Дах для талентаў

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

«Прафесійная творчая арцель мастакоў» працягвае ўлучаць у свой асяродак таленавітых і неардынарных людзей -- мастакоў, артыстаў, музыкаў і проста аматараў розных відаў творчасці. У тэатральна-мастацкім салоне «Мадэрн» (зала бібліятэкі імя Ф.Багушэвіча) рэгулярна адбываюцца выставы, канцэрты і іншыя імпрэзы. Гэтай восенню суполка падрыхтавала экспазіцыю «Табе, мой Мінск, любоў і натхненне», у якой былі прадстаўлены чатыры майстры пейзажа: В.Афанасьеў, Н.Балахонава Ю.Козел і І.Козел.

 /i/content/pi/mast/5/117/Dah-dlya-talentau1.jpg
І.Козел. Мінск. Траецкае прадмесце. Алей. 2007.
«Арцель», створаная ў 2004 годзе, паслядоўна рэалізоўвае сваю галоўную мэту -- паказваць беларускіх мастакоў у лепшых і самых выразных праявах іх індывідуальнасці. Арыгінальны погляд на свет, яркае ўвасабленне ідэй, адметная тэхніка выканання твораў узбагачаюць палітру мастацтва, актывізуюць і разнастаяць выставачны працэс. Салон «Мадэрн» -- гэта не толькі зала, дзе мастакі могуць паказаць гледачу свае апошнія работы, гэта, найперш, творчы асяродак, дзе адбываюцца сустрэчы, дзе можна падзяліцца ўражаннямі і досведам, абмеркаваць свае планы і дасягненні. Найлепшым чынам прадставіць творц гледачам закліканы імпрэзы-прэзентацыі. Кожная з іх -- невялічкае прадстаўленне з музыкай, спевамі, чытаннем вершаў. Арганічны сінтэз мастацтваў, які ўзнікае на такіх мерапрыемствах, спрыяе цэльнасці эстэтычнага ўспрымання вобразаў.
У экспазіцыі «Табе, мой Мінск, любоў і натхненне» былі прадстаўлены пераважна пейзажы. Не толькі гарадскія: перад арганізатарамі выставы стаяла задача паказаць пейзаж як жанр мастацтва ў яго тэматычнай разнастайнасці, праз арыгінальнасць падыходаў. Асабістае і шчырае стаўленне да прыроды, адсутнасць у карцінах штучнай аздобы і вонкавых эфектаў -- асноўныя рысы, што ядналі мастакоў, прадстаўленых на выставе.
Два браты -- Юрый і Іван Козелы -- працягваюць лепшыя традыцыі айчыннай школы рэалістычнага жывапісу. Іх яднаюць шчырая замілаванасць някідкімі вясковымі краявідамі, любоў да сівой даўніны, што пацвярджаюць такія частыя ў іх творчасці архітэктурныя відарысы старажытных гарадоў і мястэчак. «Восень у Полацку», «Жыровіцкая святыня», «Маёнтак у Лошыцы», «Мінск. Траецкае прадмесце» Івана Козела і «Верхні горад», «Восень у Аляксандраўскім скверы», «Траецкае прадмесце» ягонага брата Юрыя -- адначасова сведчанне ўдумлівых адносін, неабыякавасці і пашаноты да гістарычнай спадчыны і творчае пераасэнсаванне знакавых помнікаў гісторыі краіны.
 /i/content/pi/mast/5/117/Dah-dlya-talentau2.jpg

В.Афанасьеў. Замерзлыя дрэвы. Чыжоўка.
Папера, акварэль. 1999.


У творах В.Афанасьева прывабліваюць арыгінальная манера выканання, высокі прафесіяналізм і выкшталцоная віртуознасць. Акварэльная тэхніка вымагае скрупулёзнай працы, штодзённага ўдасканалення рукі і развіцця асаблівага роду адчуванняў -- тонкага услухоўвання, узірання ў навакольны свет. Многія яго работы выкананы на ціснёнай паперы. Тэхніка гэтая ў спалучэнні з арыгінальнай творчай задумай дае незвычайны эфект -- узнікае вострае адчуванне мазаічнай складанасці прасторы, ствараецца тонкі і насычаны сэнсамі вобраз павуціння часу.
Мастак усведамляе сябе не столькі назіральнікам, колькі неабыякавым удзельнікам працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе. Фантастычныя вобразы «Месячнай ночы», насычанасць колеравай гамы, празрыстасць і крохкасць прасторы перадаюць містычнасць і таемнасць свету.
У 2005 годзе праект «Новыя імёны» пазнаёміў гледачоў з таленавітай мастачкай Н.Балахонавай. Незвычайна прыгожыя краявіды невялікага куточка Беларусі -- роднага хутара -- становяцца галоўнай крыніцай яе вобразаў і натхнення. Работы зачароўваюць шчырасцю выказвання і вытанчанасцю выканання. Лірычныя і тонкія па настроі
 /i/content/pi/mast/5/117/Dah-dlya-talentau3.jpg
Ю.Козел.Восень у вёсцы. Алей. 2004.
«Бярозавы гай», «Мінск. Гарадскія краявіды», «Закінуты сад». Мастачка імкнецца перадаць тое першае, непасрэднае ўражанне ад прыроды, якое, як вядома, -- самае дакладнае.
Сярод праектаў арганізацыі -- калядная выстава «Уваскрэсні, душа, добрымі справамі» мастакоў-інвалідаў, якім арцель актыўна дапамагае ў рэалізацыі творчых праграм. Гэтая дабрачынная дзейнасць адкрывае новыя імёны, дапамагае таленавітым творцам атрымаць разуменне, падтрымку і -- урэшце -- вядомасць. Адзінота --цяжкае выпрабаванне для чалавека. Калі творчая асоба замыкаецца ў сабе, у коле сваіх праблем, яе развіццё спыняецца, паўнацэнная рэалізацыя не адбываецца.
Танцуе свой вальс-бастон восень у Аляксандраўскім скверы, прырода замерла ў чаканні зімы. А мастакі -- у чаканні новых ідэй, натхнення і зімовых краявідаў.

                                                                                                             
                Людміла КАСЯК