Стыхія абстракцыі

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Выстава нефігуратыўнага мастацтва
Арганізатары экспазіцыі паспрабавалі вылучыць абстракцыю як асобную плынь у сучасным беларускім мастацтве. Абстракцыя мае на нашых землях свае карані і традыцыі.

/i/content/pi/mast/70/1170/artefakts_01_07.jpeg

Алесь Лапша. Тры структуры. Лічбавая графіка. 2010.

Згадаю Казіміра Малевіча і Эль Лісіцкага, што выкладалі ў Віцебскай народнай мастацкай вучэльні. У этнічна роднасным беларусам Дзвінску (сёння — Даўгаўпілс) нарадзіўся класік амерыканскага абстрактнага экспрэсіянізму Марк Ротка. Прадстаўнік рускай культуры Васіль Кандзінскі значна паўплываў на беларускіх мастакоў ужо ў пасляваенны перыяд. Абстракцыя ўплывала на прадстаўнікоў «віцебскага авангарда» 1970—1980-х гадоў Аляксандра Салаўёва, Леаніда Анцімонава, Алега Арлова. Нефігуратыўнасць пераважала ў творчых памкненнях чальцоў «Нямігі-17».

Увогуле, ідэя выставы нефігуратыўнага мастацтва для Беларусі далёка не новая. Ладзіцца праект «Abstract», які аб’ядноўвае, галоўным чынам, прадстаўнікоў віцебскай школы. Хоць у выставе ў Нацыянальнай бібліятэцы таксама ўдзельнічаюць віцебскія аўтары (Віктар Шылко, Валянціна Ляховіч і іншыя), яна адрозніваецца ад «Abstract»’а тым, што змагла задзейнічаць шэраг мастакоў, чыя творчасць рэдка разглядалася ў рэчышчы абстракцыянізму (Мікалай Бушчык, Аляксандр Забаўчык, Рыгор Іваноў, Віктар Ціханаў...).

Цягам стагадовай гісторыі ў абстракцыянізме дамінуюць два кірункі: экспрэсіўная (лірычная) і геаметрычная абстракцыя. Сярод сучасных беларускіх мастакоў, што і дэманструе выстава, прыхільнікаў экспрэсіўнай абстракцыі значна болей, і звязана гэта, напэўна, з яе інтуітыўнай сутнасцю, стыхійнай прыродай.

У выставе вызначыўся лідар — гэта Рыгор Іваноў. Ён звяртаецца да чыстай абстракцыі як форме выражэння сваёй творчай канцэпцыі «свяцізму». Нефігуратыўныя работы мастака нагадваюць метафізічныя абстракцыі Роткі (поле чыстага колеру, якое «свеціцца» за кошт тонкай фонавай рамкі), але Іваноў свядома даводзіць гэты прыём да крайняга стану, акцэнтуючы ўвагу не на ўзаемадзеянні плямаў, а на тонкай гульні святла, тонаў і паўтонаў у межах аднаго колеру. Паводле ролі святла ў кампазіцыі палатна да «свяцізму» Рыгора Іванова набліжаюцца творы Мікалая Бушчыка, Віктара Васюкевіча, Аляксандра Верашчагіна, Генадзя Фалея.

Працы Аляксандра Верашчагіна блізкія да фрэсак і царкоўных абразоў, пры гэтым яны напісаны ў вельмі свабоднай, экспрэсіўнай манеры і выяўляюць яркі аўтарскі тэмперамент.

«Дрыпінгам» (узгадаем Джорджа Полака) вылучаецца творчасць Віктара Васюкевіча. Разам з тым стыхійная неўтаймаванасць аўтарскага почырку абмежавана строгай патрабавальнасцю да колеру. Мастак пазбягае кантрасных спалучэнняў, аддае перавагу светлым тонам, а каляровая гама яго абстракцый застаецца блізкай да прыроднай (што асабліва відаць па рабоце «Бясконцая натура»).

Мастак Сяргей Пыжыкаў прадставіў серыю ахраматычных кампазіцый, створаных у графічнай манеры, у якіх ён даследуе ўласцівасці такой мастацкай катэгорыі, як прастора.

Работы мастака-дызайнера Вячаслава Аўгусціновіча вылучаюцца насычанай, гранічна распаленай шматколернасцю. Пераходы колераў адзін ў другі забяспечваюць дынаміку створаных ім кампазіцый, нездарма ў выявах угадваецца вобраз матылька, што ў міфалогіі разглядаецца як сімвал бессмяротнасці.

Аляксандр Забаўчык некалькі апошніх гадоў працуе над цыклам «Дыялогі з караедамі». Кожная з работ гэтага цыкла вырашана ў адным колеравым тоне і вызначаецца складанай фактурай жывапісу. Вытанчаная прарысоўка фактуры ў Забаўчыка спалучаецца з яе хаатычнай структурай, што нагадвае пражылкі ліста ці крывяносныя сасуды, чым утвараецца эфект паўнакроўнасці выявы, дыхання жывапісу.

Аўтарскае выказванне Алеся Фалея ўспрымаецца як перайманне стыхійных прыродных рытмаў. Такая манера можа падацца блізкай першабытнаму мастацтву, культуры абарыгенаў Афрыкі ці нават дзіцячаму крэмзанню. Разам з тым — гэта крык душы чалавека, заціснутага ў рамках цывілізацыі, экзальтацыя ў ім прыроднага пачатку.

Творчае перайманне натуры ўласціва жывапісу Віктара Ціханава. Цікава, што праз прыродныя формы аўтар прыйшоў і да абстракцыі, ствараючы ўсё больш адцягненыя пуантылістычныя пейзажы. У эксперыментальных работах «Снег у чорным квадраце», «Ля каміна» прадмет раствораны, і ад натуры засталася адна толькі стыхія — зімовага холаду і агню адпаведна.

Адыходам ад прадметнасці характарызуюцца і апошнія творы Сяргея Давідовіча. Абстрактным кампазіцыям, што ўзніклі як карэнным чынам пераасэнсаваныя пейзажы («Раніца на Мазурах»), уласцівы трапяткі лірычны настрой, перададзены праз майстэрскую імітацыю нюансаў асвятлення.

Паслядоўнасць у працы ў рэчышчы абстракцыянізму праявіў Віктар Шылко. Умелае і разняволенае абыходжанне з кампазіцыяй, прапарцыянальныя суадносіны вялікіх і малых, светлых і цёмных колеравых мас — тое, што вылучае яго работы на дадзенай выставе і набліжае іх да «каларыстычных прастораў» класіка беспрадметнага жывапісу Анатоля Кузняцова.

Да вопыту экспрэсіўнай абстракцыі плённа звяртаюцца маладыя мастакі, прычым робяць гэта на прафесійным узроўні. Серыя работ Андрэя Савіча асабліва ўдалая з пункту гледжання формы і характарызуецца трапным колеравым рашэннем, арыгінальнай тэхнікай (з ужываннем бетону).

Мяжуюць з нефігуратыўным мастацтвам і акварэлі Уладзіміра Рынкевіча. Абраная тэхніка дазваляе аўтару перадаваць мімалётныя адценні пачуцця і, адпаведна, ствараць самыя розныя па настроі работы — ад прыземлена важкіх («З горкім хлебам і прэснымі травамі») да паветрана лёгкіх («Вешчуны»).

У выставе абстрактнага мастацтва прынялі ўдзел фатографы. Вока мастака ў такой дакладнай тэхніцы здольнае фіксаваць адцягненыя вобразы, ствараць паўнавартасныя кампазіцыі. Напрыклад, у фотасерыі «М-Структуры» Міхаіла Гаруса, зробленай у далічбавую эпоху, фактуры рэальных аб’ектаў (марскі пясок, тканіна, шкло) даведзены да мінімалістычнай умоўнасці. Канцэптуальнае ўвасабленне нефігуратыўнасці ў фотамастацтве прапануе Вадзім Качан. Яго работа «Два бакі» спалучае аб’ектыўнае (як бачыць чалавечае вока) увасабленне прадметнасці на адным фотаздымку з дэманстрацыяй таго, як гэтую выяву можа перастварыць у абстракцыю оптыка.

Хіба не адзіным прадстаўніком геаметрычнай абстракцыі на дадзенай выставе з’яўляецца Сяргей Лапша, што сёння працуе ў рэчышчы лічбавай графікі. Найперш гэта датычыцца яго ахраматычных работ, для якіх характэрны мінімалізм і лагічная структураванасць. Гэтыя работы — спробы мастака праілюстраваць адцягненыя фізічныя тэорыі («Згорнутая прастора», «Магеланавы воблакі», «Бясконцасць»). У іншых творах («Тры структуры») мастак ужо мысліць колерам як жывапісец.

Выстава «Іншая рэальнасць» яшчэ раз паказала, што нефігуратыўнае мастацтва ў Беларусі з’яўляецца не эпізадычнай праявай мастацкага дыскурсу, а ўяўляе сабой багатую і разнастайную плынь. Спадзяемся, што гэтай з’яве яшчэ наканавана сцвердзіцца на поўную моц.

Алесь СУХАДОЛАЎ