Сутнасць рэчаў

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

На спектаклях у Гродзенскім драматычным

/i/content/pi/mast/69/1162/16.jpg
«Нараджэнне» Аляксея Слапоўскага.
Пераканана: абласныя тэатры ў Беларусі даўно існуюць адасоблена, сам-насам са сваімі памкненнямі і праблемамі. Шукаць тут нейкія заканамернасці не варта. Скажам проста: тэатральная грамадскасць іх дзейнасцю не цікавіцца. Спектаклі не глядзіць, што адбываецца — не ведае. Гродзенскі абласны драматычны тэатр — не выключэнне з агульнага шэрагу. Прынамсі, ягоны спектакль «Палёт над гняздом зязюлі», які летась у Санкт-Пецярбургу на ХIV Міжнародным фестывалі «Сустрэчы ў Расіі» атрымаў галоўную ўзнагароду — прэмію імя народнага артыста СССР Кірыла Лаўрова, нават не патрапіў у фінал другой Нацыянальнай тэатральнай прэміі. Вядома ж, тыя, хто бачыў пастаноўку Генадзя Мушперта падчас кароткіх гастроляў у Мінску, а таксама і акцёры-трыумфатары, былі болей чым здзіўленыя. Дый сама сітуацыя акрэсліла мяжу, якую небяспечна пераступаць.

Пытанне ўзнікае само сабой: ці варты ўвагі асобна ўзяты сцэнічны калектыў, які працуе не ў Мінску і не шукае падтрымкі ў сяброў, кумоў і сталічных драматургаў?

Зрэшты, гродзенскі тэатр заўсёды трымаўся ўбаку ад людской мітусні, захоўваючы пры гэтым высокі прафесійны ўзровень. Той, хто гэтага не ведае, мае даволі прыблізнае ўяўленне аб асаблівасцях айчыннага тэатральнага працэсу. Амаль дваццаць гадоў над калектывам апекаваўся Генадзь Мушперт. Ён належыць якраз да таго пакалення рэжысёраў, якое можна лічыць пэўным чынам «дыстанцыяваным» ад магістральных шляхоў айчыннага мастацтва. Магчыма, менавіта гэтая акалічнасць і дапамагла Мушперту стварыць уласную тэатральную імперыю, заснаваную на законах творчасці.

Пра тое сведчыць нават рэпертуар. Аніякіх «Жанатых таксістаў». Ёсць камедыі, але за іх не сорамна. Сучасная драма, беларуская і сусветная класіка, казкі для дзяцей. Перадусім — добрая літаратура. Янка Купала, Якуб Колас, Карла Гальдоні, Лопэ дэ Вега, Ханс Крысціян Андэрсен, Сяргей Кавалёў, Людміла Разумоўская, Мікалай Каляда, Інгмар Вілкіст... Такі падбор не бывае выпадковым. Ён прадыктаваны тонкім літаратурным густам. Звычкай да роздуму — безумоўным складнікам рэжысёрскай прафесіі. Тэатральная мадэль, на якой усё трымаецца, трывалая, не вульгарная і не напышлівая. «Мяне добра вучылі», — заўважае Мушперт. У ягоных спектаклях усё дакладна матываванае, упэўнена пракладзены зместавыя і псіхалагічныя масткі. Таго, хто добра ведае сучасны беларускі тэатр, гэтым наўрад ці можна здзівіць. Спектаклі Генадзя Мушперта «Кароль, Дама, Валет» паводле Уладзіміра Набокава, «Рок-канцэрт з Рыгорам Горыным», «Заўтра была вайна» паводле Барыса Васільева ў недалёкім мінулым рабілі сенсацыі ў мінскіх тэатральных сезонах. Здзіўлялі спавядальнасцю, рэжысёрскай канструктыўнасцю, выбухамі сфармуляванага сэнсу. Тады ў гродзенскім тэатры заззялі акцёрскія індывідуальнасці Людмілы Волкавай, Сяргея Курыленкі, Аляксандра Шаўкаплясава, Аксаны Плікус.

Здатнасць працаваць і выхоўваць акцёраў — адметная ўласцівасць рэжысёра. Пра гэта сведчаць і апошнія пастаноўкі — «Вяртанне Дон Жуана» Эдварда Радзінскага і «Нараджэнне» Аляксея Слапоўскага, якія прадстаўляюць тэатр у штодзённым ракурсе. І гэта паказальна: для таго каб зразумець, як насамрэч існуе сцэнічны калектыў, трэба паглядзець спектаклі, пастаўленыя не на паказ, не для фестываляў, а дзеля пракату — у разліку на звычайнага гледача. У такім разе ўсё прыхаванае адразу робіцца бачным.

У «Вяртанні Дон Жуана» рэжысёр Генадзь Мушперт нібыта ўступае ў дыялог са знакамітым расійскім драматургам Эдвардам Радзінскім. У спектаклі ствараецца адмысловы інтэлектуальны кантэкст, які грунтуецца на амаль забытых рэчах — тонкім, глыбокім веданні паэзіі і псіхалогіі чалавечай душы. Гэты кантэкст пазачасавы. І не толькі таму, што, паводле сюжэта Радзінскага, Дон Жуан — адвечны вандроўнік па эпохах, які вось ужо 3000 год шукае сваю донну Анну. Ён з’яўляецца на сцэне на мыліцах, стомлены і пасталелы, перакрочыўшы праз вякі. Але ў сюжэт спектакля ўплецены вершы. Яны ўспрымаюцца як трапятлівы дотык да савецкага мінулага, калі творы лепшых рускіх паэтаў распаўсюджваліся ў «самвыдаве». Гэтыя вершы дакладна і ўражальна выкананы Дон Жуанам — Аляксандрам Шаўкаплясавым. Яны ствараюць злучальную тканку зместу. Уявіце толькі, са сцэны гучаць радкі Ганны Ахматавай, Іосіфа Бродскага, Аляксандра Вярцінскага, Максіміліяна Валошына, Сяргея Гандлеўскага, Яўгенія Еўтушэнкі, Сямёна Кірсанава, Восіпа Мандэльштама, Барыса Пастэрнака, Аляксандра Пушкіна, Давіда Самойлава, Арсенія Таркоўскага, Уільяма Шэкспіра, Марка Шкляра! У іх усё, што рэжысёру неабходна было адрэфлексаваць як цудоўны інтэлектуальны ўзор духоўнага быцця. І засведчыць: маўляў, было... дый сплыло. Велізарны месяц над анфіладай праз усю сцэну (мастак Аляксандр Сураў) успрымаецца як зласлівы і адвечны дакор. У патрэбны момант у праёме з’явіцца Анна (Аксана Плікус) са сваім непазбыўным каханнем — і яна не пазнае Дон Жуана. Пераблытае з Лепарэла (Аляксандр Калагрыў). Зрэшты, закаханы Дон Жуан не патрэбны прыродзе і мусіць загінуць. Атрымалася вельмі сумная і шчымлівая гісторыя пра вытокі чалавечага існавання, якімі не варта пагарджаць, пра чыёсьці прамінулае юнацтва, пра каханне, якое больш не свеціць і не грэе. Пра паэзію, што ёсць сутнасцю ўсіх рэчаў.

Паняцце «аўтарскі тэатр» Мушперт разумее адмыслова. Для яго гэта далікатны спосаб выказвання пра самае запаветнае, якое акцёры пачынаюць дзіўным чынам трансліраваць гледачам.

Слова «далікатнасць» дарэчнае нават тады, калі рэжысёр працуе над камедыяй. «Нараджэнне» Аляксея Слапоўскага, канешне, можна было б паставіць і «на мяжы фолу». Асноўны канфлікт адбываецца між цяжарнай Сашай (Аксана Плікус) і Плодам (Ігар Уланаў), які падбухторвае яе здзяйсняць не вельмі прыгожыя ўчынкі, дэманструе хцівасць і прыстасаванства яшчэ ва ўлонні маці. Але ўрэшце перамагае дабрыня. Ад камедыйнага жанру нашым рэжысёрам у бліжэйшы час наўрад ці ўдасца адысці. Ды толькі ў гродзенскім тэатры амаль што ласкавым шэптам і з відавочным гумарам прапануюць весці размову аб праблемах дзетараджэння. Галоўны акцэнт палягае ў зоне чалавечай маралі. Гэта, а таксама эфектная кінарамка, у якую змешчаны спектакль, выразныя акцёрскія работы дазваляюць стварыць культурны тэатральны прадукт. Выканаўцы роляў складаюць яркі ансамбль, у якім найбольш вылучаюцца Аксана Плікус, Ігар Уланаў, Сяргей Саўко, Алена Красікава.

Не кожны тэатр сёння здатны паставіць «Танга» Славаміра Мрожака, тым больш — разгарнуўшы яго ў трохгадзіннае дзеянне з двума антрактамі, як гэта зрабіў Сяргей Курыленка. Рэжысёр нібыта на самай справе аспрэчвае знакамітую рэпліку з п’есы: «Трагедыя сёння ўжо немагчымая. Рэчаіснасць зжарэ любую форму. Толькі фарс, трагедыі не існуе, застаецца толькі эксперымент». І… стварае трагіфарс, які ўпэўнена распасціраецца паміж трагедыяй і фарсам, падхоплівае ад псіхалагічнага тэатра ўцямна выкладзены сюжэт, напаўняе дзею шматлікімі алюзіямі — ад сацыяльных да палітычных, надае ўсяму псіхалагічна-гратэскава-камічную форму. І ўрэшце дае волю акцёрам, якія цягам трох гадзін выконваюць свае ролі з відавочным задавальненнем. Напачатку здаецца, што рэжысёр мізансцэніруе надта па-акцёрску, нібыта прымерваючы кожны вобраз на сябе. Паступова змаганне Артура (Мікалай Вілімовіч) за непахісныя жыццёвыя каштоўнасці набывае асаблівы пакаленчаскі сэнс, але ж мы разумеем: штораз змяняецца толькі форма. Сэнс ёсць абсурд. Невыпадкова ў доме Артура магчыма самае неверагоднае, тут спалучаецца неспалучальнае. Мноства пабытовых рэчаў, якія не выкідваюцца цягам дзесяцігоддзяў, катафалк, на якім бабуля (Валянціна Харытонава) раз-пораз збіраецца паміраць, нерэальныя чалавечыя жарсці, гульня ў карты, любоўныя інтрыжкі маці (Святлана Завадская) на вачах у бацькі (Васіль Прабадзяк), нарэшце, перманентнае імкненне Артура ажаніцца з Аляй (Марыя Мялешка)… Артур з маніякальнай упартасцю шукае сэнс ва ўсіх сваіх учынках, і гэта канчаецца трагедыяй. Сэнс пераймае Эдзік (Васіль Мініч) — ціхмяны чалавек, служка, значнасць якога ў спектаклі ад эпізоду да эпізоду толькі ўзмацняецца. Менавіта ён возьме свісток, усіх пастроіць — і ягонае слова будзе галоўным у апошнім сусветным цыкле. Што далей? Хто ж яго ведае…

Апошнія спектаклі гродзенскага тэатра толькі пацвердзілі ягоную здатнасць выконваць складаныя задачы і не выдаткоўвацца на мітусню. Дарэчы, на пытанне дырэктара тэатра Ігара Гедзіча: «Што трэба паставіць, каб трапіць на Нацыянальную прэмію?» — таксама ёсць адказ. Не варта ставіць «Жаніцьбу Фігаро», і наступным разам карты відавочна лягуць інакш.