленых літаратараў, паслухаць, як яны на самай справе размаўляюць. Неяк апынулася на такой выпадкова. Думала: «Запісаць бы вас усіх!» — але дыктафона з сабою не было. Карацей, я разважаю катэгорыямі слоўнікаў, а не людзей.

Калі вы прыходзіце ў дакументальны тэатр як глядач, што вас цікавіць, які ваш любімы спектакль?

— Мне падабаецца «Запалі мой агонь» — і якраз сваёй недакументальнай часткай. Ніколькі не засмуцілася б, калі б з яго зніклі маналогі акцёраў пра ўласнае дзяцінства, а засталася толькі фантазія на тэму Морысана, Хендрыкса і Джоплін. Даспадобы праект «Матавіліхінскі рабочы»: ён так і не стаў рэпертуарным, але Аляксандр Радзівонаў, Юрый Клаўдзіеў і Міхаіл Дурнянкоў яго зрабілі як мае быць. Гэта, здаецца, самае любімае.