Лінія думкі

№ 6 (363) 19.06.2013 - 19.06.2013 г

Выстава графікі Стасіса Красаўскаса

/i/content/pi/mast/69/1156/4.jpg
Мара. З цыкла «Акно». Аўтацынкаграфія. 1968.
Надзвычай экспрэсіўныя творы Стасіса Красаўскаса (1929—1977) ніколі не грашылі дэкаратывізмам. Графіка цесна звязана з мысленнем, і майстар прызнаваўся, што яго найперш захапляе канфлікт чорнага і белага, а яго вырашэнне патрабуе філасофскага падыходу: «У графіцы цікавы свет, пазначаны вострай і неардынарнай думкай». Яго мастацтва заснавана на інтэлектуальным асэнсаванні, і выявы Красаўскаса сапраўды нагадваюць рэнтгенаграму думкі. У Мінск прывезлі каля пяцідзесяці твораў майстра з калекцыі Літоўскага мастацкага музея, у тым ліку і серыі, якія забяспечылі мастаку міжнароднае прызнанне.

Стасіс Красаўскас быў шматбакова адораным чалавекам. У мастацкі інстытут паступіў пасля інстытута фізкультуры і спорту, быў чэмпіёнам Літоўскай ССР па плаванні, спяваў, выкладаў. Ужо ў першых знакавых работах — ілюстрацыях да паэмы Эдуардаса Межэлайціса «Чалавек» паўстае яго галоўная тэма — пераадоленне сябе і навакольных абставін. За гэтую серыю графік атрымаў бронзавы медаль у Лейпцыгу на Міжнароднай выставе кніжнага мастацтва. Даследчыкі вызначаюць, што менавіта з гэтымі творамі звязаны і больш познія работы Красаўскаса: Ікар — прадвеснік серыі «Палёт», Ева — серыі «Нараджэнне жанчыны».

Ілюстрацыі да «Санетаў» Уільяма Шэкспіра насычаны вобразнымі метафарамі і вельмі тонкім лірызмам. Рукі закаханых ператвараюцца ў галінкі квітнеючых дрэў, лінія, працягваючы пазначаць абрысы чалавечага цела, «запісвае» стан душы. На целах толькі чорнае і белае — святло і цень, але паміж імі з’яўляюцца крохкія паўцені. Форма нібы высякаецца святлом, з развагі нараджаецца лінія.

Красаўскас працаваў як у ілюстрацыі, так і ў станковай графіцы. Прычым графік-ілюстратар у яго разуменні — суаўтар кнігі, вобразы якога ўступаюць у складаныя ўзаемадачыненні з тэкстам. Асабліва мастак любіў ілюстраваць паэзію, дзе імкнуўся да выразнага лінейнага рытму, сугучнага рытміцы вершаў.

У серыі «Рух», прадстаўленай у экспазіцыі, галоўная тэма — чалавечае цела, яго формула, а не анатомія. Дынаміка перадаецца праз шэраг статычных выяў (эфект кінематографа), дасканалых у кампазіцыйнай завершанасці і тэхнічным увасабленні. Як у запаволенай здымцы, Красаўскас перадае спыненыя імгненні руху спартсменаў. Цела тут — асаблівая матэрыя, стыхія сусвету. А дамінантай зноў выступае пераадоленне абмежаванняў фізічнай плоці.

«Вечна жывыя» — гэта памяць аб вайне. Сцэны жыцця, трагічныя і мірныя, разгортваюцца над магілай салдата. За гэту серыю, створаную ў 1973—1975 гадах, мастак атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.

Графічны цыкл «Нараджэнне жанчыны» ўвасабляе этапы жаночага ўзрастання; лінеарна прамаляваныя, з падвоенымі сілуэтамі выявы дазваляюць прасачыць кірункі руху — фізічнага і псіхалагічнага, становяцца ўвасабленнем тонкай і ёмістай метафары, звязанай з нараджэннем, існаваннем, сталеннем.

Стасіс Красаўскас, які актыўна працаваў у 1960—1970-я гады, засведчыў дынамічны этап развіцця літоўскай графікі і стаў адным з прадвеснікаў змен у яе стылістычных кірунках. 

Аўтар: Алеся БЕЛЯВЕЦ
рэдактар аддзела выяўленчага мастацтва