Песня пра любоў і журбу

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

Ізмаіл Капланаў. Мелодыя лёсу

/i/content/pi/mast/69/1168/43.jpg
Нэлі Багуслаўская і Ізмаіл Капланаў.
Пра гэтага спевака і кампазітара можна было сказаць, што ён удыхаў паветра, а выдыхаў музыку. Музыка жыла ў кожнай клетачцы яго цела, недзе ў глыбіні падсвядомасці. Яна была зместам яго існавання, з яе пачынаўся і заканчваўся кожны яго новы дзень. Выдатны музыкант і артыст, нястомны працаўнік. А яшчэ — асоба, чыё годнае, поўнае высокага сэнсу жыццё было прыкладам для пераймання.

— Малады чалавек, вам трэба абавязкова займацца кампазіцыяй! — сказаў яму, 18-гадоваму студэнту-акардэаністу Вільнюскага музычнага вучылішча, тагачасны яго завуч, а цяпер сусветна вядомы дырыжор Саўлюс Сандэцкіс.

Але ў Вільнюскай кансерваторыі, куды Капланаў паспрабаваў паступаць, яму сказалі адкрытым тэкстам: мы рыхтуем выключна нацыянальныя кадры. Тое ж самае ён пачуў і ў Беларускай кансерваторыі, куды прыехаў, паслухаўшы параду маці. Нехта з членаў экзаменацыйнай камісіі ўбачыў яго ў калідоры і па-сяброўску сказаў:

— Не сумуйце! Усё роўна ў нашай кансерваторыі няма аддзялення акардэона. Вы вельмі добры музыкант. Паспрабуйце пакуль што падысці ў філармонію. Можа, там для вас знойдзецца праца?

Парада выпадковага чалавека вырашыла ўвесь яго далейшы лёс. Праўда, супрацоўніцтва з Беларускай філармоніяй пачалося для Капланава ў цыркавой брыгадзе з дрэсіраванымі сабачкамі, якім ён акампаніраваў мелодыяй песні «Во саду ли, в огороде». Але ўсё ж гэта была рэальная праца, дарма што афіцыйна нават не аформленая.

Неўзабаве яго заўважыла тагачасная прыма беларускай эстрады Ірына Палянская, і ў хуткім часе Капланаў стаў музычным кіраўніком ансамбля, які суправаджаў выступленні гэтай таленавітай спявачкі. Менавіта тады Ізмаіл Капланаў сур’ёзна пачаў займацца аранжыроўкай: гэта ўваходзіла ў яго непасрэдныя абавязкі і прыносіла неверагодную творчую асалоду, бо напісанае на нотнай паперы ён адразу ж мог пачуць у жывым гучанні і ацаніць вартасці і недахопы сваёй працы.

Дружбу з Ірынай Аляксандраўнай Капланаў пранёс праз усё жыццё. А сябраваць ён умеў як ніхто! Увогуле, Ізмаіл Львовіч кранальна і з павагай ставіўся да ўсіх немаладых людзей, а Палянскую проста абагаўляў і пастаянна апякаў. Яна перажыла яго роўна на тры месяцы і пайшла з жыцця 26 чэрвеня 2011 года, ва ўзросце 93-х гадоў. Нэлі Захараўна Багуслаўская да апошняга не рашалася сказаць ёй пра смерць свайго мужа, але пазней вымушана была прызнацца. Гэта трагічная вестка стала для Ірыны Палянскай сапраўдным ударам.

Палянская адыграла значную ролю ў мастакоўскім станаўленні Капланава. Дзякуючы ёй — на той час спрактыкаванай, вядомай артыстцы — ён атрымаў магчымасць удосталь музіцыраваць на прафесійнай сцэне. Тады ён яшчэ не ведаў, што праца разам з Палянскай кардынальна зменіць і яго асабістае жыццё. Справа ў тым, што ў брыгадзе Ірыны Аляксандраўны чакалі творчага папаўнення…

— Шукалі хлопчыка, а знайшлі дзяўчынку! — жартуе з гэтай нагоды праз шмат гадоў Нэлі Багуслаўская.

І сапраўды, тады, у 1962 годзе, для ансамбля Ірыны Палянскай трэба было тэрмінова знайсці спевака, які мусіў бы «разбаўляць» канцэрты з яе ўдзелам. Тагачасны музычны кіраўнік беларускай эстрады Леў Молер, як кажуць, з ног збіўся ў пошуках такога выканаўца. Але выбар яго нечакана спыніўся на маладзенькай Нэлі Багуслаўскай, якая тады працавала салісткай філармоніі ў Чарнігаве. Молер прапанаваў ёй перабрацца ў Мінск, і Нэлі, не вагаючыся, згадзілася: у сталіцы Беларусі ўжо жыла яе любімы педагог па вакале Маргарыта Людвіг, пад кіраўніцтвам якой Нэлі марыла прадоўжыць сваю музычную адукацыю.

…Яна прыйшла на рэпетыцыю загадзя і непрыкметна села на свабоднае крэсла ў зале. Капланаў у гэты час быў на сцэне і, не звяртаючы ўвагі на яе прысутнасць, крычаў на ўдарніка, які няправільна сыграў «збіўку». Музыканта таго звалі Леанід Пазняк, і неўзабаве спявачка даведалася, што ўдарнік і Капланаў былі вельмі добрымі сябрамі. Проста Пазняк не меў спецыяльнай адукацыі і не ўмеў чытаць з ліста. Іграў як мог, а Капланаў не цярпеў музычнай непісьменнасці, таму і даваў волю эмоцыям.

— Тады я падумала: няхай толькі паспрабуе гэтак жа на мяне адкрыць рот, — усміхаецца Нэлі Захараўна. — Працоўная кніжка пакуль у сумцы. Ледзь што — разварочваюся і ад’язджаю…

Тым часам Капланаў заўважыў яе ў зале. Адразу спытаў:

— Хто вы? Што тут робіце?

— Я — Нэлі Багуслаўская, залічана ў брыгаду Ірыны Палянскай. Прыйшла на рэпетыцыю, — адрэкамендавалася яна.

— І што збіраецеся спяваць?

— Праспяваю, што прапануеце.

— Назавіце хаця б адну песню з вашага рэпертуару, — не супакойваўся Капланаў.

— Ну, напрыклад, «Купите фиалки».

— Гэтую песню вы спяваць не будзеце.

— Хто гэта вам сказаў?!

— Гэта я вам гавару. Дадзеную песню спявае Палянская. А вы будзеце спяваць іншыя.

Так яны і пазнаёміліся. У першую гастрольную паездку па Сярэдняй Азіі паехалі: яна — салісткай, ён — музычным кіраўніком. А вярнуліся з гастроляў ужо сямейнай парай. З таго часу ніколі не разлучаліся, хоць афіцыйна аформілі шлюб толькі ў 1964 годзе. Іх зблізілі не толькі шматлікія доўгатэрміновыя гастролі, але і — перш за ўсё! — музыка, творчасць.

У 1966 годзе Багуслаўская стала дыпламантам I Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады ў Маскве. Пераможцам конкурсу стаў Віктар Вуячыч, а ў складзе ансамбля, які акампанаваў абодвум спевакам падчас выступлення, былі Леў Молер (фартэпіяна), Ізмаіл Капланаў (акардэон), Анатоль Шэпелеў (гітара), Яраслаў Маркуц (кантрабас) і Марк Шмелькін (ударныя).

Цяпер Багуслаўская сама мела афіцыйнае права выступаць з сольным аддзяленнем, для чаго ёй быў патрэбны акампануючы калектыў. І такі калектыў неўзабаве з’явіўся ў Белдзяржфілармоніі. Яго арганізаваў і ўзначаліў Капланаў. Ансамбль атрымаў арыгінальную назву — «Арбіта-67». «Касмічнае» найменне на самай справе мела іншы, патаемны сэнс і ўяўляла сабой скарочаны варыянт словазлучэння «аркестр біта». Праўда, гэтую «тайну» Ізмаіл Львовіч раскрыў значна пазней, бо ў той час за «аркестр біта» яму задалі б так, што мала не падалося б. «Арбіта-67» была яркім калектывам, які трымаўся найноўшых тэндэнцый тагачаснай эстраднай музыкі. І нават сёння, слухаючы старыя запісы Нэлі Багуслаўскай і «Арбіты-67», якія захаваліся ў асабістым архіве Ізмаіла Капланава, шчыра здзіўляешся і захапляешся таму, як цудоўна гучаў ансамбль, колькі выдатных аранжыровачных знаходак было ў кожнай кампазіцыі! Аранжыроўкі Капланава і цяпер не ўспрымаюцца архаічнымі, наадварот — гучаць свежа і сучасна, бо як музыкант Ізмаіл Львовіч заўсёды глядзеў наперад і прадбачыў многае з таго, што пазней зрабілася традыцыяй.

У «Арбіце-67» пачынаў свой шлях на эстрадзе Уладзімір Мулявін. Яго жонка Лідзія Кармальская і старэйшы брат Валерый пазней таксама прыйшлі ў гэты калектыў. У першы склад «Арбіты-67» уваходзілі Ізмаіл Капланаў (клавішныя, мастацкі кіраўнік), Уладзімір Мулявін (сола-гітара), Юрый Марыноўскі (рытм-гітара), Валерый Фралоў (бас-гітара), Міхаіл Гальдштэйн (труба), Уладзіслаў Місевіч (саксафон, флейта), Сяргей Краўцоў (ударныя). Кармальская выступала ва ўнікальным жанры мастацкага свісту. Усе гэтыя артысты выходзілі на сцэну ў 1-м аддзяленні, а 2-е было аддадзена Багуслаўскай. Пры гэтым склад брыгады для 1-га аддзялення мог мяняцца, а Багуслаўская, Капланаў і «Арбіта-67» заставаліся пастаяннымі ўдзельнікамі.

Менавіта ў той час Мулявін і Капланаў моцна пасябравалі сем’ямі. Дзве гэтыя шчаслівыя пары былі ўзорам сямейных узаемаадносін. Потым жыццё развяло іх: Капланаў і Багуслаўская не змірыліся з тым, што Мулявін кінуў іх дарагую Лідачку, ды яшчэ з немаўляткам: Ліда толькі-толькі нарадзіла яму жаданага сына. Самі яны заўсёды моцна трымаліся адно за аднаго, таму ніколі не маглі зразумець учынак, які стаўся фатальным для далейшага лёсу Уладзіміра Мулявіна.

Капланаў быў іншым. Ён прысвяціў сябе Нэлі аднойчы і назаўсёды. Яна была для яго альфай і амегай, сэнсам усяго існавання, той самай арбітай, паводле якой віравала яго ўласнае жыццё. Ён быў яе вачыма і рукамі, асабліва тады, калі ў іх сям’ю прыйшла вялікая бяда: Нэлі разбіў найцяжэйшы інсульт. Ён вучыў яе наноў хадзіць, гаварыць і ўвогуле — дыхаць. А калі стала зразумела, што яна не зможа вярнуцца на сцэну, Капланаў моўчкі закрыў фартэпіяна і не дакранаўся да клавішаў амаль 10 гадоў. Ён увогуле кінуў музыку, заняўся адміністрацыйнай працай, каб не траўмаваць псіхіку Нэлі ўспамінамі пра мінулае. Дзеля каханай жанчыны ён ахвяраваў самым патаемным і глыбінным, тым, без чаго не мог існаваць у прынцыпе, — музыкай, прафесіяй. Але здароўе Нэлі было для яго больш важным, чым уласная творчасць, і ён зрабіў свой выбар без ваганняў.

Цяпер усю сваю кіпучую энергію і арганізацыйны талент Ізмаіл Капланаў укладваў у адміністрацыйную справу. З канца 1980-х да пачатку 2000-х гадоў працаваў галоўным адміністратарам Канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і «Тэатра песні» Ядвігі Паплаўскай — Аляксандра Ціхановіча, станаўленню якога ён шмат у чым паспрыяў. Адным з першых у Беларусі Капланаў арганізоўваў гастролі такіх сусветных зорак, як Хуліа Іглесіяс, Патрысія Каас, дуэт «Бакара». Ён усё рабіў таленавіта і бездакорна.

У 1995 годзе ў Магілёве адбыўся Міжнародны фестываль «Залаты шлягер», падчас якога Багуслаўская праз шмат гадоў упершыню зноў спявала са сцэны. Для іх дружнай сям’і гэта была вялікая перамога над цяжкімі абставінамі, над лёсам, які пакутліва выпрабоўваў іх, але загартаваў яшчэ мацней.

Аднойчы раніцай яна пачула, як ён нешта найгравае ў сваім кабінеце. Столькі гадоў капланаўскае фартэпіяна стаяла наглуха закрытым — і раптам зноў гучала-спявала пад яго рукамі! Яна зазірнула ў прыадчыненыя дзверы. Ускудлачаны, ён сядзеў за інструментам у трусах і тапачках — відаць, пераскочыў за фартэпіяна проста з ложка.

— Здаецца, я стварыў неблагую мелодыю, — сказаў ён, павярнуўшыся да яе. — Можа, паспрабуеш напісаць тэкст?

Так з’явіўся першы сумесны хіт «Осень приходит», які пазначыў нараджэнне іх спеўнага дуэта. Багуслаўская і Капланаў зноў былі разам на сцэне, і іх вяртанне на эстраду аказалася сапраўды трыумфальным.

Ён прагна наганяў тое, што не паспеў зрабіць за гады творчага маўчання. Нечакана ў ім быццам прарвала нейкі таямнічы шлюз, які да пары стрымліваў паток мелодый, што заўсёды прыходзілі да яго і трывожылі, не давалі спакою. Цяпер у гэтага патоку не было ніякіх перашкод, і ён свабодна паліўся аднекуль з глыбінь падсвядомасці.

Дзякуючы моцнаму кампазітарскаму дару Ізмаіла Капланава яго імя залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю нацыянальнай песеннай спадчыны. Яго лепшыя песні сталі неад’емнай часткай беларускай культуры і, без перабольшання, сфарміравалі музычнае аблічча нашай краіны. Нават просты пералік толькі некаторых назваў гэтых песень адразу ж узнаўляе ў памяці незабыўныя мелодыі: «Осень приходит», «Пять минут тому назад», «А вода течёт», «О любви и печали», «Одинокий», «Будзем жыць, як набяжыць», «Давай, гитара»… А знакамітая «Застольная» з прыпевам «Піце, госцікі, ешце, госцікі, віно хмельнае бродзіць»! Гэта ж фактычна народная песня! А яшчэ больш знакамітая — бо прагрымела на ўсю постсавецкую прастору — «Ах, эта ночь» у выкананні Мікалая Баскава!.. А колькі таленавітых песень напісаў Ізмаіл Львовіч пра Беларусь і яе людзей: «Бела-белая Русь», «Это Беларусь — страна моя», «Это наше время», «Ты — чемпион», «Минский вечер», «І змоўкла гітара» (памяці Уладзіміра Мулявіна), «Земляки», «Прызнанне», «Давайте соберёмся» і шмат іншых! Ён быў сапраўдным патрыётам і шчыра ўслаўляў нашу зямлю ў сваёй цудоўнай музыцы. Радзіма, як і жонка, таксама назаўсёды была для яго адна — «гордая, чистая Белая Русь»…

На жаль, для яе ён так і не стаў родным. Больш як паўвекавы зорны шлях на беларускай эстрадзе не прынёс Ізмаілу Капланаву ніякіх афіцыйных званняў і ўзнагарод. Час ад часу здаралася нешта, што прымушала яго апускаць рукі. Аднойчы Капланава адкрыта выкраслілі з праграмы ўрадавага канцэрта перад самым выхадам на сцэну, у другі раз «зарубілі» выдатную песню, якую ён спецыяльна стварыў на заказ па афіцыйнай дамоўленасці. Прычым чарнавы варыянт быў ухвалены.

Яго крыўдзіла да глыбіні душы, што іх з Багуслаўскай папросту ігнаравалі, і гэта не толькі не выглядала як выпадковасць, але было відавочнай тэндэнцыяй. Аднойчы нехта з высокапастаўленых асоб сказаў яму адкрыта: вы з Багуслаўскай тут непажаданыя!..

Ад гэтых слоў зноў, як і 50 гадоў назад, ён адчуў знаёмы халадок у грудзях… Падобныя прызнанні каштавалі яму дорага, але Капланаў усё роўна не здаваўся і працягваў няспынна працаваць, бо не мог інакш. Толькі сэрца заходзілася... І 27 сакавіка 2011 года яно не вытрымала. Дрэнна стала на канцэрце ў Дзяржынску. Карэта «хуткай дапамогі» адвезла яго ў рэанімацыю, але ўсё было марна…

Ізмаіл Капланаў жыў шчодра і шчыра. Мінулі ўжо два гады з часу яго смерці, а боль ад страты па-ранейшаму не сціхае. Ізмаіла Львовіча так не хапае ўсім нам, яго шматлікім сябрам! Але засталася музыка. Гэта — тое галоўнае, што ён пакінуў пасля сябе. Пакінуў усім разам і кожнаму паасобку. Яго песні, як птушкі, разляцеліся па нашай зямлі і сталі выдатнай памяццю аб ім. Добрай і доўгай…

Вольга БРЫЛОН