Спевы, сена, камары...

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

«Баль у Соф’і Гальшанскай»
Існуе дасціпны музычны жарт. Пра што думаюць мужчыны, апранутыя ў шыкоўныя смокінгі, калі сядзяць у першым радзе партэра, глядзяць на дырыжора і слухаюць сімфанічны твор? Горка шкадуюць, што ў дадзены момант знаходзяцца не на рыбалцы. Думаю, калектывы, якія ладзяць фестывалі ці асобныя праекты open air, добра памятаюць той жарт.

/i/content/pi/mast/70/1171/artefakts_01_11.jpeg

У ролі Соф’і Гальшанскай Вольга Жалезская.

Хіба можна належным чынам успрымаць музыку і зорных выканаўцаў, калі ў зале горача, душна, а за акном буяе лета? Оpen air — цудоўны сродак сумясціць тэатральныя вобразы і элементы рэлаксацыі, свежае паветра, адпачынак і класіку. Водар падвялага сена — і класічны балет. Уражанні ад сімфанічнага аркестра і... гудзенне камароў. Оpen air — павеў часу, магчымасць інтэрактыўнага ўспрымання мастацтва, пашырэння яго тэрыторыі. Дзе толькі не ладзяцца сёння фестывалі класічнай музыкі, танца, оперы! У былых кар’ерах, у старадаўніх замках, якія знаходзяцца высока ў гарах, на спецыяльна пабудаваных памостах на беразе возера. У антычных амфітэатрах — уявіце, як успрымаюцца там трагедыі «Антыгона», «Медэя», опера «Траянцы», балеты «Спартак» ці «Дафніс і Хлоя»!

У Беларусі першапраходцам у гэтай справе быў Нацыянальны тэатр оперы і балета. Спачатку ўзніклі «Музычныя вечары ў Мірскім замку», потым імпрэзы ладзіліся ля муроў Сафійскага сабора ў Полацку. Цяпер калектыў арганізоўвае летнія фестывалі ва ўнутраным дворыку Нясвіжскага замка. На пачатку чэрвеня Беларускі музычны тэатр запрасіў сваіх прыхільнікаў у Музей народнай архітэктуры і побыту, дзе праходзіў «Баль у Соф’і Гальшанскай». Усё як мае быць. Пятніца, уік-энд, 10 вечара, амаль сцямнела. Квіткі па 75 тысяч, тым не менш гледачоў багата. Ад увахода ў музей і да сцэнічнай пляцоўкі легкавыя машыны шчыльна стаяць уздоўж дарогі. Значыць, цікава...

Назва «Баль у Соф’і Гальшанскай» удалая, менавіта беларуская. Ёсць у ёй гістарычны вэлюм і водгулле ранейшых эпох. Чаму такая? Тэатр рыхтуе прэм’еру, мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча, які будзе паказаны ў наступным сезоне. На «Балі...» было прадстаўлена цэлых восем фрагментаў. Што вельмі каштоўна, яны ішлі не пад фанаграму, а пад жывы аркестар (дырыжоры Марына Траццякова і Юрый Галяс). Нумары разнастайныя па тэмпах, рытмах, гучанні. Мініяцюрная Вольга Жалезская, якая выступала ў партыі Соф’і, абаяльная артыстка, мае моцны і прыгожы голас. Адметным падаўся Арцём Хамічонак у партыі Ганча, яе брата. Антон Заянчкоўскі (Ягайла) аддаваў даніну традыцыям і звычцы прэзентаваць прадстаўнічых герояў. Злёгку збянтэжыў нумар «Мужчынскія гульні». Не разумею, адкуль заўсёднае імкненне паказаць нашага чалавека выпівохам?.. Здзіўляла і тое, што некаторыя фрагменты будучага мюзікла падаваліся па-беларуску, некаторыя па-руску. Папярэднія работы Кандрусевіча ў гэтым тэатры («Джулія», «Шклянка вады») пераконвалі: ён тонка адчувае асаблівасці жанру мюзікла. Пра канчатковы вынік можна будзе меркаваць тады, калі тэатр пакажа работу цалкам.

Прысутнасць гасцей узбагаціла і разнастаіла праграму. Салісты Клайпедскага музычнага тэатра Даля Кужмарскітэ і Віргініус Пупшыс прадставілі фрагменты з мюзікла Джэры Бока «Скрыпач на даху». Мюзікл пра Тэўе-малочніка ліцэнзійны, у бліжэйшы час «ужывую» мы яго не пабачым і не пачуем. Таму знаёмства каштоўнае ўдвая. Іева Ванзелітэ і Міндаўгас Зімкус з Каўнаскага музычнага тэатра ўвасобілі фрагменты з мюзікла «Аіда». Героі тыя ж — Радамэс і Аіда. Музыка Элтана Джона, спеўныя інтанацыі больш блізкія да сучаснасці (прабачце, спадар Вердзі!). Моцныя галасы, нечаканы рэпертуар. Міжволі пазайздросціш! І «Скрыпача», і «Аіду» салісты з Клайпеды і Каўнаса спявалі па-літоўску. Хіба беларусам не варта павучыцца?

І апошні штрых. Напрыканцы праекта на сцэну выйшлі маскоўскія выканаўцы. Глеб Мацвяйчук і Анастасія Макеева. Маладыя, яркія, перспектыўныя.. Калі хочуць запрасіць зорак, узнікае два пытанні. Першае: ці прыедуць? Другое: хто заплаціць? Мацвяйчук, спявак і кампазітар, у юныя гады жыў у Мінску і вучыўся ў нашай музычнай вучэльні ў Адама Мурзіча, цяперашняга мастацкага кіраўніка тэатра. (Цікава было б калі-небудзь апублікаваць спіс вакалістаў, на чый лёс паўплывала вучоба ў Мурзіча.) Думаю, даўнія кантакты паспрыялі таму, што артысты адгукнуліся на запрашэнне. Спявалі сола і дуэтам. Макеева прэзентавала фрагмент з мюзікла «Небяспечныя сувязі», які будзе неўзабаве ставіцца ў Маскве. Музыка — Мацвейчука. Такім чынам Глеб паўстаў падчас «Балю...» і як выканаўца, і як кампазітар. Узнікла і яшчэ адно неспадзяванае ўражанне. Побач з масквічамі, сапраўднымі зоркамі, што маюць моцныя, класныя галасы, адметны рэпертуар, стыльную вопратку, некаторыя нашы выканаўцы, хоць і былі ў парчу апранутыя, падаліся (чыста візуальна) глыбокімі і непапраўнымі правінцыяламі. З той тэатральнай эпохі, якая даўно прамінула. Што ж, будзем вучыцца!

Увогуле «Баль у Соф’і Гальшанскай» атрымаўся. Традыцыя ўсталёўваецца і, думаю, далей будзе мець яшчэ большы творча-мастацкі і фінансава-арганізацыйны плён. На зваротным шляху з «Балю...» гледачы ажыўлена абмяркоўвалі артыстаў, іх рэпертуар, падзеі беларускай гісторыі і яе герояў. Мо падобныя фэсты ладзяцца менавіта з такой мэтай — абуджэння нацыянальнай самасвядомасці?..

Аўтар: Таццяна МУШЫНСКАЯ
рэдактар аддзела музыкі