Зашыфраваць і расшыфраваць

№ 12 (297) 01.12.2007 - 31.12.2007 г

Калі Авіньён зрабіўся тэатральнай Меккай для французаў, дык для беларускіх прыхільнікаў тэатра гэткім жа знакавым горадам стаў Брэст. Такое параўнанне ўзнікае ў многіх, хоць дванаццаці міжнародным брэсцкім фэстам пакуль далёка да паўсотні авіньёнскіх. Знакаміты Жан Вілар казаў, што «Авіньёнскі фестываль -- гэта ідэя паэта». У сваю чаргу «Белая Вежа» -- ідэя Аляксандра Козака з ягонай неўтаймоўнай энергіяй і ўменнем пераконваць. Міхась Шавель заўсёды трапляе на другое месца, таму што ў ягонай уладзе -- лялькі, а гэтае мастацтва не такое маштабнае, як драматычнае. Але абодва надзвычай захоплены галоўнай вызначальнай рысай фестывалю -- гатоўнасцю да ўзаемнага творчага ўзбагачэння розных сцэнічных школ і накірункаў.

 /i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac1.jpg
 "Вішнёвы сад" А.Чэхава. Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне" (Украіна).
На працягу года ідуць дыскусіі ў сувязі з паказанымі ў Брэсце спектаклямі. Яны -- як барометр цікавасці, як памяць пра гасціннасць гаспадароў, як пошук адказаў на пытанне: куды рухаецца сучасны сусветны тэатр? Брэсцкі фестываль шырока рассунуў нацыянальныя рамкі, разумеючы, што самабытная культура беларусаў не можа развівацца ў няведанні таго, што адбываецца за яе межамі. Па гэтай прычыне штогод нязменна павялічваецца колькасць краін, якія паказваюць тут сваё мастацтва. Але ёсць «невялічкае» адрозненне Брэста ад Авіньёна -- менш ігравых пляцовак і значна менш фінансаў. Адсюль пэўныя расчараванні.
Усе фестывалі цікавыя прафесіяналам магчымасцю параўноўваць і правяраць сябе. На жаль, з-за жорсткіх фінансавых абмежаванняў рабіць гэта можа толькі вузкае кола людзей. Большасць удзельнікаў, адыграўшы свой спектакль, у тую ж ноч пакідае гасцінны горад. У розны час праз «Белую Вежу» прайшло шмат тэатральных людзей, і можна сцвярджаць, што асобныя ўражанні, дыскусіі, абмеркаванні ўсё ж складваюцца ў цэласную карціну, закліканую адказаць на важнае пытанне: наперад або на дно? Адказ не такі просты, як некаторыя спрабуюць гэта ўявіць. Заявы пра затхласць нашага тэатральнага мастацтва і пра ягоную татальную правінцыйнасць патрабуюць удакладнення, а можа быць, і абвяржэння. Любы фестываль незнарок ставіць у адзін шэраг нікому не вядомыя і сусветна знакамітыя тэатры. Як іх судзіць? Будучы членам журы, я адказала б так: вылучыць у гэтай сітуацыі лепшы спектакль па «гамбургскім рахунку» немагчыма. Думаю, лепшае павінна валодаць такімі якасцямі, што дазваляюць думкам аўтара дайсці да падсвядомасці гледачоў, абудзіць у іх добрыя пачуцці -- спагаду, радасць, гора. Добра нават, калі ў гэтым накірунку проста зроблена спроба. Узрушэнні і вялікія адкрыцці адбываюцца рэдка. Гэтак сама рэдка яны выклікаюць ва ўсіх поўную аднадушнасць.
У мастацтве, як і ў жыцці, усё звязана з наяўнасцю вопыту. Цяжка здзівіць таго, хто шмат бачыў і ведае. Не трэба высмейваць і зневажаць таго, хто робіць для сябе адкрыцці, толькі таму што бачыць нешта ўпершыню. Чужы вопыт вучыць кепска. І ўсё ж хочацца паспрабаваць здабыць урокі з убачанага на «Белай Вежы-2007».
 /i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac2.jpg

 "Вішнёвы сад" А.Чэхава. Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне" (Украіна).


Нязменнаму дырэктару фестывалю А.Козаку вельмі хацелася вывесці тэатральнае свята за межы памяшкання. Тады і звярнуліся па дапамогу да неіснуючага ў Беларусі вулічнага тэатра. Уласна, ідэю запазычылі ў палякаў, дзе спектаклі на плошчах і вуліцах з’яўляюцца часткай культурнага асяродка. У Беларусі толькі невялікі калектыў энтузіястаў з Мінска -- Тэатр «Жэст» -- спрабаваў зрабіць штосьці падобнае. Але без дзяржаўнай падтрымкі жылося яму не соладка. Вулічны тэатр павінен карыстацца цыркавымі трукамі, для якіх неабходна пастаянная рэпетыцыйная работа. А як яе праводзіць, не маючы ўласнага памяшкання? Нейкі час «Жэст» гастраляваў за мяжой і нават год таму ў Любліне атрымаў за сваё мастацтва Гран-пры. Але і гэтая падзея не пераканала чыноўнікаў ад культуры ўзаконіць ягонае існаванне.
А вось брэсцкі самадзейны маладзёжны рух выйшаў на вуліцу з маляўнічай феерыяй, барабанамі і вогненным шоу. Адзін з іх прафесійных трукаў прымусіў горад доўга абмяркоўваць выбітнае дзеянне. На адным з удзельнікаў раптам загарэўся каўпак. Ніхто не здагадаўся, што «чырвоны певень» быў запланаваны. Так калектыў адкрыў фестываль і перадаў эстафету прафесіяналам з Польшчы. Вечарам на плошчы акцёры з маленькага гарадка Глівіцэ распавялі трагічную гісторыю яўрэйскага пагрому часоў Другой сусветнай вайны. Яны прадэманстравалі ўвесь арсенал цыркавога мастацтва, адначасова ствараючы складаныя геаметрычныя малюнкі з дапамогай цел, выкарыстоўваючы біблейскія матывы, сімволіку лічбаў і іншыя знакі, што вымагаюць разгадкі.
А праз пару дзён познім вечарам і пад праліўным дажджом на цэнтральнай плошчы Брэста адбылася надзвычайная падзея, якая аднадушна была ўдастоена Гран-пры ХІІ фестывалю «Белая Вежа». Львоўскі тэатр «Уваскрэсенне» пад кіраўніцтвам Яраслава Федарышына паказаў чэхаўскі «Вішнёвы сад» у масках, на хадулях, са светлавымі і вогненнымі эфектамі, спартыўнымі і цыркавымі трукамі.
Львоўскія госці прывезлі некалькі фур складанага абсталявання і замахнуліся на альтэрнатыўны падыход у інтэрпрэтацыі знакамітай чэхаўскай п’есы. Я распытала рэжысёра пра жанр вулічнага спектакля, для якога, здавалася, драматургія Чэхава зусім не падыходзіць. Вось што ён распавёў: «Надаючы нашаму “Вішнёваму саду” форму вулічнага спектакля без слоў, мы імкнуліся ў поўнай меры развіць гульнёвы пачатак. Тут гульня мае сваё інтэлектуальнае зерне, духоўны змест. Гледачам ёсць пра што задумацца. У прыватнасці -- пра час. Чалавек пастаянна жыве мінулым і будучым, але не сапраўдным.
 /i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac3.jpg
 "Дон-Жуан" Ж.Б.Мальера.
Брэсцкі тэатр драмы і музыкі.
Штосьці галоўнае, важнае пастаянна праходзіць па-за ўвагай. Гэта, бадай што, і ёсць асноўная думка спектакля. Няхай кожны па-свойму ўгадвае ў створаных намі вобразах то багоў, то лёс, то цёмныя, то светлыя сілы свету».
Цяжка паверыць, што цыркавая форма ў спалучэнні з магчымасцямі драматычнага тэатра можа прымусіць хвалявацца, перажываць і спачуваць, прымушаючы гледачоў, якія стаяць пад праліўным дожджом, думаць пра Адвечнае.Такім чынам, урок першы. Нягоды Тэатра «Жэст» на працягу дваццаці гадоў, яго бескарыслівая ўпартасць і нязменны поспех у публікі нічога не значылі для тых, ад каго залежыць тэатральная палітыка. Кіраўнік «Жэста» Вячаслаў Іназемцаў стукаўся ва ўсе дзверы. На нейкі час перад ім адкрыўся Тэатр юнага гледача, дзе зрэдчас ішлі спектаклі «Жэста». У рэжысёра сабралася важкае дасье з захопленых водгукаў і публікацый у прэсе. У форс-мажорных абставінах калектыў запрашалі на плошчы Мінска ў дні святаў. І калі б да яго была выказана належная ўвага, мы б сёння мелі свой цікавы вулічны тэатр. Самае парадаксальнае, што канкрэтна ніхто не вінаваты. Ніхто нічога не забараняў. Але і не дапамог.
А неўзабаве на фестывалі быў дадзены ўрок другі. У тэатральным свеце літоўская тэатральная школа шмат гадоў дыктуе накірунак развіцця. Гэта тлумачыцца перш за ўсё высокім узроўнем рэжысуры, якая ўбірае касмаганічную свядомасць, вялікія метафары, соцыум, сучаснасць і нацыянальную культуру. Мы ведаем тэатр Літвы па спектаклях Някрошуса, Латэнаса, Вайткуса, Тумінаса, Каршуноваса. Знакаміты Эймунтас Някрошус на сваіх унікальных працах выхаваў цэлае пакаленне пастаноўшчыкаў, фактычна стварыў рэжысёрскую школу. Хтосьці быў ягоным акцёрам, хтосьці вучнем, хтосьці пайшоў далей за мэтра. Радыкальна пераасэнсоўваючы класіку, літоўскія рэжысёры заўсёды нараджаюць пластычныя метафары з тэксту. Адушаўляючы прадметы, яны даследуюць маральныя і эмацыянальныя перажыванні чалавека. Беларускі тэатр заўсёды сябраваў з літоўцамі, нават калі не надта іх разумеў, як гэта, напрыклад, здарылася з купалаўскім «Макбетам» Альгердаса Латэнаса.
Аднак у літоўскай тэатральнай культуры важна не толькі гэта. Характэрна, што літоўская рэжысура заўсёды вылучае акцёрскія асобы. Яна не засланяе акцёраў метафарамі і гульнёй уяўлення. Вельмі многія літоўскія акцёры зрабілася знакамітасцямі сусветнага ўзроўню. Мы не паспяваем запамінаць іх імёны, бо многія пастаянна працуюць за мяжой.
Калі ў Брэсцкім тэатры драмы і музыкі запрошаны з Літвы А.Латэнас паставіў «Дзядзьку Ваню», ён прымусіў гаварыць не толькі пра гульню з формай, у якой да таго ж былі ўзмоцненыя чалавечыя пачуцці, прымусіў гаварыць не толькі пра чэхаўскія матывы на літоўскі манер, але і пра акцёрскія адкрыцці. Здаецца, усе выканаўцы працавалі ў Брэсце па шмат гадоў, але ніхто ніколі не бачыў іх у такой выразнай якасці. Гэта датычыцца Сяргея Пяткевіча, Міхаіла Мятліцкага ды й усіх іншых: няма ніводнай прахадной акцёрскай работы. Можна ўявіць, што энергетыка літоўскай рэжысуры заваблівае ў сваё поле ўсіх, хто з ёй судакранаецца.
Такім чынам, другі ўрок фестывалю звязаны з сакрэтамі акцёрскага майстэрства. Такі спектакль, як «Майстар-клас» Т.Мак-Нэлі Вільнюскага Незалежнага тэатра, з’явіцца ў Беларусі няхутка. Работа літоўскага рэжысёра Г.Падэгімаса трымаецца не на складаным метафарызме, не на язычніцкіх сімвалах, не на чараўнічым віраванні энергетык, а на майстэрстве адной актрысы. Гэта Ніёле Нармантайтэ, якая заслужыла вышэйшую ўзнагароду фестывалю за выкананне жаночай ролі. Ці можна спрагназаваць падобны поспех у некаторых нашых беларускіх актрыс? У кулуарах фестывалю гэтая праблема абмяркоўвалася. У нас шмат цікавых акцёрскіх індывідуальнасцей, але яны рэдка сёння спалучаюцца з першакласнай роллю і еўрапейскай рэжысурай. На жаль, мы не змаглі назваць ніводнай з дзеючых актрыс, здатнай дацягнуцца да літоўскай дзяўчыны. Не хочацца крыўдзіць іншых удзельнікаў літоўскага спектакля «Майстар-клас» -- трох прафесійных оперных вакалістаў і папулярнага піяніста Юстаса Шэвенікаса, але без прыгажуні Ніёле гэты цуд проста не адбыўся б. Ён у цэлым шэрагу дзівосных супадзенняў. Мне ўдалося пасябраваць з маладой актрысай і пачуць аповед, які можа стацца цудоўным урокам для таго, хто захоча заўтра прачнуцца знакамітым. Высокая, мажная дзяўчына з Жаманційскай акругі прыехала ў Вільнюскую кансерваторыю авалодваць акцёрскім майстэрствам (а менавіта там вучаць драме, не толькі спевам) і выклікала пагардлівы смех у сваіх аднакурснікаў дыялектнай мовай. З такімі данымі кар’еры не зробіш. Самая тоўстая і правінцыйная была самай дысцыплінаванай: ніколі не спазнялася, не балавалася цыгарэткамі і ў рот не брала алкаголю. Атрымаўшы прызначэнне ў дзяржаўны тэатр сталіцы Літвы, яна задумала сабраць уласны калектыў і пачаць справу з найскладанейшага матэрыялу -- расповеду пра трагічны лёс опернай дзівы, грачанкі па паходжанні Марыі Калас. Падрыхтоўка да гэтага спектакля нашай акцёрскай моладзі можа прысніцца толькі ў шчаслівым сне. Сябры і знаёмыя актрысы пачалі шукаць і прыносіць ёй біяграфічныя матэрыялы пра спявачку, запісы яе голасу, кіна- і фотадакументы. Нарэшце, Ніёле выехала ў Італію, у тэатр Ла Скала. Яна ўспамінае: «Спусціўшыся ў музей, я ўбачыла партрэт Марыі і аслупянела. Настолькі падобнай я сабе яе ўяўляла. Супала ўсё -- ад прычоскі да завушніц, якія для спектакля падрыхтавала. Яна прырасла да мяне, як скура. Я нібыта стала бачыць яе вачыма -- і больш мы не развітваліся. Усе дэталі майго касцюма адпавядалі тым, што былі ў яе. Ды яшчэ класіцысцкі тып паводзін, як у ракавых жанчын».
Актрыса паказвае гледачу адзін дзень з жыцця выдатнай Марыі Калас на схіле кар’еры, калі, страціўшы голас, яна пераасэнсоўвае свой лёс, імкнецца перадаць вопыт маладым спевакам. Цікава, што літоўская актрыса пастаянна звяртаецца ў залу і працуе з залай, спрабуючы растлумачыць публіцы, што такое добры стыль. «У вас няма стылю, -- звяртаецца яна да гледача ў трэцім радзе. Той чырванее і замірае ў крэсле. -- Так, у вас! А ўвогуле, тут ні ў кога няма стылю».
Брэсцкая публіка адчувае сябе зняважанай. За што? Можа быць, нам усім, якія «без стылю», устаць і пайсці? Або абурыцца ўголас, як было аднойчы ў Вільнюсе: «Я грошы немалыя заплаціла за білет, а тут яшчэ з мяне здзекуюцца!»? Але трэба набрацца цярплівасці і прасачыць за тым, як актрыса навучыць майстэрству індывідуальнага стылю. А каб малады глядач з трэцяга рада дараваў ёй рэзкасць і пайшоў з тэатра без крыўды, яна пры ўсіх у фінале спектакля спусціцца са сцэны, падыдзе да яго і ўручыць кветкі.
Сама Ніёле цудоўна спявае шансон за межамі тэатра, і дыскі з яе выкананнем набылі многія гледачы. І гэта -- апрача паказальнага ўрока выхавання асобы, які ішоў на сцэне.
Назіраючы за тэатральным жыццём нашай краіны, часта засмучаюся, што многія цікавыя спектаклі, якія знаходзяцца за межамі сталіцы, у кола ўвагі «Белай Вежы» не трапляюць. Хоць у іншых міжнародных фестывалях удзельнічаюць і атрымліваюць узнагароды. Даўно не прыязджалі ў Брэст тэатры з Віцебска, Гродна, Магілёва, Гомеля. Ніколі -- з Бабруйска. У гэтым годзе выключэннем зрабіўся спектакль з Маладзечна. Можна сцвярджаць, што на буйных фестывалях тэатрам з перыферыі заўсёды шанцуе менш. Ад іх, невядомых шырокай грамадскасці, нічога асаблівага не чакаюць. Зорак там няма. Сёння ў большасці такіх калектываў нават няма заслужаных і народных артыстаў, хоць ганаровае званне -- нярэдка ключ да поспеху ў публікі.
Таму сціплы калектыў з Маладзечна надаваў вялікае значэнне свайму ўдзелу ў «Белай Вежы», але ягоны спектакль «Забава» па п’есе польскага драматурга С.Мрожэка ішоў у нязручны час -- днём, у няўтульнай зале Цэнтра моладзі, з кепска падрыхтаванай публікай. Здавалася, усё было супраць -- і толькі прафесійная і адказная ігра артыстаў выратавала становішча. Яны яшчэ раз пацвердзілі вядомую ісціну: паняцце правінцыйнасці -- не геаграфічнае. Маленькі горад Маладзечна можа быць годным сапернікам. Тры акцёры заняты ў спектаклі, і ўсе трое былі ўдастоены высокіх пахвал прафесійных крытыкаў.
У любога фестывалю заўсёды ёсць фармальныя і нефармальныя лідэры. Фактычна стаў традыцыяй абавязковы ўдзел у «Белай Вежы» Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы, Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага, Брэсцкага тэатра драмы і музыкі. Па традыцыі арганізатары фестывалю адбіраюць маштабныя палотны. І гэта правільна. Хто, як не дзяржаўны акадэмічны тэатр, здатны ашаламіць гледачоў зладжанай магутнасцю рэжысуры, сцэнаграфіі, акцёрскіх работ!
Адкрываў фестываль «Сымон-музыка» купалаўцаў, прызнаны лідэр апошніх тэатральных сезонаў. Але, як кажуць, няма прарокаў у сваёй айчыне. За межамі Беларусі спектакль робіць моцнае ўражанне і атрымлівае ўзнагароды. А ў нас вось ужо другі фестываль (вясной «Сымон-музыка» ўдзельнічаў у «М.art кантакце» ў Магілёве) хоць і ўзрушае публіку, але вельмі строга ацэньваецца журы.
Штодня група вядомых маскоўскіх, мінскіх і брэсцкіх крытыкаў разам з адыграўшым спектакль тэатрам асэнсоўвалі ўбачанае. Заўсёды цікава ведаць меркаванне мэтраў, чый вопыт «праглядаў» вялізны. Ім ёсць з чым параўноўваць. І калі штосьці па-сапраўдаму іх захапіла -- гэта вялікі поспех. Абмяркоўваючы «Сымона-музыку», усе звярнулі ўвагу на нетрадыцыйнае і таму эксперыментальнае прачытанне хрэстаматыйнай паэмы Якуба Коласа. Акцёры гавораць душой, асабліва выканаўца галоўнай ролі Аляксандр Малчанаў. Ён ужо неаднаразова атрымліваў узнагароды як лепшы выканаўца. Адзначалі магутны рух душы мастака, выразную акцёрскую пластыку, трагедыйныя ноты ў існаванні «белай вороны» -- чалавека, які вылучаецца з натоўпу.
Касмічнае гучанне праблемы ў рэжысуры Мікалая Пінігіна спалучаецца з лёсам кожнага з нас. Многія ўспрымаюць спектакль Пінігіна як містэрыю і крытыкуюць харавую дэкламацыю: маўляў, акцёры працуюць як агітбрыгада і лямантам знішчаюць коласаўскія радкі. Спрэчкі пра якасць пінігінскага спектакля не сціхаюць і сярод айчынных крытыкаў.
/i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac4.jpg 
 «Прытворна хворы» Ж.Б. Мальера. Р.Янкоўскі (Арган). Нацыянальны тэатр імя М.Горкага.
«Прытворна хворы» Ж.Б. Мальера, паказаны Нацыянальным тэатрам імя М.Горкага, стаўся надзвычай вясёлым -- у духу шоу, хоць рэжысёр Аркадзь Кац больш вядомы не столькі тэатральнасцю, колькі глыбінёй распрацоўкі драматургічнага матэрыялу. На гэты раз ён адпаведна сучаснай моде вырашыў усяляк весяліць публіку. Разам са сцэнографам запоўніў сцэну шаржыраванай медтэхнікай, нязручнымі дзвярыма. Разам з харэографам увёў зусім непатрэбныя цыганскія скокі. І толькі акцёры на чале з Расціславам Янкоўскім былі, як заўсёды, на вышыні. Рабілі заўвагі рэжысёру за канцэртныя нумары, але ўсе адзначалі акцёрскае майстэрства нават эпізадычных выканаўцаў.
Як заўсёды, лялечная праграма была адрасавана не толькі дзецям, а і дарослым, і патрабавала разгадкі з сур’ёзным тэатразнаўчым аналізам. За мяжой такіх буйных дзяржаўных тэатраў лялек, як у нас, вельмі мала, хоць гэты від мастацтва папулярны і актыўна развіваецца. Як прызнаўся лялечнік з Вялікабрытаніі: «У нас тэатр лялек разлічаны пераважна на юных наведвальнікаў. Праца для дарослага гледача, якую мы бачылі ў Беларусі, хутчэй выключэнне».
Сапраўды, амаль усе замежныя спектаклі былі маланаселеныя і разлічаныя на дзятву. Яны былі зразумелыя і без перакладу. Простыя па сюжэце. З яркімі выразнымі лялькамі і гульнявымі прадметамі. У лялечных спектаклях заўсёды шмат выдумкі і гумару. Менавіта ён і раскрывае сэрцы.
Брэстаўчанам вельмі спадабаўся спектакль з Даніі «Освальд і Вялікая малпа». На радзіме гэты тэатр вядомы сваёй музыкальнасцю. Усе акцёры ўмеюць іграць на розных музычных інструментах. Так было і тут. Да таго ж у зале і на сцэне ішла захапляльная гульня. Дзеці давалі героям парады, папярэджвалі пра небяспеку, радаваліся, што перамагло дабро. На выхадзе з глядзельнай залы спачатку злая, а цяпер добрая і перавыхаваная Малпа раздавала яблыкі.
Вельмі складанае тэхнічнае дзеянне, прызначанае выключна для дарослых, паказалі лялечнікі з Германіі і Іспаніі. Убачанае цяжка называць спектаклямі. З дапамогай нямецкага Інстытута імя Гётэ ў Мінску ў межах Года нямецкай культуры ў Беларусі стала магчымым убачыць сённяшнія захапленні тэатраў Германіі і спектакль «Інтымнасць» тэатра фігур Ірыс Майнхард (Ленінген-Шлатшталь). Вялікі экран з перакладам тэксту на беларускую мову. Яшчэ адзін экран з мікравідэакамерай на сцэне. Філасофскія думкі ўслых жанчыны ХV стагоддзя, якая шукае уласнае «Я». Камера вандруе па яе целу, паказваючы інтымныя месцы. Актрыса робіць выгляд, нібыта праглынула яе, і на вялізным экране ўзнікаюць шакіруючыя дэталі вантробаў. У такіх выпадках лепш без каментарыяў.
 /i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac5.jpg

 "Трохграшовая опера" Б.Брэхта.
Рэспубліканскі тэатр "Лучафэрул"
(Кішынёў, Малдова).


Два іспанцы прывезлі з Валенсіі цэлую кучу металічных цацак, зробленых з сабраных на вуліцы дроцікаў і жалезак. Асвятлілі іх сотняй лямпачак, ліхтарыкаў. Усё гэта прымусілі рухацца, ездзіць, падаць, гудзець, фокуснічаць, суправаджаючы расказам пра каханне. Было хоць і не вельмі зразумела, але займальна і па-казачнаму таямніча. Спектакль «Няшчасце Вірджыніі» ішоў у спецыяльна прыдуманай палатцы, разлічанай на пяцьдзесят чалавек, і дзеці туды не трапілі. З цяжкасцю ўдалося размясціць толькі гасцей фестывалю.
Дзякуючы фестывалю вялікі скачок зрабіў Брэсцкі тэатр лялек. Ён заўсёды быў папулярным і любімым у сваёй публікі, але не прэтэндаваў на лаўры або на выключнае становішча. Зрабіўшыся застрэльшчыкамі фестывальнага руху, брэсцкія лялечнікі пачалі авалодваць майстэрствам, якое не сорамна прадэманстраваць за мяжой. У апошнія гады ў іх з’явіліся спектаклі, пастаўленыя самымі лепшымі запрошанымі рэжысёрамі тэатраў лялек. Супрацоўніцтва з санкт-пецярбургскімі мэтрамі прынесла свой плён.
Яно пачалося з прыезду ў Брэст калектыву «Патудань» пад кіраўніцтвам маладога Руслана Кудашова. Маленькія, падобныя да людзей лялечкі выконваюць рускую літаратурную класіку. Ужо пасля трыумфу ў Брэсце тэатр атрымаў расійскую «Залатую маску» і стаў лічыцца лідэрам у лялечнай справе. З тых часоў сяброўства ўзмацнела, і, нарэшце, удалося завабіць творчую групу на пастаноўку. Першай ластаўкай быў талстоўскі
 /i/content/pi/mast/5/116/Zashyfravac6.jpg
 «Месяц Сальеры» паводле А.Пушкіна.
Брэсцкі абласны тэатр лялек.
«Халстамер», больш вядомы як «Гісторыя каня». Да «Белай Вежы-2007» сумесна падрыхтавалі «Месяц Сальеры».
Такую назву набыла знакамітая пушкінская трагедыя «Моцарт і Сальеры». У гэтым творы выйгрышным, выклікаючым спачуванне і сімпатыі героем заўсёды быў Моцарт. Аўтары спектакля задумаліся пра лёс Сальеры. Што звязвала гэтых таленавітых людзей? Бо Сальеры не толькі «атручальнік», але і самабытны кампазітар, чыя музыка прызнана ва ўсім свеце. Трэба было высветліць, у чым талент Сальеры. Аказалася, што ён здатны чуць геніяльную музыку Моцарта. Ягоны талент -- «чуць».
Акцёры-лялечнікі З.Нуянзін, Р.Пархач, Ю.Антаноўская, Ю.Тэсля, Л.Верста, І.Герасевіч схаваліся за шырмай. Кожную ляльку водзяць два-тры чалавекі. Лялькі існуюць у прасторы паміж жыццём і смерцю. Месячны пейзаж, сыпучы пясок. Успаміны і лесвіца, якая імкнецца ў нябёсы. Уражлівыя метафары, філасофская насычанасць, чысціня выканання -- законна атрыманы Гран-пры.
Такім чынам, урок трэці быў прыпаднесены фестывалю Брэсцкім тэатрам лялек. Натуральная патрэба гледачоў -- жаданне дабрыні, святла, любові. І зусім неабавязкова эпаціраваць публіку. А яшчэ не трэба баяцца рызыкі і зацыклівацца на мясцовым патрыятызме. Толькі чужы вопыт асвяжае атмасферу стацыянарнага тэатра, звыклага жыць па надзейным графіку.
Калі за кароткі тэрмін у імклівым рытме бачыш даволі цэласную панараму спектакляў рэпертуарных тэатраў былых саюзных рэспублік, думаеш пра тое, што наша -- тэатральная -- айчынная культура не такая ўжо кепская. А часам і «паперадзе планеты ўсёй». Калі на нашым гарызонце апынаюцца прэстыжныя, модныя, эксперыментальныя і проста высокамастацкія творы іншых краін, засмучаешся, што ў нас такога няма.
Калі слухаеш вопытных, усё на свеце бачыўшых тэатральных крытыкаў з сусветнымі імёнамі, разумееш сваю недасканаласць у мяккіх ацэнках айчыннага тэатра. Калі апынаешся ў зале з ахопленай адзіным парываннем публікай і яе маладой успрымальнасцю, разумееш, што нават сярэдні спектакль камусьці вельмі патрэбны. І так пастаянна.
Той, хто ўкладае сваю душу ў такую святочна-клапотную, нервовую, поўную чаканняў і расчараванняў працу, як фестываль, канешне ж, чакае добрых слоў і высокіх ацэнак. Таго, хто прыходзіць на спектакль з патаемнай і нявыказанай думкаю: развесялі мяне, здзіві, узруш (грошы заплачаны), -- чакаюць расчараванні. Дык на каго ж раўняцца тэатральнаму мастацтву? Магчыма, на ўсіх, толькі не на фестывалях, а ў штодзённай працы.
Меня, як крытыка, «Белая Вежа-2007» навучыла наступнаму. Мы відавочна адсталі ў развіцці вулічнага тэатра, які сёння такі папулярны ў Еўропе. Мы гойдаемся на шалях у галіне драматычнага тэатра: старыя памылкі становяцца цяжкім грузам, новыя дасягненні не захоўваем. Мы зрабілі вялікі крок наперад у развіцці мастацтва тэатраў лялек.
Любы спектакль, добры або кепскі, некага захапляе або расчароўвае. Таму што няма ў гэтай справе законаў, няма рэцэптаў, практычна немагчымы модны цяпер маркетынг. Тэатр -- жывы. Таму ў яго ёсць перамогі, хваробы, хандра. А кожную восень у Брэсце ў тэатра надараецца свята.

Таццяна АРЛОВА