Цюбік, фарбы, соль ды перац

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

Людміла Кальмаева пра творчую раўнавагу

/i/content/pi/mast/69/1165/34.jpg
Рандэву ў Парыжы. Акрыл. 2012.
Людміла Кальмаева — вядомы графік і плакатыст, удзельніца шматлікіх выстаў і аўтар твораў, што ўвайшлі ў залаты фонд беларускага мастацтва. Прафесійнае навучанне яна пачала ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні тэкстылю, прадоўжыла на аддзяленні графікі ў Эстонскім мастацкім інстытуце. Прыбалтыйская адукацыя моцна паўплывала на выяўленчую мову, паспрыяўшы адметнай метафарычнай вобразнасці яе работ, асабліва — 
тэатральных плакатаў. Каля пятнаццаці гадоў выкладала ў Беларускай акадэміі мастацтваў, дзе распрацавала ўласную методыку навучання акварэльнаму жывапісу.

У 1991 годзе яна перасялілася ў Галандыю — у гарадок Арнэмаўдэн з насельніцтвам каля пяці тысяч чалавек. Пераезд у іншую краіну і нялёгкі шлях адаптацыі — усё гэта наклала адбітак на сённяшнія работы мастачкі. Плакатам яна амаль не займаецца, стылістычныя і жанравыя трансфармацыі яе творчасці абумоўліваюцца як унутранымі пераменамі і жыццёвымі калізіямі, так і знешняй запатрабаванасцю. Неверагодная прага творчай рэалізацыі мае вынікам самыя разнастайныя формы выяўлення. Людміла Кальмаева па-ранейшаму застаецца сябрам Беларускага саюза мастакоў і прымае ўдзел у тутэйшых выставах. Напрыклад, пазамінулым летам адбылася яе персанальная выстава ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва.

З’ехаць у іншую краіну — гэта пачаць жыццё спачатку?

— Жыццё можна параўнаць з падарожжам у пошуках сябе. Падчас гэтага падарожжа чалавек будуе сваю мадэль сусвету. Куды б ні паехаў — яна заўсёды з табою. Таму гэта толькі здаецца, што ў новай краіне пачынаеш новае жыццё. На самай справе ты намагаешся адбудаваць і па магчымасці памножыць тое, што страціў.

У Кітаі ёсць старажытная традыцыя: праз нейкі час працы мастак мяняў прозвішча, каб пачаць новы этап творчасці. Перамены могуць ісці на карысць?

— Маё імя ў Галандыі і так нікому не вядома. Ніхто не цікавіцца маімі мінулымі дасягненнямі ў Краіне Саветаў. Прозвішча «Кальмаева» галандцам цяжка вымавіць, таму падпісваю працы проста «Людміла».

Я маю сапраўдную фальклорную спадніцу з аўтэнтычнай галандскай тканіны ў палоскі ды сардэчкі, тыповай для гарадка Арнэмаўдэн, дзе зараз жыву. Дарэчы, гэта адзінае места, у якім старыя людзі кожны дзень носяць традыцыйныя строі. Са спадніцы я зрабіла кампазіцыю, якая распавядае пра маю сітуацыю: да тканіны прыляпіўся фальклорны беларускі чырвона-белы шматок, які паволі зашываецца паверху шэрымі галандскімі колерамі. Шыўкі грубаватыя, і мэта такой працы паказаць: чужынцы стараюцца не выпадаць з агульнай карціны. Бо на справе атрымоўваецца, што замежнікі падганяюць сябе пад правілы і нормы краіны, у якой жывуць. Асабліва для нас — беларусаў — характэрна жаданне быць «як усе». Але я заўважыла, што галандцы ніколі не падрабляюцца пад асяроддзе, яны ўсімі сіламі намагаюцца быць арыгінальнымі. Але эмігранту не належыць забывацца, што ён госць. У Арнэмаўдэне можна жыць 20 год, але ўсё роўна застанешся «прыхаднем».

У школе галандскай мовы мы вучылі не толькі яе, але і традыцыі, правілы паводзін ды рэцэпты традыцыйных кулінарных страў, усё гэта трэба было добра ведаць, каб здаць экзамен па натуралізацыі. Ты звонку імкнешся падладзіцца пад асяроддзе, але пачынаеш адчуваць пэўны фальш, бо ўжываеш падвоеныя стандарты. Але хіба ж мы не прызвычаіліся да падвоеных стандартаў у савецкія часы? Іншая справа, калі ты цалкам усвядомлена прымаеш новыя правілы і жывеш паводле іх: гэта дае сапраўднае адчуванне свабоды. Але на асэнсаванне патрэбен час і шчыльны кантакт з мясцовым насельніцтвам. Зачараванае кола — кантактаў не будзе, пакуль цябе не прымуць за свайго.

Спрабую ўспрымаць сваё акружэнне без адмаўлення і асуджэння, знаходзіць ва ўсім пазітыўныя бакі. Людзі, якімі б рознымі яны ні былі па мовах і канфесіях, здольныя разумець адзін другога, бо ў нас закладзены адзіны калектыўна-падсвядомы пачатак, да якога, па сутнасці, і апелюе мастацтва. Яго вобразная мова зразумелая ўсім без падзелу на нацыі і дзяржавы. Не выпадкова, што сімволіка сноў — міжнародная.

/i/content/pi/mast/69/1165/33.jpg
Праект «Старыя людзі». Калаж. 2012.
У творчасці давялося новую мову засвойваць?

— Галоўная справа, якой я займалася на радзіме, быў плакат. Жывапіс і графіку рабіла «для сябе». Зараз наадварот: жывапіс — асноўны занятак, а плакат раблю пераважна для ўласных выставак.

Здарылася аднойчы, што мой эскіз перамог на конкурсе плаката для перасоўнага парку атракцыёнаў. Я намалявала яго фарбай на кардоне, як прывыкла. Эскіз так спадабаўся, што гарадская ўправа пайшла на дадатковыя расходы, каб яго адсканаваць, бо для друку твор павінен быць лічбавым. Гэты плакат ужываўся 5 гадоў, толькі тэкст кожны год набіралі новы. Пасля яшчэ адзін плакат для іх зрабіла таксама ўручную, і той яшчэ тры гады функцыянаваў.

У сваёй працы я люблю разнастайнасць. Працуеш у адной тэхніцы, вычарпаеш усе свае магчымасці, пачынаеш таптацца на месцы, у гэты час самае лепшае — памяняць тэхніку. А калі пазней вяртаешся да старога, то ўжо бачыш новую перспектыву!

Раней мне часта казалі, што я малюю, як скульптар, — я засвоіла скульптуру і кераміку. Вельмі спадабалася, адно кепска — аб’ёмныя рэчы патрабуюць шмат месца, а мастакам не надта лёгка рэалізаваць свае творы. Некалі я пісала артыкул у ваш часопіс і правяла своеасаблівае даследаванне становішча галандскіх мастакоў. Вынікі мяне ўразілі! Сярэдні заробак мастака — 25 еўра ў месяц. Паводле статыстыкі, 60% насельніцтва Галандыі, як прафесіяналы, так і аматары, займаюцца якім-небудзь відам творчасці, 21% з іх — выяўленчым мастацтвам, а набывае творы толькі 6%. Асабліва модна займацца ў гуртках, калі чалавек сыходзіць на пенсію. Таму мне не цяжка было знайсці сябе вучняў. Я даю ўрокі жывапісу ды іканапісу ў сваёй майстэрні, распрацавала жывапісную сістэму для выкладання малападрыхтаваным людзям. Да мяне прыходзяць пенсіянеры, якія ніколі не вучыліся маляваць, і ў іх добра атрымліваецца. Фактычна, мае вучні — гэта амаль адзіныя мае кантакты. Мастакі тут не сябруюць, адзін глядзіць на другога, як на канкурэнта. Мне так не хапае нашых беларускіх пасядзелак з гітарай у майстэрні, магчымасці паказаць свае працы калегам, каб убачыць хібы і недахопы. Варышся ў сваім саку.

Калі вы вывучылі мову, як справы пайшлі далей?

— Без творчасці я жыць не магу. Творчасць — гэта выхад на новы ўзровень свядомасці, калі чалавек робіцца здольным падключыцца да сусветнага розуму. Штодзённая прывычка да працы дае табе такія шчаслівыя моманты. Я магу параўнаць гэта са станам закаханасці, калі час знікае і жывеш толькі тут і цяпер, і гэта доўжыцца вечна... Напэўна, ключыкам з’яўляецца высокая канцэнтрацыя на чымсьці вельмі значным для цябе. Такое бывае і ў навукоўца, занятага вырашэннем праблемы, і ў дэтэктыва, які разблытвае складаны клубок абставін злачынства, і ў будысцкага манаха, які медытуе на кропку. Я недзе чытала, што ў кары галаўнога мозга развіваецца пазапарогавая стомленасць аднаго фрагмента, ён затарможваецца, а ўзбуджэнне індуктыўна разліваецца па ўсёй кары мозга, і гэта дае чалавеку адчуванне яркай успышкі ці прасвятлення, нешта накшталт мазгавога аргазму. Творчасць лечыць душу і цела, таму ў мяне ніколі не бывае дэпрэсіі.

Праглядала ваш сайт і не здолела зрабіць выснову, чаму вы аддаяце перавагу — жывапісу, графіцы?

— Я не зацыкліваюся на пэўнай тэхніцы, раблю то адно, то другое — каб не надакучвала. Мая майстэрня знаходзіцца ў прыбудове да млына ў суседнім Мідэлбурзе, езджу туды на ровары. Сам млын пасля пажару ў 1960-я гады не працуе. Адрэстаўравалі яго толькі звонку. Млыны ахоўваюцца дзяржавай як помнікі архітэктуры, прыбудова ж помнікам не з’яўлялася і падчас рэстаўрацыі яе хацелі знесці, але рэстаўратар, які тады купіў у мяне твор, прапанаваў аддаць памяшканне мне ў арэнду. Так я займела майстэрню ў экзатычным месцы. Спачатку нават не магла паверыць у сваё шчасце: атрымаць у карыстанне галандскі млын! Цяпер я сама сабе гаспадыня і магу набіраць вучняў, бо ва ўласнай майстэрні можна весці курсы, каб падпрацоўваць для яе ўтрымання. Шоргат крылаў млына стварае асаблівую атмасферу, якая вельмі спрыяе творчасці. Майстэрня — надзвычай істотная рэч для мастака. Там выспяваюць яго ідэі. Часам добра нават проста пасядзець, паразважаць у цішыні ў атачэнні дарагіх твайму сэрцу рэчаў, якія ты заўжды і паўсюль любоўна збіраеш, у перакананні, што яны калі-небудзь спатрэбяцца. Так і бывае — рана ці позна трапляюць яны ў якую-небудзь тваю кампазіцыю і там набываюць метафарычны сэнс.

Мастакі ў Галандыі могуць зарабіць сваёй творчасцю?

— Такіх мастакоў тут няшмат. Гэта людзі, што зрабілі сабе імя. Але нават яны нярэдка просяць субсідыі ў дзяржавы на той ці іншы праект. Іх жыццё звычайна сціплае, часта партнёр заняты на пастаяннай працы, што гарантуе неперарыўнасць паступлення даходаў.

Да таго ж галандцы ніколі не скажуць праўды пра рэальны стан рэчаў. Яны сябе павінны паказваць паспяховымі. Такі капіталізм: нельга быць лузерам. Адказ адзін: цудоўна, усё купляецца.

Якая падтрымка з боку дзяржавы: гранты, конкурсы, замовы?

— Так, усё гэта ёсць, але тычыцца больш маладых. Такіх, як я, дзяржава ўжо не падтрымлівае: чаго ўкладаць сродкі, калі чалавек не праявіў сябе ў маладосці. Я спрабавала ўдзельнічаць у закупах карцін для бібліятэкі. У мастакоў купляюць творы, а пасля аддаюць іх у арэнду. Людзі могуць узяць сабе ў дом карціну на месяц-другі, пасля — іншую. Як бярэш кнігу. На нашу правінцыю тры такія бібліятэкі, такім чынам, мастакі атрымліваюць грашовую дапамогу.

Чым займаецца галандская творчая арганізацыя — Цэнтр мастацтва?

— Праводзяць выставы, арганізуюць розныя праекты. Мая кампазіцыя са спадніцай была зроблена ў 2009 годзе для праекта «Freedom4all», прыняць удзел у якім мяне запрасіў куратар з Правінцыяльнага мастацкага цэнтра — запрасіў упершыню і то толькі таму, што я была ў іх спісе адзіным эмігрантам. Ініцыятарам выступіла арганізацыя па правах чалавека, якая святкавала сваё 25-годдзе. Яны далі сродкі на стварэнне серыі мастацкіх прац. З гэтай пары праект можна пабачыць у розных кутках Галандыі на вандроўнай выстаўцы «Freedom4all».

У праекце прымалі ўдзел 6 мастакоў, скаапераваныя з 6 эмігрантамі. Задачай аўтараў было сродкамі мастацтва ў вобразнай форме адлюстраваць жыццёвую сітуацыю эмігранта.

Сярод маіх шасці прац — дзве на асабістую тэму. Дзеля гэтага спатрэбіліся мае запасы самых разнастайных рэчаў, бо кампазіцыі трэба было выкладваць на стале пад вялізным сканерам. Каб павялічыць каштоўнасць адбіткаў, іх надрукавалі толькі ў двух экзэмплярах, а потым файлы былі знішчаны.

Так іржавы замок, засохлы птушыны трупік і слімак, які паўзе па анкетах, стварылі вобраз маруднай працы інстанцый, якія займаюцца справамі эмігрантаў. Для другой працы я скарыстала абутак сям’і, што стаіць за парогам: сям’я дзевяць год цярпліва чакала вырашэння свайго лёсу. Яшчэ для адной з работ я ўзяла сваю ўласную гісторыю. У Мінску я працавала ў памяшканні пры домакіраўніцтве. Па нядзелях займалася з дзецьмі, іх таленавітыя ручкі ўпрыгожылі звычайныя бутэлькі вежамі, чароўнымі звярамі ды казачнымі персанажамі. Усё было так цудоўна, што я не стамлялася рабіць з іх малюнкі і эцюды. Адзін з гэтых малюнкаў і паслужыў мне фонам для новай кампазіцыі. Ён сімвалізаваў маё мінулае жыццё. На пярэднім плане размясціліся галандскія рэчы: млын (майстэрня ля старога млына), ікона (я выкладаю галандцам іканапіс), цюбік фарбы (мой занятак), мабільны тэлефон, галандскі кломп, галандска-англійскі слоўнік (вывучаю адначасова дзве мовы), садовы гномік (маю маленькі садзік), лялечка з глобусам на галаве (магу свабодна падарожнічаць па свеце), блакітная керамічная ружа (вынік маёй працы з глінай), галандскі дамок, соль ды перац (вострыя прысмакі да жыцця), відэакамера і іншыя дробязі, якія звязаны з маім побытам, а пасярэдзіне — гадзіннік як сімвал часу, што не стаіць на месцы. Усё гэта адбіваецца ў вадзе, як жыццё адбіваецца ў свядомасці мастака, без ілюзій і скажэнняў.

Праект «Freedom4all» быў паказаны ў Мінску на фестывалі «Дах-9» у 2009 годзе. Тады я часта чула ад гледачоў пытанне: гэта ўсё адбіткі, а дзе ж арыгіналы? Чалавеку, не знаёмаму з новай тэхнікай сканернай графікі, было незразумела, як можна абысціся без арыгінала. Вось я і вырашыла зрабіць арыгінал ужо ў жывапіснай тэхніцы. Усе выкарыстаныя для нацюрморта прадметы ў мяне засталіся, трэба было толькі іх намаляваць, што я і зрабіла!

Чым абумоўліваюцца стылістычныя змены ў творчасці?

— Пятнаццаць гадоў таму я рабіла выстаўку ў мінскім Палацы мастацтва, на якой паказвала свае фантазійныя працы. Яны былі зроблены адразу пасля аперацыі, якая пазбавіла мяне ад хранічнага болю. Свет тады зазіхацеў для мяне ўсімі фарбамі вясёлкі, радавала магчымасць свабодна рухацца, працаваць над даволі вялікімі палотнамі проста валікам, ствараць адразу на палатне чыстымі колерамі фантазійныя сцэны.

Але, на жаль, жыццё не заўсёды прыносіць толькі радасць, настала і пара расчаравання. Я прайшла праз юрыдычныя цяжбы з галерэйшчыцай, якая хацела атрымаць выкуп за мае працы пасля выставы, і хоць фармальна выйграла гэтую спрэчку, але на практыцы мяне забайкатавалі ўсе астатнія галерэі.

Фантазіі ўступілі месца іроніі, цвярозаму погляду на жыццё. Я вырашыла пачаць працаваць выключна «для сябе», як мы гэта рабілі ў часы застою. Каб адолець ізаляцыю і адсутнасць сяброў-мастакоў, я распачала дыялог з вядомымі майстрамі мастацтва мінулага. Так, напрыклад, праца «Булачкі» прысвечана Машкову. У ёй я абыгрываю тыповыя галандскія падвоеныя булачкі «Кадэткі», мая праца па-галандску так і завецца — «Кадэтачкі». Позірк гледача адразу падае на гэтую дэталь, астатняе робіцца зразумелым нават тым, хто ніколі не чуў пра Машкова. Гэта алюзія на распаўсюджаны погляд на жанчыну як на прадмет спажывання.

Праца «Старыя пантофлі» прысвечана Босху. Гэты мастак з юнацкіх гадоў будзіў маю фантазію, паводле яго я ўяўляла сабе Галандыю. Яна зараз зусім не такая, але гэта аўтабіяграфічная праца. Шмат майго часу займае догляд за састарэлым і хворым мужам. Гэта абмяжоўвае магчымасці і садзейнічае развіццю фантазій і рэмінісцэнцый да мінуўшчыны.

У той жа перыяд я распачала працу над сваёй туалетнай серыяй «Plenty to go on». Яна доўжыцца па сённяшні дзень. Упершыню гэты праект паказала ў 2001 годзе ў муніцыпальнай галерэі горада Флісінгена на выстаўцы разам з групай беларускіх мастакоў. У мяне назбіралася серыя фотаздымкаў туалетаў, якія рабіла падчас вандровак і паездак на радзіму. Я іх паказвала сваім сябрам у Галандыі і Беларусі, і ўсім гэта падавалася незвычайна цікавым. Рэакцыя публікі на выставе мяне натхніла на працяг серыі. Уразіў той факт, што нават у такой прагрэсіўнай краіне, як Галандыя, тэма туалета дасюль застаецца табуяванай. Захацелася зрабіць жывапіс: я брала цытаты са старых майстроў, вядомых гістарычных персон і змяшчала іх у сучасны туалет. У 2008 годзе беларускі глядач мог пабачыць мае плакаты з гэтай серыі, якія выстаўляліся ў галерэі «Падземка». А ў Музеі сучаснага мастацтва я паказвала аўтапартрэт — мастачка малюе на столі свайго туалета фрагмент з роспісу Сікстынскай капэлы мастака Мікеланджэла. Сімвалічна гэтая праца распавядае аб тым, што мастак упрыгожвае сваё асяроддзе, нават калі яно і не надта прыдатнае для гэтага. Таксама на выставе была праца, прысвечаная «Моне Лізе» Леанарда да Вінчы. Ён, як вядома, намаляваў сваю служанку, апранутую ў простую сукенку без упрыгожванняў, на мой погляд, такая жанчына зараз магла б працаваць у туалеце.

А вось бельгійскі туалет — у ім кандэлябр з карціны фламандскага мастака Ван Эйка. Вось Рэпін: Іван Грозны забівае свайго сына, і гэта адбываецца ў мужчынскай прыбіральні Беларускага тэатра оперы і балета. Я спрабую мадэляваць рэальныя, цалкам магчымыя сітуацыі, але на мяжы абсурду. Туалет — гэта такое месца, дзе ўсё можа адбыцца. Яно агульнадаступнае, але там можна зачыніцца, застацца сам-насам з сабой і рабіць тое, што немагчыма ў іншых публічных месцах — забіваць, нараджаць дзіця... Я яшчэ і аголеных жанчын туды памясціла — у нашай правінцыі яны таксама табу. Гэта вам не Францыя, тут кальвінізм. Сваёй туалетнай серыяй не імкнуся бянтэжыць гледачоў — проста хачу, каб мае працы выклікалі ўсмешку. Бо лічу, што табу можна перамагчы толькі гумарам. Гвалтоўнай выявай гэта немагчыма. Прымусіць паглядзець на рэчы неяк інакш мае больш сэнсу, чым проста шакаваць людзей.

Над якімі яшчэ праектамі працуеце сёння?

— Адзін быў пачаты даўно, калі малявала старых жанчын, хворых на дэменцыю. Частка гэтых прац разам з партрэтамі беларускіх старых, зробленых паводле ўяўлення, была паказана на маёй персанальнай выстаўцы ў Музеі сучаснага мастацтва. Праект «Старыя людзі» працягваецца. Я атрымала прапанову маляваць партрэты ў Доме састарэлых горада Флісінгена. У мяне тут склалася рэпутацыя добрага партрэтыста.

Кожны партрэт — гэта новае знаёмства і новая жыццёвая гісторыя. Мае мадэлі адчуваюць сябе свабодна і раскавана падчас сеанса, многія пачынаюць апавядаць пра сваё жыццё, яны нібыта глядзяць у саміх сябе. Атрымоўваецца псіхалагічны кантакт, і партрэт пачынае жыць: глядзіш на працу — і бачыш жывога чалавека. Падумалася, што было б няблага запісваць расповеды маіх мадэляў, каб яны гучалі на выставе, але гэта — для наступнага праекта.

Зараз я шмат часу праводжу ў інтэрнэце. На Facebook у мяне ёсць старонка, дзе я размясціла фота сваіх прац і за год набыла амаль тры тысячы сяброў. Ужо не адчуваю сябе ў ізаляцыі, як раней. Усе могуць глядзець мае творы і каментаваць — гэта дапамагае ўбачыць сябе вачыма іншых. Цяпер у мяне з’явіліся стасункі з мастакамі ўсяго свету. Калі ласка, запрашаю ўсіх на маю старонку! 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва