І.Козел. Мінск. Траецкае прадмесце. Алей. 2007. |
У экспазіцыі «Табе, мой Мінск, любоў і натхненне» былі прадстаўлены пераважна пейзажы. Не толькі гарадскія: перад арганізатарамі выставы стаяла задача паказаць пейзаж як жанр мастацтва ў яго тэматычнай разнастайнасці, праз арыгінальнасць падыходаў. Асабістае і шчырае стаўленне да прыроды, адсутнасць у карцінах штучнай аздобы і вонкавых эфектаў -- асноўныя рысы, што ядналі мастакоў, прадстаўленых на выставе.
Два браты -- Юрый і Іван Козелы -- працягваюць лепшыя традыцыі айчыннай школы рэалістычнага жывапісу. Іх яднаюць шчырая замілаванасць някідкімі вясковымі краявідамі, любоў да сівой даўніны, што пацвярджаюць такія частыя ў іх творчасці архітэктурныя відарысы старажытных гарадоў і мястэчак. «Восень у Полацку», «Жыровіцкая святыня», «Маёнтак у Лошыцы», «Мінск. Траецкае прадмесце» Івана Козела і «Верхні горад», «Восень у Аляксандраўскім скверы», «Траецкае прадмесце» ягонага брата Юрыя -- адначасова сведчанне ўдумлівых адносін, неабыякавасці і пашаноты да гістарычнай спадчыны і творчае пераасэнсаванне знакавых помнікаў гісторыі краіны.
В.Афанасьеў. Замерзлыя дрэвы. Чыжоўка. |
У творах В.Афанасьева прывабліваюць арыгінальная манера выканання, высокі прафесіяналізм і выкшталцоная віртуознасць. Акварэльная тэхніка вымагае скрупулёзнай працы, штодзённага ўдасканалення рукі і развіцця асаблівага роду адчуванняў -- тонкага услухоўвання, узірання ў навакольны свет. Многія яго работы выкананы на ціснёнай паперы. Тэхніка гэтая ў спалучэнні з арыгінальнай творчай задумай дае незвычайны эфект -- узнікае вострае адчуванне мазаічнай складанасці прасторы, ствараецца тонкі і насычаны сэнсамі вобраз павуціння часу.
Мастак усведамляе сябе не столькі назіральнікам, колькі неабыякавым удзельнікам працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе. Фантастычныя вобразы «Месячнай ночы», насычанасць колеравай гамы, празрыстасць і крохкасць прасторы перадаюць містычнасць і таемнасць свету.
У 2005 годзе праект «Новыя імёны» пазнаёміў гледачоў з таленавітай мастачкай Н.Балахонавай. Незвычайна прыгожыя краявіды невялікага куточка Беларусі -- роднага хутара -- становяцца галоўнай крыніцай яе вобразаў і натхнення. Работы зачароўваюць шчырасцю выказвання і вытанчанасцю выканання. Лірычныя і тонкія па настроі
Ю.Козел.Восень у вёсцы. Алей. 2004. |
Сярод праектаў арганізацыі -- калядная выстава «Уваскрэсні, душа, добрымі справамі» мастакоў-інвалідаў, якім арцель актыўна дапамагае ў рэалізацыі творчых праграм. Гэтая дабрачынная дзейнасць адкрывае новыя імёны, дапамагае таленавітым творцам атрымаць разуменне, падтрымку і -- урэшце -- вядомасць. Адзінота --цяжкае выпрабаванне для чалавека. Калі творчая асоба замыкаецца ў сабе, у коле сваіх праблем, яе развіццё спыняецца, паўнацэнная рэалізацыя не адбываецца.
Танцуе свой вальс-бастон восень у Аляксандраўскім скверы, прырода замерла ў чаканні зімы. А мастакі -- у чаканні новых ідэй, натхнення і зімовых краявідаў.
Людміла КАСЯК