Інтуіцыя Кармэн

№ 5 (362) 01.05.2013 - 31.05.2013 г

Творчы тандэм Пакроўскага і Александроўскай

/i/content/pi/mast/68/1155/44.jpg
У партыі Кармэн.  «Кармэн». 1953.
Прэм’ера «Кармэн», запланаваная на верасень 1945 года, павінна была прайсці на сцэне Дома Чырвонай арміі, але рэпетыцыі ладзіліся ўжо ў часткова адноўленай рэпетыцыйнай балетнай зале Опернага тэатра. Роўна месяц быў дадзены Пакроўскаму на падрыхтоўку пастаноўкі.

Калектыў, натхнёны поспехам «Алесі», працаваў самазабыўна, з поўнай самааддачай. Аўтарытэт рэжысёра быў неаспрэчны. Музычнае кіраўніцтва ажыццяўляў вопытны маскоўскі дырыжор Восіп Брон. Яркая, маляўнічая сцэнаграфія спектакля стваралася выдатным мастаком Сяргеем Нікалаевым. З хорам працаваў Генадзь Пятроў — галоўны хормайстар тэатра; з адказнай працай галоўнага канцэртмайстра віртуозна спраўляўся Сямён Талкачоў. Зайздросны творчы ансамбль! Сумеснымі намаганнямі яны вырашалі «галоўную загадку оперы» ці, па словах Пакроўскага, яе «фокус» — музіцыраванне дзеяннем.

Сапраўднае задавальненне было назіраць за будзённай працай Пакроўскага, паглыбляцца ў самую сутнасць працэсу рэпетыцыі. Бяда, калі гэты працэс падмяняецца простай муштрай, механічнай дрэсіроўкай пад музыку, бессэнсоўным ці «глыбока асэнсаваным» развядзеннем акцёраў па прасторы сцэны. Сакрэт майстэрства Пакроўскага быў у здольнасці захапіць кожнага сваёй ідэяй, выклікаць пачуццё асабістай адказнасці і зацікаўленасці ў поспеху спектакля. Нягледзячы на строгую дысцыпліну, якой патрабаваў і ўмеў дабівацца рэжысёр, рэпетыцыі, як правіла, праходзілі лёгка і нязмушана.

Пакроўскі па-ранейшаму жыў у тэатры. Цудам ацалелы стары двухпавярховы дом насупраць Чырвонага касцёла быў выдзелены для Ларысы Александроўскай, Анатоля Багатырова і Міхася Лынькова, але там ішоў капрамонт. Сям’я Ларысы Пампееўны, у залежнасці ад ходу рамонтных прац, перабіралася з пакоя ў пакой. Сама гаспадыня вымушана была ўвесь гэты час жыць у тэатры. У толькі што адрэстаўраваным будынку панавалі вільгаць і холад, не было ніякіх выгод. Тым не менш напружаная праца патрабавала амаль кругласутачнай прысутнасці. Бяда, што пнеўманія, якая пачалася ў спявачкі яшчэ ў Берліне, стала хранічнай. Але сур’ёзна лячыцца, класціся ў бальніцу напярэдадні юбілею і прэм’еры «Кармэн» не ўяўлялася магчымым.

Дні ляцелі непрыкметна. Для разрадкі ў перапынках паміж ранішняй і вечаровай рэпетыцыямі Александроўская і Пакроўскі выязджалі на некалькі гадзін на прыроду (Ждановічы, Стайкі, Гарадзішча). Неабходна было адпачыць, праветрыцца, падыхаць свежым паветрам. Машына заўсёды была ў распараджэнні Александроўскай. Бралі з сабой валейбольны мяч, пасаваліся. Смяяліся, абменьваліся жартамі і досціпамі з тэатральнага жыцця...

У тое лета здаралася рознае. То нечакана, па тэхнічных прычынах, зрываецца запланаваная зводная рэпетыцыя, то манціроўшчыкі не паспяваюць своечасова падрыхтаваць якую-небудзь неабходную канструкцыю, то ў аркестры не могуць знайсці замены музыканту, які раптоўна выбыў. Аднак сапраўдная трагедыя грымнула ў тэатры незадоўга да прэм’еры — 30 жніўня. Арсен Арсенка, выдатны беларускі барытон, спяшаўся ў тэатр на пасляабедзенную рэпетыцыю і загінуў пад коламі ваеннага грузавіка. Тэатр застаўся без Эскамільё! Калектыў цяжка перажыў гэту горкую страту. Пакроўскаму давялося экстрана ўводзіць у спектакль іншага выканаўцу. На шчасце, удалося адшукаць і выклікаць у Мінск Дзмітрыя Салохіна.

«Кармэн» (на спектаклі ў Доме Чырвонай арміі прысутнічалі Панцеляймон Панамарэнка і ўсе члены беларускага ўрада) ускалыхнула горад. Яркае тэатральнае відовішча, створанае ў экстрэмальных умовах, было абсалютна неабходнае мінчанам. Параўнальна невялікая глядзельная зала без аркестравай ямы, не прызначаная для оперных прадстаўленняў, была набітая звыш меры. У Пакроўскага заканчваўся адпачынак, але ён прысутнічаў на прэм’еры 3 кастрычніка, дзяліў з Александроўскай і калектывам тэатра грандыёзны поспех; быў і на ўрачыстасцях у гонар юбілею спявачкі, што адбыліся на наступны дзень.

Патрэба ў творчых стасунках з Пакроўскім, што ўзнікла ў Александроўскай у тыя гады, аказалася трывалай: на ўсё жыццё. Рэжысёр адчуваў тое ж самае. Яны перапісваліся, зрэдку сустракаліся — у Маскве і ў Мінску. Стасункі сталі рэгулярнымі, калі Ларыса Пампееўна прыняла рашэнне заняцца опернай рэжысурай. Пакроўскі горача падтрымаў яе імкненне, унушыў упэўненасць у сваіх сілах. Моцная, валявая, мужная асоба, надзеленая да таго ж нешараговым акцёрскім дараваннем і веданнем сцэны, Александроўская даўно інтуітыўна імкнулася да гэтай прафесіі, што праяўлялася яшчэ ў даваенны перыяд, ды і пазней — у ваенныя гады, падчас знаходжання ў Алма-Аце. Тады на гэтую схільнасць звярнуў увагу Эміль Юнгвальд-Хількевіч — галоўны рэжысёр мясцовага Опернага тэатра. У 1951 годзе, віншуючы Александроўскую з дэбютам у новай галіне творчасці, ён піша: «Памятаеце, у Алма-Аце я вам прадказваў, што з вас атрымаецца рэжысёр, а вы адмахваліся?»

Калі Александроўская ўжо стала галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком тэатра, Пакроўскі настойліва раіў ёй атрымаць абсалютна неабходную, па яго меркаванні, спецыяльную адукацыю. І, уявіце, Александроўская паслухалася яго. Нягледзячы на свае высокія званні і ўзрост, паступіла ў ГІТІС, стала студэнткай-завочніцай рэжысёрскага факультэта! Яна прывыкла ўсё заўсёды рабіць грунтоўна. Ездзіла на сесіі, вяла канспекты, здавала залікі і экзамены. І — актыўна ажыццяўляла пастаноўку за пастаноўкай. Адначасова спявала мецца-сапранавы рэпертуар: акрамя Кармэн і Алесі — Любашу, Канчакоўну, Марыну Мнішак, Аксінню ў «Ціхім Доне». Апошні спектакль з удзелам Александроўскай (цудоўная, незабыўная Графіня — сапраўдная Пікавая дама) мне давялося пачуць у 1958 годзе.

Актрыса лічыла сябе ў нейкай меры адказнай за тую працу, якую Пакроўскі зрабіў у «Кармэн». Пакутавала ад таго, што з часам спектакль страчвае свае асаблівасці, штрыхі, дэталі, знойдзеныя рэжысёрам. Вяртаючыся дадому пасля чарговага спектакля, з горыччу фіксавала гэтыя страты ў дзённіку: «Канешне, адсутнасць Пакроўскага стала вельмі заўважнай на ўсіх спектаклях. З’явіліся накладкі там, дзе іх ніколі не было. Няма гаспадарскага мастацкага погляду».

У 1946—1952 гадах Александроўская шмат гастралявала — з тэатрам і без яго (Ленінград, Рыга, Волагда, Архангельск, Саратаў, Смаленск). У чэрвені 1951 года са Свярдлоўска шчыра дзеліцца з Пакроўскім далёка не станоўчымі ўражаннямі ад «Кармэн», у якой спявала там, піша, што нават пры ўласцівай ёй вытрымцы хацелася пайсці са сцэны — было сорамна ўдзельнічаць у падмане, сорамна выходзіць да публікі: «…Быццам я ў яе штосьці скрала, а яна яшчэ не падазрае пра гэта. […] Вось у чацвёртым акце са злосці амаль не забіла Хазэ — я, а не ён мяне. Магчыма, дарма я заўсёды штосьці думаю, штосьці прыдумваю, пра штосьці мару, усяго навыдумляю, нагружу сябе “жыццём”, нават выконваючы песеньку. Трэба сыходзіць, думаць пра нотачку, пра гучок, прыгожа пастаяць, эфектна пайсці. […] Дарэмна я нервуюся пра наш тэатр. Ён настолькі вышэйшы, і акцёры ў такой ступені больш акуратныя ў дачыненні да сцэны і да спектакля, што хочацца прасіць у іх прабачэння. І рэжысёрам не хачу быць! І спяваць не хачу! Буду машыністкай ці краўчыхай!..» Падаецца, толькі што зацверджаны кіраўнік Беларускай оперы капрызіць, як маленькая дзяўчынка, але актрыса манернічае, бо абсалютна ўпэўнена — яе зразумеюць правільна.

У тым жа лісце да Пакроўскага са Свярдлоўска Александроўская ўжо ў якасці рэжысёра, які ажыццявіў свае першыя пастаноўкі, дзеліцца меркаваннямі пра зробленую працу. Не можа схаваць радасці ад удалага рэжысёрскага дэбюту — оперы Сямёна Гулак-Арцямоўскага «Запарожац за Дунаем». У Свярдлоўску слухала па радыё прамую трансляцыю гэтай оперы (пэўна, у выкананні кіяўлян. — А.Л.) і пераканалася, што ёй не сорамна за свой спектакль. «Мы толькі гаворым больш павольна, не так валодаем, як яны, сваёй роднай мовай. Я задаволена, што, не бачыўшы іх спектакль, не памылілася ў трактоўцы персанажаў. Зрэшты, магчыма, гэта ўжо пахвальба?»

І тут жа выказвае неспакой з нагоды сваёй новай і адказнай працы, да якой прыступіла ў Мінску. Размова ідзе пра оперу Станіслава Манюшкі «Страшны двор», якая ніколі не ставілася ў Савецкім Саюзе і не была нікому вядома. Падчас гастроляў тэатра ў Варшаве польскія сябры падарылі Александроўскай нотны матэрыял оперы — клавір, партытуру, аркестравыя галасы. Ёй трэба было стаць першапраходцам. Яна яшчэ толькі асвойвала клавір, але ўжо ўзніклі пытанні: трактоўка сцэн, драматургічная мэтазгоднасць тых ці іншых эпізодаў і сцэнічных сітуацый. Будзе раіцца.

Пакроўскі і пазней з ахвотай адгукаўся на просьбы маладога пастаноўшчыка, дзяліўся вопытам музычнай рэжысуры, прыязджаў у тэатр з лекцыямі, нават удзельнічаў у рэпетыцыях тых ці іншых эпізодаў («Страшнага двара», у прыватнасці), якія праводзіла Александроўская. І рабіў гэта лёгка і нязмушана.

Калі ў 1960 годзе Александроўская пакінула тэатр, стасункі з Пакроўскім ладзіліся праз Беларускае тэатральнае таварыства, якое было створана па ініцыятыве Александроўскай яшчэ ў 1946 годзе і ўзначальвалася ёю да 1976-га.

У 1966 годзе БТТ рыхтавалася да адкрыцця Рэспубліканскага Дома работнікаў мастацтваў (яшчэ адно дзецішча Александроўскай). Як заўсёды ў выпадку неабходнасці, Ларыса Пампееўна звярнулася да Пакроўскага. Копія ліста беражліва захоўваецца мной. Бясцэнны прыклад прыгажосці чалавечых узаемаадносін!

«18.01.1966 г. Барыс Аляксандравіч, добры дзень!

Звяртаюся да Вас з просьбай, у спадзяванні, што Вы дапаможаце нам у патрэбны час, як рабілі гэта заўсёды.

Дык вось, у нас (нарэшце!!) упершыню за ўсё наша савецкае беларускае жыццё адкрываецца Рэспубліканскі Дом работнікаў мастацтваў. З-за дробных недапрацовак Дом хоць і прыняты, але не адкрыты. І вельмі не хочацца адкрываць яго будзённа, трафарэтна, казённа.

Вы можаце зрабіць гэта менавіта так, як нам хочацца: ТАЛЕНАВІТА (як калісьці правялі рэпетыцыю мазуркі ў «Страшным двары». Нічога больш натхняльнага я не ведаю... а яшчэ канцэрт да 40-годдзя СССР).

Наш «дом на гары, тры акенцы ў двары» — каля Дома афіцэраў. Гэта дом, пастаўлены ў 1913 годзе ў памяць 300-годдзя Дома Раманавых. Знешні малюнак захаваны поўнасцю (яго аберагаюць архітэктары), а ўнутры што змаглі, тое і зрабілі: вестыбюль, кавярню, більярдную, выставачны зал, бібліятэку, фае, глядзельную залу (яна ж шырокаэкранная кіназала) і два невялікія кабінеты для дырэкцыі і канцылярыі (...). Вось і ўсё.

Церам-церамок! Хто ў цераме жыве?

— “Я — БТТ, я — Кіно, я — Мастак”.

— “Давайце разам жыць, сябраваць і працаваць”.

Вось і пачынаем! Калі? Магчыма, праз месяц. Ад Вас залежыць! Дапамажыце, што і як прыдумаць. Вы можаце, калі захочаце. Вы... захочаце! Так? Калі для гэтага трэба прыехаць сюды — мы зробім усё, што толькі спатрэбіцца, усё, што толькі ў нашых магчымасцях. Заадно і лекцыю ў лекторыі арганізуем, і пра оперу пагаворым — што хочаце.

Ну? Вы згодныя? (...) “Дом”, канешне, мой апошні клопат у гэтым жыцці. Няхай ён будзе не вельмі азмрочаны. (...)

Чамусьці заўсёды сумна, калі ўзгадваю Вас, Горкі, бульбу, разбіты Мінск... А “Алеся” 1944 года была лепшай за ўсе пастаноўкі ўсіх “Алесь”! Прывітанне! Ваша Л.Александроўская».

Зразумела, Пакроўскі жыва адгукнуўся на просьбу. Адкрыццё «Дамка мастацтваў», як пяшчотна і ласкава заўсёды называла яго Александроўская, прайшло на найвышэйшым узроўні. Спагадлівасць Барыса Аляксандравіча, яго невычэрпная выдумка, нястрымная фантазія праяўляліся падчас у самых нечаканых і розных формах. Нават простыя віншавальныя паштоўкі, напісаныя на стандартных бланках, неслі на сабе адбітак своеасаблівай асобы. Вось, да прыкладу, паштальён прыносіць дадому ананімнае пасланне: «Хай жыве 1-е Мая! Хай жыве Александроўская многія леты!!! Многія леты... Многія леты... Многія леееетыы!!! Хто гэта пісаў? А? Здагадайцеся...»

Ці яшчэ. Віншуючы Ларысу Пампееўну з Новым — 1975-м — годам, Б.А. недвухсэнсоўна выказваў свае пажаданні: «Здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя, здароўя... Яму дапамогуць Ваша д’ябальская воля, вытрымка, цвёрдасць! Таму п’ю (на жаль, вельмі мала) і за гэтыя Вашы якасці! Ваш Пакроўскі. 28.ХІІ.74». Доўга смяялася Ларыса Пампееўна з гэтага настойлівага адзінаццаціразовага пажадання здароўя. Але была расчулена да глыбіні душы.

Якраз у 1974-м у Беларусі зусім нечакана для Александроўскай пышна і ўрачыста адзначылі яе 70-годдзе. Чаму нечакана? Таму, што з часу сыходу з тэатра яна трапіла ў няміласць, цярпела бясконцыя прыніжэнні, шмат і цяжка хварэла. І раптам пра яе ЎСПОМНІЛІ! Акружылі ўвагай, праявілі кранальны клопат пра здароўе, накіравалі падлячыцца ва ўрадавы санаторый, асыпалі ўзнагародамі. Урачысты цырыманіял 15 лютага (у дзень нараджэння Ларысы Пампееўны) узначальваў асабіста Пётр Машэраў. Не забылі запрасіць на свята і Пакроўскага. Прыехаць ён не змог, але яго шчырае прывітанне Александроўскай, запісанае на магнітафонную стужку, моцна прагучала ў зале.

Праз дзесяць год голас Барыса Аляксандравіча ў запісе прагучыць у гэтай зале зноў. На жаль, Александроўскай ужо не будзе ў жывых. На вечарыне, прысвечанай яе памяці, Пакроўскі назаве Александроўскую сімвалам опернага мастацтва Беларусі: «Яна была першая, галоўная і непаўторная. Як Шаляпін і Няжданава ў Расіі! І таму яе імя ўжо належыць гісторыі».

У апошні год свайго жыцця хворая, па сутнасці адзінокая і паўзабытая, змучаная клопатамі і бязладзіцамі, Ларыса Пампееўна знаходзіла суцяшэнне, згадваючы сяброў і паплечнікаў па мастацтве. Намагалася ажывіць перапіску, якая згасала год ад года. Іранізавала наконт хуткаплыннага часу. Наракала на ўрачоў, якія «даўным- даўно» не выпускаюць яе з бальніцы. Дзякавала калегам, якія не па службовай справе, а «зусім неафіцыйна» днямі наведалі яе ў бальніцы і вельмі ўсцешылі.

Але Александроўская не была б сама сабою, калі б нават у віншавальным лісце да Пакроўскага (апошнім у іх перапісцы) не закранула нейкіх хвалюючых яе «вытворчых» праблем. Узнаўляем даволі характэрную прыпіску да ліста: «У нашым былым тэатры ёсць тэнар: адпаведны рост, фігура, разуменне, жаданне і... добры голас. Як Вы разумееце, тут для яго перспектыва адсутнічае — бо няма такіх, як Вы». Здаецца, Ларыса Пампееўна гатова неадкладна падняцца з пасцелі і адправіцца клапаціцца пра гэтага тэнара з «добрым голасам» і «адпаведным ростам»!

...Мая апошняя сустрэча з Барысам Аляксандравічам адбылася на публіцы, у глядзельнай зале Дома акцёра. 23 студзеня 2007 года тэатральная Масква святкавала 95-годдзе Пакроўскага. Акцёры Камернага тэатра стварылі ў гонар майстра грандыёзны спектакль-капуснік. Дзякуючы неверагодным хітрыкам мне ўдалося прысутнічаць там і нават паразмаўляць з юбілярам. Пакроўскі, надзіва бадзёры, у чаканні пачатку цырымоніі сядзеў перад самай сцэнай у першым шэрагу крэслаў. Побач сядзела і нешта яму распавядала Тамара Сіняўская. Густы людскі натоўп паўкругам ахінаў віноўніка ўрачыстасці.

Праціснуўшыся да самага крэсла, хвалюючыся і даволі нязвязна я вымавіла: «З Беларусі! Там памятаюць і любяць Пакроўскага!» Пачуўшы найменне «Беларусь», Барыс Аляксандравіч раптам ажывіўся, спыніў размову з Сіняўскай і з цікавасцю стаў услухоўвацца ў мае словы. Ветліва ўсміхнуўся, калі я згадала Александроўскую: «Так, памятаю, памятаю, канешне! Памятаю Ларысу Пампееўну!» — «Ну, а пра нашу і вашу “Алесю” і “Кармэн”, Барыс Аляксандравіч, памятаеце?» Задумаўся на хвіліну. Памаўчаў... І адказаў збянтэжана: «“Кармэн” памятаю! А вось “Алесю”? “Алесю”?? Не! Не памятаю! Забыў!..»

Забыў Пакроўскі «Алесю»... Ну што ж! Гэта зразумела і даравальна — у дзевяноста пяць. На жаль, не толькі Пакроўскі забыў «Алесю», нашу бедную дарагую «Алесю»! Забылі яе і мы — у сябе дома, у Беларусі...