Паветра і святло

№ 7 (364) 16.07.2013 - 16.07.2013 г

Выставы Івана Сталярова
З дзевяноста гадоў віцебскага мастака Івана Сталярова пяцьдзясят аддадзены акварэлі? Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі мог бы лічыць усё гэта ўласным творчым дасягненнем, калі б не велізарная колькасць падрыхтаваных ім за гэты час вучняў, што сталі гонарам сусветна вядомай Віцебскай школы акварэлі.

/i/content/pi/mast/70/1169/artefakts_01_05.jpeg

Возера. Акварэль. 2011.

Карэнны віцяблянін, Іван Сталяроў яшчэ ў даваенны час вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы. А пасля — у 1947—1951 — у Мінскім мастацкім вучылішчы ў Валянціна Волкава, Івана Раманоўскага, Хаіма Ліўшыца і на кафедры графікі ў Маскоўскім паліграфічным інстытуце (1960). Працаваў выкладчыкам Віцебскага мастацка-графічнага педагагічнага вучылішча, а пасля яго ператварэння ў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С.М.Кірава да сярэдзіны 1980-х гадоў выкладаў там акварэль. Атрымаў званне дацэнта кафедры малюнка і жывапісу, напісаў дапаможнік «Акварэль», выдадзены ў выдавецтве «Вышэйшая школа» (1980). З 1957 года ўдзельнічаў больш чым у 100 мастацкіх выставах у Беларусі і за яе межамі; пачынаючы з 1995 года — у складзе суполкі «Віцебская акварэль».

Для Віцебскай школы акварэлі асоба Сталярова знакавая. Ён стаяў ля яе вытокаў, з’яўляўся адным з першых яе настаўнікаў. Ці не ўпершыню звярнуў увагу на неабходнасць вылучэння акварэлі ў асобны курс, адзначыў важнасць стварэння адпаведнай методыкі навучання. І ўсёй сваёй творчасцю Іван Сталяроў папулярызаваў пэўную сістэму творчых прынцыпаў, абуджаў у сваіх вучнях шчырую зацікаўленасць мастацтвам акварэлі, прагу да засваення тонкасцей рамяства.

Творы Івана Сталярова — класіка віцебскай акварэлі. У іх знайшлі ўвасабленне тыя магутныя традыцыі, якія стагоддзямі накопліваліся ў нетрах рэалістычнага мастацтва. Фундаментальнасць ведаў у галіне колеразнаўства, гісторыі, тэхнікі і тэхналогіі акварэльнага жывапісу сталі для мастака тым грунтам, які на працягу ўсіх этапаў працы фарміраваў яго погляды і творчыя прынцыпы.

Адно з цэнтральных месцаў у работах мастака займаюць камерныя па настроі і фармаце краявіды роднай беларускай зямлі. Сярод жанравых разнавіднасцей пейзажа Сталярову найбольш блізкія эпічны і элегічны, цесна злучаныя з прысутнасцю рамантычна-летуценных, лірычных, сентыментальных матываў. Пейзажы мастака — гэта не проста выявы мясцін, што ўсхвалявалі яго. Гэта глыбока аўтарскае выказванне, якое ўвасабляе перажыванні творцы і стан яго душы. Своеасаблівая разнавіднасць «ціхага» пейзажа, у аснове якога — усёпаглынальнае пачуццё спакою. У падобнай тыпалогіі «ціхага» пейзажа ёсць свая паэтыка: ён падкрэслена някідкі. Гэта шмат у чым пейзажы настрою, напоўненыя бязмернай колькасцю адлюстраваных інтанацый. Прыслухоўваючыся да прыроды і яе розных станаў, мастак імкнецца максімальна захаваць і данесці да гледача яе самаадчуванне, асабліва ўважліва ўглядаецца ў яе боскую прыгажосць. Важную ролю ў пейзажах Сталярова адыгрывае святло, якое стварае глыбокую танальную перспектыву, узмацняе выразнасць кампазіцый. Адметнай асаблівасцю твораў з’яўляецца іх тапаграфічная дакладнасць, што зусім не замінае дасягненню ў вобразах высокай ступені абагульненняў.

У вясковых і гарадскіх краявідах Сталярова рэдка сустракаюцца постаці людзей. Прастора нібы дэманструе жаданне аўтара адысці ад паўсядзённай мітусні, зачароўвае шматграннасцю паэтычных інтанацый і вобразнай непасрэднасцю. Нават індустрыяльныя пейзажы не пазбаўлены пэўнага лірызму. У акварэльных кампазіцыях гледача ўражвае складаная нюансіроўка колеру, якой Іван Сталяроў нярэдка дасягае дзякуючы толькі яму вядомым лесіровачным спалучэнням фарбаў.

Мастацтва Сталярова камернае па сутнасці, глыбока праніклівае па змесце, патрабуе ўнутранай засяроджанасці, душэўнай раўнавагі. І разам з тым гэта «ціхая лірыка» яго акварэляў не такая ўжо і ціхая, паколькі за супакоенасцю сюжэтаў крыецца аптымізм творцы і глыбокая вера ў незгасальную і праўдзівую каштоўнасць рэалістычнага мастацтва.

Апрача вялікай колькасці краявідаў Прыдзвінскага краю, гарадскіх пейзажаў Віцебска, Полацка, Наваполацка, Браслава (нізкі «Прыдзвінскі край», «Браслаўшчына», «Полацк», «Новабудоўлі Наваполацка», «Час навальніц», «Край блакітных азёр і празрыстых рэк»), напісаных Іванам Сталяровым у розныя гады і прадстаўленых на выставах у Віцебску і Магілёве, нельга не адзначыць і серыі твораў, прывезеныя мастаком у свой час з паездак па Літве, Латвіі, Арменіі і Паўночным Каўказе. У іх дакладна адлюстраваны не толькі ландшафты і гістарычныя помнікі — праз каларыстычны лад кампазіцый выразна перададзены нават характар паветра той ці іншай краіны.

Сярод сюжэтных кампазіцый пераважная большасць звязана з тэмай партызанскай барацьбы. Упрацяглай па часе серыі «Па слядах партызанскай славы» ў стылі своеасаблівага «мастацкага дакументалізму» знайшло адлюстраванне многае з перажытага ім самім у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У мастака шмат вучняў, якія маюць даволі шырокі дыяпазон стылістычных прыхільнасцей і творчых арыенціраў. А вось сам Іван Сталяроў на ўсё жыццё застаўся верным традыцыям рэалістычнай акварэльнай класікі. На гэтым шляху ён набыў сваю ўласную манеру, сцвердзіў мастацкія погляды на свет.

Міхась ЦЫБУЛЬСКІ