Вобразы-дакументы

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

«Паўстанне 1863–1864 гадоў у гравюрах францyзскага часопіса "Le Monde illustré", кнігах, дакументах і іншых помніках XIX стагоддзя»

/i/content/pi/mast/69/1158/8.jpg
Атрад добраахвотнікаў пакідае Гродна, каб злучыцца з арміяй паўстанцаў (паводле эскіза М.К.). Гравюра. 1863—1864.
Гравюры, прадстаўленыя на выставе, — новая з’ява ў паўстанцкай тэматыцы. Прычым не толькі для шырокай грамадскасці, але і для вузкага кола спецыялістаў. Не закраналася і не асвятлялася гэтая тэма з простай прычыны: каб быць у ёй абазнаным, належала не толькі разбірацца ў мастацтве, але і ведаць французскую мову. Усё гэта, разам з негалоснай забаронай у савецкія часы паглыбляцца ў рэаліі, звязаныя з паўстаннем 1863—1864 гадоў, і прывяло да таго, што праз паўтара стагоддзя даводзіцца рабіць «адкрыцці» пра адну з самых трагічных старонак на шляху станаўлення нацыі.

У тыя далёкія часы друкаваныя весткі з-за мяжы гэтак жа прыцягвалі ўвагу абывацеляў, як сённяшнія вечаровыя выпускі тэленавін або аглядныя штотыднёвыя тэматычныя рэпартажы. Такімі «рэпартажамі» для чытачоў «Le Monde illustré» і былі публікацыі пра падзеі ў Польшчы, Літве і Беларусі. Хутчэй за ўсё часопіс меў уласнага карэспандэнта (ці карэспандэнтаў), што дасылаў у Францыю свае нататкі і замалёўкі, з якіх рабіліся гравюры. Такія відарысы з французскай перыёдыкі, як «Выступ паўстанцаў з Гародні», «Смерць Людвіка Нарбута каля Дубічаў», даўно сталі класічнымі. Рэшта застаецца недаследаванай. Што, на жаль, прыводзіць да ўзнікнення факталагічных памылак.

Вось адна з першых гравюр на выставе, подпіс пад ёй паведамляе: «Вежн і яго партызанскі атрад злучаецца з атрадам Лапвінскага (Мінская губерня)». Твор вылучаецца колькасцю постацей, выключна мужчынскіх. Сустрэча паўстанцаў адбываецца ў змрочным лесе пад старымі елкамі, аднак удала акцэнтаваны невядомым мастаком бялюткі — як белы аркуш — снег пад нагамі (ён ляжыць і на лапах разгалістых хвояў, і на камлях магутных дрэў) дазваляе ўспрымаць гэта лясное спатканне як свята.

Хто такія «Вежн» і «Лапвінскі» — застаецца для наведвальнікаў загадкай. Больш таго, апошняе прозвішча спараджае блытаніну. Добра, што ў адным з наступных подпісаў яно пададзена дакладней: «Атрад Лапінскага ў засадзе, каб перахапіць калону дэпартуемых па дарозе з Варшавы ў Маскву (паводле эскіза М.Аклера)». Аднак і такога паўстанцкага камандзіра не фіксуюць ні нашы энцыклапедыі, ні навуковыя даследаванні. Праўда, на Міншчыне дзейнічаў Гектар Лапіцкі (каля 1830—?), у канцы паўстання — мінскі ваявода. Пасля арышту зняславіў сябе падрабязнымі паказаннямі і быў сасланы на жыхарства ў Томскую губерню. Для айчынных даследчыкаў культуры зазначу, што ў 1850-я гады ў Менску на кватэры ягонай сваячкі Лапіцкай ставілася «Ідылія» («Sielanka») Дуніна-Марцінкевіча.

Больш упэўнена магу выказаць здагадку, хто такі «Вежн». Гаворка пра нашага земляка, шляхціца Гарадзенскай губерні Людвіка Дзічкоўскага, па адукацыі лекара, які ў кастрычніку 1863 года ўзначаліў Ковенскае ваяводства ў якасці цывільнага начальніка. Дзічкоўскі карыстаўся псеўданімам «Wąż», што з польскай перакладаецца як «Вуж». Так і трэба было куратарам выставы падаць у подпісе пад гравюрай (ці хоць бы транскрыбіраваць як «Вонж»).

Адсутнасць імёнаў і прозвішчаў у подпісе да гравюры «Дамы сабраліся ў графіні Д…, каб падрыхтаваць корпій [перавязачны матэрыял]. Мінская губерня (паводле эскіза М.Каралі)» як бы падкрэслівае не персаніфікаваную, а агульнанародную дапамогу, якую атрымлівалі паўстанцы. На гэтай гравюры паказаны графскі пакой з высокімі вокнамі, праз якія ўся прастора быццам напоўнена ззяннем, — своеасаблівы сімвал узнёслай высакароднай працы, якой занятыя жанчыны. У левай частцы твора — картуш над дзвярыма, дзе замест чаканай выявы родавага герба ці іншых графскіх кляйнотаў — распяцце Хрыста. Пакуты Божага Сына нібы доўжацца ў вобразе параненага касіянера. Самая светлая постаць у карціне — басаногая дзяўчынка, якая стаіць перад калаўротам. І не зразумець, ці яна перадае з клубка суворую нітку на верацяно, ці проста малітоўна склала рукі. З-за гэтай выявы ўвесь абраз поўніцца асаблівай сакральнасцю.

Гравюра «Генерал Бенткоўскі і ягоны штаб (паводле эскіза спецыяльнага карэспандэнта)» адлюстроўвае мужчын у сутарэннях камяніцы, дзе падлога (магчыма, паркетная) спрэс зацярушана саломаю. На ёй адзінокая постаць паўстанца: ён спіць у поўным абмундзіраванні, шабля прымацавана на левым баку. Прыходзяць на памяць радкі паўстанцкай песні, адшуканай мною ў далёкія 1970-я — гады студэнцтва:

Гэй жа, хлопцы, досыць спаць!

Пара косы прыбіраць!

Косы, косы і сякеры —

Бараніці сваю веру. Пара!

Вы за печкаю на полу.

Мы ў лесе зямлю голу

Прытулілі б, як пярынку,

Бы заснуці хоць гадзінку. Пара!

Гравюра «Паўстанцы атакуюць цягнік на станцыі Чыжэва (паводле эскіза М.К[аралі])» — засведчвае новы від барацьбы ў другой палове ХІХ стагоддзя, не характэрны для змагання за волю з косамі ды сякерамі. Атрад змагароў вядзе бой з царскім войскам. Але не гэта галоўная мішэнь для касіянераў, а цягнік, што сышоў з рэек і заваліўся набок. Ахутаны клубамі белай пaры, чорны лакаматыў паўстае ў вобразе жалезнага звера. Гэта як бы сімвал усёй агромністай імперыі, якую належала скрышыць.

Дакументальна пацверджаны факт стаў сюжэтам для кампазіцыі «Паўстанцы вызваляюць рускага генерала Грунта, захопленага Сабекам (Барысаў) (паводле эскіза М.Каралі)». Такі выпадак сапраўды адбыўся ў ліпені 1863 года, калі начальнік 3-й рэзервовай пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант Грунт (імя не пазначана) выехаў з Ігумена для інспекцыі карных расійскіх войск. На адлегласці 15-ці вёрст ад Ігумена (а не Барысава!) ён быў схоплены касіянерамі з атрада Ляскоўскага. Пасля агляду папер адпушчаны. У паўстанні вызначылася двое Ляскоўскіх: Ігнась (1833—1871; дзейнічаў пад мянушкамі Ігнась з Горшчыны, Ваявода Язерскі, Чэрскі) ды ягоны брат Станіслаў (1840—?). Абодва ваявалі да апошняга (Ігнася гісторыкі вылучаюць як аднаго з нешматлікіх камандзіраў, хто пратрымаўся да схілу вясны 1864 года). Літаральна днямі, працуючы над матэрыяламі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, мне пашанцавала адшукаць хросную метрыку Ігнася, паводле якой нарадзіўся паўстанец не ў Горшчыне, як напісана пра яго ў «Польскім біяграфічным слоўніку», а ў Строчыцах!

Цэнтральная ў экспазіцыі — гравюра «Атрад добраахвотнікаў пакідае Гродна, каб злучыцца з арміяй паўстанцаў (паводле эскіза М.К[аралі]). Часопіс "Le Monde illustré", Парыж, Францыя 1863—1864 гг.». Памятаецца, як выдатны архівіст і гісторык Генадзь Кісялёў не аднойчы дзівіўся гэткаму «дэманстрацыйнаму маршу з Гародні», паколькі дакументальна гэтая карціна ніяк не пацвярджаецца. Арыгінал (вядома ж, добрай якасці) дазваляе разгледзець элементы, якія не заўсёды праглядваліся ў раней друкаваных зарэтушаваных адбітках (да прыкладу, у аднатомніках і альбомах, прысвечаных Дуніну-Марцінкевічу, Багушэвічу). На пярэднім плане першага шэрагу ў капеланскай сутане крочыць каталіцкі святар з харугвай, якую моцна трымае абедзвюма рукамі. Удзел духавенства ў паўстанні быў даволі значны, дастаткова прыгадаць самі факты расстрэлаў святароў. Станіслава Ішору — вікарыя касцёла з мястэчка Жалудок на Лідчыне (да слова — месца нараджэння Валерыя Урублеўскага) — расстралялі ў Вільні 22 траўня 1863 года «за прачытанне ў касцёле абуральнага маніфеста і заклік сялян да мяцяжу». Праз дзень, 24 траўня 1863 года, быў расстраляны «за агалашэнне абуральнага маніфеста» Раймунд Зямацкі — пробашч Вявёрскай парафіі Лідскага павета Віленскай губерні. А яшчэ праз паўмесяца, 13 чэрвеня 1863 года, у самой Лідзе расстраляюць Адама Фалькоўскага, ксяндза Ішкальдскага касцёла. Таму двойчы недакладны наш выдатны паэт Алесь Чобат, які аднаму са сваіх вершаў даў загаловак «Ксёндз Фалькоўскі — першы павешаны на крэсах у 1863 годзе». Першымі ахвярамі былі ксяндзы-землякі Ішора і Зямацкі. І другая памылка паэта: Фалькоўскі быў расстраляны, а не павешаны (наколькі мне вядома, сярод павешаных святароў быў легендарны арганiзатар і кіраўнік паўстанцкiх узброеных сiлаў Ковенскага ваяводства ксёндз Антось Мацкевіч (Антанас Мацкявічус)).

Паэтам (як і мастакам) памылкі даруюцца, паколькі недакладнасці кампенсуюцца моцай уздзеяння мастацкага (паэтычнага!) слова. Чаго нельга сказаць пра арганізатараў выставы ў галоўным гістарычным музеі краіны. Недакладнасць можа быць выклікана толькі адной літарай у слове. «Княжна Б… перадае штандар камандзіру добраахвотнікаў Арленскаму. Мінская губерня (паводле эскіза М.Каралі)». Дастаткова было б зазірнуць у айчынныя энцыклапедыі, каб удакладніць, што маецца не ўвазе не «Арленскі», а Станіслаў Алендзскі (1832 — пасля 1900), землеўласнік са Случчыны, адстаўны падпалкоўнік Генеральнага штаба, які ў час рэвалюцыйнага ўздыму быў прызначаны паўстанцкім вайсковым начальнікам Наваградскага, Слуцкага і Пінскага паветаў. Схоплены ў 1864 годзе, быў прыгавораны да смяротнай кары, замененай катаргай. На малюнку мы бачым сталага чарнавусага чалавека, ён перахапіў шаблю ў левую руку, каб прыняць святыню з рук гаспадыні сядзібы. Мураваныя часаныя валуны, з якіх складзены ганак старасвецкага маёнтка, мусяць выяўляць моц і трываласць родавых гнёздаў.

Памылкі ў подпісах «Паўстанцы ў крэпасці Цэйгельшлаг, што побач з Ольмутам. Казімат № 7» (трэба: «каземат»), «Сяляне даюць прысягу перад асесарам, капітанам Астартавым. Літва» (трэба: «асэсарам») не лепшым чынам сведчаць пра куратараў выставы. Пажадана было б у далейшым разам з перакладам падаваць і арыгінальныя подпісы (у нашым выпадку — на французскай мове).

Між іншым, абяцаецца працяг экспазіцыі, бо не ўсе гравюры з прыватнай калекцыі (уладальнік яе пажадаў застацца невядомым, схаваўшыся за сціплым вызначэннем «прадпрымальнік Андрэй з Гродна») умясціліся ў невялікай зале, адведзенай пад юбілейную выставу. 

Язэп ЯНУШКЕВІЧ